Сорамна.
Будзеш ведаць, як думаць пра свайго Нільса, дакараў я сябе, панура скачучы па мосьце, ганебна-пасьпешліва, нявыспаны, раб спацелага пакета, што спаскудзіў мне дзень, будзеш ведаць, як набіваць галаву лухтой замест таго, каб за рэчамі сачыць, чужымі рэчамі, не тваімі, за чужымі рэчамі пільным вокам сачыць трэба, а то расфантазіраваўся тут, ні да бока ні да вока, а ўсё чаму, таму што ні на волас не задрамаў, усё скакаў, як малады, хрэн мне ў вочы.
Усё таму, што сваіх рэчаў ня маеш. Таму і звычкі няма да пільнасьці.
Пінжачок сабе прыкупіў. А пакет чужы згубіў.
Швайцарцы ўсё гэтак жа сядзелі пад сваім парасонам, а за іншымі столікамі не было нікога. Я кінуўся да інтурыстаў, схапіў іхны столік, у іхных вачах прачнуўся стомлены жах:
“Пакет, — сказаў я. — Вы ня бачылі мой пакет? Я забыў яго тут”.
Яны заматлялі галовамі. Ды калі б і бачылі: ён стаяў бы каля іх, ён бы ня ўціснуўся ў дзіцячы заплечнічак, які малодшы швайцарац на вольнае крэсла кінуў. Я зайшоў у бар, халодны, пусты, грымнуў кулаком па вітрыне:
“Пакет. Я пакет потерял. Забыл у вас. А может, и не забыл”.
Прадавачка задумалася. Неглыбокія вочы памутнелі.
“Вы не помните, я к вам с пакетом зашел или без?”
Или без, или без.
“С пакетом”, — упэўнена сказала яна.
“Или без?”
“Или нет, вы были без пакета”, — прамовіла прадавачка гэтаксама ўпэўнена, як і дагэтуль.
Я махнуў рукой і выйшаў. Пабег у кнігарню. З парогу шапнуў прадаўцу пра пакет, бо ў глыбіні пакоя нехта гучна гаварыў пра нейкую сёньняшнюю прэзэнтацыю.
“Не, вы былі без пакета, — хлопец таксама перайшоў на шэпт. — Гэта дакладна. Я запамінаю такія рэчы. Мне вельмі шкада”.
З кута выйшла чорная котка, падабаюцца мне аксамітныя танцы, падышла, пацерлася аб мае ногі. Нібы суцешыла: ідзі, ты яшчэ пасьпееш, знойдзецца твой пакет, чалавеча. Жывеш ня вечна, але яшчэ ня вечар.
І горад пачаў раскручвацца назад. Двор, праспэкт, плошча, рынак. “Ешчо не вечар, — напяваў я раздражнёна, крочачы па роварнай дарожцы, і адкуль толькі ўзялася пад носам гэтая пясенцыя, — ешчо ня вечар, ешчо адна асталась ноч у нас з табой”. Хто пяе? Хто? Лайма Вайкуле. Пэўне ж, яна.
Пусьць гаварят... А што гаварят? Забыў. Памяць выдала і выдыхнулася — і хацелася спаць. Нырнуў у цень, узяў кавы, двайное эспрэса, выпіў адным рэзкім глытком, і наперад, міма Коласа зь ягонымі партызанскімі амурамі, міма кацянятаў, якіх трымалі так, нібы прадаюць на вагу, міма “Імпульсу”, які ўдаваў старанна, што менавіта ў ім б’ецца пульс гораду, але гэта быў блеф, блеф, пульс гораду біўся ў маіх грудзях, арганізм пачынаў злаваць: падушку, падушку, дзе ты быў, у babuschka, і вось я ўжо перабег вуліцу і, спатыкнуўшыся, паляцеў па прыступках у склеп, здрасьце-ізьвініці, я тут у вас забыл.
“Пакет, — сказала тая, у каго я купіў пінжакко. — Так и знала, что вы вернетесь. Вот он”.
“Спасіба”, — сказаў я, прыціскаючы яго да грудзей. Танга з пакетам.
“Сегодня многие не в себе немного. Такая жара”, — сказала мне гэтая звычайная, простая, зусім ня сонцапаклоньніца а так: мяшчанка, мінчанка, мачанка ў вачах, млявая, без выкрутасаў.
“Да, — сказаў я. — Да. Ужасно, правда? Как вас зовут, девушка?”
“Лайма”.
“Спасибо, Лайма. Вы молодец”.
“Я не Лайма, я Лера, — сказала яна пакрыўджана. — Вам бы поспать. У вас под глазами черные круги”.
Паношаны я. Паношаны. Застацца б тут, павесіла б Лайма-Лера мяне на вешалку, начапіла б цэтлік, можа, і купіў бы хто.
13.
Чорныя кругі селі на тралейбус, 29-ы, між іншым, а чаму селі — таму што пад’ехаў, адчыніў дзьверы, нібы спэцыяльна для мяне, і неяк мяне крануў гэты жэст міласэрнасьці.
Чорныя кругі ўжо каля Опэрнага. Чорныя кругі ўжо да Траецкага вырульваюць. Чорныя кругі ўжо на мосьце шынамі шоргаюць. Чорныя кругі ўжо пад мост кіруюць, выпаўзаюць зь ценю. Чорныя кругі спыняюцца каля царквы, назву якой я ніяк не магу запомніць. Чорныя кругі выходзяць з тралейбуса. Чорныя кругі ідуць у супрацьлеглым накірунку. Да станцыі мэтро ідуць, людзей пужаюць, пінжакко махае рукавамі, сквар суняўся, паветра гарачае, паднябеньне можна апячы.
“Братишка, — кінуўся мне напярэймы нехта ў чырвонай майцы без рукавоў. — Братишка, ты местный?”
“Ну”, — чорныя кругі неахвотна спынілі свой бег.
“А я из Москвы. Братишка, можно спросить? Где здесь у вас костэл такой есть...”
“Хостел? Не знаю. У нас хостелов хватает. Погугли”.
“Да я запутался уже. Я из Москвы сам, понимаешь? Костэл хочу посмотреть. Где-то здесь он”.
“А как называется?”
“Не помню. Мне сказали, его здесь все знают. О, вспомнил, он красный такой. Красный костэл”.
“Костёл, что ли?”
“Да не, костэл. Где ксендзы моляться”.
“Костёл”.
“Сам ты костёл, братишка. Я костэл красный ищю”.
Я задумаўся. Сланечнікі, Сўіфт і здаровая русафобія — вось што ўратуе нас. Ён паглядзеў на мяне зь безнадзейнасьцю апошняга ў сьвеце чалавека:
“Ладно, понял. Давай, братишка, удачи тебе”.
І пайшоў. Костэл. Трэба ж. Чамадан, вакзал, Расія.
Чорныя кругі ўжо пад зямлёй. Чорныя кругі міма ахоўніка праходзяць. Чорныя кругі жэтон чырвоны абскубаны кідаюць у шчыліну. Чорныя кругі зь белым пакетам садзяцца ў цягнік. Чорныя кругі ідуць на апошні бой.
“Камяні, — сказала Нільсу Хольгерсану жанчына, што прыходзіла ў бэрлінскую кнігарню, дзе ён працаваў, кожную суботу. Прыходзіла і корпалася ў кніжных скрынях — але ні разу нічога не купіла. — Камні. Калі чалавеку хочацца лётаць, хочацца ўцячы, хочацца кінуць усё, што ён любіў: трэба есьці камяні”.
Steine.
“Па каменьчыку-два на дзень, — спакойна казала гэтая фраў. — Так чалавек набывае вагу і цяжар. Едучы камень, ня так лёгка адарвацца ад зямлі”.
Нільс слухаў, гартаючы старую кнігу. Усе кнігі ў кнігарні былі ягоныя. Але дому ў яго не было. Старая брала кнігу за кнігай, гартала, ставіла не на тыя месцы, не на тыя паліцы, а то і проста клала сабе пад ногі. Пасьля таго, як яна сыходзіла, яму даводзілася наводзіць Ordnung. Кожнага разу наводзіць орднунг.
Ён ведаў, што яна нічога ня купіць. Ведаў, што прыйдзе зноў. Ведаў, ужо ведаў гэтыя дзіўныя словы: Steine, Erde, fliegen, fressen. Калі ён упершыню пабачыў старую, дык хацеў яе выгнаць. Але яму забаранілі. А старая не раззлавалася. “Камяні”, — казала яна. Steine.
Досыць ужо думаць пра Нільса. Гані яго прэч. Падумай лепш пра тое, што ў цябе справы. Думай пра важнае.
Так казаў сабе я, чалавек у пінжакко, з пакетам і сівым павуціньнем у вушах.
Ад станцыі да станцыі менскае мэтро зьмяняе пах. Ст. м. Няміга пахне потам і парфумай, моладзьдзю і маладжавасьцю пахне, а на Купалаўскай ужо цяжкі водар цэнтру, таннага адзеньня, небагатых, радых нейкай безнадзейнай радасьцю людзей, што чакаюць цягніка ў сваё гета, гатовыя да новых чэргаў і новай мітусьні ў аўтобусах ускраіны. Першамайская пахне прахалодай пустаты, тут мала хто выходзіць, а заходзяць зь іншага боку, у іншым напрамку, Пралетарская пахне электрычкай і семачкамі, Трактарны Завод бляскам яркіх лямпаў сьмярдзіць, шумны і гулкі, нібы ліцейка, а на Партызанскай заўжды цёмна, як у летнім лесе перад чыгуначнай дывэрсіяй, і пах тут такі: пах небясьпекі. Аўтазаводзкая белая з касьцяным адлівам, як сукенка шабаноўскай нявесты, і пахне абуткам, які насілі ўвесь дзень не здымаючы. Ужо тут, у тунэлях, пах зьмяняецца канчаткова, і ты разумееш, што едзеш на край гораду: водар холаду, тынку, жалеза, рабочага подыху, прахадной, мэтал і цемра. І вось на Магілёўскай ты выходзіш і забіраеш з сабой на паверхню апошні, разьвітальны пах, так пахне горад, які кінулі ў атаку на сырую зямлю, давай, давай, зраўняй зямлю зь зямлёю.
На плятформе рвануў наперад, але давялося спыніцца, людзі падымаліся па прыступках доўга, як наўмысна сьпіны выстаўляючы: куды лезеш, тут табе ня цэнтар, тут народ жыве, народ памяркоўны і нясьпешны. Побач са мной запаволіла хаду парачка, я паглядзеў незнарок: ого. Здаецца, я іх пазнаў. За ручкі трымаюцца.
“Прабачце, а вы... Вы Бахарэвіч?” — спытаў я нечакана сам для сябе.
“Так”, — сказаў Бахарэвіч, зусім не зьдзівіўшыся. Верхнія зубы ў яго былі роўныя, белыя, а вось зь ніжнімі гамон. Як у мяне амаль. Было відаць, што ён ня надта рады, што я яго пазнаў. Ні хера сабе. Бахарэвіч і Цімафеева ў мэтро. У багатых свае дзівацтвы. Цімафееву я таксама пазнаў, яна была ў сукенцы, і ад сукенкі гэтай, ад яе малюнку дзікаватага і колераў нянаскіх ішоў такі выклік, такое нахабства ў ёй адчувалася, што неяк я разгубіўся. Я ведаў, што яна нядаўна кніжку вершаў выдала. Усё піша і піша гэтая парачка, то ён, то яна, але я цьвёрда вырашыў, што ня буду іх чытаць. Бо я горды. А яны, відаць, сябе невядома кім лічылі. Зоркі, блін. І ўсё-ткі забаўна: Бахарэвіча і Цімафееву на Магілёўскай сустрэць. Проста ў мэтро.
“А што вы тут робіце, калі не сакрэт, спадар Альгерд?” — спытаў я, каб нешта сказаць, і пастараўся прамовіць гэта як мага больш абыякава.
“На лецішча едзем”, — прагундосіў Бахарэвіч. А Цімафеева паглядзела на мяне насьмешліва. Уяўляю, колькі яны зарабляюць. Усё па замежжах катаюцца. І на табе: ст. м. Магілёўская. Машыны ў іх няма, ці што? Цімафеева пацягнула Бахарэвіча за руку, і яны зьніклі ў дзьвярах, нібы некуды вельмі сьпяшаліся. Бахарэвіч абярнуўся і ашчэрыўся. Можа, спадзяваўся, што я аўтографы ў іх папрашу? Хвігу. Я наўмысна адстаў, каб даць ім згубіцца ў натоўпе.
Яшчэ на цёмнай Партызанскай станцыі мне нарэшце захацелася памачыцца — вось што значыць сьпёка сышла, арганізм апрытомнеў ад шоку і ўспомніў пра свае патрэбы. Цяпер ужо лішняе з потам ня выведзеш. Трэба сябе вывесьці, як сабачку, пад нейкае дрэўца. Калі сядзеў, можна было цярпець, а нагамі запрацаваў — і ўсё, бывай, спакой. Добра, што гэта ўскраіна: тут дрэўцаў хапае, падумаў я і зірнуў на тэлефон: да сустрэчы яшчэ хвілін пятнаццаць, пасьпею.
Дзелавым крокам выйшаў насустрач ужо ня страшнаму сонцу, абагнуў кіёск, прайшоўся да рудога ўзьлеску, за якім запраўка зелянела. Доўга выбіраў дрэўца, каб з праспэкту не было відаць. Унізе аўтобусы тоўпіліся: на Сокал, ды на Сосны, ды на ўсялякія іншыя Сны. Дастаў свайго прыяцеля, мокрага, запрэлага, струмень весела выскачыў на траву, прыбіў памярцьвелыя ад сквару краскі, паліўся, пераліваючыся ў промнях утаймаванага сонца. Разам зь ім і сон выйшаў — апаражніўшыся, я адчуў другое дыханьне, галава зрабілася лёгкай і зноў — сваёй. Вось зараз аддам пакет — і можа, не паеду спаць, а паеду на Камсамольскае возера, залягу на якой-небудзь высьпе, высплюся з заплюшчанымі вачыма...
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.