Добра, што ёсць сябры. Саня, былы аднагрупнік па інстытуце культуры, а цяпер аўтарытэтны ў мястэчку таксіст, за невялікую плату, на сваім старэнькім «Фальсвагене» ў некалькі рэйсаў перавозіць усю неабходную апаратуру.

I каштоўнасць апаратуры, і сама яна аказваюцца поўным фэйкам. Аграменны груд скрыняў з дынамікамі проста не выдае ніводнага жывога гука. Два Валодзі (для сяброў — Ваваны), супрацоўнікі Дома культуры, зладжваюць скандал, таму што ім гэты бескарысны груд цяпер давядзецца самім везці на­зад на склад. Лёха вымушаны браць яшчэ пляшку гарэлкі (плюсуючы яе кошт да іншых выдаткаў у доўгім працэсе сваіх намаганняў толькі ПАСПРАБАВАЦЬ вызначыцца, чым можна дапамагчы бездапаможнай перадвыбарнай кампаніі). Факт наяўнасці бутэлькі крыху супакойвае разнерваваных Ваванаў.

Падчас дэгустацыі Лёхавага паднашэння Ваваны моцна крытыкуюць кіраўніцтва, якое, па іх словах, ні халеры не можа арганізаваць ні для моладзі, ні для дарослых. Тут і прыходзіць да Лёхі думка, што калі цяперашнія чыноўнікі такія прафнепрыдатныя, то трэба самім зладзіць канцэрт. А ўжо на чыім баку, гэта не так і важна.


VII

Не важна, дык не важна. I бок у выніку апынаецца «не афіцыйным», то бок не праўладным. «Апазіцыйным» — паправіў бы філолаг. Але філолага адразу ж паставілі б на месца больш дасведчаныя спецыялісты — якія, што праўда, як раз і спецыялізуюцца па баках (а таксама па нагах, па руках, па галаве, па спіне).

Справа ў тым, што ў нейкі час гэты бяскрыўдны тэрмін у адной цэнтральнаеўрапейскай краіне набыў такі страшны сэнс, што маладыя мамы пачалі палохаць сваіх непаслухмяных дзетак: «Вось будзеш дрэнна паводзіцца, прыйдзе апазіцыя і забярэ цябе!»

На самой справе, тэрмін абсалютна не страшны. Напрыклад, у астраноміі ён пазначае кропку знаходжання планеты адносна зоркі пад назвай Сонца, — так званы стан супрацьстаяння.

У шахматах гэта сітуацыя, калі фігуры двух каралёў стаяць насупраць адно аднаго і іх раздзяляе адзінае поле шахматнай дошкі.

У лінгвістыцы так называецца супрацьстаянне моўных адзінак, якое выяўляе адрозненні паміж імі (напрыклад, фаналагічная апазіцыя фанемаў «б» і «в» у «быць» і «выць»).

Сінонімамі і блізкімі па значэнні да слова «апазіцыя» з’яўляюцца тэрміны, здольныя напалохаць яшчэ больш: «абструкцыя», «франдзёрства», «нонканфармізм». Але ёсць і прыгожыя сінонімы, актыўна ўжывальныя і, хочацца спадзявацца, абсалютна цывілізаваныя: «супрацьдзеянне» (напрыклад, «прапанова незалежнага назіральніка мела апазіцыю з боку сябраў выбарчай камісіі»), «супрацьпастаўленне» (апазіцыя рамантыкаў класікам на пачатку ХІХ ст.)

Аднак у розныя часы ўсё складалася па-рознаму — калі сапраўдным рамантыкам (як тут не ўзгадаць нашага галоўнага героя?) што зараз, што ра­ней — супрацьстаялі розныя сілы. А калі-небудзь і сапраўдныя нерамантычныя монстры. Вось, мяркуйце самі, якая часам бывае апазіцыя — цытата з тлумачальнага слоўніка савецкіх часоў:

— У буржуазнай дзяржаве — дзейнасць, накіраваная супраць дадзенага урада і яго палітыкі (напр., парламентская апазіцыя).

— Дзейнасць апартуністычных антыленінскіх групіровак, якія дзейнічаюць па найму ў выведвацельных органаў замежныхдзяржаў. «Такі неаспрэчны вынік эвалюцыі трацкізма за апошнія 7-8 гадоў...» I. В. Сталін (1937 г.)

Мінае час і мала таго, што ўсё паўтараецца, дык ўсё яшчэ вельмі дзіўна пераплятаецца. Здавалася б, недапушчальны ў савецкія часы тэрмін «пар­ламент» становіцца звычайным для сённяшняй сістэмы кіравання ва ўласнай краіне. I ў той жа час пазначэнне «верныя ленінцы» ператвараецца ў абсалютны рудымент палітычнага руху ва ўсім свеце. Толькі вось парадокс — ва ўсім свеце, але не ва ўласнай краіне, — мяркуючы па тым, колькі помнікаў Леніну стаіць ад усходняй мяжы да заходняй на сённяшні дзень. Ды яшчэ па тым, што краіна гэта — адзіная ў свеце дзяржава, якая афіцыйна адзначыла 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Расіі, дзе ўласна кажучы, падзея стогадовай даўніны адбылася, ужо даўно свята Рэвалюцыі не адзначаецца. Вось так! Хочаш рабі, а хочаш не рабі пасля ўсяго гэтыя рэвалюцыі!

Лёха ні ў якім разе не пазіцыянуе сябе рэвалюцыянерам. Хаця сентэнцыя «Рэвалюцыі робяць рамантыкі, а пладамі карыстаюцца нягоднікі» датычыцца да яго напрамую — ён з’яўляецца (так пераплялося) — класічным рамантыкам.

Не паспеў наш герой летуценна азірнуцца, як нейкія дзіўныя падзеі, нечакана для яго самога, зацягнулі ў свой — часам зусім не рамантычны — вір прыгодаў і супадзенняў. Відаць, так вось склалася, што пэўныя зоркі і плане­ты апынуліся ў адмысловай апазіцыі, а на чыіхсьці шахматных дошках каралі сталі насупраць адзін аднаго.


VIII

Калі рамантык Лёха, падчас сустрэчы з Ваванамі, агучыў, што канцэрт трэ­ба зладзіць самастойна, то нейкі экзальтаваны джын пэўна ўжо натхнёна завіс у паветры над галавой героя з пытаннем «Чым я магу дапамагчы, мой Гаспадар?». Мабыць, вылецеўшы з той самай бутэлькі, якую сябры «раскаталі» на траіх.

Гэта ўскосна пацвярждаецца тым, што не пазней, чым назаўтра зраніцы, у Лёхавым двары апынаецца чалавек па мянушцы «Апгрэйдзер» (вядомы як арганізатар маладзёвага грамадскага аб’яднання, мэтай якога з’яўляецца «upgrade» мясцовым праўладным структурам).

I вось, Апгрэйдзер, пазяхаючы, стаіць пасярод двара і, лянотна аглядаючы убогасць сялянскага быту, кажа нейкія дзіўныя рэчы. Кшталту таго, што за кошт дабрачынных унёскаў і ахвяраванняў на рахунку яго грамадскай арганізацыі назбіралася пэўная сума, і ён хацеў бы правесці любое, не істотна якое, мерапрыемства. Напрыклад, лекцыю ў бібліятэцы на тэму сучаснага мастацтва і сувязі яго з сённяшнім грамадствам.

Лёха ад здзіўлення раскрывае рот. «Ён што, вар’ят? — думае Лёха. — Ці ён не разумее, што прыйшоў да рок-музыканта, які ледзь зводзіць канцы з канцамі, які хапаецца за любую магчымасць паўдзельнічаць у любым канцэрце і атрымаць хоць які заробак?»

«Выбачайце за празмерную цікавасць, — кажа Лёха, — але пытанне такое: «Замест лекцыі ў бібліятэцы можна зладзіць канцэрт рок-гурта ў нармальнай зале?»

Апгрэйдзер хітравата ўсміхаецца і кажа: «А што? Добрая ідэя!»

У загадкавай логіцы размяшчэння зорак, планет і сузор’яў нарэшце знаходзіцца месца для першага самастойнага канцэрта Лёхавага гурта «Blues Of The Misty Моrning». I вось аграмадная афіша перад залай местачковага кінатэатра вельмі сур’ёзна паведамляе, што акрамя мясцовых музыкаў у канцэрце прымае ўдзел яшчэ і запрошаны госць — легенда беларускага рока, гурт «Брама» (Лёхаў гурт на разагрэве, легенда — хэдлайнер).

Звярнуўшыся да знаёмага сталічнага прамоўтара Гулі Шлоймана, Лёха атрымлівае ў карыстанне камплект апаратуры, што называецца, — вам і не снілася: адзін з найлепшых па ўсёй рэспубліцы. Не параўнаць з гарой смецця, якое не так даўно давялося тэставаць на той жа самай сцэне з Ваванамі.

Апгрэйдзер тут таксама актыўна падключаецца і цалкам апраўдвае сэнс свайго другога імені. Яго мянушку можна папросту замяніць на больш зразумелае «Мятла». У значэнні прадмета, які выносіць вонкі смецце.

Так падаецца ў той момант музыкам і арганізатарам — што зараз яны сваімі дзеяннямі і сваёй творчасцю пакажуць, што час змяніўся. Што смецце ў выглядзе рудыментаў мінулых эпох і перажыткаў даўніны будзе выкінута назаўсёды.


IX

Лёха з’яўляецца ў зале за пяць хвілін да пачатку канцэрта з вялізным тэатральным сафітам у руках. Няма часу абыходзіць вакол, праз грымёркі ды розныя службовыя ўваходы, таму ён горда ступае па чырвонай дарожцы паміж крэсламі са здзіўленымі гледачамі — ад цэнтральнага ўвахода прама да сцэны. Чамусьці яму падаецца (відаць ад вялікага хвалявання перад канцэртам), што толькі менавіта гэтага сафіта не хапае, каб належным чынам упрыгожыць сцэну і ў апошні момант расфарбаваць каляровымі промнямі артыстаў, якія вось-вось павінны сюды выйсці. Лёхава дэфіле з пакрытай пылам і павуціннем прыладай светлавога абсталявання ў нейкай ступені апынаецца сапраўдным элементам перформанса. Публіка заінтрыгавана.

Падключыўшы сафіт і накіраваўшы сноп каляровага святла на барабан­ную ўстаноўку пад вялікім белым экранам, стваральнік надыходзячага шоу задаволена аглядае кампазіцыйнае рашэнне ў аздабленні сцэны. Магчыма падсвядома ўяўляючы, а можа быць і не надта заўважыўшы, што шоу ўжо пачалося.

Лёхаў канцэртны касцюм амаль не пацярпеў — наш галоўны герой адзеты зусім не ў шырокія чорныя нагавіцы ды не ў бліскучы канцэртны пінжак з кацялком на галаве. Iмідж рок-музыкі — гэта звычайныя джынсы ды чорная цішотка. З большага абтросшы пыл з адзення, Лёха тут жа бярэ гітару і аб’яўляе ў мікрафон, што, маўляў вось яна — доля музыканта — пакуль сам не зробіш, ніхто і не парупіцца.

Публіка недаўменна пераглядаецца, але з сентэнцыяй моўчкі пагаджаецца — што рабіць, шоу ёсць шоу. Выходзяць музыкі Лёхавага гурта і бадзёра ўдараюць па струнах ды бубнах. Першая кампазіцыя сыграна ўдала. На сцэне ў каляровых промнях з’яўляюцца невялікія дымавыя хвалі і крышачку пахне палёнай ізаляцыйнай стужкай. Але ніхто на гэта не звяртае ўвагі — пачынаецца другая кампазіцыя. Бліжэй да коды дым на сцэне адчуваецца ўжо больш істотна, а смурод ад падпаленай пластмасы спрабуе збіць з нармальнага ўспрымання рэчаіснасці.

Як толькі пачынаецца трэцяя кампазіцыя, наш прыўкрасны сафіт, відаць вырашыўшы да канца адыграць галоўную ролю ў гэтым перформансе, выдае гучны пляскач і моцную ўспышку, пасля чаго зала адразу ж паглыбляецца ў абсалютную цемру. Хтосьці з супрацоўнікаў кінатэатра, падсвечваючы запалкамі сабе пад ногі, бяжыць да рубільніка і... Шоу зноў працягваецца, шаноўнае спадарства! Праўда ўжо не ў каляровых промнях падступнага сафіта, а пры ўключаных звычайных лямпах сцэны.

Праграма аднаўляецца з новай сілай. Аўтарскія песні разбаўляюцца парай класічных блюзаў ды рок-н-ролаў, а напрыканцы гучыць рок-балада. Першы самастойны канцэрт адыграны! Музыкі «Blues Of The Misty Моrning» пакідаюць сцэну. На іхняе месца выходзяць мэтры — гурт «Брама».