— На пяцірох.
— Гэта якія?
— Руская пісьменна, руская вусна, беларуская пісьменна, беларуская вусна і ангельская.
— А на ангельскай можаце штосьці сказаць?
— Хандэ хох!
— Дык гэта ж нямецкая!
— Ну, тады на шасцірох...
Перакладчыца смяецца, можа быць, не столькі ад грубаватай і дурной показкі, колькі ад таго, што ёй падабаюцца Лёхавы завуаляваныя заляцанні. Зразумела, што збоку — для сумленнага мясцовага электарата тое выглядае, як мінімум, здзекам, а то і сапраўднай здрадніцкай змовай супраць «чэсных» людзей — ну, пра што можна жартаваць з такімі падазронымі замежнымі тыпамі?
Але далей цягнуць нельга, Лёха рэзка ўстае з крэсла, кажа перакладчыцы, што яны яшчэ абавязкова ўбачацца, цісне руку зачараванаму амерыканцу і, развярнуўшыся, адразу падыходзіць да стала старшыні. Ён знімае з пляча сваю торбу. Так! Тую самую падазроную торбу, якая сваім выглядам непакоіць шмат каго з прысутных. Дастае адтуль пратакол і кладзе перад старшынёй: «Распішыцеся, калі ласка».
Пасля няпростых перакладаў з ангельскай, Мурашу падаецца, што на яго ўтаропіліся ўсе гэтыя сербскія, казахскія, літоўскія ды іншыя набрыдні, якіх, зразумела, толькі што падбухторыў злосны назіральнік Барысевіч (адкуль яго ліха прынесла?). Асабліва ўглядаецца гэты смарчок-амерыкос — па выглядзе самы сапраўдны агент ФБР,і якога Барысевіч асабліва нацкаваў — назірайце, маўляў, пільна, як павядзе сябе старшыня? Ці прызнае памылкі ў працы камісіі? Ці пойдзе па цывілізаваным шляху? І вось даводзіцца падпісаць пратакол. Пад націскам, таксказаць, варожых сіл.
Насамрэч ні каманда назіральнікаў, ні амерыканец, ні яго абаяльная перакладчыца не маюць уяўлення, куды і навошта накіроўваецца зараз Лёха, і ўсе спакойна працягваюць займацца сваімі справамі. Але ж, атрымаўшы подпіс ад старшыні, нахабны Барысевіч падсоўвае пратакол яшчэ і намесніку, дакладней намесніцы. Жонка Мураша сядзіць ні жывая, ні мёртвая — збялела ад страху, і рука яе не паднімаецца падпісаць сабе прысуд у страшным дакуменце. «Падпісывай ужо...» — з выглядам асуджанага выдаўлівае з сябе Мураш.
Лёха на ўсякі выпадак падыходзіць яшчэ да шэраговага сябра камісіі, маладой жанчыны і, здаецца, сваячкі Тамары (якая ў дадзены момант па-ранейшаму знаходзіцца ў лякарні) і просіць паставіць трэці подпіс. Сваячка не прымушае сябе доўга чакаць і ставіць подпіс лёгка, нават з нейкай нервовай весялосцю: маўляў, паміраць, дык з музыкай! А што з мяне ўзяць, калі сам старшыня ды яго намесніца падпісалі?!
Назіральнік Барысевіч рушыць да выйсця нібыта ў запаволенай здымцы. Такі, насамрэч, стан вельмі стомленага чалавека — цела, як ватнае, у горле перасохла, некалькі метраў да расчыненых дзвярэй падаюцца бясконцымі кіламетрамі. Усё, прадназначэнне назіральніка выканана. Не верыцца, што ён можа так лёгка адсюль сысці. Падсвядома чакае нейкага падвоха. Чамусьці здаецца, што ў калідоры, за дзьвярыма ўчастка, на яго наваляцца безаблічныя цені і паспрабуюць вырваць аркуш паперы, што Лёха яшчэ трымае ў руках. Але там сядзіць за сваім сталом толькі Лёхаў былы сусед з далёкага дзяцінства Мойша Кронберг.
Наш герой здагадваецца аб сіле гэтага дакумента, хоць пакуль і не ведае дакладна, што пратакол аб парушэнні, які завераны не абы-кім, а старшынёй, намеснікам ды яшчэ адным сябрам камісіі, аўтаматычна анулюе любыя вынікі выбарчай кампаніі ва ўсёй краіне. Каб растлумачыць для сябе ўсе юрыдычныя нюансы, Лёха збіраецца зайсці да Васіля Авер'янавіча, тога самага выкладчыка гісторыі з той самай школы, дзе вучыць дзяцей сумленна працаваць выкладчык працоўнага навучання па прозвішчы Мураш.
Перад тым, як пераступіць парог і пакрочыць у светлую будучыню, Лёха кладзе пратакол. У ТУЮ. САМУЮ. ТОРБУ. Якая ў свядомасці некаторай часткі насельніцтва, прыпісанага да Галаўлічскага выбарчага ўчастка, за гэты непросты і неверагодны дзень ператварылася з падазронага прадмета ў сапраўдны сімвал антыўладнай змовы.
Гэта шчасце, што на стомленага чалавека, які павольна выйшаў з будынку, дзе размяшчаецца выбарчы ўчастак № 13, ніхто не нападае. Шчупакоў з суворым і строгім выглядам, як стаяў на сваім пасту, на ганку Дома культуры, так і працягвае стаяць. Лёха, здаецца, хоча зрабіць яму нейкі прывітальны знак, але Шчупакоў ні на што не рэагуе. Два назіральнікі на двух квадратных метрах зямлі разыходзяцца як чужынцы-караблі ў далечы штармавога акіяна — змучаныя і выматаныя бурамі апошніх падзей.
Толькі, калі Лёха пачынае аддаляцца, Шчупакоў утароплівае погляд яму ў спіну. Дакладней, не ў саму спіну, а ў торбу, што боўтаецца за спінай. Так супала, што ляжаць у ёй Лёхаў пашпарт, нататнік з асадкай ды легендарны галаўлічскі пратакол. Усё.
Замест эпілога
Калісьці маладая журналістка Віялета піша незабыўныя радкі пра падманутага кандыдата ў прэзідэнты — падобнага на «Боінг», які нясе на сабе нью-ёркскія вежы-блізняты. На наступны дзень, пасля абвяшчэння афіцыйным бокам яго імя ў якасці прэзідэнта, вежы абрынаюцца. Такое супадзенне. Але праз некаторы час, прыкладна, напярэдадні наступных выбараў, у той жа цэнтральнай газеце, дзе працуе Віялета, выходзіць артыкул за яе подпісам — пра туманныя перспектывы і пэўную бесперспектыўнасць айчыннага шоу-бізнэса.
З сарказмам, які ўласцівы зорцы афіцыйнай гонза-журналістыкі, Віялета з'едліва іранізуе над верагоднасцю (лепей сказаць — неверагоднасцю) прыезда ў краіну сучасных рок-зорак. А ў якасці фантастычнага і нерэальнага прыкладу, журналістка прыводзіць канцэрты Элтана Джона і Стынга ў якой-небудзь зале краіны.
Лёха з вялікай цікавасцю чытае артыкул разам са сваёй сяброўкай Лізай, якая, па супадзенні, фанацее менавіта ад гэтых двух артыстаў. Іхні прыезд выглядае сапраўды нерэальнай справай. Канцэртамі такога ўзроўню на той момант займаецца толькі Гуля Шлойман, але «падцягнуць» Стынга і Элтана Джона нават ён не ў стане.
Мінае кароткі час, і сталіца рэспублікі зіхаціць афішамі: на дзень народзінаў Лёхі амаль выпадкова прыязджае Элтан Джон, а на дзень народзінаў Лізы па дзіўным супадзенні звальваецца падарунак у выглядзе Стынга. Так супадае яшчэ, што Гуля Шлойман — такія складаюцца акалічнасці — сядае за краты. Абвінавачванне неверагоднае: пазычыў грошы на арганізацыю канцэрта і не хоча аддаваць. Шэсць год. Ад званка да званка (шэптам у зале суда: сваяку адной уплывовай асобы не хацеў саступіць дарогу. А той хацеў займацца такім самым бізнэсам, як Гуля. Ну і прапанавалі падумаць. Маўляў, ты пакуль заканспектуй свае лекцыі па менеджменту і мастацтву арганізацыі канцэртнай дзейнасці, якія раней чытаў ва ўніверы, а мы тут за цябе папрацуем).
Яшчэ здарылася так, што вакзал «Усход-Захад», дзе Лёха калісьці шукаў «Доўгую дарогу дадому», зачыняюць. А праспект Машэрава, дзе ў свой час пракурор зубрыў юрыспрудэнцыю, пераймяноўваюць у праспект Пераможцаў. Паколькі такую банальную і безаблічную назву цяжка запомніць, у народзе пачынаюць называць гэту вуліцу, як праспект Пераможцаў Машэрава. Адной з прычын узнікнення народнага тапоніма становіцца той факт, што дачка Пятра Міронавіча здымае сваю кандыдатуру ў наступнай перадвыбарнай кампаніі, дзе ўдзельнічае (хто б мог падумаць?) зноў кандыдат, якога злавесны «афіцыйны бок» у які раз падмануў.
Адважны пажарнік, ён жа былы Лёхаў вучань, незалежна ад вынікаў перадвыбарнай кампаніі ў хуткім часе ідзе на павышэнне і працягвае службу кіраўніком абласнога ўзроўню. Яму шанцуе, таму што праходзіць не так шмат часу пасля сустрэчы на Лёхавым участку — такія ўтвараюцца варункі — і ў мястэчку Ранак-Туманны ўрачыста адзначаецца Дзень пажарніка. Калектыў мясцовага Дома культуры (дзе працягвае працаваць спадар Дамінжанка, але ўжо не ў якасці дырэктара) ладзіць прыстойны канцэрт. З узнагародамі, грашовымі прэміямі і ўручэннямі грамат лепшым пажарнікам. У гэтую ж ноч здараецца пажар, і памяшканне аддзела культуры і па сумяшчальніцтву — Дом культуры, цалкам згарае. Загадчыкам аддзела пакуль яшчэ служыць спадар Павароцін. Але пасля пажара ўжо — нядоўга.
Дом культуры ў Галаўлічах, дзе размяшчаўся выбарчы ўчастак № 13, у хуткім часе пачынае развальвацца. У аварыйным стане яго зачыняюць, а потым і ўвогуле зносяць. Такі ж лёс спасцігае яшчэ пару Дамоў культуры па Ранак-Туманаўскай выбарчай акрузе менавіта ў той жа час.
Начальнік мясцовага аддзела па прозвішчу Першамайскі ідзе на павышэнне ў прамой залежнасці ад вынікаў перадвыбарнай кампаніі і ўзначальвае Першамайскі аддзел у абласным цэнтры. За ім адпраўляецца Мойша Кронберг — «за отличную службу на благо Родины». Кудысьці на павышэнне ідзе спадарыня Дзяржынская, а яе муж Фелікс займае месца Першамайскага.
Лёха працуе ў сталіцы, паехаўшы туды шукаць шчасце са сваёй незабыўнай торбай. Калі набыў сабе модны заплечнік, у старую торбу склаў розныя кабелі, старыя мікрафоны, выкарыстаныя струны ды іншы хлам і пакінуў у сябра ў гаражы. Так супадаюць акалічнасці, што ў гараж забіраюцца злодзеі, крадуць нейкія запасныя часткі, а пабачыўшы Лёхаву торбу, вытрасаюць яе змесціва на падлогу, складаюць туды накрадзенае і ўцякаюць. Iх у хуткім часе вылічваюць і знаходзяць скрадзеныя рэчы. Торба фігуруе ў судзе, як «рэчавы доказ» і ўрэшце рэшт назаўсёды застаецца недзе ў сховішчах невядома якіх судова-медыцынскіх экспертаў.
Судмедэксперт Ранак-Туманаўскага аддзела дорыць Лёху відэакасету са здымкамі падзей на яго двары напярэдадні колішніх выбараў. Яна пылілася доўгі час на паліцах архіва, таму што калісьці «не пошла в производство в связи с закрытием дела за недостаточностью улик».
Тамара з Галаўлічаў болей не прымае ўдзел ні ў якіх выбарах. Калегі ставяцца да яе пазіцыі спагадліва і ніколі больш не прапаноўваюць падобных авантур.
Прыгожую перакладчыцу амерыканскага назіральніка адлічваюць з чацвёртага курса Лінгвістычнага ўніверсітэта на першай жа сесіі пасля выбараў. Па праграме дапамогі студэнтам яна з'язджае ў Польшчу і заканчвае навучанне ва ўніверсітэце на поўначы братняй краіны, атрымаўшы дыплом еўрапейскага ўзору.
"Супадзенні" отзывы
Отзывы читателей о книге "Супадзенні". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Супадзенні" друзьям в соцсетях.