Пазьней, калі я ўжо быў цалкам сабе дарослым чалавекам і часам заставаўся дома адзін, я некалькі разоў не вытрымліваў і клаўся на падлогу, быццам шукаў тую згубленую жанчыну. Яе нідзе не было. Я браў нажніцы і паперу, і вакол мяне зноў вырасталі імпэрыі дзяцінства, мае салдаты, сяляне, жрацы няісных рэлігій, а я ляжаў з заплюшчанымі вачыма і маркотна прыслухоўваўся да сваіх адчуваньняў. Часам мне падавалася, што сэрца коле нешта знаёмае, я чакаў знаёмага, забытага ныцьця ўнізе жывата, ляжаў, баючыся спужаць мінулае, якое, я думаў, вось-вось прашмыгне міма па пустой кватэры — але ўрэшце прыходзіла толькі расчараваньне. Туды не вяртаюцца. Прынамсі, на самоце. Патрэбныя ворагі або саўдзельнікі, але ніхто ня здольны выклікаць іх з царства ценяў.
Пры чым тут лінгваканструяваньне, запытаецеся вы? Пры чым тут бальбута? Хіба яна нарадзілася ўжо тады? Вядома, не. Да бальбуты было яшчэ як да месяца.
Як заточанаму зубу алоўка да папяровага месяца.
Рэч у тым, што тады, падлеткам, гуляючы ў нашыя дзіўныя гульні і перасоўваючы па падлозе папяровыя фігуркі, я меў да прыяцеляў адно важнае патрабаваньне. Калі ўжо мы маем свае дзяржавы і народы, мы мусім прыдумаць ім мовы, нецярпліва тлумачыў я ім. Гэта падавалася мне такім відавочным: да сьлёз! — але, на жаль, толькі мне аднаму. Прыяцелі нехаця пагаджаліся, ды што толку: ім хапала двух-трох бязглуздых фразаў — чыста для дэкору, бессэнсоўных фразаў, якія яны самі ня ў стане былі запомніць. І калі я пачынаў іх распытваць, як будзе на іхных мовах сёе ці тое слова або выраз, вельмі хутка яны не вытрымлівалі. Я добра памятаю іхныя сіплыя распсыхаваныя галасы: я толькі гульню ім псую сваімі капрызамі. Цяпер я, канечне, усё разумею. Іх захапляла іншае: тышч, тышч, тыдышч, улада, стрэлы, войскі і голыя жаночыя фігуркі. Прыдумаўшы свайму народу пару словаў з галавы, яны лічылі, што гэтага цалкам дастаткова, і раздражняліся, калі я лавіў іх на жудасных неадпаведнасьцях моўнага ладу.
У мяне ж усё было сур’ёзна. У тоўстых сшытках я складаў слоўнікі і граматыкі падуладных мне папяровых людзей. І строга сачыў за тым, каб усё ў маёй краіне было паводле правілаў. Калі нейкі з маіх генэралаў выдаваў пісьмовы загад, мне даводзілася ня раз зазірнуць у свае сшыткі. Мае генэралы ня мелі права на памылку. Прынамсі, на моўную. Сяброў гэта раздражняла. Іхныя сьпехам нарэзаныя народзікі шпарылі па-расейску, хоць і мелі, на паперы, свае нацыянальныя мовы. Нешта нагадвае, праўда? У маіх войсках і таемных службах нават былі адмыслова выразаныя і размаляваныя спэцыялісты ў цёмных акулярах, каб вывучаць мову ворагаў — але ім проста не было чым заняцца і яны праціралі на дыванах свае папяровыя штаны.
Такім чынам, сябры не зьбіраліся марнаваць час і паперу на такія дробязі, як нейкае там лігнваканструяваньне, і, напэўна, лічылі мяне тым яшчэ занудам. Але ў гульні мае яны гулялі з падлеткавым імпэтам — бо ніхто іншы ня мог прапанаваць ім нічога падобнага. Адзін зь сябрукоў уладзіўся ахоўнікам у вялікім гіпэрмаркеце. Калі я яго сустракаю, дык раблю выгляд, што мы не знаёмыя. Іншы сьпіўся і памёр у Маскве. Ён любіў перакручваць словы: гэта ягоны выраз, які ён паўтараў з тупой асалодай і нейкім кішэчным сьмехам — “нармалды”. З націскам на “ы”. Нармалды, Алежка, все нармалды. Усе сьмяяліся. Апрача мяне. Пад іхны дурны сьмех я разважаў, адкуль ды навошта тое ненармальнае “нармалды” і як яно магло прычапіцца да нашай расейскай мовы, відавочна нешта дзікае, цюркскае, дурны дзядоўнік з далёкага стэпу, прынесены сьляпым ветрам з аднаго канца імпэрыі ў другі.
Трэці прыяцель зьехаў у Ангельшчыну і неяк праз шмат гадоў знайшоў мяне ў фэйсбуку. Ён даволі доўга даставаў мяне, пішучы мне ў прыват бадзёрыя пытаньні наконт таго, чаго я дабіўся ў жыцьці — і ўсё па-ангельску. Чаму раптам па-ангельску? Каб не прынялі за нашага? Але хто яго пабачыць тут, у прыватным чаце? Неўзабаве мне зрабілася ясна. Яму не хапала маёй зайздрасьці. Ён хацеў прызнаньня свайго саксэсу. Яму карцела паказаць, што ён “кое-чего добился в жизни”. Чамусьці яны ўсе, зьехаўшы, курчаць зь сябе такіх ужо эўрапейцаў, што на ваніты цягне. Я ўважліва разгледзеў фота прыяцеля, які ўсьміхаўся з-пад нейкіх пальмаў. Ды ў яго на лбе было рускім языком напісана: дзіця гаўнамікрараёна, савок па нараджэньні, чыстакроўны славянін, то бок сын яўрэйкі і татарына. Аблічча не зьмянілася. Зьмянілася мяно. На канцы ягонага прозьвішча зьявілася прыгожае “off”. Быў Сырнікаў, а стаў Sirnikoff. Цікава, ці памятае ён нашае поўзаньне па падлозе, нашыя пакты, перамогі, перамір’і, нашыя падарожжы з папяровым порна на потных падушачках пальцаў — ад плінтуса да плінтуса? Мне хацелася ў яго распытаць пра ўсё гэта, нашае, далёкае, але я адказаў толькі: Fuck off, Sir Nikoff. Навошта мне эмігранты — я сам эмігрант. Бо ўсё жыцьцё ўцякаў ад усіх іхных моваў — да сваёй, адзінай.
Так, ужо трынаццацігадовым фрыкам у трэніках я прыдумляў мовы. У тым узросьце маёй улюбёнай кніжкай быў “Словарь юного филолога”. А асабліва той яго артыкул, які называўся “Искусственные языки”. Я і цяпер памятаю ягонае разьмяшчэньне ў кнізе: ён займаў правы бок, зьлева была карцінка, а працяг быў на наступнай старонцы — я перачытваў яго зноў і зноў, і добра памятаю заўсёднае пачуцьцё гаркоты, калі перагортваеш тую старонку: артыкул быў крыўдна кароткі і хутка сканчаўся. Я прагнуў больш інфармацыі, але яе нідзе не было — ні ў школьнай бібліятэцы, ні ў раённай, ні ў гарадзкой, усё тое самае, мізэр, мне заставаўся толькі мой белы, бедны, усёведны слоўнік: какашачныя пляміны ад какавы і варэньня на запаветнай старонцы, і крошкі ад печыва, навечна сплюснутыя тугім карашком, і антрапаморфныя часьціны мовы на малюнках. Неўзабаве ён ужо сам разгортваўся там, дзе трэба. Каб зноў выдаць той самы мізэр, даўно завучаны на памяць. І ўсё ж менавіта з гэтай белай кніжкі я ўпершыню даведаўся пра эспэранта і Замэнгофа, пра валяпюк і пастара Шляера, пра іда ды інтэрлінгву. Мяне зачароўвалі гэтыя словы, Іда Эспэранта гучала для мяне, як жаночае імя, а Валяпюк — як імя юрлівага ляснога бога, які гоніцца за нявіннай німфай (а насамрэч за той яшчэ німфаманкай). Я быццам бы чуў незнаёмыя незразумелыя словы, якія зьляталі зь іхных вуснаў; было нешта распуснае і трывожнае ў вобразе, які паўставаў перада мной, варта мне было ўзяць мой слоўнік у рукі. Слоўнік ніводнага разу ня схібіў — зь ім я забываўся пра мярзоту роднага мікрараёну і шаленства маёй страшнай сярэдняй школы, і пра нудныя абавязкі, і пра чырвоныя павязкі дзяжурных, зь якімі мы, вучні, былі падобныя да маладых нацыстаў. Зь цьвёрдай вокладкай, увесь такі пазытыўны і правільны, поўны каляровых ілюстрацый, нечым падобны да дзіцячай бібліі — гэты спакушальны слоўнік для старэйшых школьнікаў усім сваім выглядам абяцаў хлопчыку ці дзяўчынцы, якія абяруць філялёгію, месца ў шэрагах інтэлігенцыі: заўжды чыстыя рукі, кабінэтную славу і белы білет што да чорнай працы. Я рана перастаў яму верыць. І ўсё роўна мовы мяне заварожвалі, а больш за ўсё заварожвала тое, што гэта і праўда рэальна: стварыць сваю.
Пазьней я зразумеў, чаму ў мяне нічога не выходзіла — я рабіў дзіцячую памылку, ня вартую сур’ёзнага лінгваканструктара: я хацеў, каб мовы, якія я прыдумляў, былі як жывыя. Падобныя да ўжо існых. Гаворкі, якія ствараюць ілюзію жыцьця. Мовы, якімі быццам бы карысталіся мільёны людзей, сотні пакаленьняў, мовы сівыя і дрымучыя, з прыхаванай недзе ў нутры перадгісторыяй. Канструюючы, я нібыта рабіў гукавы фон для сэрыялу, аздабляў штучнай мовай дадзены мне паводле кантракту штучны сусьвет. Я ня быў вольны. Я хацеў, каб усё было як у людзей — маючы пад рукой толькі няўмела выразаныя мной папяровыя фігуркі. Мне і ў галаву не прыходзіла, што я і мае прыяцелі таксама былі героямі, вартымі мовы, што мы і былі гатовай перадгісторыяй, цалкам прыдатнай для нараджэньня чагосьці новага.
Стварыць мову — цяжкая праца. У тыя часы і крыху пазьней, калі ў маім жыцьці яшчэ не надышоў доўгі пэрыяд Паразы, я некалькі разоў спрабаваў стварыць нешта вартае і ўвесь час сутыкаўся з адной праблемай, якой так і ня здолеў даць рады. Чым больш мая мова нагадвала жывую, тым больш умоўнасьцяў, адпаведнасьцяў і правілаў яна патрабавала. Я нецярпліва і неахайна распрацоўваў лексыку і граматыку, спадзеючыся намацаць нарэшце ратавальнае дно — але мова ненасытная, яна патрабуе яшчэ і яшчэ, і ты пагружаешся і цягнешся ў спадзеве адчуць цуд — а да дна яшчэ жахліва далёка. І ты проста тонеш. Захлынаешся ў бясконцасьці мовы, у яе абяцаньнях. Цяпер я ведаю, што каб прыдумаць мову, трэба спачатку самому вызначыць яе дно. І адштурхнуцца ад яго, і забыць, дзе яно, на якой глыбіні. Даць мове самой перамяшчаць сваё дно то бліжэй, то далей ад таго, хто ў яе пагрузіўся.
Сапраўдны лінгваканструктар ня робіць мовы “як жывыя”. Ён стварае жывыя мовы.
Бальбута атрымалася такой жывой, што нехта ад яе нават памёр.
3.
Кожная сканструяваная мова мусіць адпавядаць пяці важным патрабаваньням.
Па-першае, яна мусіць быць лёгкай для вывучэньня. Ня мець выключэньняў і іншых нелягічных складанасьцяў, якія нічога не дадаюць да яе прыгажосьці, а толькі загрувашчваюць новую, створаную намі прастору. Прастора нованароджанай мовы — пакой зь белымі сьценамі, падлогай са сьветлага дрэва, шмат сонца і вокны да столі. Паветра і сьвятло. Нічога лішняга.
Па-другое, яна мусіць быць мілагучнай. Менавіта немілагучнасьць загубіла некалі валяпюк. Музыка трымае мову ў сьвеце, злучае яе клеткі, не дае вярнуцца ў хаос. І тут патрэбныя кампрамісы. Дзевяць зь дзесяці эўрапейцаў маюць у якасьці ідэалу мілагучнасьці і музычнасьці раманскую спадчыну. Як бы ты ні ставіўся да гэтых пашлякоў, у нечым яны маюць рацыю. Поўнагалосьсе і націскі, чысьціня галосных, рыкі зычных — усё гэта можа адпрэчыць толькі дурань. Хоць для мяне ідэалам у гэтым сэнсе заўжды была літоўская... Пявучая і старажытная мова суседзяў — яе гукі нават фізычна прыемна вымаўляць. Пэўне, на бальбуце гэтая мая любоў неяк адбілася.
Па-трэцяе, мова мусіць быць паэтычнай. З аднаго боку, мець паэзію ў самой сабе, з другога, мець здольнасьць самой ствараць паэзію, мець патэнцыял вобразнасьці, сілу казаць пра невымоўнае. Мова ня мова, калі яна ня мае таямніц. Якой бы яна ні была багатай і складанай, мова мёртвая, калі яна адкрытая толькі для абмежаванай колькасьці інтэрпрэтацый. Калі на яе немагчыма перакладаць і зь яе цяжка перакладацца.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.