Толькі няздара пачынае аповед з кавы. Кава... Маўляў, бачыце, які я багемны, бажавольны, рамантычны, эўрапейскі, які я кавапяюн, кавапіяка, бяз кавы я нікуды, бяз кавы я калека, ні пачаць, ні скончыць. Кава...
Але, калі разабрацца, так яно і было.
2.
Аднойчы я запарыў кавы, сеў за стол і прыдумаў сваю мову.
Прыдумаўшы, я адкінуўся на сьпінку крэсла і нясьпешна агледзеўся.
У попельніцы скурчыліся пяць недапалкаў. Безыменная кветка на падваконьні задумалася пра Blut und Boden. У маім ціхім, нецікавым двары было ўжо цёмна, у доме насупраць даўно ўключылі сьвятло і завесілі фіранкі. Як у прымерачных кабінках. Голыя людзі за фіранкамі прымервалі на сябе адно аднаго: цісьне? Ня цісьне? Нармальна... Сайдзёт для сельскай меснасьці, як казалі мае гарадзкія бацькі.
Ноўтбук ціха вуркатаў у цішыні кватэры, асьвятляючы мой твар.
Шэры твар чалавека, які прыдумаў сваю мову.
На нейкі момант я пабачыў сябе нібы збоку. Быццам я сяджу каля вогнішча, і вакол лес, і я ведаю толькі тры словы, і мне хапае.
У такія імгненьні, калі ты сядзіш перад уключаным ноўтбукам у цёмнай кватэры і глядзіш у акно, часам можа падацца, што ўсё на сьвеце прыдуманае табой. Што менавіта ты толькі што настукаў на клявішах гэты дзіўны сьвет, які жыве сваім жыцьцём. Небясьпечнае адчуваньне. І як жа балюча бывае, калі разумееш, што ты тут наогул ні пры чым. І сапраўды, навокал не было нічога, да чаго б я прычыніўся. Усё — ад даху над галавой да наймізэрнейшай мікрасхемкі, ад вулічных ліхтароў да колца запальнічкі — было прыдумана, змайстравана, пабудавана, пафарбавана і названа іншымі. І людзі за фіранкамі не зьбіраліся станавіцца да мяне ў чаргу. Пра іхныя намеры я наогул нічога ня ведаў. Як і яны пра мае. Звычайна я меў у сваім распараджэньні толькі час. Пустыя клеткі, у якія трэба было сябе ўпісаць. Клетак мала, а цябе шмат. Трэба ісьці на хітрыкі.
Гэтым разам, аднак, выйшла інакш.
З таго моманту, як я сеў за стол з кубкам кавы, мінула дзьве гадзіны. Падавалася, што навокал нічога не зьмянілася, апрача асьвятленьня. Я застаўся ранейшым. І сьвет быў такі самы, як за дзьве гадзіны перад тым. Такі самы, і ўсё ж зусім іншы. Там, за акном, хадзілі людзі, і кожны зь іх карыстаўся чужой мовай, а я меў сваю. Сам па сабе гэты факт нічога не вырашаў — і ўсё ж напаўняў мяне дзіўнай радасьцю. Быццам мяне прызналі вінаватым у злачынстве, на якое я ніколі б не наважыўся.
Я адчуваў стому. Велічную стому бога, вясёлую стому творцы. Раптам я адчуў, што галодны, пайшоў на кухню, паўсюль уключаючы сьвятло, дастаў зь лядоўні кавалак каўбасы і пачаў прагна жаваць, запіваючы танным віном проста з пакета. За сьцяной забрахаў сабака, зазьвінелі ключы, там расклеілі рот тэлевізару і ён адразу ва ўсім прызнаўся. Я націснуў кнопку электрычнага чайніка, стары, чорны савецкі лічыльнік каля дзьвярэй затрашчаў, закруціўся, як кружэлка, зь якой зараз пальецца ці то вальс, ці то джаз, ці то марш. Нешта, што даўно ўжо ня ў модзе. Раптам мне зрабілася страшна, што файл з маёй працай мог зьнікнуць — я кінуўся назад да стала, праверыў: ён быў на месцы, прыдуманая мной мова сьвяціла мне ў твар, як поўня. Я акуратна скапіяваў файл на флэшку і схаваў яе ў надзейным месцы. А потым выключыў ноўтбук, адчыніў акно, выкінуў недапалкі. Хутка мелася прыйсьці Верачка. Але ні яна, ні суседзі, ніхто, ніхто ва ўсім сьвеце ня мусіў даведацца, што сёньня ўвечары я запарыў сабе кавы, сеў за стол і прыдумаў...
***
Я назваў яе бальбута. Аднаму богу вядома, чаму.
А богам быў я.
Лінгваканструяваньнем я пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве.
Памятаю, мы з прыяцелямі выразалі з паперы фігуркі людзей, размалёўвалі іх і гулялі на падлозе ў дзяржавы: ваявалі, мірыліся, гандлявалі, прырасталі землямі — дывановымі сібірамі, горнымі хрыбтамі канапаў і іншымі каляніяльнымі ўладаньнямі. Трэба было абзавесьціся як мага большай колькасьцю народу: з-пад нашых нажніцаў на падлогу сыпаліся салдаты, сяляне, чыноўнікі, сьвятары, маракі, купцы. Больш за ўсё, вядома, мы любілі рабіць салдатаў: прыдумлялі ім абмундзіраваньне і зброю, знакі адрозьненьня, чыны і нават характары — для самых гераічных. Гульню прыдумаў я — і імгненна падсадзіў на яе астатніх, мы маглі поўзаць па падлозе гадзінамі, перамяшчаючы нашыя войскі і пасяленцаў, будуючы гарады і ўвесь час ведучы перастрэлкі і бітвы: тышч, тышч, тыдышч. Тысячы фігурак былі падуладныя нашым загадам. Нам было гадоў па дванаццаць-трынаццаць, эпоха кампутарных гульняў яшчэ не надышла, але мы атрымлівалі ад нашай забавы такі кайф, якога не адчуеш ад сучасных стралялак, аркадаў і стратэгій. Мы гулялі пасьля школы ў мяне дома, зроблены намі сьвет трэба было прыбраць да прыходу бацькоў з працы, інакш згортвацца даводзілася ў сьпешцы, пад нагамі ў дарослых, і можна было ў мітусьні забыць, якія на сёньня ў нашым сьвеце ўсталяваныя межы. Часам дарослыя прыходзілі раней і ўсё ж засьпявалі нас за гэтай групавой памарокай. Спачатку яны не зьвярталі ўвагі, што робіцца ў іх пад нагамі, але з часам нашая гульня пачала іх насьцярожваць. Пэўне, існавалі нейкія невядомыя нам бацькоўскія нарады. Бо бацяня аднаго з прыяцеляў, сустрэўшы неяк на вуліцы нашую кумпанію (мы акурат ішлі да мяне з поўнымі кішэнямі фігурак), спыніў нас і зь нейкай лагоднай лютасьцю ў вачах сказаў, гледзячы ў вочы не каму іншаму, а мне — і ўхапіўшы мяне вышэй за локаць:
“Слыш? Вы ж здаровыя хлопцы! Что вы херней маецесь? Шлі б уже дзевак ціскаць... Набухайцесь вазьміце, ілі там ня знаю, лбы себе паразьбівайце. Што вы ўсё па палу поўзаеце?”
“Папа, ідзі куда шол”, — прамармытаў мой прыяцель. Мы стаялі і сарамліва лыбіліся, ня ведаючы, што сказаць. Ён быў Папа. З правам караць ці мілаваць, з пляўкамі замест вачэй, пралетарскімі кулакамі, з пэнісам, перагарам, прынцыпамі. А мы былі ніхто, падлеткі з папяровымі цацкамі ў кішэнях школьных пінжачкоў.
“А ты бацьку рот не затыкай! Будзеш с нім і дальшэ поўзаць, не мужык із цебя палучыцца, а хуй бумажны!”
Ён сьціснуў маю руку яшчэ мацней. Ён быў выпіўшы. Ён лічыў, што мае бацькі абыходзяцца са мной недастаткова сувора. Але што ён мог зрабіць? Толькі адпусьціць мяне, залезьці да сына ў кішэню пінжачка і вытрасьці зь яго цэлы народ, салдатаў, вандроўных манахаў, палкаводцаў, купцоў, кавалёў — вытрасьці проста на асфальт, на які кагосьці нядаўна званітавала сьвежай смуроднай вясной, кагосьці вялікага, хто плыў цяпер па небе і ў каго мы ўжо трынаццаты год блыталіся пад нагамі.
Ён патаптаў фігуркі, умясіў іх у лужыну, гэты ўсёмагутны айцец, сапраўдны бог, не папяровы, на асфальце цяпер была брудная каша з фантазіяў ягонага сына, і ён меў поўнае права прымусіць свайго атожылка стаць зараз на калені і зьлізаць яе. Я глядзеў на гэтага бацьку, як загіпнатызаваны. Такая ўлада мяне захапляла. Ён заўважыў мой позірк, плюнуў і пайшоў прэч.
Цьвярозым ён мяне баяўся. І называў за вочы так: “этат бальной”. З павагай і пагардай адначасова — бывае і так. Мы жылі ў нядаўна пабудаваным мікрараёне на самым краі гораду, тут усе ведалі ўсіх, тут цяжка было мець таямніцы. Ён баяўся, што я заражу ягонага сына сваёй “балезьню” — сваёй папяровахуёвасьцю, сваёй папяровапаўзучасьцю, сваёй ненармальнай любоўю да кніжак.
Як я ўжо сказаў, ідэя гульні належала мне, прыяцелі зайздросьцілі і ўвесь час намагаліся неяк паўплываць на правілы, а мне гэта не падабалася. Таму часам мы падымаліся з падлогі і супрацьстаяньне працягвалася ў паветры — і ўжо не папяровыя людзі, а суворыя багі станавіліся адзін супраць аднаго, сьціскаючы кулакі.
І менавіта мне належала іншая ідэя: пачаць рабіць для гульні ня толькі папяровых салдатаў, манахаў і рабочы люд, але і жанчын. Што й казаць: над жаночымі фігуркамі мы сядзелі значна даўжэй, бо паспрабуй ты выражы ўсе гэтыя таямнічыя выгіны і кашэчыя абрысы, усе гэтыя карункі загадкавых целаў, прыдуманыя некім для нашага пакараньня, целаў, целаў, ад адной думкі пра якія пацелі далоні, балелі смочкі і ныла паміж ног. Варта руцэ дрыгнуць — і замест жанчыны маеш апухлую, бясформенную старую ведзьму. А старыя ня лічацца. У нашых гульнях наогул не было ні старых, ні дзяцей. Толькі здаровыя белыя папяровыя мужыкі, якія думалі пра забойства сабе падобных.
Якая ж гэта хвароба — быць хлопчыкам. Маё цела нагадвала мне тады веснавое дрэва. Я бачыў нешта роднае майму беднаму хлапечаму целу ў першых пупышках на гальлі, у тым, як ім увесну баліць распускацца, у іхным пушку і іхным ранішнім сакавіцкім стогне, які, здаецца, чуў толькі я сам. Якая ж гэта была пакута. Пакута трынаццацігодзьдзя. Бо фантазія ў нас тады працавала так, што не патрэбнае было ніякае порна, ніякія стымулятары. Аднойчы я ня вытрымаў і пачаў рабіць фігуркі аголеных кабетаў, усе заржалі і з палёгкай пачалі пераймаць мяне, а потым мы ляжалі жыватамі на сваіх імпэрыях і параўноўвалі, у каго што выйшла, мы валяліся на падлозе чырвоныя, як быццам з нас зьдзерлі скуру, і чамусьці не хацелася глядзець адзін аднаму ў вочы, і рабілася страшна, што зараз вернуцца бацькі і засьпеюць нас за гэтай гульнёй. Мы настолькі гэтага баяліся, што зьнішчалі жаночыя фігуркі пасьля кожнай гульні, і наступны раз іх трэба было майстраваць наноў. І мы майстравалі, апантана і няўклюдна — і больш не разумелі, хто мы: багі, рабы ці вар’яты, і гучна сьмяяліся, і лаяліся, і лезьлі на сьцены ад чагосьці невымоўнага, страшнага і непазьбежнага.
Аднойчы, пасьпеўшы зьнішчыць усе аголеныя фігуркі якраз перад прыходам бацькоў, я, седзячы з мамай і татам перад тэлевізарам, з жахам заўважыў, што адна фігурка засталася ляжаць пад канапай. Як я мог недагледзець яе, не заўважыць! Што будзе, калі мама знойдзе яе (яна прыбіралася часта, ледзь ня кожны дзень)... Я ўжо ня мог глядзець фільм, я думаў толькі пра гэтую забытую фігурку. А бацькі сядзелі побач са мной, як прыкаваныя. Зь цяжкасьцю дачакаўшыся, калі фільм нарэшце скончыцца, я доўга не сыходзіў з пакоя, але ніяк ня мог застацца адзін. Потым мяне паслалі на кухню па варэньне, затым бацькі выходзілі, але па адным, кожны раз па адным, я ніяк ня мог выбраць момант, каб схапіць тую злашчасную фігурку і схаваць у штаны. Я згараў ад сораму. Нарэшце застаўшыся ў пакоі без бацькоў, я палез пад канапу, але фігуркі там не было! Ніякай фігуркі, толькі чысьціня — і гэтая абсалютная чысьціня палохала мяне больш, чым любы скандал. Яна была там. Я яе бачыў. Куды яна падзелася? Адказ на гэтае пытаньне доўга не даваў мне спакою.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.