Я падаўся ўперад і ўзяў чэк. Але, роўна пяць тысяч долараў, падпісана Олівэрам Барэтам III. Чарніла яшчэ не паспела высахнуць. Я рупліва склаў чэк і паклаў у кішэню кашулі, потым падняўся і паволі пайшоў да дзвярэй. Варта было сказаць яму хоць што-небудзь: маўляў, я разумею, што дзеля мяне змусілі праветрывацца ў чакальні некалькі вельмі паважаных бостанскіх, а можа, нават і вашынгтонскіх бізнесменаў. І дадаць, што калі нам усё-такі ёсць пра што пагаварыць, дык я мог бы, бацька, пабадзяцца які час вакол ягонага офіса, а ён адмовіўся б ад абеду з якойсьці самавітай персонаю… і гэтак далей…

Прачыніўшы дзверы і спыніўшыся ля іх, я ўзяў сябе ў рукі і сказаў, гледзячы яму ў самыя вочы:

— Дзякуй, бацька.


21


Расказаць пра ўсё Філу давялося мне. Ну а каму ж яшчэ? Ён не грымнуўся адразу вобзем, як я баяўся, а спакойна зачыніў дзверы свайго дому і пераехаў жыць у нашую кватэру. У кожнага свае спосабы змагацца з горам. Філ ратаваўся тым, што ўвесь час прыбіраў у кватэры. Падмятаў, мыў, скроб. Гэтага я не надта разумеў, але, раз так, няхай працуе, калі яму лягчэй.

Можа, у душы ён спадзяецца, што Джэні яшчэ вернецца дамоў?

Пэўна ж, спадзяецца. Нябога. Таму і прыбірае тут кожнага дня. Ён проста не хоча прымаць рэчы як яны ёсць. Вядома, мне ён у гэтым не прызнаецца, аднак я здагадаўся, пра што ён думае.

Бо думаў ён пра тое ж, што і я.

Калі Джэні паклалі ў бальніцу, я патэлефанаваў Джонасу, чаму я не магу болей хадзіць на працу. Я зрабіў выгляд, што мне няма калі гаварыць доўга, бо адчуў, як ён засмуціўся і як спрабуе выказаць тое, чаго проста няздатны выказаць. Адгэтуль дні мае падзяліліся на час, які я бавіў з Джэні, і на ўсё астатняе. Вядома, «усё астатняе» не мела аніякага значэння. Я еў, не адчуваючы голаду, глядзеў, як Філ зноў і зноў прыбіраў у кватэры, і не спаў начамі, нягледзячы на тое, што пастаянна прымаў пігулкі, якія прапісаў мне доктар Акерман.

Аднаго разу я пачуў, як Філ прамармытаў сам сабе: «Доўга я так не вытрымаю». Мы толькі што паабедалі, і ён мыў посуд на кухні (уручную). Я яму нічога не сказаў, аднак падумаў: «А вось я вытрымаю, хто б Ты там ні быў, наверсе, містэр Усявышні, сэр, і прашу Цябе — няхай усё застаецца, як ёсць, я вытрымаю, я гатовы цярпець бясконца…»

Таго вечара Джэні выгнала мяне з палаты. Яна хацела пагаварыць з бацькам «як мужчына з мужчынам».

— На гэтую сустрэчу дапускаюцца толькі італійскія амерыканцы, — сказала яна. Твар у яе быў бялейшы за падушку. — Ідзі, Барэт, ідзі.

— О'кэй, — сказаў я.

— Толькі не адыходзь вельмі далёка, — дадала яна, калі ўжо я быў ля дзвярэй.

Я сеў у чакальні. Неўзабаве з'явіўся Філ.

— Яна кліча цябе, — хрыпла прашаптаў ён. — Я схаджу па цыгарэты.

— Зачыні гэтыя клятыя дзверы, — загадала яна, калі я ўвайшоў у пакой.

Я ціха прычыніў дзверы. Прысеўшы каля ложка Джэні, я разгледзеў яе. Я хачу сказаць, разгледзеў яе разам з усімі гэтымі трубкамі, падведзенымі да правай рукі, якую яна звычайна хавала пад прасціною. Я заўсёды любіў сядзець як мага бліжэй да яе і глядзець на яе твар. Цяпер ён быў страшэнна бледны, але на ім па-ранейшаму ззялі вочы. І гэты раз я сеў як мага бліжэй.

— Я зусім не адчуваю болю… Праўда, Ол, — сказала яна. — Ведаеш, гэта ўсё роўна як павольна падаць у прорву.

Усярэдзіне ў мяне штосьці балюча зварухнулася. Нешта падымалася да горла, каб выліцца слязьмі. Але я не заплачу. Я ніколі не плакаў. Я ж моцны хлопец, вы разумееце? Не, я не заплачу.

Але каб не заплакаць, мне нельга адкрываць рота. Мне застаецца адно кіўнуць. І я кіўнуў.

— Лухта, — сказала яна.

— Што? — З мяне хутчэй вырваўся хрып, чым слова.

— Ты не ведаеш, што гэта такое — падаць у прорву, падрыхтунчык, — сказала яна. — Ты ніколі нічога такога не адчуваў…

— Ведаю, — аднекуль узяліся ў мяне сілы загаварыць. — Гэтак было, калі я сустрэў цябе.

— Але, — сказала яна, і на твары ў яе прамільгнула ўсмешка. — «О, што гэта было за падзенне!» Хто гэта сказаў?

— Не ведаю, — адказаў я. — Шэкспір, напэўна.

— Але, Шэкспір, толькі які персанаж? — спыталася яна з смуткам у голасе. — Не магу нават згадаць, з якой п'есы. Я ж скончыла Рэдкліф, павінна памятаць. Некалі я ведала слова ў слова ўвесь Кёхелеўскі ўказальнік Моцарта.

— Ну і ну! — усклікнуў я.

— Вядома — ну і ну! — Яна зморшчыла лоб, потым папыталася: — Які нумар у домінорнага канцэрта?

— Я пагляджу, — сказаў я.

Я нават ведаў дзе. У нас дома. На нотнай паліцы каля фартэпіяна. Пагляджу і заўтра адразу ёй скажу.

— А я ж ведала, — сказала Джэні. — Ведала… Праўда, ведала…

— Паслухай, — сказаў я ў сваім богартаўскім стылі, — ты хочаш пагаварыць пра музыку?

— А ты што — хочаш пра пахаванне?

— Не, — выціснуў я, пашкадаваўшы аб сваіх словах.

— Я ўжо абмеркавала гэта з Філам. Ты мяне слухаеш, Олі?

Я адвярнуўся:

— Але, слухаю, Джэні.

— Я сказала яму, што ён можа запрасіць каталіцкага святара. Ты згодзішся? О'кэй?

— О'кэй.

— О'кэй, — сказала яна.

Я адчуў пэўную палёгку: пра што б ні загаварылі мы далей, сама цяжкае ўжо мінула. Аднак я памыліўся.

— Паслухай, Олівэр, — сказала Джэні вельмі ціха, але голасам, які бывае ў яе, калі яна сярдуе. — Олівэр, ды перастань ты мучыць сябе! Ты ж проста хворы!

— Я?

— Гэты вінаваты выраз твайго твару, Олівэр, гэта нешта хваравітае.

Я паспрабаваў змяніць гэты кляты выраз, але твар у мяне ўсё роўна як скамянеў.

— Тут няма нічыёй віны, дурненькі ты падрыхтунчык! — сказала яна. — Прашу цябе, перастань мучыць сябе!

Я хацеў глядзець і глядзець на яе, хацеў ніколі не адрывацца ад яе вачыма, але ўсё-такі апусціў іх. Мне было сорамна, што Джэні так лёгка чытае мае думкі.

— Паслухай, гэта адзінае, аб чым я цябе прашу, Олі. А так, я ўпэўнена, усё ў цябе будзе о'кэй.

У мяне зноў захрас камяк у горле, і я не змог нават сказаць у адказ «о'кэй». Я моўчкі глядзеў на Джэні.

— К чорту Парыж! — сказала яна раптам.

— Што?

— К чорту Парыж, к чорту музыку, к чорту ўсю гэтую лухту! Думаеш, ты што-небудзь украў у мяне? Мне пляваць на ўсё гэта, чуеш, сукін ты сын! Можаш ты ў гэта паверыць?

— Не, — шчыра прызнаўся я.

— Тады ідзі адсюль прэч! Я не хачу, каб ты сядзеў ля майго клятага ложка і глядзеў, як я аддаю канцы!

Яна не жартавала. Я заўсёды адчуваў, калі яна гаварыла ўсур'ёз. І я купіў хлуснёю дазвол застацца:

— Я табе веру.

— Так лепш, — сказала яна. — А зараз, можна я цябе аб чымсьці папрашу?

Усярэдзіне ў мяне ўсё зноў здрыганулася ад невыноснага жадання заплакаць. Але я пераадолеў яго. Я не заплачу. Я толькі скажу Джэніфэр, адным кіўком галавы скажу, што буду шчаслівы зрабіць усё, што яна папросіць.

— Мілы, абдымі мяне моцна-моцна, — сказала яна.

Я паклаў ёй руку на плячо — Божа, такое худзенечкае! — і сціснуў яго — слаба-слаба.

— Не, Олівэр, — сказала яна, — абдымі мяне па-сапраўднаму. Ляж побач са мною.

Я быў вельмі, вельмі асцярожлівы — з-за гэтых трубак і ўсялякіх іншых клятых прычындалаў. Лёг побач з ёю і абняў па-сапраўднаму.

— Дзякуй, Олі.

Гэта былі яе апошнія словы.


22


Калі я выйшаў, Філ паліў у салярыі невядома якую па ліку цыгару.

— Філ! — ціха сказаў я.

— Што? — ён узняў вочы, і мне здалося, што ён ужо ўсё ведае.

Я зразумеў, як яму трэба цяпер якое-небудзь суцяшэнне. Я падышоў да яго і паклаў руку яму на плячо. Я баяўся, што ён заплача. Сам я быў упэўнены, што стрымаюся. Я проста не мог не стрымацца…

Філ паклаў сваю руку на маю.

— Шкада, — прамармытаў ён, — шкада, што я… — Ён запнуўся. Я чакаў. Куды цяпер было спяшацца?..

— Шкада, што я паабяцаў Джэні быць моцным дзеля цябе. — І, усё роўна як выконваючы сваё слова, ціхенька паляпаў мяне па плячы.

А цяпер мне трэба было пабыць аднаму. Глынуць свежага паветра. Можа, прайсціся.

У чакальні было ціха-ціха. Адно што чуўся стук маіх абцасаў па лінолеуме.

— Олівэр!

Я спыніўся — і ўбачыў свайго бацьку.

Мы былі адны тут, калі не лічыць дзяжурнае сястры ў рэгістратуры.

Але я не мог гаварыць цяпер з ім і накіраваўся да дзвярэй на вуліцу. Праз нейкае імгненне ён дагнаў мяне.

— Олівэр! Ты павінен быў сказаць мне.

Было вельмі холадна. Але гэта мне, можна сказаць, падабалася, бо я ўсё роўна як здранцвеў і хацеў хоць што-небудзь адчуваць. Бацька ўсё гаварыў і гаварыў, а я моўчкі стаяў, падставіўшы твар парывам сцюдзёнага ветру.

— Я адразу прымчаўся сюды, як толькі даведаўся.

Я забыўся надзець паліто. Праз холад у мяне ажно твар пачаў застываць. Добра… Добра…

— Олівэр, — настойліва паўтарыў бацька, — я хачу табе дапамагчы.

— Джэні памерла, — сказаў я.

— О Божа!.. Як мне шкада, — узрушана прашаптаў ён.

Не ведаю чаму, але тут я згадаў словы, сказаныя мне вельмі даўно адной цудоўнай дзяўчынай, якое ўжо не было.

— «Каханне — гэта калі ні аб чым не трэба шкадаваць», — паўтарыў я іх.

А потым зрабіў тое, чаго ніколі не рабіў пры бацьку, тым больш — у яго на грудзях.

Я заплакаў.