А можа, на белай віле пасяліўся іншы доктар. Доктар, якому ніхто ня верыў. Доктар зь ягонымі апаратамі, пігулкамі, тамографамі і кнігамі. Да яго хадзіла ўсё менш гасьцей. Дарагіх гасьцей — бо хіба бываюць іншыя госьці пры сыстэме страхавой мэдыцыны.
Вядома толькі адно. Па нейкім з паветраных мастоў, якія дазваляюць людзям у гэтай частцы андартальскага лесу дзяліцца магіяй і прыгажосьцю, ступалі, трымаючыся за сьпінкі сядзеньняў, жаніх і нявеста. Маці села каля ілюмінатара. Жаніх, выцягнуўшы ногі, уладкаваўся ў праходзе. Стуардэса пачала сваю пантаміму. Самалёт разьбегся і ўзяў курс на поўдзень.
Паляцела бабка ў ноч — як нехта ў сьпіну штурхнуў. Дрэмле пад завываньне машыны крылатай, вочы адплюшчыць — жаніх яе побач сядзіць, у адну кропку ўтаропіўся. Бяссоны Крывічанін. Бо ніхто на Крыўі ня сьпіць, дух сьцеражэ, той, што можа час распрасьці, усё назад вярнуць. Да чыстага лесу.
“Бабка, — паўтараў жаніх, лежачы каля яе ў нумары рымскага гатэля. — Бабка. Нявеста мая. Богам суджаная. Пацярпі. Засталося зусім ужо трошкі. Мы з табой мусім быць цярплівыя, як багі. Перад намі вечнасьць, бабка. Вечнасьць”.
Горад, што раскінуўся за акном, ведаў толк у старасьці. Ніхто ня мог сказаць, адкуль ён узяўся, а калі б і змог, дык не паверылі б. Прасьцей было сказаць, што яго знайшлі ў музэі, гэты горад, які глядзеў на старую Бянігну і яе жаніха і разумеў, што яны задумалі.
Горад-бабка. Горад-шаптуха. Горад, які даўно хоча сьмерці — ды ніяк ня можа. Горад-стары забойца.
“І ты, бабка, калі сілу мне сваю аддасі, зробішся горадам, выставіш над зямлёй свае косткі, людзям прытулак дасі. Усе гарады на бабчыных касьцях стаяць, — казаў ёй жаніх, любуючыся выглядам з акна, і гладзіў бабчыну руку, гладзіў так асьцярожна, быццам баяўся, што яна рассыплецца зараз. — Маладыя гарады — гэта і не гарады зусім. Горад мусіць састарэцца, каб сілу мець. Стары горад маладую кроў п’е і ніяк напіцца ня можа. Тут, у Рыме, некалі старыя мужчыны ў Калізэі зьбіраліся, каб кроў маладых глядыятараў піць. І маладзелі, маладзелі, выйгравалі для сябе на гэтых гульнях яшчэ трошкі жыцьця — і ніхто не пераймаўся, што грэх гэта. І кроў пілі, і спэрму падлеткаў, а, бабка, як табе? — бо ніхто старым рабіцца ня хоча. Столькі сілы прапала, бабка... Столькі сілы ў крыві ўтоплена... Ненавіджу кроў...”
Ён узіраўся ў горад за акном, яму на імгненьне здалося, што ня бабка ляжыць побач зь ім на ложку, а маладая ды доўгавалосая дзяўчына, сапраўдная крывічанка, якая ведае і разумее, пра што ён кажа — вось падымецца зараз, заказыча сваімі пасмамі сьвятлявымі, засьмяецца ручаіным сьмехам, ды вянок на яго надзене. Такой і была Алеся, была — пакуль не забраў ён яе да сябе на Крыўю.
“Ненавіджу кроў... Ніколі ні кроплі ні праліў. Бо ня веру ў іхнага бога хрысьціянскага, юдэйскага, крывавага. Я, бабка, калі кроў бачу — непрытомны раблюся, гемафобія ў мяне, бабка... А яны кроў любяць... Без крыві жыць ня могуць. Усё іхнае хрысьціянства — адна тоўстая крывяная каўбаса!”
Ня вытрымаў, забегаў па пакоі, замільгаў, крыламі залопаў — касавурачы на бабку вачыма сваімі зыркімі. Як ангел у пакой заляцеў.
“У нас, славянаў, тых, хто Ведай валодае, старых тапілі. Старых ани перерахувати, ани передерживати, всех старых дедов вытопити — гэта закон старажытны, славянскі. Ня я прыдумаў, у кнізе гістарычнай прачытаў. Баяліся старых, сілы іхнай баяліся. А я цябе не баюся, бабка. Кахаю цябе. Як зямлю, кахаю, як сьмерць, як корань свой родны... Толькі на такой сіле і расьцьвіце Крыўя, тая, што я знайшоў. А дзе душа чыстая, там і кроў ачысьціцца.
У нас, славянаў, бабка, кроў асаблівая. Ёсьць тэст адмысловы: нашая кроў чырвонай застаецца, а ў жыдоў, арабаў, турак, армян, індусаў, іранцаў — у чужародцаў кроў бляднее, сіне-зялёнай робіцца. Як у малюскаў, васьміногаў і каракаціц. Тых, каго на востраў наш сьвяты мора выносіць...”
Хутка ў яе жаніха настрой мяняўся — як у тэлевізара. Толькі што бегаў ад сьцяны да сьцяны, а цяпер ляжаў на пузе, сьмяяўся — ды прыгадваў уголас, забыўшы пра сваю нявесту.
“Некалі я верыў у кроў. Мы з хлопцамі-крывічамі ў Менску такія экспэрымэнты ставілі... Хімія і ніякай магіі. Аднапрацэнтны сьпіртавы раствор мэтыленавай лязуркі; сьпіртавая рошчына крэзылвіялету; паўтарапрацэнтная рошчына нітрату срэбра; саракапрацэнтная саляная кіслата ды яшчэ аднапрацэнтны раствор пэрманганату калію. Хочаш у крывічы? Дакажы, што варты... Што твая кроў чырвоная. Расеец Манойлаў гэтую формулу вывеў. Бралі кроў — сваю, чужую — ды на аналіз. Я ведаў, што не змагу глядзець, а каб не глядзець, найлепшы спосаб — камандаваць. Так я зрабіўся галоўным. Бо не глядзеў. Ніколі не глядзеў, што на мой загад робяць... Там я з Храністам нашым і пазнаёміўся. О, бабка, што ён пісаў тады. Хочаш, пачытаю? Усё тут, усё засталося, толькі вось Кранікёра няма больш... Скончыўся. Дапісаўся. Касмоляг наш...”
Спахмурнеў яе жаніх, але адкінуў змрочныя думкі:
“Ну, няма і няма, і няма чаго пра яго гаварыць. Галоўнае — што ад яго засталося!”
Ён уключыў ноўтбук, уладкаваўся побач з бабкай і, захлынаючыся ад захапленьня, пачаў чытаць:
“Навіны касмалёгіі. Гэта рубрыка такая... Формула крыві... А гэта назва... Бла-бла-бла... Гэта не цікава. Вось. Вось тут. “У СССР гэтую інфармацыю засакрэцілі, бо ва ўладзе былі чужародцы: жыды і каўказцы. Пад іх уплывам і пачалося перараджэньне”.
Ясна, што гэтае іхнае хрысьцінства даўно ўжо ў дупе... Але чытаем далей.
“...Кажуць, усе людзі паходзяць ад Адама. Але калі ў славянаў і ў мурынаў адзін продак, то чаму ж мы ўсе такія розныя? На першы погляд, у людзей чатыры групы крыві, рэзус-фактар і ўсё такое. Афіцыйная навука тлумачыла гэтую розніцу ўмовамі пражываньня, клімату... Напрыклад, нэгры. Яны чорныя таму, што жывуць у тропіках. Аднак колькі б тысяч гадоў белыя ні жылі ў Афрыцы і Азіі, яны чамусьці не зрабіліся ні чорнымі, як нэгры, ні вузкавокімі, як мангалёіды. У Паўночна-Ледавітым акіяне “British Petroleum” і “Газпром” знайшлі парэшткі трапічных расьлін і жывёлаў. Даказана, што яшчэ да глябальнай катастрофы полюсы памяняліся месцамі, трапічны клімат на працягу мільёнаў гадоў быў ня ў Афрыцы, а ў нас на Поўначы. Значыць, нэгры маюць такі выгляд зусім не таму, што яны жывуць у тропіках. Застаецца зьдзіўляцца, наколькі чужародныя рэлігіі (Індуізм, Хрысціянства і інш.) Белых людзей замбавалі, прымусіўшы іх паверыць у тое, што нібыта ўсё чалавецтва адбылося ад аднаго юдэйскага Адама. Чытаючы іх Біблію, мы нават ніколі не зьвярталі ўвагі на тое, што іх Адам ня быў народжаны, а быў створаны з праху, створаны штучна. Ева была зробленая з рабрыны, то бок — кланаваная. Адам і Ева былі адны, а значыць іх дзеці распладзіліся праз інцэст, як зьмеі. Таму кроў чужародцаў пры тэставаньні робіцца сіне-зялёнага колеру, што пацьвярджае іх біблейскае г. зн. штучнае паходжаньне. Атрымліваецца, што гэтыя нашчадкі Адама, як навучае іхная Біблія, чалавекападобныя, але яны ня людзі.
Адкуль жа зьявіліся чужародцы?
Міты не ўзьнікаюць на пустым месцы. За кожным мітам хаваецца нейкая рэальнасьць. Так, кітайскія міты кажуць, што кітайцы паходзяць ад нябеснага зьмея, лаціняне вядуць сваё паходжаньне ад чароўнага сабакі, жыды і арабы ад створанага Госпадам Адама. Высновы навукоўцаў: Цалкам відавочна, што розныя “расы” паходзяць ад розных пачаткаў, а не ад аднаго іх Адама, як палохалі нас хрысьціяне. І мы не самотныя ў сусьвеце. Існуе маса навуковых сьведчаньняў, прадстаўленых у фільме Everard Jurquet “Сакрэтны Космас”, аб генэтычнай сувязі чужародцаў з прышэльцамі пазазямных цывілізацый рэптылёідаў, якіх старажытныя людзі прынялі за багоў. Проста на гэтай зямлі чужародцы расы c4e34f95-150x150 апрануліся ў зразумелую нам матэрыяльную абалонку. На старажытных фрэсках адлюстравана, як прыхадні праводзяць генэтычнае скрыжаваньне ДНК малпаў, сабакаў з ДНК рэптылёідаў, каб вывесьці чалавекападобных істот і празь іх асыміляваць людзей. У няўдалых скрыжаваньнях атрымліваліся сьнежныя людзі, голэмы, русалкі і кінакефалы.
Вось так, бабка. І людзі чыталі гэта! Тысячы чыталі, дзясяткі тысяч. Чыталі і верылі! Усе чыталі — а я ўжо тады думаў пра Крыўю... ”
Спала старая Бянігна. Спала пасярод мёртвага старога гораду, побач з жаніхом сваім, які глядзеў у ноч так, быццам хацеў у ёй дзірку прагледзець.
Дзірку памерам з востраў.
14.
Уцекачы зьявіліся з поўдня. Аблезлы баркас, што зь цяжкасьцю перапаўзаў з хвалі на хвалю, раптам перастаў тарахцець, замёр на ўваходзе ў бухту — і, заваліўшыся на левы бок, паплыў у бок вострава.
Максім Крывічанін заўважыў людзей занадта позна. Баркас кінуў якар зусім блізка — а можа, сеў на мель — і ягоныя пасажыры, па калена ў вадзе, доўгай чарадою рушылі да берага. Іх было шмат — і гаспадар вострава не разумеў, як яны ўсе маглі зьмясьціцца на гэтым кавалку жалеза, які прасядаў у вадзе ледзьве не да палубы. Баркас мусіў пайсьці на дно адразу ж пасьля іхнага адпраўленьня — і ўсё ж дабраўся сюды, нібы яго падтрымлівалі пад вадой нябачныя рукі нейкіх марскіх бостваў. Ягоны шлях ляжаў далей, на кантынэнт, але сілы гэтых людзей сканчаліся. Таму яны вырашылі зрабіць перадышку. А можа, і праўда, палічылі гэтую нікому не патрэбную сушу Эўропай.
Адкуль яны прыплылі? Максім Крывічанін не хацеў гэтага ведаць. Месца, адкуль яны ўцякалі, было адной з тых сьпякотных краін, дзе ў людзей замест крыві сіне-зялёная рошчына. Як у васьміногаў, каракаціц, малюскаў. Крывічаніну было ўсё роўна, хто яны, адкуль і чаго хочуць. Чужакі мусілі пакінуць Крыўю. Пагатоў, яны зрывалі яму вясельле.
Зноў зрывалі іхнае вясельле.
Колькі іх было? Мо паўсотні. Некалі ў яго таксама было паўсотні, ды яшчэ паўсотні. Але іх няма. І куды падзеліся, Максім Крывічанін думаць не хацеў. Іх няма. Дык нашто пра іх думаць?
Толькі ён, ды бабка, ды Алеся. Крыўская сям’я. Апошняя крыўская сям’я.
Ён з пагардай глядзеў у бінокль, як чужакі раскладваюць на беразе пажыткі, як зьбіраюць і зноў раскладваюць, ужо далей ад вады, заваёўваючы крок за крокам гэтую нечаканую зямлю. Бачыў, як адны падаюць у зьнямозе, іншыя кідаюцца да дзяцей, трэція азіраюцца, шукаючы абароны ад сонца. А сонца ўставала, падымалася ўсё вышэй, Ярыла сьмяяўся, Ярыла даваў цеплыню кожнаму, незалежна ад веры ў яго, і не сачыў за тым, колькі яны гатовы ўзяць. Людзі замітусіліся. Над лягерам уцекачоў вырасьлі самаробныя парасоны ды павеці — большасьць хавалася пад імі, перадавала з рук у рукі плястыкавыя каністры з вадой, але некаторыя мужчыны адыходзілі ад лягеру ўсё далей і далей. І з кожным крокам пачуваліся ўсё больш упэўнена.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.