Здарэнне адцягвае ўвагу усіх прысутных ад Лёхі. Жанчыны завіхаюцца вакол пацярпелай. «Хуткая дапамога» з'яўляецца аператыўна і забірае пакутніцу ў мясцовую лякарню. Іван Рычардавіч, праходзячы міма Лёхі, з нянавісцю трасе кулаком: «Ну, што? Дапрыгаўся? Ледзь на той свет не адправіў чалавека!»

Раптам на ўчастку звініць тэлефон і Мойша Кронберг, старшы лейтэнант, які прызваны забяспечваць парадак на ўчастку № 13, крычыць на ўвесь голас: «Аляксей Уладзіміравіч! Вас запрашаюць!» Лёху падаецца, што былы сусед, якога ён памятае з пялюшак, укладае нейкую нездаровую саркастычную шматзначнасць у свае словы. Але чаго толькі не напрыдумваеш падчас усяго, што адбываецца!

На сувязі старшыня выбарчай камісіі раёна: «Аляксей Уладзіміравіч! Што Вы сабе дазваляеце? Вы не ўпаўнаважаны так паступаць! Вы не мелі права пералічваць бюлетэні!..» Тэлефон знаходзіцца амаль на самым уваходзе на ўчастак. У слухаўцы траскатня і моцныя шумы. Вакол мітусня — медыцынскія супрацоўнікі, псіхічна неўраўнаважаны Іван Рычардавіч, расхваляваныя сябры камісіі, Мураш і Мурашыха, якія спадылба зыркаюць на Лёху, — усе ці то выпадкова, ці то незнарок піхаюць Лёху то пад локаць, то ў спіну, адначасова гамоняць, аб нечым перашэптваюцца, карацей, ствараюць нейкі неверагодны броўнаўскі рух.

Лёха павольна кладзе слухаўку, не кажучы ні слова ў адказ. Мойша нахабна ўсміхаецца. Ён зацягнуў свой стол на ўчастак і робіць выгляд, што зрабіў гэта, каб фліртаваць з жанчынамі з камісіі, пакуль на ўчастку няма наведнікаў. Насамрэч ён хітруе, прыкрываючыся паказной прастадушнасцю. Лёха робіць заўвагу старшаму лейтэнанту.

Стол прадстаўніка сілавых структур не павінен знаходзіцца на ўчастку, каб не ўтвараць псіхалагічны ціск на тых, хто мае жаданне прагаласаваць за кандыдата не ад дзейнай улады. Мойшава ўсмешка імгненна злятае і замест яе з'яўляецца крыўда. Такой глыбіні пакутлівую грымасу мала хто з таленавітых актораў можа стварыць. Ды з такой хуткасцю перамены эмоцыяў на твары! Гэ­та проста квінтэсенцыя болю ўсяго народа за тое, што да іхняга прадстаўніка паставіліся так несправядліва.

Лёха «не вядзецца» на акторскае мастацтва былога суседа, таму што ведае — той як заступіў тыдзень таму на ўчастак № 13, так і знаходзіцца тут бязвыездна. Служу Айчыне! Хаця, давайце без пафаса. Такая служба насамрэч з'яўляецца грубым парушэннем закона. Кожны дзень і кожную ноч павінны змяняцца ахоўнікі святога Грааля (які, па супадзенні, называецца «урнай»), па-простаму — фанернай тумбы, збітай цвікамі і апячатанай пластылінавай пломбай. А змяняе сам сябе на гэтым адказным пасту толькі адважны герой Мойша Кронберг. Колькі разоў аддзіралася задняя сценка Грааля, ды па якіх начах з ім варажылі зацікаўленыя асобы — нам нічога невядома ды і ці трэба нам тое ведаць?

Дык вось, пасля ўсяго гэтага гармідара Лёха выходзіць на вуліцу і проста стаіць, дыхаючы свежым паветрам. Узгадваючы апошнія падзеі, разважаючы пра іхнюю заканамернасць ці выпадковасць, ацэньваючы свае дзеянні. Не быць бы яму назіральнікам, каб не заўважыў наш герой іншага назіральніка. Які ўважліва назірае за назіральнікам (Фрыдрых Дзюрэнмат у дзеянні?). Хаця той, другі, і не хаваецца. Гэта старшыня калгаса Шчупакоў, які сапраўды выконвае функцыі назіральніка ад райвыканкама. Ён не падыходзіць сам да візаві, а замест сябе пасылае старшыню камісіі Мураша. Падбегшы, Мураш адразу прад'яўляе Лёху прэтэнзію: «Што ты тут сабе дазваляеш? Лезеш не ў свае справы?» Лёха, не чакаўшы такога наезда, адказвае, што першае прыйшло ў галаву: «Ты настаўнік? А ці думаеш пра дзяцей? Ты ж іх таксама падманваеш...»

Мураш чамусьці моцна палохаецца, выраз твару яго змяняецца і, не знайшоўшы, што адказаць, кіраўнік выбарчай камісіі бягом кідаецца назад, да «свайго» назіральніка. Шчупакоў прымае пасыльнага з напышлівым выглядам, гледзячы кудысьці ўбок. Выслухоўвае эмацыйны даклад Мураша, так і не паглядзеўшы на яго, адпускае «дакладчыка» і далей нерухома стаіць, моўчкі назіраючы за тым, што адбываецца вакол.


XV

I вось Лёха ў роспачы стаіць каля вясковай дарогі, не ведаючы, што рабіць далей з гэтым пратаколам, які ніколі ў жыцці проста так не падпіша ні адзін з сябраў камісіі. Але ж бывае сітуацыя, што вось хтосьці знаходзіцца ў цяжкіх роздумах, прыгнечаны недаверам і непаразуменнем з боку, як падаецца, усіх навокал. Здараецца калі-небудзь, што чалавек гэты сумна ўглядаецца ў далягляд, нібыта чакае адкульсьці дапамогі. I нечакана за лініяй таго далягляду, спачатку амаль незаўважна, утвараецца тарнада з пылу прасёлачнай вясковай дарогі. А праз пяць хвілін — прама насупраць самотнага назіральніка (таго, хто назіраў за ходам падзей і ўпотай спадзяваўся на цуд), які стаіць на ўскрайку дарогі са сваёй торбай, што ўвайшла ўжо ў навакольныя легенды, — спыняецца новенькі мікрааўтобус, ззяючы нетутэйшай замежнай бялявасцю ў шэрасці мясцовых аблокаў пылу.

У Шчупакова акругляюцца вочы. Да апошняй секунды ён быў упэўнены, што ў яго «ўсё пад кантролем». А тут чалавек, асноўная праца якога — кіраваць, кантраляваць і перастрахоўвацца ад непрадугледжаных сітуацый, — раптам бачыць, як на яго вачах адбываецца нешта непрадказальнае, і ён нічога з гэтым не можа зрабіць. На шчасце, ён не бачыць Лёхавых вачэй — яны ў яго таксама ледзь не выскачылі з арбіт ад нечаканасці. Але з той нагоды, што стаіць назіральнік «незалежны» спінай да назіральніка «залежнага», усё выглядае так нібыта мікрааўтобус спыніўся ў прызначаным месцы і ў дакладны час — прама насупраць Лёхі. У «дамабільную» эпоху гэта выглядае сапраўды, як цуд.

Дзверы мякка адчыняююцца і ў галаўлічскі пыл, як на марсіянскі грунт, асцярожна апускаецца выкшталцоны абутак у колькасці дзясятка пар. Адарваўшы погляд ад чыіхсьці прыгожых жаночых ножак, Лёха чытае на бэйджах, прышпіленых на грудзях адважных першаадкрывальнікаў Terra-Galaulichus, нечаканых валанцёраў добрай волі: «Kazakhstan», «Croatia», «Uthuama», «Russia», «Czech repubhc», «Poland», і пад назвай краіны дадатковыя подпісы — «незалежнае назіранне».

Апошнім на зямлю ступае маленькі лысы дзядок з надпісам на бэйджы: «USA». Побач з ім, стылёва апранутая, высокая дваццацігадовая брунетка. Лёха робіць крок наперад, вітае, як старых сяброў, кожнага госця, прадстаўляецца персанальна: «Аляксей Барысевіч, незалежны назіральнік ад Хельсінскага камітэта, РНБ».

Галаўлічскія госці нічаму не здзіўляюцца, наадварот, адзначаюць добрую арганізацыю, пытаюцца пра парушэнні. Лёха спяшаецца распавесці пра ўвесь набор зафіксаваных прэцэдэнтаў, нібыта хоча скінуць нарэшце цяжкі груз са сва іх плеч. У нейкі момант наш герой з палёгкай разумее, што хоць як, хоць у вусным выглядзе, але інфармацыя становіцца галоснай.

Яны даходзяць да прыступак будынка, дзе ўсё яшчэ стаіць разгублены Шчупакоў. У Лёхі ёсць жаданне пазнаёміць прадстаўніка афіцыйнага назірання з гасцямі, але ў апошні момант яго думкі хтосьці перапыняе пытаннем. Лёха адхіляецца і праводзіць гасцей у фае перад памяшканнем выбарчага ўчастка. Шчупакоў застаецца недзе ззаду. Навіна пра таямнічую групу міжнародных назіральнікаў, спецыяльна выкліканую Барысевічам, невядома якім чынам імгненна разносіцца па наваколлі.

Апошняе, што бачыць Лёха, перад тым, як «яго» каманда пераступае парог з Граалем стацыянарным, гэта як мажны Мойша Кронберг, амаль бягом, па хуткаму абхапіўшы свой службовы стол разам з нейкімі паперчынамі на ім, прэ казённую мэблю з памяшкання на калідор.

Назіральнікі засяроджаныя кожны на сваёй справе — хто нешта запісвае, хто перагаворваецца з калегамі, хто разглядае памяшканне, скрыню, людзей. Лёха стараецца быць неяк у плыні іхняй цікавасці, але на яго ўсе ўжо забыліся, засяродзіўшыся на сваіх справах.

Амерыканец, прыкладна сямідзесяцігадовага ўзросту, вылучаецца сярод трыццаці-саракагадовых калегаў. Імпазантная перакладчыца нешта тлумачыць яму прама ў вуха. Лёха, падумаўшы пра тое, што ён ніколі ў жыцці не меў стасункаў з амерыканцамі, падыходзіць да божага дзьмухаўца з Нью-Ёрка і загаворвае на той мове, якую лічыць ангельскай. Стары доўга пераварвае пачутае, потым глядзіць на перакладчыцу. Прыгожая дзяўчына хавае ўсмешку і ласкава прапануе Лёху: «Калі хочаце, гаварыце на роднай мове, а я буду перакладаць». Раптам дзядуля, штосьці ўзгадаўшы, пытаецца пра нумар участка, на які яны прыехалі. Лёха разумее пытанне і адказвае: «13». Амерыканец, расклаўшы Лёхаў адказ па складах, паўтарае загадкавае слова. Перакладчыца ўжо не хавае добрай усмешкі, а ў нейкі момант і ўвогуле ледзь стрымліваючы смех, робіць Лёху паўторную прапанову — давайце, маўляў, я дапамагу. Лёха пагаджаецца, і нумар участка фіксуецца ў аналах сусветнай гісторыі ў фанетычным варыянце прыгажуні-перакладчыцы.


XVI

Старшыню камісіі Мураша згубіла тое, што ён занадта пільна прыслухоўваецца да дыялогаў. Напрыклад, калі ўзяць размовы серба з казашкай, альбо полькі з літоўцам — усе яны гавораць на рускай мове, хоць і з моцным акцэнтам. Там, дзе не дачуў ці не зусім зразумеў Мураш, уяўленне яго дамалёўвае такія дэталі, што тыя, каму пазней дакладае старшыня змест падслуханых перамоваў, круцяць пальцам каля скроні — маўляў, Мураш, ты што вярзеш? А ў выпадку Лёхавага практыкавання з амерыканцам на тэму лічбы 13, Му­рашу даводзіцца перакладаць з ангельскай. Аднак тут ёсць адзін нюанс — з замежных моваў спадар старшыня вывучаў толькі нямецкую. Калісьці ў шко­ле. Таму можна назваць гэты няпросты працэс «цяжкасцямі перакладу», калі сыходзіць з таго, колькі важнага пачута пра шпіянаж і падрыўную дзейнасць супраць дзяржавы.

Лёха адчувае спінным мозгам, што ўзровень злавеснасці і падступнасці яго асобы ў вачах напалоханых сябраў камісіі істотна падвышаецца. Ён марудзіць і ніяк не можа адысці ці то ад амерыканца, які нічога не разумее, што тут адбы­ваецца, ці то ад яго прывабнай спадарожніцы, якую Лёха павесяліў показкай пра інтэрв'ю з высокім чыноўнікам на блізкую ёй тэму лінгвістыкі:

— Скажыце, а Вы на колькіх мовах размаўляеце?