© Logvino Literatūros namai, 2017

Рэдактар Сяргей Шупа

Мастачка Кацярына Пікірэня

Карэктарка Ліда Наліўка

Электронная версія Яўген Ціханаў


Выдавец “Logvino literatūros namai”

J. Savickio g. 4, LT-01108 Vilnius

v.270219-1 | lohvinau.by

Змест

Вокладка

Тытул

Правы

Уступ

Прысвячэнне

I. Мы лёгкія, як папера

Legoing klinkutima

II. Гусі, людзі, лебедзі

Сабакаловы

III. Нэандэртальскі лес

Памяці інжынэра Гарына

IV. Трыццаць градусаў у цені

Італійская кухня

V. Капсула часу

Мроя

VI. Сьлед

Бальбута. Граматыка і слоўнік

Дзесяць простых і канчатковых правіл мовы бальбута

Бальбутанска-беларускі слоўнік

Беларуска-бальбутанскі слоўнік


Гэта кніга складаецца зь некалькіх частак.

Шэсьць гісторый вядуць празь яе пакручастых.

У гісторыі першай стварае ўласную мову мянчук непакорны —

І канланг пачынае круціцца, як чортавы жорны.

У другой — мы ў будучым. Як ратавацца

Хлапчуку, што жыве ў паселішчы “Белыя Росы-13”?

А ў трэцяй старая ў хустцы пярэстай

На цудоўную выспу трапляе маркотнай нявестай.

У наступнай героем — сьпякотнае менскае лета.

Там блукае па горадзе вольны гультай з таямнічым пакетам.

Пра людзей, што ядуць камяні, і пра капсулу часу

Кажа пятая частка і курчыць дурныя грымасы.

Пачынаецца шостая ў танным бэрлінскім гатэлі.

У сярэдзіне веку — таго, што нядаўна сустрэлі.

Частак шэсьць, і ня важна, зь якой ты пачнеш падарожжа.

Можа, пятая выведзе ў першую — яна і ня гэткае можа.

А яшчэ ў гэтай кнізе ёсьць вершы і слоўнік.

Брэх сабакаў

І рэха ўначы,

І сьвятло эўрапейскае поўні.







Ю.

I.

Мы

лёгкія,

як

папера

1.

Хто б ведаў, як мне надакучыла ваша беларуская мова. І хто б ведаў, зь якой асалодай я пішу гэта. Надакучыла. Надакучыла.

Дакука.

Нуда.

Яна мне абрыдла. Брысь, мова, брысь. Ты ўдос­таль нацешылася. Табой не заробіш, не заб’еш, не пабавішся, цябе ўжо не забудзеш. Нібы незнаёмая жанчына ў прывакзальным тумане, выкрадальніца пакінутых на хвілінку дзяцей, некалі ты зьявілася зьніадкуль, узяла мяне за руку і павяла ў тлумны, запляваны падземны пераход, поўны бляклых вітрын, азяблых галубоў і прадаўцоў лятарэек — а я ўсё азіраўся туды, дзе засталіся стаяць чамаданы: надзейныя, начыненыя будучыняй, ужо нічые. Ты разлучыла мяне з роднымі, ты прымусіла мяне прымроіць нейкі народ, празрысты, няўлоўны, няісны. Год за годам мы хадзілі з табой па сьвеце, начавалі ў дзіўных месцах, нейкіх муха-малочных вёсках, у бібліятэках, закінутых замках, у нейкіх падазроных заезных дамах — дзе давядзецца; ты купляла мне танныя цацкі і карміла, пакуль я ня вырас, ты вучыла мяне гаварыць ціха, а думаць хутка, удзень ты прымушала мяне жаб­раваць і кленчыць, а ўначы абяцала мне царства, і вось урэшце куды ты мяне прывяла —

у гэтую цёмную,

нібы задымленую,

здымную

аднапакаёўку,

у доме з мэмарыяльнай дошкай,

у горадзе М.,

у часы ўсеагульнага мораку.

І ваша расейская мова мне канчаткова апрык­рала. Хто б ведаў, як яна мяне дастала. Што ёй ні скажаш, усё ўжо было, усё адгукаецца тысячай бязглуздых рэхаў і даўно астылых літар. Гатовыя канструкцыі, чыгуннае ліцьцё, мова-труба, пакладзеная ўпоперак нашых жыцьцяў. Ты заўжды чагосьці хацела. Яшчэ ў жываце ў мамы, калі я яшчэ і чалавекам ня быў, а так, зьлепленым чучалкам — ты ўжо настойліва стукалася, чытала мне маралі, душыла сваімі ватна-марлевымі павязкамі, заражала мяне страхам. Мова, якая заўжды прыходзіць нібы з вобшукам, мова, якая заўжды мае права. Брысь, расейшчына, брысь, бляшаная мова жэсаў і пажаскіх карпусоў, мова вялікай і ліпкай літаратуры, голас мільёнаў маленькіх і лютых сваёй дробнай злобаю людзей.

А ангельская? Яна агоркла ня менш. Тое, што вы завяце ангельскай, усяго толькі разьдзьмутае, як пухліна, гумовае сэрца, якое натужна пампуе міль­ярды словаў штодня, нежывое сэрца, над якім павесілі лямпу. Халодная люмінэсцэнтная сьвецень. Мова-фаст-фуд, ад ангельскай паўсюль плямы, быццам сьвет — гэта ўсяго толькі куча сурвэтак на нечым стале. Ангельская — мова на транстлушчах і штучных дабаўках. О, яна ўмее падмазаць!.. Як шмат людзей думаюць, што ведаюць ангельскую, і лічаць, што гэтага хопіць для шчасьця. Наіўныя дурні. Як шмат мы маглі б сказаць, калі б адмовіліся ад вашага інглішу, калі б сказалі раз і назаўжды сваё “не” гэтай оргіі паразуменьня.

Гішпанская? Астматычны кашаль забойцы, якога-небудзь чэснага монстра Чэ. Сьмех мясьні­ка-тарэадора. Нямецкая? Горкая рэдзька, якая некалі ўявіла сябе геніем і звышчалавекам, а цяпер усяляк выпінаецца, каб зноў падавацца нармальнай. Француская? Недалушчанае пісьмо звонку, недалужны філязофскі жаргон усярэдзіне. Польская? Пыха другасных паэтаў, ад якой словы ажно трашчаць, пырскаюць, лопаюцца, як кілбаскі на патэльні...

“Что это вы там все пишете?” — ён уздымае вочы ад тэлефона і незадаволена рыпіць крэслам.

“Пишу”, — млява апраўдваюся я, прыкрываючы далоняй шэрыя аркушы.

“Пипишу... — перадражнівае ён. — Напиписали уже на три листа. Дайте сюда”.

Ён рашуча выцягвае паперкі з-пад маіх рук. Твар ягоны крывіцца, нібы ён зараз заплача.

“Что это? Что это, я вас спрашиваю? Ну ёж вашу не скажу, ну что это такое? Ну за что мне вот это все, а? Вы глухой? Или больной? Я вам что сказал? Напишите, при каких обстоятельствах вы познакомились с... А вы что пишете? Брысь, брысь, какие-­то килбаски, расейшчына... Блин, да я тут не понимаю ни слова, тут не разобрать ваще ни хрена!”

“Давно не писал от руки...”

Ён з асалодай камечыць мае аркушы, і мне робіцца шкада напісанага. Нават больш, чым сябе. Я люблю паперу. Яна мяне супакойвае. Мне душна, страшна і сьмешна адначасова. Ён робіць з паперы круглы скрутак і кідае некуды за маю сьпіну — але я ўсё роўна ўздрыгваю і адхінаюся, быццам ён цэліў мне ў твар.

“От руки! От руки он не писал! Да тут что от руки, что от ноги! Тема не та! Тема! Понятно? Мне факты нужны. А это бред какой-то. Я же вам русским языком сказал...”

Ён абхоплівае галаву рукамі і заплюшчвае вочы. Гасудараў муж прымае за мяне муку сьмяротную. Гасудараў муж у роспачы. Гасудараў муж маў­чыць. Гасудараў муж карае мяне цішынёй свайго душнага кабінэту. Мінае хвіліна, а мо і дзьве, і я пачынаю чуць, чым жыве гэты дзіўны будынак, у якім на кожным паверсе па гасударавым мужы. За сьцяной нэрвовы жаночы рогат, недзе далёка наверсе шуміць кран і заходзіцца дрыль — мабыць, некага там выводзяць на чыстую водаправодную ваду і сьвідруюць вачыма. Напэўна, калі б я зараз ціхенька падняўся і высьлізнуў у калідор, мой гасудараў муж бы і не заўважыў. Раптам у яго булькоча ў жываце. І я адразу праймаюся да яго сымпатыяй — быццам у сваім пузе пад пінжаком ён мае іншага сябе, маленькага, не гасударавага, а цалкам звычайнага чалавека з усімі сваімі звычкамі, пстрычкамі, прышчыкамі, ручкамі-ножкамі, кучкамі-калючкамі.

Можа, у яго нават кошка ёсьць.

А ў кошкі мячык.

У нейкае імгненьне мне падаецца, што ўсё гэта і праўда можна было б вырашыць проста і лёгка: зараз я ціха выйду адсюль і нікому нічога не скажу, а ён адплюшчыць вочы, усьміхнецца і выкрасьліць мяне з гэтых ягоных пратаколаў, і пойдзе на абед, і палезе ў тэлефон, як быццам нічога не было, і забудзе мяне, а я забуду яго, і мы больш ніколі не сустрэнемся.

І як толькі я пачынаю верыць у тое, што гэта магчыма, ягонае чэрава сьціхае, ён прачынаецца і злосна ўтароплівае ў мяне свае вочы:

“Послушайте меня внимательно, Олег Олегович. Повторять больше не буду. Погиб человек, это не шуточки. Нам известно, что вы имеете к этому делу самое прямое отношение. Поэтому я вам сказал: возьмите бумагу и напишите, четко и ясно, когда и при каких обстоятельствах вы познакомились с...”

Ён корпаецца ў паперах:

“Вот. С Козловичем Денисом, Бундасом Станиславом, Кашкан Натальей. Вы понимаете, Олег Олегович? Может, напомнить вам, а? Что именно произошло? А, напомнить?”

Я нічога не адказваю. Імёны мне і праўда нічога ня кажуць. Яны чужыя. Я ніколі не называў іх так.

“Хорошо, я напомню... — ён злавесна, навобмацак, дастае нейкую тэчку. — Вот Козлович Денис Валерьевич, вы же с ним знакомы, правда? Здесь, на фотографии, он трошки не в форме, но узнать можно. Любите смотреть на трупаков, а, Олег Олегович? І книжки читать любите... Лю-ю-бите, я зна-а-ю... А здесь у нас и книжка, и фишка, и трупишка...”

Я адварочваюся. Ён задаволены, ён думае, што я ўжо амаль гатовы. Яшчэ крыху паднаціснуць, і зь мяне пацячэ сок. З вачэй, з пальцаў, на паперу, на ягоны твар, кіслы сок віны, зь якога ён, вінароб, зробіць слаўны напой — і справядлівасьць засядзе за сваю раскошную бяседу, будзе баляваць, баляваць, бля, бо мы ж усе любім справядлі­васьць. Краем вока я, канечне, зірнуў на фота. Ня мог не зірнуць, я ж чалавек інфармацыйнай эпохі, як і ён, мы ўжо ня можам проста адвярнуцца, адвярнуцца і не вярнуцца, лішніх карцінак, літар, гукаў больш не існуе, не існуе чужых справаў і таямніцаў, нам паўсюль трэба сунуць свой нос — інакш мы не засьнем. Мы ўвесь дзень толькі і робім, што чытаем. Таму я крадком зірнуў на здымак — і ён заўважыў, што я зірнуў, заўважыў, ня мог не заўважыць.

Хітравокі, магутны гасудараў муж сочыць за маёй рэакцыяй. Адкуль яму ведаць, што я эйдэтык — што мне дастаткова кінуць зусім кароткі позірк на нешта, каб гэтае нешта пераскочыла ў маю сьвядомасьць і замацавалася там назаўжды. Лепш, вядома, каб гэтае нешта было літаркамі на паперы ці на экране — а ня мёртвым голым хлопцам, якога я зусім нядаўна спакушаў няіснымі скарбамі. Козьлік, Козьлік, што ж ты нарабіў. Давай дамовімся хоць цяпер, што гэта была гульня. Падымайся, сатры сябе з гэтага асфальту, з гэтага здымку, з маёй памяці, давай дамовімся, што мы ніколі не былі знаёмыя. Тады і гэты, па той бок стала, зьнікне. Растане ў паветры строгі муж гасудараў — і мы ўсе пойдзем дамоў. Можна, мы ўжо ўсе пойдзем дамоў?