Спачатку я вырашыў нічога не адказваць. Знайшоў свой пераклад і выдаліў яго — але ніякай палёгкі не адчуў. Я ня ведаў, што рабіць. Спрабаваў уявіць сабе таго таемнага Каятана: вось жа, яму хапіла розуму і імпэту, каб, скарыстаўшыся маім сьціплым перакладам, зразумець некаторыя правілы бальбуты. Пэўне, гэта чалавек маіх гадоў — і, магчыма, нават маіх амбіцый. Не бяз таленту — дастаткова ацаніць стыль ягонага пісьма. Стварае сабе імідж гэткага эстэта. І трэба ж, файнае хобі: зьбіраць назвы ненароджаных канлангаў. Каятан... Ну, гэтаму мы ня верым, знайшоў дурня. Хутчэй нейкі Андрэй ці наогул Санёк. Санёк-Пянёк. Хіцер Зьміцер. А мо і Аляксандар Эдуардавіч. З прозьвішчам праз злучок. Яны такое любяць, гэтыя Эдуардавічы. Інтэлігенты хрэнавы. Верагодна, майго ўзросту, нежанаты, расчараваны цынік, любіць выпіць, курыць люльку. Не. Магчыма, ён інвалід, падумаў я і адразу паверыў у гэтую спакушальную вэрсію. У яго процьма вольнага часу — вось і мардуецца чалавек рознай лухтой. Можа сабе дазволіць.
Вядома, я сам зрабіў памылку і выдаў сябе, апублікаваўшы свой тэкст. Але, магчыма, калі прамаўчаць, імпэту ў таемнага Каятана неўзабаве паменшае, а там, глядзіш, і зусім прападзе жаданьне лезьці да мяне ў сябры. І ён забудзе пра дурацкі пераклад, і пра тое, што мае мой паштовы адрас, і пра тое, што ён некалі мне напісаў. Знойдзе іншыя цікавосткі.
Невядомы чалавек, які чакае, што я дам яму ключ ад клеткі. Той клеткі, дзе хаваю сваё жывое. Сваю любоў і сваю сьмерць.
Ад кожнага ягонага слова ішла небясьпека. І ён ведаў гэта. Ён сьмяяўся зь мяне, седзячы недзе ў варожым мне сьвеце, можа быць — нават за гэтай самай сьцяной.
Мінула некалькі дзён, і я зразумеў, што змаўчаць будзе цяжэй, чым мне падавалася. Спакуса мучыла мяне — я меў шанец пабачыць чалавека, які прамовіць словы бальбуты проста ў мяне на вачах. Я пачую гэта, пабачу, як варушацца вусны, як язык выштурхоўвае ў паветра словы створанай мной мовы. Не, не стварэньне мовы робіць цябе богам — а магчымасьць бачыць, як мовай гавораць незнаёмыя табе істоты, як яна ажывае ў іхных ратах.
Ліст прыйшоў у панядзелак. У пятніцу я напісаў адказ. І ўжо ўвечары мы ліставаліся з тым, каму першаму наканавана было размаўляць са мною бальбутай — і я ніяк ня мог зразумець, хто каго злавіў у сваю сетку, я яго або ўсё ж ён мяне. Хто з нас мусіў чакаць ад другога падпарадкаваньня?
Чамусьці мы дамовіліся сустрэцца — у панядзелак а шостай вечара. Дагэтуль невытлумачальнае рашэньне: што замінала нам камунікаваць онлайн і абмяркоўваць усё на сьвеце? Навошта было гэтае знаёмства? Неяк я правёў адмысловае дасьледаваньне, спрабуючы зразумець, чыя гэта была ідэя: сустрэцца і пазнаёміцца. Разьвіртуаліцца... Знайшоў тыя нашыя першыя мэйлы. Высьветлілася, што ідэя была мая. А ён вінаваты ў тым, што не адмовіўся. Наадварот, пагадзіўся занадта хутка. Падазрона хутка. Нібы ад таго, як я выглядаю, залежала, ці працягваць яму кантакт са мной.
Палёгка. Ён жыў у тым самым горадзе, што і я. Мы дамовіліся сустрэцца на плошчы Перамогі, за столікам каля “Шчодрага” — быў там такі ўнівэрсам з кавярняй проста каля выхаду з мэтро, дэмакратычнае месца, таннае піва, кава, малочныя кактэйлі. Ён напісаў, што будзе трымаць у руцэ кнігу. “Якую?” — запытаўся я. Ён не адказаў. Хацеў мяне падражніць.
Я наўмысна прыйшоў раней. Не падыходзячы да столікаў, я заняў пазыцыю каля парапэта. Сеў на халодны мармур, закурыў з дрымотным выглядам, удаючы, што ніякага “Шчодрага” для мяне не існуе, а існуюць толькі дзявочыя ногі, што прабягаюць міма — травень толькі-толькі расшчодрыўся на цеплыню. А сам уважліва вывучаў, што робіцца пад парасонамі. Столікаў было тры. За адным сядзелі нейкія празьмерна валасатыя мужыкі, усе ў цёмных акулярах, сядзелі і жвава жэстыкулявалі, пра нешта спрачаючыся. Адзін у пэўны момант нават пагрозьліва прыўзьняўся, але іншыя прымірэнча схапілі яго за локці. За другім столікам бабуля раздражнёна назірала, як унучка есьць марозіва. Стол пакрываўся белымі плямамі, як фарбай, дзяўчынка аблізвала сабе запясьце, мезенец, указальны палец, раптам вафля зламалася, як быццам у дзяўчынкі пальцы хруснулі — і бабуля здрыганулася ад нечаканасьці. Трэці столік быў пусты. Амаль у шэсьць мужчыны сышлі, не перастаючы спрачацца. Але марозіва ў дзяўчынкі ўсё не сканчалася. Трэці столік занялі дзьве дамачкі, якія замовілі сабе па шампанскім. Кніг у іх не было.
Я выкурыў тры цыгарэты, калі да першага століка падышоў нейкі хлопчык гадоў васямнаццаці і пачаў азірацца. Я адвярнуўся, хоць падазрэньні мае расьлі, але мне хацелася пакуль што ім верыць. А калі зноў паглядзеў на столікі, дык з прыкрасьцю прастагнаў і саскочыў з парапэта. Няўклюдным падлеткавым рухам хлопчык дастаў з заплечніка кнігу, вецер прабег яе адным павевам і паляцеў далей. Хлопчык быў лішні, сьмешны, як прышч, і адчуваў гэта. Занадта вялікія рукі, якія ён ня ведаў, куды падзець, згрэблі кнігу і скінулі на асфальт. Ён палез падымаць, вострыя калені ўперліся ў столік — я пасьпеў разглядзець, што ён у шортах, голая, белая курыная скура рэзка кантраставала з атрутнай жаўцізной шкарпэтак. Мне раптам стала шкада сябе, я ледзь ня плакаў ад расчараваньня. Уся гэтая задума з нашай сустрэчай падалася поўнай лухтой. Як я буду выглядаць ва ўласных вачах, калі падыду да гэтага смаркача? Пра што мне зь ім гаварыць? Як усё бяздарна, фальшыва і небясьпечна. “Здраствуй, как цібя завут, я тот дзядзя, які прыдумаў бальбуту, хочаш, я буду цябе вучыць, мой мальчык?”
Козьліку было дзевятнаццаць, але тады, калі я ўпершыню пабачыў яго ля “Шчодрага”, мне падалося, што яму няма шаснаццаці. Чортаў вундэркінд, ён думаў, што абвядзе мяне вакол пальца. А я таксама яшчэ той геній, знаўца людзей — паддаўся на прымітыўную дзіцячую фальшыўку. Навошта мне дзеці? У нас зь Верачкай не магло быць дзяцей. Уяўляю, што гэта былі б за дзеці, калі б яна загадала мне іх завесьці. Ішчадзія. Беспашчадзія. Іх высокаблагародзія монстры.
Хуткім крокам, больш не азіраючыся, я ішоў у напрамку Дома-музэя першага зьезду РСДРП. Расчараваньне душыла мяне. Я ўжо быў амаль гатовы да таго, што пачую сёньня бальбуту ад незнаёмага чалавека. Упершыню і, магчыма, апошні раз. Але гэты пацан? Не, ператвараць бальбуту ў дзіцячыя цацкі не ўваходзіла ў мае пляны.
Я сыходзіў усё далей ад “Шчодрага”, ад фарсу, у які ледзь ня ўляпаўся, ад кпінаў, якімі нястомна ўзнагароджваў сам сябе. Ну і абэлтух. Над камуністычнай хаткай падымаўся дым. У музэйным садку пяклі шашлыкі. Запахла нашай менскай рэчкай — нібы яе толькі што дасталі з даўно ня мытай лядоўні. І тут нечая вялікая і нэрвовая рука легла мне на плячо.
“Извините! Вы же меня ждали?”
Я рэзка разьвярнуўся, і ён наляцеў на мяне — няскладны, як верш.
“Никого я не ждал”, — кінуў я невыразным голасам, хаваючы вочы. Вусны ня слухаліся, быццам я сто год іх не разьлепліваў, далоні пацелі, і салодкі пах шашлыку напаўняў рот густой сьлінай. Здаецца, я нават плюнуў яму на бараду.
Ён адступіў, пахілы, ускудлачаны і невысокі, ён нагадваў кактус. Я пагардліва паглядзеў на яго і паўтарыў ужо гучней:
“Что тебе надо? Денег нет, иди к метро, там постреляй”.
Ён скрывіўся. Здавалася, ён зараз заплача.
“Знаю я вас, — не сунімаўся я, парываючыся ўцячы да ракі. — Турист из какого-нибудь Пи-и-тера... Аддалжи-и-ите на метрошку... Весь город загадили”.
“Я вам писал, — голас ягоны дрыжэў. — И... Вот книга”.
Якія мы ранімыя.
Я рашуча пайшоў да набярэжнай. Робячы шырокія, няўпэўненыя крокі, ён ценем паскакаў побач.
“Я не турист, я вам писал”, — ён пакрысе ўзяў сябе ў рукі. Голас ягоны гучаў так шчыра, што мне зрабілася гідка. Ён быў у маёй уладзе, гэты пацанчык.
“Он мне писал, чего же боле. Вихри снежные крутя. Што ж вы па-маскоўску гавэнду ведзяце, пане Каятане, — зьдзекліва казаў я, гідліва выставіўшы плячо і спрабуючы ад яго ўцячы. — Ідзі гуляй, смаркач”.
“Мне і праўда цікава, — не адставаў ён. — Я спаць не магу. Усё думаю пра ваш экспэрымэнт. Пра гэты ваш конлянг. Як вы яго назвалі?”
“Ідзі адсюль, эспэрантыст, — агрызнуўся я. — І ні на што не спадзявайся”.
Так мы дабеглі да Сьвіслачы, ён, высока выстаўляючы юныя гладкія калені і ўчапіўшыся ў сваю смаляную хіпстэрскую бараду, і я, сівагаловы, лысаваты, з выстаўленым у ягоны бок пагардлівым плячом. Тупыя клоўны — вось хто мы былі. Але горад не заўважаў нас, горад дзявочых ног, сьвежапафарбаваных лавачак і летняй гумы.
Я дайшоў да берагу і спыніўся.
“Доўга ты будзеш за мной бегаць?”
“Не праганяйце мяне!” — раптам закрычаў ён, шырока расплюшчыўшы вочы. Вось цяпер горад азірнуўся. Падазрона і насьмешліва. Неба зрабілася шэрым, стала так ціха, што мы абодва спалохана скалануліся.
“Што ты крычыш, гістэрычка?” — я адштурхнуўся ад каменнай агароджы і пайшоў у бок дзіцячага парку. Ён пастаяў крыху, а потым дагнаў мяне. І тут на нас абрынуўся град. Мінакі пабеглі хто куды, каля музэйнай хаткі ратавалі шашлык, а я шпарка дайшоў да тунэлю пад мостам і стаў там, закурваючы цыгарэту. Ён прыбег, цяжка дыхаючы, і пачаў назіраць, як я пстрыкаю запальнічкай.
У тунэлі мы былі адны. Я стаяў, гледзячы на суцэльную сьцяну дажджу, глядзеў, як па асфальце скачуць градзіны, буйныя, як пігулкі. Што яны лечаць, які боль сунімаюць? Толькі цяпер мой Каятан зразумеў, што ўвесь гэты час трымаў у руцэ сваю недарэчную кніжку. Ну, вядома. Рабэрта Баляньё. “Першы клясык дваццаць першага стагодзьдзя”! “Трэці Райх”... Што ж, палавіўшы лаечкі ў фэйсбучыках, можна і такое пачытаць. Добра, што хоць ня Франзэна.
“Хочаце паглядзець?” — ён з надзеяй працягнуў мне кнігу.
“Я яе ўжо чытаў”, — працадзіў я, чакаючы, калі скончыцца град.
Ён узрушана і неяк па-добраму ўсьміхнуўся. У тунэлі пад мостам было цёмна. Ён пакорліва стаў да сьцяны, схаваўшыся ў паўзмрок. Было чуваць, як над намі едуць машыны — падчас дажджу горад робіцца шматкроць гучнейшы. Я наўмысна гаварыў зь ім шэптам, каб ён ня мог нічога разабраць.
“Будзем лічыць, што гэта памылка. Зараз град пройдзе, і мы разьбяжымся. І ты забудзеш і мяне, і маю адрэсу, ясна?”
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.