Апгрэйдзера бесперапынна затрымліваюць ці напярэдадні, альбо цягам усемагчымых кампаній. Падчас наступнай, перадвыбарнай, яго два тыдні трымаюць у сталіцы і прывозяць у Ранак-Туманны за дзень да кульмінацыі. Самае дзіўнае тое, што выпускаюць без усякіх пытанняў. Дом Апгрэйдзера насупраць — перайсці дарогу. Каля перахода стаяць трое — яны вельмі нагадваюць каўказцаў, а адзін з іх дакладна калісьці сядзеў за багатым каўказскім сталом падчас мінулай кампаніі. Калі Апгрэйдзер раўняецца з імі, той знаёмы валіцца на зямлю і пачынае енчыць. Тут жа выскокваюць людзі ў форме і зачыняюць Апгрэйдзера на два тыдні за хуліганскія дзеянні ў адносінах да грамадзяніна іншай рэспублікі. Двое сведкаў усё, што патрэбна пацвярджаюць у судзе на карысць «пацярпелага».

Так склалася, што Аляксей Барысевіч, як прадстаўнік Хельсінскага камітэта, разам са сваім калегам Васілём Авер'янавічам, сябрам незалежнай асацыяцыі журналістаў, позна ўвечары прысутнічаюць на падліку галасоў на ўчастку № 13 па Ранак-Туманаўскай выбарчай акрузе. Пры падліку ўсё супадае ідэальна — да адзінага бюлетэня. Ніякіх парушэнняў, ніякіх падтасовак. Мойша Кронберг падміргвае Мурашу, маўляў, усё чыста — не падкапаешся.

Авер'янавіч пасля працэсу запрашае Лёху да сябе. Яны моўчкі сядзяць на цёмнай верандзе пры свечцы. Святло не ўключаецца, каб не замінаць адпачываць гаспадыні. Выпіўшы па першай, яны толькі выдаюць кароткія каментары, кшталту: «Эх!», «Так яго растак!», «Нічога!», «Паглядзім яшчэ!» Рап­там расчыняюцца дзверы і ў цьмяным праёме застывае маўклівая мажная постаць на фоне начнога неба. «Хто тут?» — строга пытаецца Авер'янавіч. Замест адказу цёмная фігура падсоўваецца бліжэй, ставіць на стол бутэльку гарэлкі і голасам Шчупакова адказвае: «Хачу з вамі выпіць. Вы прайгралі! Але ж як вы прыгожа і прафесійна працавалі! Вы проста малайцы!» Ад нечаканасці Лёха і Авер'янавіч доўга глядзяць адзін на аднаго. Шчупакоў тым часам адкаркоўвае бутэльку, разлівае вадкасць у тры шклянкі, чокаецца са сваімі былымі супернікамі, першым выпівае да дна і знікае там, адкуль з'явіўся.

Так здараецца, што праз шмат гадоў Васіль Авер'янавіч ў Галаўлічах, ва ўласнай хаце ўключае тэлевізар. А Лёха ў той жа момант у сталіцы, зайшоўшы ў салон бытавой тэхнікі, аказваецца перад уключаным вадка-крысталічным вялізным плоскім маніторам.

Канал, у адпаведнасці з нейкай патаемнай логікай, апынаецца адзін і той жа — першы дзяржаўны. І вось, пампезны вядоўца, які ў сваім чорным капялюшы нагадвае сапраўднага лаўтара, абвяшчае спіс самых шчаслівых людзей краіны — тых, хто рызыкнуў набыць латарэйныя білеты і... зрабіў правільны выбар!

У краіне, якая крыху запаволена ў сваім руху, блытаецца ў сапраўдных і несапраўдных рэаліях, Лёха ўжо даўно нічаму не здзіўляецца. Але тэлеэкран часам робіць са сваімі гледачамі неверагоднае — і наш герой аж прыадкрывае рот ад здзіўлення: першым у спісе «шчасліўцаў» вядоўца называе дырэктара Галаўлічскай сярэдняй школы з нейкім занадта знаёмым прозвішчам — Мураш!

І самае цікавае, што нумар яго латарэйнага квітка пачынаецца з трох сямёрак...

Аб'ектыў камеры пераязджае на залу, на гледачоў, якія ў захапленні пляскаюць у ладкі. Камера набліжае першую асобу ў бліжэйшым шэрагу і ёй аказ­ваецца абаяльная прадавачка латарэек у чорна-белым капялюшыку.

За ёй б'е нерухомую левую далонь — з размаху правай — вялікі мажны чалавек, якога Лёха не адразу пазнае ў цывільным. Але калі мужчына паварочваецца ў анфас і задаволена ўглядаецца прама ў камеру, Лёха адразу ўспамінае міліцыянта, які калісьці паведаміў яму, што «ў нас усё пад кантролем».

Далей сядзяць дзве прадавачкі кніг з фае былога аўтавакзала «Усход-Захад» — Галя і Валя. Як толькі яны бачаць сябе на вялікім студыйным маніторы, адразу паварочваюцца да камеры і з усмешкамі да вушэй актыўна махаюць рукамі. Побач з імі, відаць абсалютна выпадкова, апынаюцца дзве госці з бліжняга замежжа — яны махаюць свежым выпускам цэнтральнай газеты з пакамечаным партрэтам і прамаўляюць нейкую фразу. Калі б не гучная студыйная музыка, то можна было дакладна разабраць «У нас в Смоленске его обожают!»

З усёй аўдыторыі істотна вылучаецца група падтрымкі з Галаўлічаў: Іван Рычардавіч нервовымі рухамі стварае адмысловую ауру і ніяк не можа зразумець, у які бок махаць, каб перадаць прывітанне землякам. Побач з ім сядзіць Мурашыха ды іншыя сябры былой (і заўсёднай) камісіі, акрамя Тамары. А замыкаюць дэлегацыю ніхто іншыя як колішні кіраўнік калгаса Шчупакоў разам з былым намеснікам старшыні Ранак-Туманаўскага райвыканкама па прозвішчы Ленінскі. Які, дарэчы, згодна з законам аб выпадковых абставінах, быў у свой час дырэктарам Галаўлічскай школы.

Усе весела ўсміхаюцца і дружна пляскаюць у ладкі. Здаецца, камера памылкова крутанулася і захоплівае службовую зону. Але аператар не адводзіць аб'ектыў — там, на неасветленай пражэктарамі тэрыторыі за кулісамі знаходзіцца нейкая жаночая постаць, як падаецца, апранутая ў занадта бутафорскія адзенні. Яна, не хаваючыся, паліць цыгарэту. Адразу ўзнікаюць пытанні: дзе пажарнікі пры такім вялікім скапленні людзей? Дзе адказныя за тэхніку бяспекі падчас санкцыянаванага масавага мерапрыемства?

Камера «наязджае» і дае буйны план. Бутафорская ўніформа апынаецца калекцыяй нармалёвых цыганскіх спадніц, а жанчына — той самай цыганкай з пачатку нашай гісторыі. Яна адкульсьці, з неверагоднай спаднічнай прасторы, дастае смартфон апошняй мадэлі, корпаецца ў ім і раптам у Лёхі звоніць яго старэнькі «Nokia»: «Касацік, ты выбачай! У жыцці складаецца па-рознаму — тут як карта ляжа. Усё будзе добра, табе ж казалі. Вядома, з Гулем Шлойманам перабор атрымаўся. Але ён крыху сам вінаваты — не адразу зразумеў, з кім мае справы. А калі зразумеў, ужо было позна.

Дарэчы, тэлевізар гэты — сапраўдны падман, нічога добрага. Як і латарэі ды казіно розныя. А газеты... Што з гэтымі газетамі рабіць? Трэба, хаця б, умець чытаць... Ведаеш, там побач з табой, аркушык адзін — ты пачытай, будзе не лішнім...

А ў гульні ты не гуляеш, малайчына. Ты справу робіш. Вялікую справу...»

Відэашэраг перарываецца, нешта коратка шыпіць, потым на экране мільгацяць каляровыя ліхтары, пачынае дубасіць нейкая манатонная тэхна-кампазіцыя. Лёха, трымаючы мабільны тэлефон у руцэ, азіраецца — нікога ў салоне бытавой тэхнікі, акрамя яго, няма. Супрацоўнікі кудысьці зніклі, чутныя толькі далёкія галасы са службовых памяшканняў.

Ён, адзіны наведнік, пераводзіць позірк на падстаўку пад тэлевізарам. Там ляжыць свежы нумар галоўнай газеты краіны. Разгарнуўшы, Лёха трапляе ад­разу, куды трэба: на ўсю паласу дыскусія Віялеты з калегам-журналістам на тэму «Ці актуальныя яшчэ традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі ў выглядзе тэлебачання і друкаванай прэсы?»

«Не!» — цвёрда падводзіць вынікі спрэчкі Віялета.

Як толькі Лёха дачытвае да гэтай шматзначнай фразы, газета ў ягоных руках рассыпаецца ў пыл. Тэлевізар жа, рэзка перарваўшы цырымонію ўручэння выйграшаў у латарэі, пачынае паказваць нешта дзіўнае (ведаеце, як у экстрэмальнай сітуацыі — «перад вачыма пралятае ўсё жыццё»): чорнабелыя кадры плаката на вясковым будынку з надпісам «Выбары-94», потым абрынаюцца вежы-блізняты.

Нібыта ў наступным інфармацыйным блоку раптам хаатычна ўзнікаюць Стынг, Элтан Джон, Гуля Шлойман. Потым трэці блок — Апгрэйдзер на руках выносіць параненага акрываўленага кандыдата ў прэзідэнты з дымавой заве­сы і тут жа загаловак артыкула «Я выдеру глаза любому, кто мне скажет, что я не люблю...» з подпісам «Віялета».

Тэлевізар нечакана хлюпае і аплывае на крышку стала расплаўленай пластмасай.


P.S.

Дарагія тата і мама! Спрабую звязацца з вамі праз WhatsAPP, а копіі паведамлення рассылаю ва ўсе сеткі, якімі вы можаце карыстацца. Спадзяюся, што вы ўжо авалодалі новымі тэхналогіямі мэсэджа. Доўга зараз пісаць не прынята, таму адразу спасылка на відэа:

hnps:// et cetera... «Сёння ноччу адбыліся грандыёзныя па сваіх маштабах драматычныя падзеі. Людзі, якія зраніцы апынуліся побач з былымі будынкамі сталічных Дома друку і Тэлецэнтра, убачылі толькі руіны. Чалавечых ахвяраў па куль не зафіксавана.

Такая ж сітуацыя і з абласнымі ўстановамі падобнага профілю. Напярэдадні наступных выбараў гэты інцыдэнт, які не мае аналагаў, разглядаецца як катастрофа дзяржаўнага і, нават, сусветнага маштабу. Для распаўсюду неабходных звестак і дадзеных, звязаных з перадвыбарнай праграмай, тэрмінова ствараюцца спецыяльныя інфармацыйныя пункты.

Там, у выглядзе гуманітарнай дапамогі, бясплатна раздаюцца смартфоны і планшэты. Амаль круглыя суткі працуюць валанцёры, якія праводзяць бесперапынныя трэнінгі для пенсіянераў, асобаў без сталага месца жыхарства, залежных ад алкаголю і наркатычных сродкаў, дзяцей-сіротаў, якія на час выбараў дасягнуць паўналецця, грамадзян адбываючых пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, інвалідаў, салдатаў, афіцэраў і прапаршчыкаў, міліцыянтаў і пажарнікаў, а таксама для вясковага насельніцтва і супрацоўнікаў сельскай гаспадаркі ды іншых слаёў грамадства.

Усё гэта робіцца беза ўсякага прымусу. Але ж, будзьце ўважлівымі, пастарайцеся не пазбягаць абавязковай рэгістрацыі — мы павінны адказваць за ўведзеныя намі будынкі ў нашым мінулым і ў нашай будучыні! Будзем на сувязі!

Заўсёды з вамі — Віялета!»

Карцінку накрываюць цітры. Гучыць музыка адначасова з надпісам «Саундтрэк стваралі»:

— «Bordeau Cotes de Castillon Lourd Blues»

— «Elfs Come Look»

— «Brama»

— «Vezha»

— «Blues Of The Misty Morning»

— Mckelback

— Elton John

— Sting

Апошняя фраза, павольна праплываючы, з радасцю паведамляе:

«Усе імёны і персанажы з’яўляюцца выдуманымі, любыя супадзенні — выпадковыя...»