“Вось жа свалата. Добра, нічога не чапай, — прабурчэў Бюхман. — Прыбяры пакуль у дваццатым. А я зараз выклічу, каго трэба”.

Дзень абяцаў быць доўгім. Сонца вызірнула з туману, і ў парку зноў запрацаваў дзяцел, а ў двары ўзяла першыя акорды бэнзапіла. Потым зноў зрабілася шэра, быццам гэты вялікі горад не заслугоўваў так шмат сьвятла. З туману на блізкі чыгуначны мост цяжка выпаўзалі электрычкі і з іржавым рыкам каціліся да станцыі — як на праселых і сьпісаных ва ўтыль амэрыканскіх горках. Электрычкі праяжджалі зусім блізка, з акна калідору можна было разглядзець твары пасажыраў. Вось і яшчэ адна — штурхаючы вазок з бруднай бялізнай, пакаёўка правяла яе вачыма. Большасьць людзей з адсутным выразам глядзела проста перад сабой, але ў апошнім вагоне раптам нечы твар прыляпіўся да шкла носам, расплыўся ў шырокай, бессэнсоўнай усьмешцы, шчэрачы зубы, зьбя­леў, сплюшчыўся і зьнік пад мостам.

Нібыта ў электрычцы толькі што камусьці ўсадзілі нож у сьпіну.

Пакаёўку звалі Айсу. Калі б Айсу нарадзілася на стагодзьдзе раней, яе маглі б называць мулаткай — але ў 2050 годзе ў Бэрліне ніхто ўжо ня ведаў гэтага слова. Амаль ніхто.

3.

Неўзабаве пакой, дзе памёр пастаялец, напоўніўся жывымі людзьмі. Прыехала паліцыя, сфатаграфавала і зьехала — у Айсу нават нічога не спыталі. Калі пакаёўка зазірнула туды наступным разам, каля нябожчыка ляніва завіхаўся мэдык — маленькі мужчына ў расшпіленым зялёным халаце, такім кароткім, што ён зусім не закрываў спадніцу, з-пад якой тырчалі тоўстыя ножкі ў ваўняных калготках. Ён, відаць, прыехаў на ровары — унізе калготкі былі ўсе ў чырванаватай гліне. Пасярод пакоя змрочна стаяў Бюхман і тузаў свой чырвоны значок.

А вось каля акна, у цьмяным туманным сьвятле, піў каву з плястыкавага кубачка высокі хударлявы спадар. Прыгожы — пакаёўка не магла адвесьці вачэй. І модна апрануты: боты да калена, чорная кароткая спадніца ў абцяжку... блакітная блюзка з сэленіту сядзела на кашэчым торсе як быццам другая скура. Але самай файнай была тонкая, доўгая кучаравая барада, перахопленая каля самага падбародзьдзя серабрыстым шнурком — такіх паноў рэдка пабачыш у іхным гатэльчыку. Вузкія насьцярожаныя вочы на імгненьне ўспыхнулі, пабачыўшы пакаёўку, і зноў згасьлі. Ён абыякава глядзеў, як яна разглядвае ягоныя вост­рыя калені. На адзіным у пакоі крэсьле вісеў ягоны чорны скураны плашч.

Які ж ты прыгожы, падумала Айсу. Прыгожы і такі абыякавы, што ёй хацелася ўкалоць яго нечым вострым — ці дастаць запальнічку, пстрыкнуць і паднесьці да ягонага выцягнутага тонкага запясьця, каб пабачыць, як ён затанчыць ад болю, як скрывіцца твар і зноў загарацца вузкія вочы. Ёй закарцела дакрануцца да ягонага плашча — і паглядзець, што будзе.

Скура твая — сіла, перад якой я скаруся.

Яна так і зрабіла. Ён нічога не заўважыў.

“Што тут думаць... Сэрца, — весела сказаў мэдык, выпрастаўшыся і няўхвальна зірнуўшы на твар пакаёўкі, што паказаўся з-за дзьвярэй. — Памёр, відавочна, у сьне”.

“Некалі казалі, што гэта прывілей шчасьлівых”, — уздыхнуў Бюхман і пачухаў галаву. — Вось небарака. Ну, што зробіш. А можна крыху... Крыху хутчэй усё ўлагодзіць? Ці вы ўжо скончылі?”

“Не цярпіцца здаць пакой, у якім спаў нябожчык? — засьмяяўся мэдык. — Ну, ён ня з тых мерцьвякоў, якія прыбавяць славы вашаму га­тэлю”.

“Паглядзім, — сказаў Бюхман, пачухаўшы гру­дзі. — І ручнік паслаў. Бач ты... А што гэта ў яго там? Вунь там, сьвеціцца?”

Мэдык выцягнуў з-пад нябожчыка яркі цэляфанавы пакет і паціснуў плячыма.

“Ня думаю, што гэта мае значэньне”.

“Баяўся абасцацца? — спытаў гер Бюхман і нэрвова ўсьміхнуўся. — Прыстойны спадар, нічога ня скажаш. Рэдка хто так клапоціцца пра чужую маёмасьць. Усім бы так. Хоць клапаціся, не клапаціся... Усе там будзем. Там, відаць, таксама гатэль, га? На тым сьвеце? Так што я там не прападу...”

Ён засьмяяўся і выцер вусны ў чорнай сьліне.

“Рэлігія — дурман для народу”.

“Лепш бы гэты небарака пра сэрца сваё падумаў, — адгукнуўся мэдык. — Чым пра старыя прасьціны. Цікавы экзэмпляр. Цяпер такіх самагубцаў рэдка знойдзеш. Курэньне. Алькаголь. Старыя доб­рыя антыдэпрэсанты... Ня думаю, што ён бавіўся электронкай. Так, старамодны быў чалавек. Цяпер такіх ня робяць. На шчасьце”.

“Ён іншаземец, здаецца. А што да старамоднасьці, як вы сказалі... Цяпер у асноўным ідыётаў робяць, — сказаў Бюхман. — Штампуюць іх, як запчасткі. Нядаўна трое такіх у нас зьнялі пакой. Тут, па калідоры налева. І з акна птушак у парку пачалі біць, ультрагукам. Раніцай іду, па ўсім парку птушыныя трупы. А саміх і сьлед прастыў. Месяц ціха было, як на могілках. Цяпер вось дзяцел пасяліўся нарэшце. Чуеце?”

“Моладзь ёсьць моладзь, — прымірэнча прамовіў мэдык і схаваў інструмэнты. — Стрэс, гармоны... Паляваньне на птушак некалі добра прыдавалася на тое, каб здымаць напружаньне. Спорт карысны для здароўя. І наогул жывёлы. Некалі людзі ў заапаркі хадзілі — дзіўна, але ім дапамагала”.

Усе зірнулі на яго з інтарэсам, нават чалавек каля акна паставіў на тумбачку сваю каву і шумна глынуў сьліну.

“Не, вы не падумайце, — мэдык замахаў кароткімі рукамі. — Я толькі кажу, што...”

“А мы і ня думаем, — сказаў раптам чалавек каля акна. — Мы слухаем дзятла. Чуеце? Дзяцел у шатах, нябачны ў ранішнім тумане, высяляе з дрэва чарвячкоў”.

І праўда: за акном зноў пачуўся стук.

“Як у гатэлі, — прамовіла пакаёўка, і ўсе азірнуліся. — Чарвякі жывуць там, як у гатэлі, ніхто пра іх ня ведае, нікому яны не цікавыя. Апрача дзятла, канечне”.

“Айсу! — усклікнуў Бюхман. — Табе што, няма чым заняцца? Спадарства, давайце ўжо канчаць, тут жа ўсё ясна, сэрца, памёр у сьне. Але мы ж — мы жывыя! Кожны мае права на кавалак хлеба з маслам”.

Ён з абурэньнем махнуў рукой у бок высокага спадара ля акна і пачаў нецярпліва калупацца пальцам у вуху, разглядваючы на сьвятло вушную серу, як быццам зьбіраўся яе зараз зьесьці.

Тэрэзіюс Скіма дапіў каву, непрыязна паглядзеў на Бюхмана і сплюшчыў у руцэ плястыкавы кубак.

Гаспадар гатэлю... Ён жа жылец, ён жа адміністратар, ён жа ахоўнік і начны парцье. Ён жа кухар, махляр і сутэнэр. Кудлатая палыселая галава, чырвоная футболка, пінжак з камуністычным значком, падраная на жопе джынсавая спадніца. Яшчэ паўтары сотні гадоў таму казалі, што ў Бэрліне камуністых больш за ўсё сярод швайцараў. А цяпер самымі зацятымі камуністымі зрабілася дробная буржуазія. Гэты горад столькі перажыў: ваймар і маніякальныя мары, змрочны нож Муру і эўфарыю канца гісторыі, тэрарызм і тахелес, тан­кі і танцы — і зноў вярнуўся туды, дзе пачынаўся. У свой вобраз сталіцы вар’ятаў. У сваю эўрапейскую ноч... І Бюхман быў анёлам гэтай ночы. Тоўс­тым і сквапным ваякам начнога войска.

Скіма наматаў на палец бародку зь серабрыстым матузком — і асьцярожна вызваліў. Матузок, раскруціўшыся, нібы жывы, упаў на грудзі. Бюхман... Скіма ведаў такіх прахвостаў, якім дастаўся некалі сямейны бізнэс, дастаўся, калі ім было па дваццаць і ў галаве ў іх гудзела адна рэвалюцыя. Не прывучаныя да цяжкай працы, яны імгненна занядбалі бацькоўскую справу. Усе ўладальнікі гатэляў у гэтым раёне былі на адзін твар, усе думалі толькі пра тое, як бы прапусьціць праз свае цесныя кабінкі як мага больш вось такіх дурняў і няўдаліц кшталту гэтага мерцьвяка на ложку — там, унізе, каля рэцэпцыі, ужо стаяла пара чарговых кліентаў, якім трэба было схавацца ад гораду на адну ноч, пакуль новы дзень не засуне іх у электрычку і не шпурне ўніз, на цёплыя і смаркатлівыя вуліцы, дзе ім зноў не пашанцуе. Пра птушак Бюхман, канешне, схлусіў: яму проста заплацілі за тое, каб пазабаўляцца, насамрэч яму няма справы да нейкага там парку за вокнамі, да птушак, была б воля Бюхмана, ён здаў бы і гэты парк, падзяліў бы яго на цесныя квадраты і браў бы за кожны квадрат як за нумар на адну асобу, з нацэнкай за экалягічнасьць.

Усё было проста. Яшчэ адным чалавекам зрабілася меней. Яшчэ адным пахам, насмаркам, зубной шчоткай, вялікай праблемай, занятым месцам у электрычцы, сьледам на мокрай зямлі, галаўным болем, голасам, просьбай, крыкам. Хутка нябожчыка забяруць, а ён, Тэрэзіюс Скіма, пачне калупаць гэтую нікому не цікавую сьмерць. Бо яму за гэта плацяць. Ён спусьціцца па сходах уніз, дзе пераступаюць ужо з нагі на нагу людзі зь цёмнымі вачыма і неспакойнымі запясьцямі. Ён пройдзе міма іх ашчэраных ратоў, міма засохлых дрэўцаў, выйдзе на вуліцу, уздоўж якой стаяць у адным бясконцым шэрагу прапаведнікі і афрыканскія прынцы, прастытуткі і прадаўцы гарачых каштанаў, усе гэтыя праўнукі і праўнучкі чалавецтва, хто пасьпеў, той прысеў, на вуліцу, дзе няма ні сонца, ні сьмеху, дзе дрэвы мучацца ад бяссоньня і ўсім так хочацца жыць. Але гэта будзе пазьней.

Не, Тэрэзіюс Скіма не служыў у паліцыі. Ён працаваў агентам так званай Erkennungsdienst, ED Berlin, службы ідэнтыфікацыі неапазнаных асобаў. Гэта была зусім маленькая кантора, хоць справаў у яе хапала: у горад, нібы загіпнатызаваныя, цягнуліся людзі з усяго сьвету, яны праточваліся праз шчыліны, праходзілі скрозь сьцены, прасочваліся сюды разам з паветрам, яны ляцелі ў бэрлінскую ноч, нібы інсэкты на сьвятло, і паміралі тут, і ніхто ня ведаў, адкуль яны і хто. Апошніх паўстагодзь­дзя чалавек толькі і рабіў, што выстаўляў сябе напаказ, імкнуўся быць бачным, чутным, змагаўся з публічнасьцю і за публічнасьць — і здавалася, што вось яна, тая эпоха, калі ў сьвеце цяжэй чым калі-кольвек згубіцца, але ж не: на плянэце ўсё роўна большасьць складалі тыя, пра каго не было вядома анічога. І Тэрэзіюс Скіма знаходзіў іх імёны. Ён высьвечваў у цемры і хаосе часу іхныя жыцьці — як правіла, ужо тады, калі па гэтых закінутых сьцежках ужо не было каму ісьці; ягонай задачай было пазбавіць сьмерць ананімнасьці і паведаміць у адпаведныя органы, хто менавіта пакінуў шэрагі чалавецтва, каго можна было больш ня ўлічваць вечна заклапочанаму закону і заўжды цікаўнай, але занадта абмежаванай у сродках дзяржаве.

Ці любіў ён сваю працу? У 2050 годзе пра гэта не прынята было пытацца. Праца як праца: але ў ёй прысутнічала нешта, што прымушала Тэрэзіюса Скіму адчуваць цікаўнасьць, амаль забытае эўрапейцамі пачуцьцё. Цікаўнасьць і зьдзіў. Ягоныя тонкія вусны складваліся тады ў маркотную ўсьмешку, і можна было меркаваць, што яго засмучае ягоны невясёлы занятак, але не: калі Тэрэзіюс Скіма працаваў, на ягоных вуснах зьяўляўся дзіўны смак, гаркавы, як трава, і пякучы, як быццам ён пракусіў сабе скуру. Тэрэзіюс Скіма любіў гэты смак. Нібы ён стаяў на беразе акіяну і глядзеў на тое, як пачынаецца бура.