2.

Капсула часу

1.

...У прыбіральні ён, дапамагаючы сабе зубамі, завязаў на рукаве чырвоную павязку. Спрыту ў такіх рэчах яму заўжды не хапала — вось і цяпер непаслухмяны матузок залез яму ў рот, і ён пасьпеў удосталь насмактацца казённай тканіны. Ён інс­тынктыўна агледзеўся ў пошуках якой-небудзь дзевачкі-васьміклясьніцы, якая б адным рухам разабралася з гэтымі дурацкімі матузкамі. Давялося прызнаць, што памяшканьне, дзе ён цяпер стаяў перад люстэркам, было не найлепшым месцам для васьміклясьніц. Ды і для яго самога. На калідоры таксама нікога было не злавіць, званок празьвінеў, працоўны дзень пачаўся. Хай вісіць так, галоўнае не махаць рукамі.

З гэтай павязкай дзяжурнага пэдагога ён адразу зрабіўся падобны да ўжо немаладога, але яшчэ цалкам мярзотнага нацыста. Карычневая кашуля, купленая ў сэканд-хэндзе, нядаўна зроблены андэркат з косым праборам — каб прыкрыць лысіну, цудоўна дапаўнялі аблічча. Толькі шортаў скураных не хапала. Паглядваючы на павязку, ён хутка, але ня страчваючы годнасьці, прамінуў калідор і афіцэрскім крокам увайшоў у клясу.

Ніякай рэакцыі. Увайшоў у клясу. Нуль увагі. Настаўнік увайшоў у клясу. Ідэальны сказ. Прамое выказваньне, дзівосна-нэўтральнае, эмацыйна не афарбаванае, нічым не афарбаванае, апрача чырвонай павязкі, якая боўтаецца на рукаве. Дзейнік, выказьнік, дапаўненьне (зрэшты, лішняе). Настаўнік увайшоў. Настаўнік! Сьвяты чалавек! Пакутнік! Ваш уладар і павяліцель, ваш герой і пабядзіцель, Гітлер-ваш-асвабадзіцель, судзеб і дзялоў вяршыцель, юных душ нагой Праксіцель, ой ты скромны белы кіцель, ваш айцец і наўчыцель, жарсь­цяў ваш агнетушыцель і гармонаў дырыжор...

Ён абвёў вачыма гэтае нацысцкае зборышча. Усе ў чырвоных павязках. Дзяжурная кляса.

Дзеці. Якія ж яны яшчэ дзеці.

Грудзі-дражнілкі, шчодра выкладзеныя на пярэднюю парту, проста перад ім, так, каб можна было зазірнуць у дзёрзкія выразы і ўразіцца, дрыгнуць, дараваць дурасьць іх уладальніц. Або — хлопцы. Віславухія васіліскі, рэдкія вусікі над убогімі губамі, вінаватыя вільготныя далоні, высокія галасы, вайнушка ў галаве: волаты-ванючкі.

Шумлівыя, глумлівыя дзеці. Некалі яны думалі яго напужаць. Сьмешныя, сьмешныя дзеці. У кожнага ў галаве дзірка, а зь дзіркі ідзе шум. Гэта ўсё, што варта пра іх ведаць.

Прымусіць іх змоўкнуць было няцяжка. У сваім пэдагагічным арсэнале ён меў сто спосабаў зрабіць гэта — і заставалася толькі выбраць найпрыгажэйшы.

Канечне, можна было пазбавіць іх адзінай мовы. Перамяшаць іх гаворкі так, каб яны не разумелі адно аднаго. Разбурыць Бабілён іхнай балбатні, расьсеяць іх па сьвеце — сям і там, сьвет не такі вялікі: ад унівэрсаму “Смарагд” да самурайскага клюбу, куды яны вечарамі ходзяць качацца. Ён ужо бачыў, як яны сьцішваюцца, лыпаюць вачыма, гэтыя дзеці зь дзіркамі ў галаве, адкуль ідзе няспынны шум, ён ужо бачыў, як словы захрасаюць у горлах, яны давяцца шумам і замаўкаюць — што ж, цяпер можна пачаць урок. Але гэты спосаб пагражаў яму непазьбежнымі разборкамі з дырэктарам — пан Дырэктар не любіў архаічных мэтадаў, пан Дырэктар паважаў наватараў і атэістаў.

Наватарскімі спосабамі ён валодаў добра. Напрыклад, можна было пазашываць ім раты. Сха­дзіць у кабінэт працы, пазычыць нітак і доўгую іголку — і абысьці парту за партай, губу за губой. Дзеці-зашыванкі. “Настаўнік школы на ўскраіне Менску закалоў сваіх вучняў”. Закалоў? У якім сэнсе? Як кабанчыкаў? Або шпрыцам? Не, іголкай для шыцьця. І зашыў казённымі ніткамі. Закалоў да страты мовы. Ясна: палітычная акцыя. Пэрформанс. Ды не: проста пэдагагічны прыём.

Усё роўна ў гэтым узросьце яны пагалоўна мараць сабе нешта пракалоць. Пірсінг выклікае ў іх нейкае парасячае захапленьне. Нібыта ім мала вушэй, нібы на целе бракуе дзірак. А хто-ніхто з вучаніц ужо колаты арэшак: па вачах відаць, што маюць пярсьцёнкі ды колцы ў пупках. У іхных вачах добра відаць іхныя пупкі. Часта гэта адзінае, што там можна пабачыць. Прагрэсіўныя таты і мамы ня супраць лёгкага пірсінгу — калі дзіцятка добра вучыцца, хай пракалупае ў сабе дзюрку-другую. Чамусьці пупок падаецца бацькам бясьпечным месцам. Ну, давай, толькі ў пупок, строга кажуць яны, не разумеючы, як непрыстойна гэта гу­чыць. Чамусьці пуп ні ў кога не выклікае рызыкоўных асацыяцый. Узяць хаця б пуп зямлі, на якім мы жывем. Наогул ніякіх дадатковых сэнсаў. Толькі пупок. Проста пупок. Праколаты пуп зямлі.

Кляса, між тым, працягвала выць, рохкаць, мэкаць, бляяць і скуголіць. Дзеці. Бедныя парасяты. Калі ён трапіў да іх упершыню, ягоная завушніца выклікала ў іх фурор. Што было б, калі б ён паказаў ім усе свае татуіроўкі? Мабыць, яны абралі б яго сваім фюрэрам.

Зашыць ім раты, зашыць.

Але і гэты трыкатажны спосаб зьнітаваць іх дзеля пэдагагічных патрэбаў варта было пакінуць да лепшых часоў. Зашытыя, як у зомбі, раты ягоных вучняў, можа, і замаўчаць, але, перастаўшы шумець, гэтыя глумлівыя дзеці пачнуць румзаць. Ім, бач ты, будзе балюча. Ён не любіў, калі яны плачуць. А такое бывала: пашкадуйце, бацька прыб’е. Як жа яны яго раздражнялі — румзаючы, любое зь іх выглядала так, быццам пазіруе для плякатаў сацыяльнай рэклямы. Кшталту, “Папа, не пей” ці “Мы супраць хатняга гвалту”.

Існавалі, вядома, і іншыя спосабы зьвярнуць на сябе ўвагу. Зьняць штаны і паказаць ім голую задніцу. Абліць дзяцей бэнзінам і падпаліць. Але ўсё гэта пагражала выклікам на пэдсавет, вымовай або пазбаўленьнем прэміі. Дзеці цяпер ня тыя, якімі некалі былі мы. Іх вучаць ведаць свае правы — пуп зямлі абавязвае.

Нарэшце пасьля ўсіх гэтых развагаў — мінула ўжо хвілін дзесяць — ён абраў досыць традыцыйны спосаб, які, бывала, выкарыстоўвала шмат гадоў таму іхная маладая беларусіца. Спачатку ён паклікаў на дапамогу літаратуру. Дастаў таўшчэз­ную таміну, на якой красавалася хітрае, нейкае хрыстапрадаўчае слова “Хрэстаматыя”, якое ніколі не асацыявалася ў яго з прыгожым пісьменст­вам — паволі падняўся і ўзьняў яе на вышыню вачэй. А потым расьціснуў пальцы.

Хрэстаматыя так добра ўхрыстамацілася ў стол, што ўсе паэты, якія сядзелі ў ёй, атрымалі, ві­даць, шматлікія ўшыбы ўнутраных ворганаў.

Кніга паклала іх рукі на парты, як цэлы варожы ўзвод на зямлю. Яна стрэліла па іхных трусіных вушах, нібы гармата. Гул ад яе быў чуцён, пэўне, нават у краме “Смарагд” і ў самурайскім клюбе.

Стала ціха-ціха.

На ўсёй зямлі. І ўрок нарэшце паплыў — як тыя ручнікі па рацэ. Далёка. Куды ён завядзе, ніхто пакуль што ня ведаў.

Дзеці. Якія ж яны яшчэ дзеці. Варта табе наладзіць гук — і вось ужо змоўклі, паселі, лапкі склаўшы. Незадаволеныя. Нехта нахабна пакруціў пальцам каля скроні: “Во наш Алег Іванавіч ухерачыў”. Маўчы, Сідарэвіч, хрыстом-матам прашу, маўчы.

Ёб вашу хрэстамаць, дзеткі, я прымушу вас мяне выслухаць.

Не даючы ім апамятацца, ён дастаў пусты трохлітровы слоік і паставіў на стол. І паглядзеў на іх доўга, злавесна. На ўсіх адразу. Сядзяць, прысьмірэлыя, прысаромленыя, заінтрыгавана дрыгаючы нагамі. Пазіраюць: то на слоік, то на настаўніка.

“Гэта для аналізу мачы?” — ня вытрымаў адзін зь іх, той, які з асабліва глумлівым выразам вачэй. Пара галасоў прыцішана і радасна цяўкнула, іншыя чакалі, што будзе.

“А табе мала, Сідарэвіч? — адказаў ён у поўнай цішыні. — Уся школа ведае, што ты сцышся ўначы, але я ня думаў, што твая норма большая за тры літры...”

Гэтым разам цяўканьня было крыху болей. Маленькая настаўніцкая перамога.

“Я не Сідарэвіч”, — прабурчэў дзіцёнак з выклі­кам, зьбянтэжаны, раззлаваны.

“Магчыма, — пагадзіўся ён. — Але ў ложак, зна­чыць, і праўда сцышся... Што маўчыш? Пост-праўда, яна такая”.

Сідарэвіч змрочна апусьціў галаву, раздушаны жалезнай лёгікай. Дзеці. Ім не было чаго запярэчыць. Хай чарговы раз пераканаюцца, наколькі ён круты ў адкрытым баі.

Ён успомніў, як прыйшоў да іх упершыню. Як стаяў перад імі, напружаны, недарэчны, гатовы да ўцёкаў, нібы прусак, засьпеты пасярод кухні, стаяў, правільны і прычасаны. Як прэў, хапаў ротам паветра і ня ведаў, як прымусіць іх павярнуцца ў свой бок. А цяпер яны адна каманда. Каманда “Лятучага Галяндца”, які нясецца на ўсіх ветразях у менскі вечар.

Яны ўсе былі для яго сідарэвічы. А дзяўчаты — каштанкі. Так зручней. У думках, канечне. Не запамінаць жа іх было і праўда, як дарослых, пайменна. Яму здавалася, што гэта абсалютна нерэальна. Ён ведаў, што ў гэтай богам выклятай клясе ёсьць прынамсі адзін Сідарэвіч. Гэтага хапала. Толькі вось хто зь іх і як выглядаў — забыў, а дазнавацца было не ў ягоных правілах. Дый хіба яны б сказалі праўду? Для іх гэта зрабілася б вясёлай гульнёй: не згаворваючыся, яны памяняліся б імёнамі і выставілі б вучыцеля на сьмех. Ён ужо чуў іхны гогат. Здаецца, у аднаго зь іх было такое прозьвішча: Гогат. Ці не ў таго, якога ён так шчодра ўзнагародзіў толькі што энурэзам? Тата ў яго Гогат, і мама Гогат, і брат. Сямейства Гогатаў, надзея пупу зямлі, хрыбет нацыі.

Што да каштанак, тут усё было прасьцей: вось яна, сядзіць каля акна, нэрвовая, у швэдрыку, глядзіць на штосьці — угадаць ані шанцу: што там, штыкетнік з птушкамі, школьны стадыён, чорная хваля ўкапаных у зямлю шынаў, шэры будынак, дым... задумалася. Каштанка Натальля — з націскам на імя, у школе ўсё і ўсіх называюць так, быццам прозьвішча адно на ўсіх, толькі імёны розныя. За год ён і сам пачаў так казаць. Рабіць акцэнты ня там, дзе трэба. Не на тых гуках, не на тых думках, не на тых тэмах. Школа зрабіла зь яго нешта іншае. Кожны дзень яна ператварала яго ў нешта іншае — і дома, пад душам, пад Вагнэраў шторм, ён кожны вечар адчайна намагаўся вяр­нуць сабе сябе, уціраў ў сваю скуру сваю страчаную са­масьць, змываў гукамі старой і вечнай музыкі працоўны дзень. Такі, як гэты.

Заставалася зрабіць яшчэ некалькі штрыхоў. Ён падышоў да аднаго зь сідарэвічаў, самага ўбогага, з палымянымі вушамі, ужо ўшчэнт запляванага папяровымі кулямі, сідарэвіча кволага, полага, бясполага лоха, іхную цацку, зацкаванага іхнымі ціхімі подласьцямі забітага зайку. Відаць, з такіх і вырастаюць потым белакурыя бэстыі. Пазьней, калі ўсё гэта скончыцца: клясы, кляўзы, ляскат партаў, пляўкі, бясконцае паляваньне... Ён падышоў да яго і паказаў на пярэднюю парту. Уратаваў да званка. Няшчасны перасеў (як там яго? Віця?), уцягнуўшы ў плечы галаву. Няўдзячны маленькі дзядок.