І

Пасярод нешырокай сталічнай вуліцы, дзе ў гэты час амаль не ездзяць машыны і зрэдку з'яўляюцца мінакі, раптам адкульсці з-за вугла старажытнага будынка вынырвае цыганка з залатым зубам у чорнай доўгай і шырокай спадніцы, з накінутай на плечы яркай каляровай хусткай і загадкава шэпча: «Ёсць адзін чалавек, ён вельмі добра гуляе, разумееш? Ён галоўны ў пэўных гульнях. Ніколі не гуляй з ім, чуеш?»

Белыя красоўкі, што выглядаюць з-пад джынсаў, спыняюцца, а капюшон шэрай байкі скідваецца на заплечнік, нібыта па звычцы чакаючы, што гаспадар зараз прадставіцца: «Лёха!» Але замест гэтага малады чалавек, па логіцы рэчаў — ад нечаканасці, — прамаўляе: «Якія гульні? З кім не гуляць?»

«Касацік, не задавай дурных пытанняў. Проста не гуляй і ўсё. Адно ска­жу — ён трэці па ліку. Другі — ён іншы! Ён з казённымі людзьмі ў казённы дом імкнецца. У яго дарога дальняя і турботы даўнія. А трэці — ён гуляе ў гульні. Запомні, касацік!» Цыганка пачынае кружыцца вакол Лёхі, спяваючы на цыганскай мове. Iмгненна далучаецца другая цыганка, таксама з каляровай хусткай на плячах. Чарнявая жанчына з'явілася проста ніадкуль, узнікла, як кажуць, на роўным месцы. Потым аднекуль узялася трэцяя. Яны ствараюць столькі тлуму і мітусні, што здаецца — іх зусім не тры, а як мінімум, трынаццаць.

Цыганкі раствараюцца ў паветры гэтак жа хутка, як і матэрыялізаваліся некалькі хвілін таму. У раптоўна насталай цішыні, Лёха хутка падыходзіць да лавачкі пад вялікім дрэвам і абмацвае кішэні, правярае заплечнік. Дакументы, ключы, грошы на квіток дадому — усё на месцы. А вось пятнаццаць тысяч баксаў зніклі.

Лёхава сэрца затахкала, як басовы барабан Mckelback падчас саундчэку перад нядаўнім канцэртам. Ён яшчэ раз хуткімі рухамі нервова абмацвае ўсе кішэні. Збоку добра заўважна, што чалавек пад дрэвам спрабуе супакоіцца і засяродзіцца. Маўляў, так, — аднаўляем у памяці ход падзеяў: вось тут выходзіў з аўтобуса, нечакана ўбачыў столік з латарэйнымі квіткамі, яшчэ пажартаваў, што столік дакладна такі, як і ў пераходах метро. Прадавачка была такой мілай, такой абаяльнай, што зараз у памяці яна малюецца не іначай, як сястрой міласэрнасці ў шырокіх чорных адзеннях да зямлі і з чорна-белым капялюшыкам на галаве: «Купіце латарэечку! Імгненны выйгрыш! Не пашкадуеце! Праверыць вынік можна адразу ж! Можна забраць грошыкі ў любым банку...»

Аднак непасрэдна той момант, калі набываў квіток, абсалютна сцёрся. Напэўна ж аддаваў нейкія капейкі, забіраў латарэйку, але нічога такога ў памяці не ўзнаўляецца. Толькі наступны фрагмент — прадавачка на бязлюдным прыпынку ў захапленні скача і пляскае ў ладкі: «Ваш нумар пачынаецца на тры сямёркі! Вы выйгралі аўтамабіль! Ён каштуе пятнаццаць тысяч!»...

Раптам над галавой, як грымоты пасярод яснага дня, гучыць сіплы бас: «Гражданін! Какіе праблемы?» Аграмадны чалавек у форме міліцыянта ўглядаецца ў заплечнік, што ляжыць на лавачцы. Лёха хуценька падхоплівае свае рэчы, накідвае лямкі на плечы і намагаецца сысці, не жадаючы пра штосьці размаўляць з волатам у форме. Але апошні мае іншае меркаванне, ён заступае Лёху шлях і даверліва падміргвае: «Наконт латарэйкі не хвалюйцеся — знойдзецца! У нас усё пад кантролем!»


II

Не зважаючы на морась, Лёха шпарка крочыць па вуліцы ў бок аўтавакзала. Ён моцна злуецца ад сітуацыі, у якую патрапіў: «Вельмі паскудна пачуваешся ад таго, што ўсе навокал нешта ведаюць, валодаюць нейкай інфармацыяй, і толькі ты адзін не можаш нічога зразумець...»

У тыя часы аўтавакзал «Усход-Захад» яшчэ працуе ў звычайным рэжыме: другі паверх — касы, а на першым зала чакання. Тут жа кавярня, камеры захоўвання, аптэка, пункт абмену валюты, шапік з царкоўнай прадукцыяй — з сапраўднай манашкай у вакенцы. А яшчэ вельмі шмат сталоў і стэндаў з газетамі, часопісамі, папулярнымі кнігамі. I прадавачкі гэтай друкаванай прадукцыі — вельмі каларытныя, у спартовых касцюмах — дзяўчаткі і цётачкі.

А дата якая — 10 верасня! Панядзелак. То бок прэзідэнцкія выбары ў кра­іне ўжо адбыліся (учора), а вежам-блізнятам у Нью-Ёрку стаяць яшчэ цэлыя суткі. I вось, зайшоўшы ў будынак аўтавакзала, Лёха спрабуе разабрацца з уласным настроем: «Знаходзішся у нейкім ватным стане — ці то разгубленасці, ці то абыякавасці. Ці то гэта наступствы ад псіхалагічных перагрузак папярэдніх дзён, ці то прадчуванне чагосьці жудаснага наперадзе. Настрой паганы. Сталае адчуванне, што ў хуткім часе можаш патрапіць у якую-небудзь гісторыю. Але якую? Хіба толькі могуць затрымаць у любую хвіліну. У сэнсе пазбавіць свабоды. Сёння зранку афіцыйна абвесцілі, хто выйграў выбары, таму кажуць, што тых, хто ўдзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі на іншым баку могуць проста схапіць прама на вуліцы. Хто абвінавачвае і ў чым віна іншых? Вось і спрабуеш разабрацца...»

Але прага да сапраўдных культурных здабыткаў радзімы пераадольвае пачуццё асцярожнасці і нязграбнай постаццю інтэлектуала выторкваецца над ляжачым у балоце быта інстынктам самазахоўвання. Уладальнік складанай сістэмы інтэлектуальных прыкмет (чытай Лёха), з няшчасным відам ад таго, што схаваць гэтыя прыкметы немагчыма, абсалютна нечакана для самога ся­бе падыходзіць да прадавачкі за апошнім сталом і пытаецца: «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава ёсць?»

Лёха ўпэўнены, што ён зрабіў усё правільна: не прыцягваў увагі разявакаў (што гартаюць старонкі танных кніжак ды не дужа глянцавых часопісаў злева і справа ад яго), спытаўся нягучна, стаяў роўненька і сціпла. Але пасля яго пытання наступае такая цішыня вакол кніжнага стала, што Лёха пяць разоў пашкадаваў пра кола сваіх інтарэсаў. Час гэты, па сутнасці — імгненне, падаецца прыхільніку вялікіх айчынных дарог не тое што доўгім, а бясконцым.

А потым здараецца тое, што здараецца. Прадавачка некалькі секундаў углядаецца ў твар незвычайнага наведніка, ніяк не выражаючы сваіх патаемных эмоцый. Потым рэзка разварочваецца спінай і праз увесь аграмадны хол голасам, моц якога значна перавышае ўзровень гучнай вакзальнай сувязі, звяртаецца да калегі на іншым баку залы чакання: «Галя! У тебя «Долгая до­рога до дома» Быкова есть?»

Гіпербалізаванае Лёхава мастацкае ўяўленне, пры істотна сапсаваных за апошні тыдзень нервах, імгненна малюе фатальную фантазію на тэму «Вылічэнне нацыянальна арыентаваных маргіналаў праз сферу іхнай цікавасці і пазначэнне спецыфічным аудыа-візуальным маркерам («Галя! У цябе тое ці іншае ёсць?») для аблягчэння іхняй ідэнтыфікацыі спецыяльна падрыхтаванымі назіральнікамі і далейшага адсочвання гэтых самых маргінальных суб'ектаў — як падазроных элементаў — якія апынуліся на вакзале сталіцы Рэспублікі з невядомымі мэтамі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў...»

«Гэта паранойя!» — змагаецца за права існавання здаровы сэнс у адной палове Лёхавай галавы. «Не! Гэта — наша рэальнасць!» — упэўнена перамагае другая палова той самы сэнс.

Да рэальнасці тут жа схіляе і голас Галі, якая з іншага канца вялізнай залы грамавым голасам крычыць: «Валя! Не-а! «Долгой дороги» нету!»

«Можа я і памыляюся, можа гэта проста супадзенне? Чаму не дапусціць, што прадавачкі і сапраўды ведаюць пра такую кніжку?» Ветлівы і спакойны знеш не, але над звы чай на на пру жа ны ўнут ры, Лё ха раз віт ва ец ца і па кі дае зо­ну кніжнага бізнэсу.


III

Час да адпраўлення аўтобуса дае магчымасць на нейкі момант патрапіць у зону іншага бізнэсу — паглыбіцца ў атмасферу вольнай дзяржаўнай прэсы і свабоды слова ў дэмакратычнай дзяржаве. У Лёхавых руках апынаецца перадвыбарны спецвыпуск цэнтральнага друкаванага органа краіны, ад 5 верасня. Каб хто спытаўся, якім чынам гэты шэдэўр галоснасці і дэмакратыі патрапіў да чытача, сам Лёха толькі недаўменна паціснуў бы плячыма, — маўляў, бывае ж такое, проста так супала — матэрылізаваўся, што называецца, з ніадкуль!

Першая старонка ўтрымлівае не надта шмат інфармацыі. Партрэт амаль на палову газетнага аркуша, у адрас якога дзве саракагадовыя кабеты, што праходзяць міма, дапускаюць нетутэйшую вольнасць: «Какой мужчина! У нас в Смоленске его обожают!»

Далей ідзе набор тэзісаў ці то са справаздачы, ці то з перадвыбарнай праграмы — там гаворыцца пра тое, што памежныя слупы прыбіраюцца з правільнага кірунку (смаленскага) і ўзмацняюць кірунак няправільны (да астатняга свету). Таксама ненавязліва і амаль незаўважна нагадваецца жыхарам краіны, што яны, як сыр у масле, тут боўтаюцца, маўляў, трэба ж разумець — каму дзячыць за іхнюю ахову і абарону! Яшчэ ўзгадваюцца два апаненты цяперашняга лідара — у сэнсе два тых няшчасных кандыдаты з трох магчымых, што выжылі ў перадвыбарнай гонцы. Падрабязна тлумачыцца ўзровень і прычыны іхняй кандыдацкай няшчаснасці.

На ўвесь разварот на другой і трэцяй старонцы інфармацыя іншага парад­ку — там надрукаваны адзін аграменны артыкул, які не так сумна ды і не сорамна чытаць колькі хочаш разоў — матэрыял такі вялікі і шматпланавы, што дачытаўшы да сярэдзіны, губляешся ў адступленнях і забываешся, з чаго ён пачынаўся. Галоўнае не чытаць падзагаловак — ён стварае кантэкст. А так, здаецца, і людзі цікавыя ўзгадваюцца, і што самае нязвыклае — узгадваюцца без абразаў і прыніжэнняў, як бывала на тых самых старонках у ранейшых нумарах. I аператыўная інфармацыя пра гэтых цікавых людзей — дзе, хто, калі і як. I нават не агучваецца, колькі ім за гэта пагражае пасля выбараў.

На апошняй старонцы — традыцыйна, навіны культуры і спорту. Напрык­лад, вось інфармацыя пра тое, што сусветна вядомы хакеіст, зорка НХЛ, запісвае лідара нацыі ў зборную свету па хакеі. Нічога не ўказваецца, ці на кантрактнай аснове, ці на нейкіх іншых умовах.

А вось выява іншай суперзоркі апошніх гадоў трыццаці — каралевы эстра­ды суседняй краіны. Яна стаіць у рызыкоўнай позе — на каленях (перад кім, на здымку не паказана). Але загаловак паведамляе, што суперзорка па сваёй волі робіць сапраўдны акт кахання з вялікай павагі да галоўнага, і што важ­на адзначыць — станоўчага героя ўсіх вышэй пералічаных рэпартажаў гэтага спецвыпуску вядучай газеты краіны.