І ён сказаў.

У мяне з'явілася дзіўнае пачуццё віны за тое, што не я першы зрабіў гэта. Яна здагадалася і наўмысна пачала вярзці нейкую лухту.

— Ён з Ейла, Олі.

— Хто — ён, Джэн?

— Акерман. Гематолаг. Самы сапраўдны ейлец. Такіх толькі там сустрэнеш.

— А-а, — працягнуў я, разумеючы, што яна хоча неяк аблегчыць гэтую жудасную хвілю. І ў тон ёй папытаўся: — Але чытаць і пісаць ён, прынамсі, умее?

— Гэта яшчэ трэба высветліць, — усміхнулася місіс Барэт, выпускніца Рэдкліфа 1964 года. — Але гаварыць ён умее, у гэтым я ўпэўнілася. А мне якраз пагаварыць і хацелася.

— Тады даруй гэтаму ейльскаму лекару, што ён адтуль. О'кэй?

— О'кэй.


19


Ва ўсякім разе, цяпер я не баяўся вяртацца дамоў, мяне ўжо не палохала змушанасць «паводзіць сябе нармалёва»… А дні ж, якія мы пражывём разам, можна было злічыць на пальцах…

Нам трэба было багата чаго абмеркаваць — рэчы, якія, вядома, нячаста абмяркоўваюць дваццацічатырохгадовыя муж і жонка.

— Я спадзяюся, ты будзеш моцны, як сапраўдны хакейны бізон, — сказала яна.

— Буду, буду, — адказваў я, пытаючыся ў сябе, ці адчувае Джэні, якая заўсёды і ўсё разумее, што нават сама моцны хакейны бізон можа быць прыгнечаны адчаем.

— Ты ж павінен падтрымаць Філа, — працягвала яна. — Яму будзе цяжэй за ўсіх. А ты, урэшце, застанешся ўсяго толькі вясёлым удаўцом.

— Я не буду вясёлым, — перапыніў я яе.

— Ты будзеш вясёлым і зараз прысягнеш мне ў гэтым! Я хачу, каб ты быў вясёлым. О'кэй?

— О'кэй.

— О'кэй.

Гэта здарылася прыкладна праз месяц, пасля абеду. Джэні, як і раней, гатавала сама, бо настойвала на гэтым. Праўда, урэшце я пераканаў яе дазволіць мне прыбіраць са стала (хоць кожны раз яна даводзіла мне, што гэта не «мужчынская праца»), я прыбіраў посуд, а Джэні грала Шапэна ў суседнім пакоі. Раптам музыка абарвалася. Я адразу зазірнуў у гасцёўню…

— Ты ў парадку, Джэн? — спытаўся я, маючы, вядома, на ўвазе — адносна ў парадку.

— Ці дастаткова ты багаты, каб заплаціць за таксоўку? — адказала яна пытаннем.

— Што за размова! — усміхнуўся я. — Куды ты хацела б паехаць?

— Здаецца, у бальніцу, — адказала яна.

Пачаліся таропкія зборы, і ў гэтай мітусні да мяне раптам дайшло: вось яно… надышло… Зараз Джэні выйдзе з гэтага пакоя і ніколі ўжо сюды не вернецца. Яна сядзела ў фатэлі, а я клаў ёй у валізку сякія-такія рэчы. Пра што яна цяпер думала, апошні раз акідваючы позіркам наш пакой? Што хацела запомніць?

Нічога. Яна сядзела нерухома, вочы яе ўтаропіліся ў нейкую пустату.

— Эй, — сказаў я ёй. — Хочаш узяць з сабою што-небудзь асаблівае?

— Што?.. Не. — Яна пакруціла галавою, потым, быццам згадаўшы, сказала: — Цябе.

Злавіць таксоўку гэтым часам было дужа нялёгка: усе спяшаліся ў тэатры, яшчэ кудысь… Паліцэйскі з усяе сілы дзьмуў у свой свісток і размахваў рукамі, нібыта ашалелы хакейны суддзя. Джэні стаяла моўчкі, прытуліўшыся да мяне, а я дзесьці ў душы спадзяваўся, што таксоўкі не будзе і мая Джэні назаўжды застанецца стаяць, прытуліўшыся да мяне. Аднак таксоўка ўсё-такі з'явілася. Вадзіцель — нам пашанцавала — быў чалавек вясёлы. Пачуўшы, што нам трэба ў шпіталь Маўнт-Сінай і як мага хутчэй, ён выканаў цэлую праграму падтрымкі.

— Спакойна, дзеткі, вы ў вопытных руках. Мы з буслам займаемся гэтай справаю ўжо некалькі гадоў.

Джэні сядзела, прыціснуўшыся да мяне. Я цалаваў яе валасы.

— Гэта ў вас першы? — спытаўся наш весялун.

Джэні адчула, што зараз я гаркну на гэтага тыпа, і прашаптала:

— Будзь добры, Олівэр. Ён жа хоча як лепш.

— Але, сэр, — адказаў я шафёру. — Гэта ў нас першы, і мая жонка адчувае сябе не надта, так што давай праскочым пару разоў на чырвонае святло. Добра?

Ён дамчаў нас да бальніцы ўмомант. І праўда зрабіў усё як найлепш: выскачыў з машыны і адчыніў нам дзверцы. Ад'язджаючы, пажадаў шчасця і ўдачы. Джэні падзякавала яму.

Яна крыху пахіствалася, і я хацеў унесці яе ў бальніцу на руках, але Джэні не захацела.

— Цераз гэты ганак не трэба, падрыхтунчык, — сказала яна.

Мы ўвайшлі ў чакальню, дзе Джэні прыйшлося выцерпець пакутна нудную працэдуру рэгістрацыі.

— У вас ёсць медыцынская страхоўка?

— Не.

(Хто думаў пра такую лухту? Нас занадта займала купля посуду.)

Вядома, прыезд Джэні не быў нечаканым. Яго прадбачылі, і новую пацыентку адразу ўзяў пад нагляд доктар Бэрнард Акерман — слаўны чалавек, як казала Джэні, дарма што з Ейла.

— Ёй будуць даваць лейкацыты і трамбацыты, — сказаў ён. — Яны ёй цяпер больш за ўсё неабходныя. У антыметабалітах патрэбы няма.

— Што ўсё гэта значыць?

— Гэтае лячэнне запавольвае клетачны распад, — растлумачыў ён. — Аднак, і Джэні гэта ведае, магчымы пабочныя эфекты.

— Паслухайце, доктар, — пачаў я. — Вырашаць будзе Джэні. Як яна скажа, так і рабіце. І няхай вашыя людзі зробяць усё магчымае, каб яна не пакутавала.

— Можаце быць упэўненыя: усё будзе, як вы просіце.

— Мяне не хвалюе, колькі гэта будзе каштаваць. — Напэўна, тады я ўзняў голас.

— Гэта можа доўжыцца тыдні, нават месяцы, — сказаў ён.

— Мне пляваць на тое, колькі гэта будзе каштаваць! — амаль крыкнуў я.

Гэты чалавек быў дужа цярплівы са мною. Можа, я ўжо роў на яго.

— Я толькі хацеў растлумачыць, — сказаў Акерман, — што цяпер проста немажліва сказаць, колькі яшчэ пражыве ваша жонка.

— Памятайце, доктар, — не адставаў я ад яго, — памятайце, я хачу, каб у яе было ўсё сама лепшае. Асобная палата. Асобныя сёстры. Усё, што можна! Прашу вас. У мяне ёсць грошы.


20


Немагчыма даехаць ад Усходняй 63-й вуліцы ў Манхэтэне, Ню-Ёрк, да Бостана, Масачусэтс, хутчэй як за тры гадзіны дваццаць хвілін. Паверце мне, я праверыў гэта сам, калі гнаў па маршруце, і абсалютна перакананы, што ніводны аўтамабіль, наш ці замежны, нават калі за руль сядзе ас кшталту Грэма Хіла, не паб'е гэтага рэкорду. Выехаўшы на Масачусэтскую шашу, я разагнаў свой «МГ» да ста пяці міль у гадзіну.

У мяне была электрабрытва на батарэйках, і я, вядома, дбайна пагаліўся, змяніў, натуральна, кашулю, перш чым увайсці ў храм бізнесу на Стэйт-стрыт. Нават а восьмай гадзіне раніцы ў прыёмнай ужо сядзела некалькі самавітых бостанскіх грандаў дзелавога свету, чакаючы аўдыенцыі ў Олівэра Барэта III. Я і маргнуць не паспеў, як бацькава сакратарка — яна ведала мяне — паведаміла яму пра маё з'яўленне па селектары.

Бацька не перадаў ёй: «Няхай увойдзе», — а сам выйшаў у чакальню.

— Олівэр! — вітаў ён мяне.

Я даўно, праз хваробу Джэні, пачаў звяртаць увагу на знешнасць людзей і цяпер адразу заўважыў, што бацька крыху бледны, што за тыя тры гады, якія мы не бачыліся, валасы ягоныя пасівелі (і, здаецца, парадзелі).

— Заходзь, сын, — сказаў ён.

Я не зразумеў ягонага тону. Проста ўвайшоў у кабінет і сеў у фатэль для наведнікаў.

Мы з бацькам паглядзелі адзін на аднаго, потым нашыя позіркі слізнулі па рэчах, што былі ў пакоі. Мой погляд упаў на ягоны пісьмовы стол, на нажніцы ў скураным футарале, на фатаграфію маці, зробленую шмат гадоў назад. На маю фатаграфію (у дзень заканчэння каледжа).

— Як жыццё, сын? — спытаўся ён.

— Добра, сэр, — адказаў я.

— Як Джэніфэр?

Я не хацеў маніць яму і ўхіліўся ад адказу — хоць галоўнае было менавіта ў ім — і адразу выклаў прычыну майго раптоўнага з'яўлення:

— Бацька, мне трэба тэрмінова пазычыць пяць тысяч долараў. Прычына сур'ёзная.

Ён паглядзеў на мяне. І нібыта кіўнуў. Ці мне так здалося.

— Дык што за прычына?..

— Я не магу сказаць табе, бацька. Проста пазыч мне грошай. Калі ласка.

У мяне было такое адчуванне — калі, вядома, з Олівэрам Барэтам III можна кантактаваць на ўзроўні пачуццяў, — што ён пазычыць мне грошай. А яшчэ я адчуў, што ў яго няма жадання ўшчуваць мяне. А вось… пагаварыць хочацца.

— Хіба Джонас і Марш не плацяць табе?

— Плацяць, сэр.

Мне так і карцела сказаць яму, колькі мне плацяць — хай бы ведаў, што тут я рэкардсмен сярод выпускнікоў. Аднак потым я падумаў: раз ён ведае, дзе я працую, дык пэўна ведае, і колькі я зарабляю.

— Апрача таго, яна выкладае?

Значыцца, усяго ён не ведае, падумаў я і сказаў:

— Не называй яе «яна».

— Джэні ж выкладае? — спытаўся ён цяпер ужо пачціва.

— Калі ласка, не ўмешвай у гэта яе, бацька. Справа датычыць толькі мяне. Вельмі важная асабістая справа.

— Якая-небудзь гісторыя з дзяўчынай? — спытаўся ён без намёку на асуджэнне.

— Але, — сказаў я. — Але, сэр. Так яно і ёсць. Дай мне грошай. Прашу цябе.

Я ні на момант не падумаў, што ён мне паверыў. Не думаю нават, што ён хацеў ведаць сапраўдную прычыну. Я ўжо сказаў, што ён пачаў распытваць мяне, каб проста… пагаварыць са мною.

Ён высунуў шуфляду стала і дастаў чэкавую кніжку ў вокладцы з кордаўскай каляровае скуры — рыхтык такой, з якое былі зроблены дзяржак сцізорыка і футарал для нажніц. Ён разгарнуў кніжку павольна, не дзеля таго, каб памучыць мяне, не думаю — проста ён хацеў выйграць час. Знайсці што сказаць мне. Што-небудзь някрыўднае.

Ён выпісаў чэк, вырваў яго з кніжкі і працягнуў мне. Праз нейкую секунду да мяне дайшло, што мне трэба было працягнуць сваю руку насустрач ягонай. Ён сумеўся (так мне здалося), рэзка адвёў руку назад, паклаў чэк на край стала, зірнуў на мяне і кіўнуў. Твар ягоны ўсё роўна як гаварыў: «Вось, вазьмі, сын». Аднак на самай справе ён толькі кіўнуў.

Не тое што я хацеў пайсці, не — я таксама не мог прыдумаць якогасьці нейтральнага працягу размовы. І разам з тым нельга было сядзець вось так і далей, адчуваючы жаданне штосьці сказаць і адначасна баяцца нават зірнуць адзін аднаму ў вочы.