Цела Нільсава было такое балючае, што яму захацелася памерці. Ён застагнаў, па-даросламу, па-бальнічнаму, і ў цемры раптам адчынілася сьветлая пройма. Месяц зірнуў на яго і прамовіў жаночым голасам:
“Жывы, курва. Жывы, халера ясна. Матка Боска, што ж ты палез на той брызэнт?”
Месяц рабіўся ўсё бліжэйшы і бліжэйшы. І вось ён ужо сьлепіць вочы. Нільс хоча прыкрыць іх, падымае руку да твару — у руцэ заціснута нешта, і ён ня можа расчапіць пальцы. І тады ён дастае гэта зубамі, выцягвае, як бацька выцягваў папяросу з пачка.
Гэта пяро. Шэрае пяро. У зубах у Нільса тырчыць пяро, і ён адчувае ў роце смак сырой курыцы. Падаецца, яно жывое і зараз скажа знаёмым голасам:
“Не змагу? Не змагу-у-у... Хехе! Ды яшчэ як змагу! Ляцім! Я даўно марыў кінуць гэтае быдла і зьехаць у эміграцыю!”
Эмігра-а-ацыю. Так ён казаў, ягоны дзікі гусак, што некалі апынуўся сярод рабоў, ягоны баявы боінг, ягоны нязломны баец, мужны ваяр супраць прыроды і законаў аэрадынамікі. Нільс плача, не расьціскаючы пальцаў, і вольнай рукой дастае пяро з рота. Ён пасьпявае схаваць яго пад пахай, калі дужыя рукі, што пахнуць півам і бульбай, падымаюць яго і прыціскаюць да сябе.
“Кто ты естэсь?”
6.
Думаючы пра Нільса Хольгерсана, я ехаў у аўтобусе ў Нацыянальны аэрапорт да Мамы і разглядваў пасажыраў. Зь Нільсам усё абышлося, а вось ці абыдзецца зь імі? Некаторыя зь іх, мабыць, палятуць разам з маёй Мамай — і што б я ні рабіў, у галаве маёй мільгалі розныя жудасныя, але вельмі выразныя карцінкі: лес пад Смалявічамі, раскіданыя па сьветлых, выгаралых ад сонца ялінах рэчы, агонь разыходзіцца ўсё далей і далей. Сто пяцьдзясят трупаў, ня выжыў ніхто, і голас па тэлевізары скажа, што на целе радзімы зьявілася яшчэ паўтары сотні шнараў.
Жукаў Луг, Каралёў Стан. Паэзія Менскага раёну.
Я ведаю той лес каля лётнішча. Скрозь ельнік бялеюць целы самалётаў, узьлётная паласа дакранаецца да ўзьлеску бэтоннай сьцяной, калючыя сухія кветкі дрыжаць на ветры, кожны кусьцік — таксама лётнішча, адкуль штохвіліны ўздымаюцца ў паветра грузныя чмялі. І калі ў аэрапорт ехаць цягніком, то чыгунка праходзіць акурат праз гэты лес, рэдкаваты, але поўны колераў, быццам лета тут зладзіла сваю лябараторыю. На лясных паваротах цягнік запавольвае хаду — і хочацца выскачыць, пругка ступіць на ігліцу, пагуляць у партызанаў. Хоць гэты лес каля лётнішча найпрыгажэйшы ўвосень. Я ўжо езьдзіў неяк сустракаць Маму з Гішпаніі. На ўзьлеску я нарваў ёй красак. Хоць я нешта блытаю, якія краскі. Краскі былі, калі яна была ў Атэнах.
Аўтобус падымаецца да самага тэрміналу, у дзьвярах захрасаюць чамаданы, я дапамагаю, нахіляючыся зусім блізка да нечых валасатых рук: а з рук глядзіць гадзіньнік, у яго твар маёй Мамы.
Спазьняюся.
У тэрмінале холадна і гулка, як у басэйне.
“Где ты ходишь? — яна бяжыць мне насустрач. — Прывітаньне! О Господи, ты чуть ходишь, круги под глазами, тощий весь как не знаю кто. Отвезешь это — и спать. И вот номер, позвони и договорись, только сегодня, обещай, там ждут!”
“Мама! — я з жахам паглядзеў на тое, што ў яе ў руках. — Мам, ты же знаешь, что я... Вот черт, ну ты ж могла более что-то...”
У адной руцэ ў Мамы была паперка з нумарам.
А ў другой — пакет.
Плястыкавы пакет з інастраннымі літарамі. Пакет сярэдніх памераў, а ў ім яшчэ штосьці, упакаванае ў непразрысты, падазроны, няпросты, прышчавы цэляфан.
“Мама, ну ты бы хоть в сумку положила... Ты ж ведаеш, я ненавіджу пакеты... У меня с собой ничего нет, знал бы, заплечник взял... Ну как я буду с пакетом ходить целый день... Как дурак...”
“В сумку? В женскую?” — хітра прымружваецца мама. Вядома, яна баіцца, што я гей, хоць і не прызнаецца ў гэтым. Але цяпер яна жартуе. Проста жартуе і цалуе мяне ў лоб.
“А что там?” — кажу я смурна, ставячы пакет паміж ног. Цяжкаваты, халера. Але не занадта.
“Где?”
“Ну, в пакете этом...”
“Любопытная ты Варвара. Много будешь знать... В общем, держись, ешь и спи побольше, вот тебе деньги, чтоб ел каждый день. И не забудь позвонить и отдать пакет! Все, давай-пока!”
І яна бяжыць на кантроль. Вакол яе заўжды ўсё пачынае рухацца хутчэй. Ёй шэсьцьдзесят адзін, а яна ўсё бегае, лётае, уладкоўвае, крычыць, калі трэба крычаць, і хітрыць, калі трэба быць хітрай. Мая Мама — птушка. Ня гуска, ня курыца, не верабей, а нейкая сумесь савы і арла. І яе такія частыя сэзонныя міграцыі мяне палохаюць. Што, калі... Смалявіцкі лес, выгаралыя яліны, сто пяцьдзясят шнараў. І пакет у мяне ў руках.
У мяне вельмі дзелавая мама. Яна тройчы была замужам, да трэцяга мужа пераехала, а кватэру пакінула мне. Нашую старую аднапакаёўку ў самым цэнтры. Дзелавая, стылёвая, багатая Мама, дзякуючы якой я яшчэ не памёр з голаду — а вось жа, яна дагэтуль думае, што я здольны хадзіць па горадзе з пакетам.
Я бачу, як яна зьнікае ў нетрах тэрміналу.
Я кручу ў руках паперкі — нумар, грошы.
Ля маіх ног стаіць плястыкавы пакет. Быццам мяне папрасілі паглядзець за чужым дзіцём. Трэба як найхутчэй ад яго пазбавіцца, падумаў я, пазяхнуўшы. Цягам гадзіны. Цягам цэлай гадзіны я буду чалавекам з плястыкавым пакетам. Зноў буду чалавекам з плястыкавым пакетам. На мяне будуць паказваць пальцам усе менскія сонцапаклоньнікі.
Якая гэта ўсё-ткі ганьба. Здавалася б, ну, пакет, ну і што. А хочацца проста ўзяць яго і выкінуць. Забыць дзесьці тут, на лётнішчы. Уяўляю, які будзе пярэпалах, калі яны яго знойдуць. Самотны нічыйны пакет пад лаўкай. Обнаружение бесхозных подозрительных предметов. Сапёраў выклічуць, пасажыраў эвакуіруюць.
Я зьехаў па эскалятары ўніз. Трымаючы ў руцэ пакет так, каб усім было ясна, што ён ня мой, я прайшоў міма міліцыянта, які яшчэ доўга глядзеў мне ўсьлед. У мэтро мяне абавязкова правераць. Чорт, а я нават ня ведаю, што ў ім, у гэтым дзяўбаным пакеце. Я выйшаў з мармурова-мармэляднай прахалоды Нацыянальнага аэрапорту і пашкадаваў, што мне трэба ў горад. Цяпер бы ў лес ці на возера. На рэчку... А я тут з пакетам — з рэччу, зь якой ні пагаварыць, ні выкінуць, ні забыць яе, ні забіць...
Маршрутка была пустая, толькі лета сядзела там, на мокрым ад поту сядзеньні, у лета было мокра паміж ног, і яно сьмяялася з нас, і сьвяціла нам, і круціла ручку свайго вар’яцкага радыё. Задуха гэтага мікрааўтобуса аглушала, быццам бесьперапынны шум. Гарачыя хвалі набягалі на твар — і калі б ня Мама...
“О господи, да тут просто газенваген”, — прамовіла жанчына за мной і штурхнула мяне ў сьпіну. Пакет увайшоў і сеў каля акна. Пакеты не пацеюць.
“Да Ўручча, — сказаў я, сунуўшы грошы. — Не, давайце да вакзалу”.
Мікрааўтобус пастаяў крыху — і вось яны, бягуць, балакаючы на хаду, людзі зь іншага лета. З Алматы, Алібабаеўску, Ашгабату, Апшэрону, Анапы, Альфа-Бэта-Цэнтаўра. Маё менскае лета і іхныя, забраныя са стужкі з багажом, заціснутыя ў адну маршрутку. І разам мы — атамны рэактар лета. Выбухнем? Ці ў нас тут
“Занято”?
Я прыбраў пакет, прыціснуў да сябе, адчуваючы, як б’ецца ягонае сэрца.
“Да метро, да метро, да метро”, — загаварылі ўсе адначасова і я заплюшчыў вочы.
Чалавек з пакетам.
7.
Можна было, вядома, набраць нумар проста ў маршрутцы: “Алё, добры дзень, гэта ад Аксаны Іванаўны, яе сын, яна прасіла вам пакет перадаць, дзе мы можам сустрэцца? Што? Добра, хорошо, гут, я говорю, я Оксаны Ивановны сын, мне вам тут один пакет передать нужно, куда подъехать?”
Можна было. Але халера на яго, на пакет і на Маму... — не, на Маму халеры ня трэба, я яе люблю... — а не люблю я званіць, калі мяне абляпілі людзі, хай яны і з чужога лета, не з майго, не люблю навязваць свой голас, сваё жыцьцё, свае клопаты. А ім вось пляваць. Яны бяз комплексаў: варта было маршрутцы вырвацца на прастору шашы, як усе падаставалі свае сьмяртэльныя смартфончыкі ды затараторылі ўроссып ды ўразнабой — ды ўсё пра сябе, пра тое, што даляцелі, што хутка будуць дома, ці што яшчэ доўга ня будуць, ці што проста ўсё нармальна, нармальна, нармалды, як адзін мой знаёмы кажа, з націскам на апошні склад, што было класна, а будзе яшчэ класьней, што надвор’е ў Мінску проста
зашибись
заебись
закусь
готовь, я уже в маршрутке сижу, скоро увидимся —
і ўсім ім, па-мойму, проста трэба было абвясьціць сьвету, што яны ёсьць, ёсьць, і нічога ты з гэтым ня зробіш, таму цярпі, слухай і рабі выгляд, што нічога ня чуеш.
Вось і ня стаў я нікому званіць — падумаў, што на вакзал даеду, адтуль і пазваню, дамоўлюся, з вакзалу ў любую кропку даехаць лёгка, калі толькі не ва Ўручча, канешне, ці на Ўсход пакет адвезьці трэба, але гэта наўрад ці, вырашыў я — сам ня ведаю чаму.
Менск быў блізка, выстаўляў зь лесу плякаты, як далоні — маўляў, спасіба, ня нада мне вас, пасажыраў, ляціце міма, і мне хацелася, каб народ у маршрутцы заціх, хаця б на хвіліну. А калі ім усім так хочацца пагаварыць, можна ж зацягнуць разам нейкую песьню. Файна было б, калі б мы зараз усе грымнулі, хорам, па-заліхвацку, хітаючы галовамі, несьмяротны гіт:
“I am a passenger!“
Але яны ня ведаюць словаў. Я быў абсалютна пэўны, што ніхто ў гэтай маршрутцы ня ведае словаў Ігіпопавай песенькі. Затое радыё ведала, што ім да душы: не вешать нос, гардемарины, дурна ли жизнь иль хороша, вось гэта яны ведаюць, самі забылі, адкуль, але ведаюць, падсьпяваць могуць, а мне толькі рот раскрывай. На мове радыё ў маршрутцы гэта называецца: ностальгія. Калі дваццаць чалавек ціха падпяваюць носам:
“Едины парус и душа, судьба и родина едины”.
Маршрутка неслася ў Менск. Мы і праўда былі цяпер заадно: пот, подыхі, парус, душа, судьба, родзіна, праўда, была розная, але дзе ты з самалёта сышоў, там і родзіна, такі закон лятучых людзей.
“Хорошо”, — сказаў нейкі гардэмарын гадоў пяцідзесяці: ён вывальваўся са сваёй бязрукай майкі, распаўзаўся, як валасатае жэле, ягоны пот струменіўся ў мяне па калене.
“А харашо жыць ешчо луччэ”, — абярнуўся нехта і засьмяяўся.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.