Вось аднойчы ён і ня вытрымаў чарговай дырэктаравай атакі ды ляпнуў пра капсулу. Ахвяраваў сваім, недатыкальным, таемным — толькі б гэты Барсук адчапіўся.
“Хм. А вось гэта і праўда Нешта! — ухваліў Пан Дырэктар, вымаючы вільготную сурвэтку. Ён заўжды праціраў рукі пасьля заняткаў, нібы змываў зь іх кроў гістарычных бітваў і задушаных паўстаньняў. — Нешта Гэткае! Вось гэта я і называю крэацыянізмам! Дзейнічай!”
Капсула... Па шчырасьці, ён ня бачыў вялікай розьніцы: сталёвая, шкляная ці з пап’е-машэ. Ды хоць зь дзіцячай скуры. Таму сёньня раніцай ён выцягнуў з прыбіральні пусты слоік, адзін з тых, што кожны месяц перадавала яму маці, вытрас зь яго памідоры і прапаласкаў пад кранам. Урэшце, якая сучаснасьць, такая і капсула. Трохлітровік выглядаў сымбалічна і да таго ж дужа аўтэнтычна. Што магло б лепш увасабляць наш гераічны час? І ня менш гераічнае месца? Клясычны дызайн: une banque trilitère classique! Да таго ж слоік быў празрысты. І — што самае істотнае — надзейны. Традыцыя, правераная часам. А менавіта час ён і мусіў прарэзаць сваім круглым рылам. Камень і шлак часу. Якім бы ні атрымалася іхнае пасланьне — да некага яно мусіла дайсьці. Што само па сабе неверагодна абсурдна.
Ягоныя ваўчаняты ўсё яшчэ пасьмейваліся.
“Што за ўхмылкі? Вам палец пакажы, вы лыбіцеся. Як дзеці малыя”.
“Дык эта самае, мы і ёсьць дзеці, Алег Іванавіч! Мы ж несавяршэнналетнія!”
Зрэшты, выбару ў іх не было. Кляса навісла над сшыткамі. Яны засунулі ў раты асадкі, і твары іхныя прынялі адсутны і тупаваты выраз — нібыта яны да смочак на бруху самкі прыклаліся. Худой і зьнясіленай самкі бясплатнае адукацыі.
“Алег Іванавіч, а што пісаць?” — капрызьліва спытала нейкая каштанка, пасмактаўшы сваё паркерава пяро.
“Ну што-што... Раскажыце ў двух словах пра сябе. Што вам цікава, што акружае. І што гэта за час, у які мы ўсе жывем. І зьвярніцеся да людзей з будучыні. Якімі вы іх бачыце. Пра што, на ваш погляд, яны павінны задумацца. Ясна?”
“Не!” — адказаў яму на дзіва зладжаны хор. І пачалося:
“А колькі? Старонкі хопіць?”
“А што зьверху пісаць?”
“Колькі заўгодна. Нагадваю, у вас поўная свабода. Зьверху?... Ну, дату можаце паставіць”.
“І што, усё ад рукі? У мяне пальцы баляць!” — занылі па чарзе ягоныя сідарэвічы і каштанкі.
“Можна і не пісаць, — ашчэрыўся ён. — Калі ласка. Хто ня хоча, каму няма чаго сказаць, адкрылі падручнікі на старонцы сто два... І да заўтра вывучыць, на адзнаку. Хто ня піша, падыміце рукі”.
Пішуць. Скрыпяць. Руплівая шматрукая рабыня. Ён паглядзеў на ўратаванага ім сідарэвіча: той калупаўся ў вуху. Заўважыў яго бязьлітасныя вочы, неахвотна ўзяў асадку. Закрэмзаў, мучачы мярзотныя свае прышчы.
”Ай! Я ня ведаю, што пісаць!” — зарумзала, вылепіўшы з вуснаў ружовае пірожнае, каштанка, што сядзела перад ім. Кінула асадку — і чаму школьныя асадкі так бразгочуць, падаючы на стол? — пляската, пуста, паскудненька. Кінула, адвярнулася, а ў самой ужо цэлая старонка гатовая. Ня ведае яна... Усё яны ведаюць, несавяршэнналетнія савяршэнствы.
Заскрыпелі, прыціхлі, засаплі.
2.
Больш за ўсё ў школе яго зьдзівіла, што ён зноў стаў Алегам Іванавічам. Як жа лёгка робіць кар’еру тваё ўласнае імя. Школа — установа для жабракоў-арыстакратаў, працуеш за капейкі, затое кожны дзень маеш прыстаўку-оччаства, ня горшую за “фон”, і на яе фоне падаешся сабе не такім ужо й мізэрным. Добры дзень, Ідальга Іванавіч, як вашыя справы, Арэх Банвіванавіч, калі ласка, Морпех Бананавіч, ня стаўце мне пяць.
Ён вёў урокі як лекар: не дазваляў сабе крыку, не сюсюкаў, ня скардзіўся і не шкадаваў. Проста рабіў сваю працу. Са сваімі вучнямі ён заключыў непісаны кампраміс — зь ім яны гавораць па-беларуску, хто як умее, але быццам бы па-беларуску, а ён не папраўляе і не зьніжае за мову адзнак. Яны, канечне, ня ўмелі, яны былі з таго пакаленьня, для каго беларуская была хутчэй другой замежнай, чым роднай-моднай, але паціху гульня іх захапіла. Магчыма, яны яго нават любілі і крыху шкадавалі — як і належыць пацыентам нэрвовага, стомленага, але добрага і стараннага лекара, які ўзяўся за безнадзейную справу. Яны ведалі, што яму іх ня вылечыць. Але ён лячыў, як быццам яму і праўда ўсё гэта было важна.
Яму? Важна? Ды пляваць ён хацеў. І на іх, і на іхных бацькоў. Праца патрэбная, каб аплачваць задавальненьні. А задавальненьняў у ягоным жыцьці засталося няшмат. Вікі, віскі, Вільня — вось і ўвесь набор. Гэтую трыяду можна было ўспрымаць як veni, vidi, vici ці як Kinder, Küche, Kirche, у залежнасьці ад настрою і абставінаў.
Штодня, едучы ў сваю школку, ён праглядаў абвесткі на сайтах працоўных вакансій. Найперш, зразумела, у разьдзеле “Мастацтва, забавы, мас-мэдыя”. Краіне былі патрэбныя трэнд-вотчэры — і гэта гучала як парода сабакаў. Сабачкі мусілі вынюхваць модныя рэчы ў крамах ЗША і ў замежных блогах і валодаць ангельскай на ўзроўні Upper. Не, гэта не для яго. Куды яму, дварняку. Хтосьці шукаў капірайтэра-піяршчыка 80-га ўзроўню. Што трэба піярыць, тлумачыць ня сталі. Якая розьніца. Капіюй, пі, наярвай і ня парся. Сетцы крамаў “Рублёўскі” быў пазарэз патрэбны культарганізатар: ”ініцыятыўнасьць, харызматычнасьць, крэатыўнасьць, актыўная жыцьцёвая пазыцыя”. Апошняе асабліва пужала. Быць у адказе за суворы адпачынак сотні давераных табе каўбасьнікаў, касірак і грузчыкаў і забаўляць іх сваёй актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй — гэта было горш за школу. Хацелася б паглядзець, як яны выпрабоўваюць кандыдатаў на харызматычнасьць. Ну што, хлопча, насьмяшы нас. Абаяй ды наябі, ды так, каб ніхто не заўважыў. Харя-то у тебя не больно харизматичная...
Айчыннай культуры былі патрэбныя страсныя выкладчыкі сальсы, а таксама бачаты, вальсу, вогу і стрып-плястыкі. Пяшчотныя флярысты і мужныя майстры тату, радасныя вядучыя ФМ-радыё і мэнэджэры па продажы керамічнай пліткі. Несудзімыя мыйнікі посуду і непітушчыя касіры ў букмэкерскую кантору. Слаўныя кіраўнікі тэлеканалу Слуцк ТВ і аніматары (зь яго атрымаўся б неблагі Кракадзіл Гена). Катастрафічна не хапала адміністратараў у катарскія кінатэатры і мэрчэндайзэраў. Тэрмінова шукаліся кіраўнікі курсаў па нарошчваньні веек і шустрыя швачкі-машыністкі.
Вікі, віскі, Вільня. Не пытайцеся, адкуль у настаўніка грошы на віскі і Вільню — кожны круціцца, як можа. Мець тут працу значыць шукаць іншую, ня мець ніякай значыць мець толькі адну, быць значыць мець, мець значыць знаць патрэбных людзей. Вільню ён дазваляў сабе раз на месяц, па выходных — браў загадзя білет, прыяжджаў раніцай і, непрыкметны, адстаяўшы ў змакрэлай чарзе памежнага кантролю, выходзіў, сонны і нейкі прысаромлены, у віленскі вырай, піў каву, купляў драбязу, насалоджваўся іншым рытмам, іншым розумам, тут можна было стаць няспрытным, празрыстым, тонкім, тут ня трэба было хітрыць і трапацца, тут можна было растварыцца — да вечара.
Не, сваю Вільню раз на месяц ён, відаць, нікому не аддаў бы. А нешта іншае з рэшты часам можна было замяніць на Вініфрэд. Такі быў псэўданім у дзяўчыны зь сяміхвіліннага порна, ягонага любімага роліка, лепшага за які ён так і не знайшоў. Усё там было натуральна і проста, як у наскальным жывапісе. Яна была жывая, маркотная, нясьпешная, і скура ў яе была ў прышчыках. Відэа дзейнічала на яго прымірэнча і лагодна. Твару мужчыны відаць не было — ды ён нічога і не рабіў, ад яго заставаўся толькі чэлес, зь якім Вініфрэд абыходзілася на дзіва спакойна і зь нейкім затоеным жалем. Можа, яна кахала таго мужыка, і ён быў сьведкам аднаго іхнага вечара. Заўжды аднаго і таго самага вечара. Яны канчалі з гэтым мужыком разам. Ёй на далонь. Раз на тыдзень.
Ён быў самотны, і яму было сорак. У сорак гадоў пакрысе пачынаеш заўважаць, што тваё цела перастае цябе слухацца. Спачатку гэта зьдзіўляе, успрымаецца як недарэчнасьць, потым злуе, нібы здрада, а потым прыходзіць пакора. Сорак — ня вырак, сорак — выклік; тваё цела робіцца падобнае да школьнай клясы, над якой цябе нядаўна паставілі наўчыцелем. Канечне, большасьць тут яшчэ выконвае твае загады і нават прыхамаці — неахвотна, ляніва, але выконвае, бо такі ўжо заведзены парадак. Але сям і там зьяўляюцца маргіналы, неслухі, іх мала, але галасы у іх усё мацнейшыя, гэтых дурнілаў усё болей — іх трэба ўпрошваць і караць, падманваць і ўзнагароджваць. А ёсьць жа і сапраўдныя адмарозкі. Гемараідальныя вузлы калектыву. Як і любому настаўніку, табе хацелася б перавесьці іх на нейкае іншае, чужое цела, а сабе пакінуць толькі прытомных і дысцыплінаваных. Мара кожнага пэдагога.
Але гэта ня тая школа, якую можна зьмяніць. Разумееш, ня тая. Гэта твая школа на ўскраіне гораду, і гэта твая кляса, іншай ня будзе, і гэта твая краіна, як бы ты ні марыў пра чужую, і гэтае дэжа-вю трэба неяк дажыць.
3.
Вось і званок званітавала. Дзіньдзілінь, цзынь цзылінь.
Загадаўшы ім чакаць унізе, ён схадзіў да працавіка, узяў старую, але яшчэ крэпкую, крапіўнай фарбай запырсканую рыдлёўку — і выйшаў на ганак.
Ісьці закопваць капсулу часу выклікалася ўся кляса — але па дарозе чарада расьцягнулася, дзеткі пачалі спыняцца, адставаць, губляцца, шмыгаць па адным у норкі двароў, у дзьверцы пад’ездаў. Ведалі, што ім адрыгнецца гэты сабатаж — і ўсё ж уцяклі.
Ён спыніўся там, дзе з чорных голых кустоў ужо выглянулі першыя пустыя паўтарачкі з-пад піва. Бліснула пад елкай фольга, адкрылася палянка: аксамітнае вугольле на белых пабітых цаглінах.
Ён агледзеў сваю групу і ўсадзіў рыдлёўку ў зямлю.
Штук восем каштанак і ўсяго пяць сідарэвічаў. Небагата — але для легітымнасьці хопіць. І ягоная Каштанка тут як тут — усе шчабечуць, а яна маўчыць.
На ўзьлеску, там, дзе горад, выдыхнуўшыся, працягнуў сваю лапу — але не дастаў, не дацягнуўся, яны стаялі і глядзелі, як ён дастае са спартовай торбы капсулу часу. Напэўна, збоку гэта выглядала вельмі сьмешна. Нібы яны зараз расьсядуцца тут, на паваленым паўзгнілым дрэве, і пачнуць расьпіваць сьпіртныя напіткі. То бок ён, дарослы мужчына з вышэйшай адукацыяй, прынёс слоік і зараз пачне наліваць дзецям: піце, дзеткі, пі-піўко, будзеце здаровы.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.