Аднаксамы цікавы артыкул і апошняй старонкі, а прынамсі і ўсяго нумара, напісаны маладой выпускніцай журфаку Віалетай, якая зладзіла ўмоўны дыялог са сваёй калегай па газеце.

Дзяўчаты з першых радкоў задаюць тон: «Ловім момант і ўважліва разглядаем тых, у чые рукі мы заўтра, магчыма, перададзім узведзены намі будынак...» (цытата). У сярэдзіне артыкула два альтэрнатыўных кандыдаты, абсалютна нікому не патрэбных (як ужо стала зразумела з усіх папярэдніх тэкстаў) канчаткова выбіваюцца з сёдлаў перадвыбарнага радэа адным моцным узбрыкам: «Шчыра сказаць, незразумела, адкуль усплываюць такія Бівісы і Батхеды...» (цытата).

А фінал артыкула мае аналогію з бомбай запаволеннага дзеяння пры ўсталяванні таймера на шасцідзённую адтэрміноўку:

« — ...Зрэшты, усе кандыдаты служаць толькі выгадным фонам для дзейнага прэзідэнта, палітычная харызма якога, на мой погляд, як «боінг семсот шэсцьдзясят сёмы».

— Ці прама як «лятучая крэпасць». Ці нават, калі дзве «лятучых крэпасці» адну на другую паставіць і пару хмарачосаў зверху...» (цытата).


IV

Як раз праз шэсць дзён пасля выхаду з друку спецвыпуску галоўнай газе­ты тое і адбываецца. З лавіны памех перанасычанага радыёхвалямі эфіра вырываюцца асобныя фразы: «...два хмарачосы... Боінг семсот шэсцьдзясят сёмы... колькасць ахвяраў падлічыць немагчыма... вялікая дымавая заслона ахутвае горад...»

Хвалі губляюцца, і Лёха са сваім сябрам па чарзе круцяць ручку аўтапрыймача. Iм удаецца вылоўліваць толькі абрыўкі фраз і ад гэтага інфармацыя становіцца толькі больш жудаснай.

За стырном старэнькага «Volkswagen-Passat» Лёху неабходна і ўважліва сачыць за дарогай, і выслухваць кавалкі экстранных рэпартажаў, якія паступова пачынаюць перадаваць амаль усе радыёстанцыі. Чым бліжэй мяжа з Польшчай, тым больш праясняецца сітуацыя — цяпер вядомыя ўжо і месца трагедыі, і асноўныя дэталі тэракта.

Пачуццё трывогі, нейкія незразумелыя і недарэчныя думкі Лёха стараецца прагнаць прэч. Яны адцягваюць увагу ад трагічных нью-ёркскіх навінаў з радыёэфіру, хоць, безумоўна, менавіта тыя самыя навіны і вызначаюць ягоны настрой.

Хваляванне кіроўцы «Фальксвагена» можна зразумець — у памежнай зо­не жыве цяпер ягоная дачушка, што зусім нядаўна пераехала са сваёй маці, былой Лёхавай жонкай, на новае месца жыхарства. Лёха нарэшце выбраўся перадаць сваёй Ксюшы школьныя дакументы — навучальны год, вось ужо адзінаццаць дзён як пачаўся, а тата ніяк не давязе паперы ў новую школу.

Гэтаму ёсць важнае абгрунтаванне — тата быў вельмі заняты падчас перадвыбарчай кампаніі, датэрміновага галасавання, таксама як і непасрэдна ў дзень выбараў і... выпадкова ануляваў вынікі гэтых самых выбараў. Выбачайце, суайчыннікі, а заадно і тыя, хто займаецца прагнозамі ў сучаснай сусветнай гісторыі! Усё пайшло крыху «не так». Тата, ён жа Лёха, ён жа Аляксей Уладзіміравіч, быў незалежным назіральнікам ад уплывовай міжнароднай арганізацыі па абароне правоў чалавека, але ўдзельнічаў у кампаніі не на «афіцыйным», не на праўладным баку.

Так атрымалася (яшчэ раз прабачце), што дзякуючы ўмяшальніцтву Аляксея Уладзіміравіча Барысевіча ў перадвыбарны працэс, з панядзелка рэчаіснасць у краіне пайшла двума паралельнымі курсамі: афіцыйны бок зрабіў вельмі шмат штучных і грубых дзеянняў, парушыўшы ўсе магчымыя правілы, папярэднія абяцанні, артыкулы Канстытуцыі, дзяржаўныя законы і гэтак да­лей. Зразумела, дзейны прэзідэнт пра гэта нічога не ведаў і свята верыў, што ён перамог на выбарах. Бедны і варты шкадавання чалавек! Хітры афіцыйны бок зладзіў пэўную ілюзію перамогі, і вось падмануты шчыры і сумленны кіраўнік краіны патрапіў у такую дваістую сітуацыю.

Патрапіў, таму што існуе іншы бок падзей — рэальны. А ў ім няма месца падману. Напрыклад, што загадаеце рабіць з пратаколам пра найгрубейшыя парушэнні, які склаў Лёха (прабачце — Аляксей Уладзіміравіч), і які падпісалі прадстаўнікі афіцыйнага боку — старшыня выбарчай камісіі ды яго намеснікі?

Факт існавання гэтага пратакола ануляваў увесь найскладанейшы падрыхтоўчы доўгатэрміновы працэс. Ён сапсаваў, здавалася б, такі адладжаны і такі надзейны механізм працы пэўных афіцыйных установаў. Вось, у выніку і атрымалася вельмі дзіўная гісторыя: калі афіцыйны бок вырашыў падмануць гістарычны час, падрабіць прастору існавання пэўнай нацыі, ды іншыя працэсы, то атрымаўся неверагодны ілюзіён. Які завіс агітацыйным банэрам у ме­жах адной краіны на доўгія дзесяцігоддзі. А сапраўдная рэальнасць рушыла далёка наперад сваім шляхам. Такая вось недакладнасць.


V

Сябра на пасажырскім крэсле слухае запар станцыю за станцыяй, а Лёха, заглыбіўшыся ў свае думкі, пад бясконцае ўсхваляванае балбатанне радыёвядоўцаў, прыслухоўваецца да сябе, спрабуючы разабрацца з тым, што адбывалася апошнім часам і ўнутры, і звонку.

Як яго ўвогуле занесла ў гэты квазіпалітычны гушчар? Калі б Лёха каму-небудзь распавёў свае перадвыбарныя прыгоды, слухачы доўга б рагаталі. Чаго толькі вартыя былі б успаміны пра гурт «Blues Of The Misty Моrning»! Гэта трагі-камічная гісторыя, якая пачынаецца з вяртання пасля доўгатэрміновых і далёкіх вандровак у роднае мястэчка, дзе жывуць Лёхавы бацькі, і якое носіць неверагодную назву Ранак-Туманны.

Уявім сабе, што ў ціхае існаванне невялікага правінцыйнага гарадка, які горда трымае марку грубаватага, не надта абцяжаранага інтэлектам і адукаванасцю раённага цэнтра аграрнага кірунку, спрабуе ўкараніцца падазроная асоба, якая (гэта проста замах на святое!) хоча стварыць ледзь не ДЖАЗБАНД! Чаму ледзь? Таму што ствараецца на самой справе блюз-бэнд. Але вымавіць, а тым больш запомніць гэта словаспалучэнне большасць насельніцтва не ў стане.

Вось свежы прыклад. Паседжанне райвыканкама. Зала, запоўненая чыноўнікамі з каменнымі тварамі, нагадвае школьную галёрку («...толькі б мяне не выклікалі сёння...»). Нервовае пытанне намесніка старшыні да кіраўнікоў сфе­ры культуры: «Что за группа представляет Ранак-Туманный на международ­ном фестивале в областном центре?..»

Ніхто з іх — ад загадчыка аддзела культуры да дырэктараў бібліятэкі, му­зея, музычнай школы ці Дома культуры — не ведаюць пра такую групу. Па шчырасці, яны і не могуць ведаць, таму што група толькі рыхтуецца дэбютаваць на вышэй узгаданым фестывалі. Але па радыё ўжо прайшла рэклама будучага канцэрта і, на няшчасце для падначаленых, яе назву пачуў той самы намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі, адукацыі і культуры.

У адказ на пытанне боса, культурныя кіраўнікі на паседжанні райвыканкама ветліва маўчаць, пераглядаюцца і паціскаюць плячыма, а намеснік старшыні ўдакладняе: «Ну, там ещё название такое, что хрен выговоришь — чего-то там «Плюс...»

Зразумела, у культурных кіраўнікоў такія-сякія думкі ёсць. I вось, дырэктар Дома культуры па прозвішчы Дамінжанка, адразу пасля ўзгаданага паседжання, тут жа на плошчы перад будынкам райвыканкама, выпадкова сустракае Лёху. Парадваўшыся супадзенню ў адпаведнасці з пастаўленай задачай (высветліць, што за група...) дырэктар ветліва вітаецца і тактоўна заходзіць здалёк: «Здарова, лабух! Гэта не ты там нейкую супергрупу стварыў? Нейкі там «Плюс»?»

Ад ступені тактоўнасці Лёху не адразу ўдаецца выйсці са ступару і ён мае неасцярожнасць абсалютна шчыра адказаць: «Ды не, першы раз чую...» «Ну ладна, глядзі! А то нам тут наводка адна паступіла. Не ведаем на каго думаць...» — Дамінжанка пасля паседжання райвыканкама, відаць, адчувае ся­бе следчым спецыяльнага камітэта па справах праблем культуры, на якога павесілі «глухара».

Лёха адыходзіцца ўжо метраў за трыста і тут да яго даходзіць: «...група з райцэнтра», «нейкі там «Плюс»... Гэта ж пэўна — «Блюз»! I не «нейкі там», а «Blues Of The Misty Моrning» — «Блюз Туманнага Ранку»! O, не! Цяпер яны могуць падумаць, што я хаваюся ад іх!..»


VI

«Blues Of The Misty Моrning» дэбютуе годна. На фестывалі «Апошні фа­этон» іхні выступ — адзін з найлепшых, і за іх сапраўды не сорамна! Публіка прынімае музыкаў вельмі добра і калегі-ўдзельнікі ацэньваюць станоўча. Шмат водгукаў у прэсе. Карацей кажучы, дэбют атрымліваецца.

Праз сродкі масавай інфармацыі намеснік старшыні райвыканкама (дарэчы, яго прозвішча Ленінскі) таксама ў курсе справаў пра Лёхавы поспехі. Але адно не супадае — відаць, ён адразу пасля фестывалю таксама хоча сустрэць Лёху, аднак той ці то з’ехаў кудысьці, ці то адлёжваецца недзе, узяўшы творчы адпачынак. Нарэшце, супала праз некалькі месяцаў — Лёха сутыкаецца з чыноўнікам нос у нос на вуліцы мястэчка.

«О! Здарова! Ну, ты малайчына, усюды пра цябе пішуць. Давай-ка далучайся да перадвыбарнай кампаніі!»

Лёха не думае доўга. Дакладней сказаць, ён увогуле не думае. Вось, праўда — ніводнай думкі, галава нібы тым самым туманам напоўненая. Аднак, калі туман можна было б чытаць (напрыклад, гадаюць жа на «кававай гушчы»), то нечакана для чытача, ватныя бялявыя літары маглі б скласціся ў такім парад­ку: «Хочаце ўцягнуць мяне ў бруд? Каб даказаць, што вы не правы, я нават гатовы праехацца...»

Пэўна адчуваецца эрудыцыя начытанага чалавека — Уінстан Грум («Гампізмы, ці мудрасці Форэста Гампа»): «Калі ступіў у лайно, паспрабуй неяк выкарыстаць сітуацыю — хаця б праедзься на ім».

Трэба адзначыць, што Лёха і сапраўды спрабуе «праехаць». Шчыра і непасрэдна. Для таго, каб гэта зрабіць, зразумела, патрабуецца транспарт. Таму што Ленінскі абяцае на перадвыбарную кампанію камплект вельмі дарагой, па яго словах, апаратуры. Намеснік старшыні вядзе Лёху ў патрэбны кабінет і ў яго ж прысутнасці строга загадвае кіраўніку культуры раёна па прозвішчы Павароцін арганізаваць машыну для перавозкі каштоўнасці раённага маштабу — той самай апаратуры. Павароцін ветліва махае галавой, у яго позірку — згода з меркаваннем начальніка і гармонія з усім светам.

Як толькі за начальнікам з грукатам зачыняюцца дзверы, з позіркам гарманічнага культасветработніка здараецца катастрофа. Ці можа такое быць, што адзін удар дзвярэй у стане парушыць сусветную гармонію? Вочы чыноўніка пачынаюць бегаць з такой хуткасцю, што становіцца зразумела: насамрэч гэта хуткасць руху паршнявой сістэмы той самай машыны, так неабходнай для перавозкі апаратуры. Якая кудысьці з’ехала з верагоднасцю вярнуцца не раней чым праз тыдзень.