Самалёт хацеў Бянігну скінуць, адчуваў белы самалёт, што ня любіць яна яго, што ня хоча быць ягонай пасажыркаю — і пачаў наўмысна зь Бянігны зьдзекавацца: то зробіць так, каб Бянігна сэрца ў роце знайшла, то так, каб у пятках, то так, каб у чашачках каленных, то наогул крутане, каб Бянігна пакацілася і лбом аб сьценку жалезную ўдарылася. Але барадач, сьпіна якога была відаць у пройме вузкіх дзьверак, утаймаваў таго самалёта буйнага, дзікага. І калі Бянігна наважылася зірнуць у акно — было пад акном так ужо сіне, ды такая там была бяскрайнасьць, што ў яе заняло дух. Як бясконцая сіняя сукня, ляжала пад ёй халодная вада, ад краю сьвету да краю, і вышывалі па гэтай вадзе ня срэбранымі ды залатымі ніткамі, і не пярлінамі каштоўнымі, а аблокамі, параходамі ды дзівоснымі рыбамі.
І быў гэта першы падарунак ёй, нявесьце, ад ейнага жаніха.
І быў ад яго другі падарунак:
Неба неахопнае, з узьбітымі, як падушкі, хмаркамі ды аблачынкамі, са схаванымі ў ім самалётамі, якія іхная машына абганяла, бо была лягчэйшая за ўвесь чалавечы сьвет.
І быў Бянігне-нявесьце трэці падарунак ад жаніха:
Тэлевізар, такі ўжо пляскаты, як газэта, а ў тэлевізары мільгалі людзі. Страшны дзядзька ўключыў яго і знакамі паказаў, каб яна глядзела, а яму галавы не дурыла. Бянігна паслухалася. Мабыць, паказвалі па ім нейкі сэрыял, і гэта адразу супакоіла старую — бо сярод людзей, што мітусіліся на экране, яна міжволі пачала шукаць злую кабету-Элізабэту, і Джона распрыўкраснага, і Мэры тую няшчасную. Недзе ж яны там ходзяць, у тым тэлевізійным сьвеце — тамака ўсе, відаць, адно аднаго знаюць, вось бы спытаць, але не такая ж ты, бабка, дурная, каб у тэлевізара, як у чалавека жывога, пра сваіх знаёмых пытацца... Хоць бывалі і такія случаі — была ж некалі перадача “Ждзі міня” — і людзей знаходзілі, і плакалі тыя людзі ад шчасьця, і Бянігна разам зь імі...
Але гэта даўно было. Дужа даўно, калі яшчэ думала яна, што вось, было ў яе тры мужы, і што чатыры — цыфра няправільная. А цяпер ляціць Бянігна на белым самалёце. Расказала б яна пра гэта мужу свайму першаму, які пад парэчкавым кустом ляжыць — што ведае яна цяпер, як гэта: ангелам па небе лётаць.
Але ці пабачыць яна калі той парэчкавы куст — гэта было вялікае пытаньне. А дзядзька той у акно тыцкае: глядзі, бабка, глядзі, шаптуха. Яна скасіла вока, а там і праўда было на што паглядзець. Проста пад імі на сіняй тканіне мора ляжаў невялікі востраў, выгнуты, як кот, што на печы заснуў. Тапырылася на сьпіне вострава зялёная шэрсьць, і сядзелі на ягоным карку белыя дамы. Усё ніжэй і ніжэй спускаўся над востравам самалёт, усё больш і больш бачыла Бянігна, дарма што вочы старыя былі. Быццам маладзейшая яна зрабілася, калі над востравам апынулася. Бачыла сьцягі, якія трапяталі на марскім ветры, бачыла дарогу, што вілася па востраве, і чалавека, які ехаў на ровары, не падазраючы нават, што Бянігна на яго зь неба глядзіць. Бачыла дрэвы, якія дрыжалі ў паветры, як балярыны.
Загудзеў андартальскі сьвет і прыцягнуў да сябе Бянігну. Прыціснула яна да грудзей жаніховы падарункі — а ў руках ужо і няма нічога. Толькі сваё калена ў грубай тоўстай панчосе. Такія яны, падарункі мужчынскія: падманлівыя, прыгожыя, празрыстыя, як словы іхныя ласкавыя — і не жывуць доўга, у пыл рассыпаюцца, як толькі іх у рукі возьмеш. Бянігна засаромелася, паправіла спадніцу, самалёт грымліва павітаўся зь зямлёю і, лёгкай птушынай хадою прабегшы па яе пузе, стаў і сьціх.
Дзядзька адчыніў дзьверы, упусьціў у самалёт сонца і скінуў лесьвіцу. Адшпіліў старую, як карціну са сьцяны зьняў, і дапамог ёй падняцца.
Асьлепленая, зь цяжкім сэрцам і нягнуткімі нагамі, стала Бянігна на жалезную лесьвіцу і, хоць і не хацела, але ўдыхнула глыбока ў сябе чужое паветра.
Салёнае яно было, і такое чыстае, што аж выплюнуць захацелася. Але стрымалася Бянігна, бо хто ж, у госьці прыходзячы, гаспадарам пад ногі плюе.
Дзе ты, хата далёкая, дзе ты, неба роднае, нізкае, руку працягні — і дастанеш, дзе ты, пад парэчкавым кустом белы парашут зь белымі костачкамі. Занесла старую Бянігну на самы край сьвету. І як ёй адсюль выбрацца, яна ня ведала.
6.
Каля самалёта Бянігну сустракалі мужчыны — быццам была яна нейкаю важнаю госьцяй, а ня бабкай цёмнай ды нямоглай. Стаялі і глядзелі на яе — ды з такой цікаўнасьцю, што Бянігна ўміг засаромелася, спынілася пасярод дарожкі, што ад самалёта проста да іх вяла, разгубілася, галаву яшчэ глыбей у шыю сваю крывую схавала.
Так і стаялі яны насупраць — бабка, якую той самы дзядзька ўсё пад руку дзяржаў, і цэлая група мужыкоў у шортах ды кепках, што на Бянігну глядзелі. І ніхто ня рухаўся — як зачараваў хто. Толькі вецер марскі іх па галовах тузаў, і пад Бянігніну хустку лез. Цырульнік-назола. Прычоску ёй, відаць, справіць хацеў, каб пад жаніховы вочы яна папрылічней убраная выйшла.
Асвоілася Бянігна, стала мужчын разглядваць. Быў сярод іх нейкі дзед сівенькі, увесь у белым, быў асілак малады, з нагамі паголенымі, як у дзеўкі, быў мужчынка вузкавокі, невысокі, як татарын, быў і тоўсты, мажны, з палкай гумовай, якой ён сябе па калену голаму стукаў. Пачала Бянігна разважаць, хто зь іх яе жаніх, ды з тым тварам на фатаздымку параўноўваць. А яны ўсё моўчкі ў Бянігну ўзіраліся — і цяжка было сказаць, радыя яны яе бачыць, ці не. Такімі вачыма можна і на сабаку глядзець, і на каня, і на машыну новую, і на грады, градам пабітыя. Але каб так на нейкую там бабку глядзелі — такога Бянігна яшчэ не сустракала. Думалі мужчыны пра нешта, на яе гледзячы, а пра што — хто ж тых мужчын ведае, яны ўсягда сабе на вуме.
Сівы дзед быў хаця й дзед, але ж нейкі дужа малады ды маладцаваты. Не прыдаваўся ён на жаніхова месца, дый на фатаздымку твар без барады быў, а гэты, бач ты, з барадой казьлінай. Ня мог дзядок гэты рукі яе прасіць. Ён хіба за бацьку жаніха пайсьці мог, але сам ужо аджаніўся. Таму не, ня гэты, вырашыла Бянігна і ўпілася вачыма ў другога мужчыну.
Гэты, з нагамі гладкімі, дзявочымі, ды з такімі цягліцамі пад майкай, што яму б дубы варочаць, быў дастаткова малады, каб здурнець і ў жаніхі да бабкі падацца. Але вочы ягоныя не такія былі, як на картачцы той дзівоснай. Прасьцейшыя ды дабрэйшыя. Мо трэці? Татарын? Хто тых татараў ведае, які ў іх там звычай, і якія мысьлі дзікія, татарскія, ім па начах прыходзяць? Ці гэты — вось ужо дзе таўстун. Як ён у дзьверы пралазіць. У Бянігніну хату дакладна ня ўлез бы.
І калі Бянігна перабрала ўсіх ды так і не дапяла, хто з тых мужыкоў яе сюды даставіць загадаў, з-за яе сьпіны — адкуль толькі ўзяўся — выскачыў хлопец, увесь у чорным, сам босы, а галава ў кудзерках. Разбаўтаны, рухавы, так і хацелася падкруціць на ім шрубы ды ў некаторых месцах цьвікамі пазабіваць, каб не разваліўся. Рот у хлопца быў прыгожы, як чырвоная ягада на кусьце, але толькі да таго моманту, пакуль той хлопец рот не разявіў. І тады ператварыўся ягоны рот у шырокую чорную дзірку, якая адразу ж усю ягоную красату сапсавала.
Хлопец забег перад ёй, стаў — блізка-блізка, так, што Бянігна адчула ягоны подых, зазірнуў ёй у вочы — уладна, патрабавальна, зрэнкі ягоныя зьледзянелі. Паклаў ёй рукі на плечы — і тут жа адняў, схаваў за сьпінай. А потым зноў абабег Бянігну, як быццам яна дрэвам была, да якога ён штосьці прывязваў.
І зноў замёр перад ёй, гэтым разам усьміхаючыся.
Бянігна паглядзела на мужыкоў — тыя, мабыць, сьмяяліся з такіх выкрутасаў. Але мужыкі стаялі сур’ёзныя, нейкія панылыя нават, ніхто нават найменшай усьмешкі сабе не дазволіў. Быццам гэта тут у іх нармальна было — вакол бабак старых бегаць, як тыя клоўны.
Хлопец у чорным зрабіў вакол бабкі трэцяе кола і гэтым разам коратка віскнуў. Стаў да яе ўсутыч, зноў віскнуў і змоўк.
І паглядзеў на яе тым самым позіркам. Позіркам жаніха з фатакарткі.
Стаяла перад ім Бянігна ні жыва ні мяртва.
“Бабка!” — пракрычаў раптам жаніх ейны, ды так гучна, што яна ледзь не павалілася: ці то ад страху, ці то ад сьмеху. Такога сьмеху, які бывае, калі жах да самага сэрца працінае.
“Бабка!” — пракрычаў ён са шчырым, маладым захапленьнем і абвёў вачыма сваіх таварышаў. Глынуў, бліснуў вачыма.
“Сапраўдная!” — голас ягоны быў такі шчасьлівы, што ўсе заківалі, заўсьміхаліся, расслабіліся.
“Сапраўдная, жывая бабка, — прамовіў ён ужо спакайней, і вочы ягоныя прамяніліся ад задавальненьня. — Мая!”
“Мая бабка, — прамармытаў яе шчасьлівы жанішок і памацаў яе за шчаку, за плячо, за жывот. — Мая ўласная. Што скажаце?”
Ён павярнуўся да прыяцеляў сваіх, і ўсе заківалі яшчэ больш жвава: бабка, твая, сапраўдная, ніхто не аспрэчыць, жывая.
“Можа, хтосьці сумняваецца? — падазрона зьвярнуўся хлопец да мужчын, што ўсё ківалі, ківалі, ды бліжэй не падыходзілі. — А? Дык ідзіце бліжэй, што вы там застылі, як у заапарку? Хадзіце сюды, мая бабка вас ня ўкусіць... А сам я яшчэ падумаю, кусаць вас ці жыўцом рэзаць. Паслухаю спачатку, што вы скажаце. Мудрацы вы мае, сумленьне нацыі. Ідзіце, праверце”.
“Ды што ты ўсё скачаш... — падаў голас багатыр з жаночымі нагамі. — Ну, бабка. Ну, сапраўдная. Ніхто не сумняваецца. Такая, як ты хацеў. Старая, праўда, занадта. Гадоў бы на дзесяць маладзейшую...”
“А што, было з чаго выбіраць? — прамовіў скрыпучым голасам сівы дзядок. — Гэта ж ня проста бабка. Такія толькі ў адным экзэмпляры бываюць. Гэта такая бабка, што адна цэлай краіны вартая. Скарб, а ня бабка”.
Бянігнін жаніх імкліва пераводзіў вочы то на аднаго, то на другога, а потым стаў з бабкай поплеч, і была яна яму па грудзі, і легла ягоная рука ёй на плечы.
“Бабка... — прымружыўся жаніх, агаліўшы свой вялізны рот, і да неба галаву ўзьняў. — Гэта ж трэба. Даставілі мне бабку проста на дом, быццам пасылку поштай прывезьлі. Цёплую яшчэ, пахучую, з ручкамі, ножкамі. Расьпісаўся, заплаціў за перасылку — і вось яна, тут. Хто б мог падумаць... У такі час жывем. Адлегласьць больш нічога ня значыць. Межы, дзяржавы, законы — усё лухта. Захацеў — і сваю бабку маеш. Уласную. Нават засумаваць па ёй не пасьпеў як сьлед — а яна ўжо тут...”
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.