Старая Бянігна за лячэньне грошай ня брала. І ні на кога не крыўдавала — ну, хіба часам на ката, калі таму раптам карцела дапамагчы ёй па гаспадарцы. Кот любіў скідваць на падлогу яе акуляры: выбраўшы момант, калі Бянігна ня бачыць, ён заскокваў на стол, цягнуўся да іх лапай — і акуляры ляцелі ў шэрую цемнату хаты, глыбокую, бяздонную, у такой можна знайсьці нават згубленую летась іголку, але ніколі тое, што трэба. А кот сядзеў на стале і зьдзіўлена пазіраў на яе, быццам яны ў яго самога з носа зваліліся.
“Каб цябе, Гофман!” — сварылася на ката старая Бянігна.
“Каб мяне”, — пагаджаўся кот і зноў браўся за сваё.
Таму акуляры ў яе былі ўсе патрэсканыя, як той лёд у каляінах. Але і на ката-нягодніка старая Бянігна ня так ужо й злавала. Хоць у пошуках вачэй даводзілася папоўзаць па падлозе і потым доўга, бясконца доўга разгінаць сьпіну — і кожнага разу ёй здавалася, што больш сьпіна ўжо ня выпрастаецца, і Бянігна зробіцца проста старым высахлым колам, якое ўжо зусім хутка дакоціцца да сенцаў і застанецца стаяць там на вякі вечныя.
На вякі вечныя.
Калі Бянігна ўпершыню адчула, што можа зрабіцца драўляным колам, яна перастала крыўдаваць на сьвет. На лёс, на жывёл, на расьліны, на ўладу. На дзяцей, якія самі ня ведаюць, што кажуць. А дзяцей ёй прывозілі часта.
Вось, напрыклад, нядаўна.
“Дядя, дядя, а ты правда африканский раб с плантаций?”
“Да что ты несешь такое, я же тебе говорила, это старая женщина, бабушка. Можно, он будет называть вас «бабушка?»”
“Мам, но она правда на негра похожа, которого замучили”.
“Заткнись! Сколько раз тебе говорить, заткнись! Башка твоя стоеросовая. Вы не обращайте внимания, просто у него...”
“Я не буду ее бабушкой называть! Моя бабушка в Минске осталась! А она не бабушка никакая, а негр! Негр, негр, негритос!”
Хлопчык пляскаецца на зямлю, тварам у лужыну, матляе галавой і пачынае пускаць бурбалкі. Яна цягне яго за шкірку, за валасы, за шыю, і вось ён зноў стаіць на нагах, брудны, шчасьлівы і страшны, як вырваны зь зямлі караняплод, і не перастае крычаць.
“Негр, негр, негрытос,
Не грызі сябе за нос”, —
з гатовасьцю адгукаецца рэха.
Маці адпускае яго, хоча ўдарыць па галаве, заносіць далонь, але стрымліваецца. Толькі сьціскае ягоную тонкую руку і глядзіць на старую Бянігну бездапаможна і зь нянавісьцю. Хлопчык нечакана замаўкае.
“Помогите нам, бабушка,” — кажа жанчына, але Бянігна чуе іншы голас. Ейны, але іншы. Нутраны, сапраўдны, заціснуты ў жываце.
Ну лячы яго ўжо, лячы давай, калі ўзялася, калі пра цябе такая слава ходзіць, чуе Бянігна. Лячы! У сумцы ў жанчыны пачынае званіць тэлефон, але рэха маўчыць, так і не прыдумаўшы рыфмы. Лячы яго, айбаліціха ты старая, ведзьма ты засохлая, бабка-божы дзьмухавец, што ты стаіш, вылечы яго, бо я ўжо больш не магу, я яго прыб’ю сёньня, задушу, у ваньне ўтаплю, а потым сама засілюся. А лепш нап’юся. Я нап’юся. Каша манная, буду п’яная, будзе ванная, буду вінная.
Бянігна ўсьміхнулася спадылба, ды так вусьцішна, што ў вачах у хлопчыка бліснулі сьлёзы. Як раса на травінцы. Яна ўзяла яго за руку — скура курыная, халодная, пупырчатая, такую б цёплай крывёй намазаць, сагрэць сваім часнычным дотыкам. Зімна, зімна ў андартальскім лесе ў сакавіку.
Бянігна не сказала нічога, апусьціла галаву, павяла хлопчыка ў сваю каморку за печкай. Маці парывіста ўздыхнула і выцягнула цыгарэту. Гофман асуджальна глядзеў, як яна зацягваецца, закашліваецца, захутваецца — і яна нэрвова пстрыкнула на яго пальцам, страсаючы попел.
Хлопчык паслухмяна ступаў поруч, зазіраючы Бянігне ў твар.
Чорны, у старэчых пупырчынах, сьпечаны, як чыгунная патэльня, твар — таўстагубы, з курчастымі сівымі валасамі на падбародзьдзі і маленькімі сырымі жаўткамі вачэй, у якіх плавалі сінія зрэнкі. Бянігна была ніжэйшая за хлопчыка ростам, а ён усё роўна яе баяўся. Нікому ня хочацца ісьці зь ёй ў неандартальскі лес. Ды яна і не бярэ. Бо ня пусьцяць. Нават зь ёй ня пусьцяць.
У каморцы яна паставіла яго перад сабой і пачала распранаць. Разьвязала шалік, зьняла шапку, расшпіліла дрогкімі рукамі куртку. Яна заўжды разьдзявала людзей сама, бо ў складках сваёй адзежы яны ўвесь час хавалі штосьці. Рукі Бянігніны працавалі спрытна, як быццам яна бульбу перабірала. Ды ён і праўда быў нібыта зроблены зь цёплай бульбы, гэты малец. Неўзабаве хлопчык стаяў перад ёй голы, адвярнуўшыся да печкі і моцна заплюшчыўшы вочы, ды так, што ажно вусны сабе пракусіў. Цела ягонае дрыжэла, як ад высокай цімпіратуры. Яна ўважліва разгледзелася па гэтым целе, шукаючы, што ён прынёс лішняе. Знайшла, паклала ў адну далонь, другой накрыла, перакуліла, сьціснула асьцярожна, зірнула мальцу ў вочы.
“Ты пастой тут, — прашаптала Бянігна аднымі вуснамі. — Не хадзі нікуды, чуеш, пастой, я быстра, туды і назад”.
Хлопчык нічога не пачуў. Яму падалося, што на яго ветрам падзьмула. Сухім, гарачым, як з сушылкі ў прыбіральні дзіцячага кафэ.
І вось Бянігна ўжо ішла па знаёмых ёй адной сьцежках, трымаючы ў руках лішняе, лішняга ня слухаючы, на лішняе не наступаючы. Гу-у-у, гу-у-у, кажуць ёй то з аднаго, то з другога боку, але ніхто яе не даганяе, ніхто не перабягае дарогу, ніхто не цікавіцца, што яна трымае ў руках. “Ну што вы хочаце, га, што вы хочаце, — паўтарае ціхутка старая Бянігна, коцячыся колам па неандартальскім лесе да запаветнага пня, — гу ды гу, гу ды гу, пакарміла б вас, дык вам адны косткі падавай. Вось жа нелюдзі, а ўсё роўна шкада вас, пагладзіць бы кожнага па карку, ды за вушамі пачухаць, дык мо і замаўчалі б, і сагрэліся нарэшце...” Усё цяплей і цяплей у неандартальскім лесе, вось ужо і зусім горача, у Бянігны пот з ілба ліецца, засьціць вочы, а яна ўсё глыбей у лес заходзіць, і паўтарае сама сабе, аднымі вуснамі:
“Ну што вы пасталі тутака, бедныя, вось жа інастранцы, туркі малыя, пастаяла б з вамі, але не магу, усё, што маю пры сабе, усё лішняе, усё, што маю, не маё...”
Вось і пень той запаветны, а ля пня пінжак пасьцелены, прымяты, быццам на ім толькі што мужчына нейкі сядзеў. А мо і ляжаў, папяроску пакурваючы, а зараз адышоў за дрэва. Бянігна кідаецца подбегам да таго пня, лішняе на пінжак паклала — і назад. Колькі ўжо лішняга пакінула яна на тым пінжаку, а кожнага разу, як вяртаецца, там пуста. Мабыць, забірае нехта. А хто забірае і нашто — гэта ўжо не яе, Бянігны, справа.
“Сколько я вам должна?” — пытаецца жанчына, закурваючы новую цыгарэту. Тры недапалкі яна кінула проста на зямлю і расьціснула абцасам свайго высокага бота. Пакінула лішняе на Бянігніным двары — ну й добра. Бянігна ўсьміхаецца і махае ёй рукой: едзь ты ўжо дадому. Вары манную кашу, набірай ваду ў белую ванну, выпі крышачку, крадком, каб муж ня бачыў, але толькі грамулечку. І калі малога памыеш, сама ў ванну залезь, усім сваім белым целам. Жанчына ня чуе, ёй падаецца, што на яе ветрам падзьмула: сухім, гарачым, як з пустыні, дзе яна некалі на экскурсіі пазнаёмілася з адным арабам.
“Ніскока! — кажа хлопчык. — Мам, ніскока!”
І Бянігна ківае. Ніскока.
Бянігна і так багатая. Колькі яна ўжо людзей лечыць — столькі не жывуць. Колькі разоў яна ў неандартальскі лес хадзіла — за той час можна ўвесь андартальскі сто і адзін раз абысьці. Бянігна такая багатая, што яна з кожным падзяліцца можа: у яе пад масьнічынай каля печкі слоік схаваны, а ў ім столькі грошай, што на харошую дамавіну хопіць, сасновую. Са смалістым пахам, нямулкую, невялікую, акурат каб легчы і сьветам накрыцца. Цэлыя два мільёны там ляжаць, пад знаёмай масьнічынай у слоіку. Два мільёны — тое ж, мабыць, добрыя грошыкі. Ня можа харошая дамавіна болей каштаваць. Трэба было сястры напісаць, запытацца, колькі цяпер дамавіны каштуюць, ды саромеецца Бянігна, засьмяе яе сястрыца, скажа: канчай, лепш у бальніцу давай цябе пакладзем, зяць яе даўно прапануе, у яго прыяцель урачом у Паставах, усё арганізуе як найлепей.
Дый, калі шчыра, шчыра-шчыранька гаварыць, як з возерам ці зь лесам, ня хоча Бянігна ў сасновую дамавіну лажыцца. І ў бярозавую ня хоча, і ў фанерную. А хоча, каб аднойчы ў неандартальскім лесе яе інастранцы гэтыя, туркі нянашыя, паклікалі і сказалі: што ж ты, жанчынка, усё па нашым лесе бегаеш? Заставайся, баба, з намі, жыві сабе, ля вогнішча грэйся, і гудзі сабе ціхенька на свае бабскія грудзі старэчыя: гу-у-у, гу-у-у... Калі б такое адбылося, калі б ведала, што чакае яе ў хаце няўтульная сасновая дамавіна за два мільёны, дык Бянігна засталася б, вось як на духу — засталася б. Бо няможна ёй у андартальскім лесе мёртвай проста так пад зямлёй ляжаць, лынды біць. Машыны будуць пад акно езьдзіць, дзеці, мужыкі, жанчыны іхныя будуць каля парога таптацца, курыць, лаяцца, зазіраць у хату: где вы, бабушка, мы к вам из самого Минска приехали, полечите нас, а то пазадушваемся ўсе, і дзяцей пазадушваем, бо няма ўжо моцы так жыць, палячыце, скока мы вам далжны? А хата пустая. Няма каму ў неандартальскі лес схадзіць, лішняе занесьці, сваё забраць, зь людзямі падзяліцца. Як так? Хіба яна мае такое права?
Таму трэба хадзіць. Куды падзецца. Ніхто яе ў неандартальскім лесе не чапае. Прывыклі. Дый што да яе чапляцца, яна ж шкоды ня робіць, старая Бянігна хутка ходзіць, дарма што ногі баляць і сьпіна не разгінаецца, сюды-туды — толькі вачыма сваімі чырвонымі бліснулі на яе, а яна ўжо назад вяртаецца.
Нельга ёй у магіле вечным сном спаць. Столькі клопату людзям будзе. Яе хату яшчэ знайдзі. А потым дамавіну за дзесяць кілямэтраў заказвай, яміну капай, папа кліч, памінкі ладзь... Той поп, можа, да яе і не паедзе, нават калі яму два мільёны аддаць. Ня верыць бацюшка ў неандартальскі лес. Ды Бянігна і не крыўдуе. Яму і не паложана верыць. Ён жа сьвяшчэннаслужыцель.
Дый ката шкада. Дурны той Гофман, але шкада. Яна б яго ў неандартальскі лес з сабой узяла, хай бы ля ног сядзеў, грэўся, костачкі грыз-трушчыў. Няможна ёй у андартальскім лесе паміраць, ніяк нельга, запрэшчано ёй, а кім — якая розьніца?
Мабыць, ёсьць недзе нейкі мужчына, разумны такі ўвесь, прэдставіцельны, які ёй некалі сказаў: ты, Бянігна, адна можаш у неандартальскі лес хадзіць. Вось і хадзі. Бо каго яшчэ туды пусьцяць? А паміраць табе запрэшчаю. На цябе ўвесь калектыў надзеецца. Увесь чалавечы калектыў. Вялікі і надта неспакойны калектыў, які ў андартальскім лесе жыве.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.