Вось была б гусачка шэрая зь ім. І тады можна было б разам узьняцца ў паветра, з галавой кінуцца ўгару, туды, дзе жыў пульс гэтай цемені, і паспрабаваць дастаць іншага дна.

Ён падумаў пра гусачку, яе цеплыню, яе зморшчаныя лапкі, якія так прыемна гладзіць пальцамі — як далоні восеньскіх дрэваў, калі стаіш адзін на ўзьлеску і глядзіш на захад сонца.

Маўчун намацаў каля падушкі тэлефон, экран засьвяціў у твар. Пяць раніцы. Каля дзьвярэй звыкла хроп бацька — быццам ушчуваў кагосьці. Выпіў і папракаў — ня слухаючы, зьбіваючыся, губляючы ніць, але вяртаючыся да сваёй крыўды зноў і зноў.

А за сьцяной, як ківач, усё стукалі і стукалі па масьнічынах боты маёра. І калі ён толькі сьпіць? Як ня падае з ног пасьля дзённай службы і хранічнага недасыпу? З раніцы маёр заўжды меў квітнеючы выгляд — нібы адпачываў на курорце. А што, падумаў Маўчун, чым не курорт іхныя Белыя Росы? Лес. Паветра. Ежа. Экалогія. Экзотыка. Усё сваё.

Лес. Паветра. Ежа. Экалогія. Экзотыка. І Стэфка, што хаваецца ў хаце, дзе Юзак жыў. Стэфка, якую прынёс заходні вецер. Стэфка, якую ён уратаваў коштам чужога жыцьця. Стэфка, якая нейкім цудам схавалася ад пошукаў паліцая і якую дагэтуль ня здолеў выкрыць нават сам маёр Лебедзь. Тая самая Стэфка, якая абяцала яму расказаць пра тое, чаго Маўчун ніколі ў жыцьці не пабачыць. Пра тое, дзе Стэфка бывала, дзе мёд-піва піла, кебабы ела, у гатэлях спала, вершы пісала, пад дождж пападала, каву піла.

Пра горад Парыж, Парыж-гаварыш? — Парыж-­спарыш, Парыж-кыш-кыш.

Ды пра Бярлін-марлін, бярлін-курлін, бярлін-­мурын.

Ды пра Вільню. Ды пра Лёндан. Ды пра Стакгольм.

Ды пра яго.

Пра Мінск-Хрустальный.

Пра Менск, які быў зусім блізка, за стратэгічным лесам. Руку працягні, і спаймаеш.

Калі Стэфцы верыць, усё гэта існуе, нікуды не падзелася, не згарэла і не разьвеяна над зямлёй попелам, а жыве ды пахне, ды сьмярдзіць заводамі, ды шаргоча кніжкамі, ды сьмеціць грашыма, ды крычыць дзікімі сьпевамі, ды эсбанамі ляскае, ды балбоча бальбутамі — мільёнамі галасоў.

І Маўчун зноў заплюшчыў вочы — і не разумеў ужо, дзе сон, а дзе ява.

А потым прыйшла раніца — сонечная, са зграйкамі вясёлых ценяў, што прабягалі па двары, з апошнімі пералётнымі птушкамі. Маўчун пацягнуўся соладка — сам ня верачы, што ўчорашні дзень скончыўся, і мінула ноч, а ён жывы ды здаровы, ды такі малады, што ўся зямля яму зайздросьціць. І пяткі не дастаюць да канца ложка.

Ён выйшаў на кухню і лоб у лоб сутыкнуўся з бацькам. Маёр сядзеў за сталом і піў каву. Ня іхную, вясковую, праз інтэрнэт заказаную, а нейкую сваю. Мабыць, ня горшую за Стэфчыну. А ў бляшанцы з-пад кількі блішчэлі залатыя недакуркі. Іначай пачала пахнуць іхная хата, калі маёр тут пасяліўся. Нібы яны з бацькам рабіліся тут пакрысе чужыя, а хата слухалася маёра Лебедзя — як пакорлівая жана.

“Доброе утро, — павітаўся маёр, як заўжды, у гуморы, падцягнуты, з ідэальна роўнай сьпінай і тонкай, зусім не салдафонскай шыяй. — Выспался? Это хорошо. Дел сегодня много. А мы тут з батяней твоим дичь обсуждаем... Дичь, Федя!..”

І маёр засьмяяўся.

“Знаешь эту шутку? Федя, дичь!”

“Я ня Федзя”, — сказаў Маўчун, наліваючы сабе халоднага малака.

“Не знаешь? — зьдзівіўся маёр Лебедзь. — Вся империя знает, а ты нет? Это еще от нашых прадедов пошло. Сейчас проверю, откуда точно эти слова... Вот. Вторая половина прошлого столетия. Бриллиантовая рука. Тогда, в довиртуальную эпоху, люді смотрели так называемые “кинофильмы”. Такой вид визуального искусства. И этот “кинофильм” был одним из самых популярных у русских людей. Он о шпионах и контрабандистах. Впрочем, я не любитель древностей...”

“Я тожа гдзета слышаў пра гэту дзіч, — ахвотна падхапіў бацька. — Можа, прабабка, калі я малы быў, расказвала... Дык ваша благародзіе, какую гус­ку падаць на ўжын? Белую жырную? Ілі, можэт, чорную?”

“Какая же это дичь! — сказаў маёр. — Дичь — это дикая птица. Лесная. Вы здесь на этих ваших пандах совсем подурели. Сами в дичь превратились, в человечью. Что, лень уже птицу пострелять в лесу? Это же одно удовольствие: в воскресенье, с утра пораньше, с ружьем... Перепела, глухари...”

“Перавяліся перапялы тыя... Но найдзём. Есьлі лясная, дзікая, дык ёсьць тут у нас адна... — задумаўся бацька. — Серая утка-гусь, ана ат сваіх атстала, кагда ані ў цёплыя края ляцелі. Бальная, наверна, а можа, кот які крыло абадраў, ілі панда напаў у цемнаце. Бывают такія случаі. Маўчун мой тую утку-гусь падабраў, выхадзіў, дык яна ў нас у куратніку з нармальнымі гусямі ды курамі жыве. Можам зажарыць вечарам, калі ваша высокаблагародзіе жэлает. Толька мяса ў яе сьпецыфічаскае...”

Маўчун з жахам глядзеў то на бацьку, то на маёра — але яны, здаецца, не заўважалі ягоных умольных позіркаў.

“Дичь живет в лесу, — павучальна сказаў маёр. — А не в курятнике. Тебе что, в башку твою тупую такая мысль не пришла? Дичь — от слова “дикий”! Ладно. Будем дальше свинину жрать. Если, конечно, это и правда свинина. Ты куда собрался, Молчюн?”

“Дык у школу”, — апусьціў галаву Маўчун, схапіўшы кніжкі.

“Нет, сегодня ты мне нужен, — строга прамовіў маёр Лебедзь. — Учителя предупрежу. А забуду — сам завтра скажешь, что со мной работал. Бросай книжки, пойдем, надо кое с кем повидаться”.

І яны зноў выйшлі на вуліцу разам з маёрам — Маўчун наперадзе, маёр крыху ззаду, пры поўным парадзе.

Яны прайшлі міма хаты Тэклі, міма Гаўрыленкавых, пабачылі, як бяжыць у школу малая Волька (вось жа ўсыпле ёй бізуноў настаўнік за спазьненьне!). Прамінулі хату Касмачоў. За сьпінамі засталася паліцыя. Вось і солтыса дом. Забліш­чэла ўдалечыні цэркаўка. Прайшлі хату, дзе Любка з баць­камі жыла. Настаўнікаў палацык — насамрэч, канешне, звычайная хата, толькі на гарышчы настаўнік сабе гаўбечык зладзіў, таму і сталі на яе казаць: палацык...

Маўчун, канешне, здагадваўся, куды яны ідуць. Да пана Какоўскага, куды ж яшчэ. З кожным крокам учорашні страх вяртаўся, усё мацней чапляўся за Маўчунова сэрца, якое раптам зрабілася такое вялікае, што хоць ты яго запхні глыбей, каб не вытыркалася. Маўчун уявіў сабе, што яны пабачаць, калі прыйдуць і адчыняць дзьверы. Перакошаны твар Пана Какоўскага, жылістая шыя, перавязаная рушніком, нібы модным шалікам. Муха, якая поўзае па твары Какоўскага, і мёртвая рука, халодная, жоўтая, рука, якая ўжо ніколі не падымецца, каб сагнаць тую дурную апошнюю муху...

Маёр ішоў пругкім крокам, бездакорна белы, усьміхаўся перадзімоваму свавольнаму сонцу, разглядваў платы, сьпіны, жывёл, старыя аканіцы.

Вось і хата Юзака. Маёр раптам павярнуў і адчыніў весьнічкі.

“Ну что, пришли, — белазуба, танкагуба ўсьміхнуўся ён Маўчуну. — Сейчас поговорим. А ты слушай. Слушай и запоминай. Начинаем работать”.

Ён падышоў да дзьвярэй і пагрукаў.

“Тук-тук, кто в домике живет? — вясёлы крык маёра настолькі не стасаваўся з сур’ёзным, спраўным, нейкім дужа дарослым і не зусім жывым выглядам Юзакавай хаты, што Маўчун ажно вочы заплюшчыў. — Гости живут! Так покажись, гость ты наш дорогой! И не вздумай убегать, хата окружена, ты под прицелом!”

Хата Юзака маўчала.

Маўчун маўчаў.

Ён яшчэ верыў, што ўсё неяк абыдзецца. Мусіла абысьціся. Не магло проста так кончыцца.

“Ну, ладно, сам зайду, — сказаў маёр, дастаючы ключ. — Самое время познакомиться”.

Але не пасьпеў ён ступіць на ганак, як з таго боку дзьвярэй нешта грукнула і ў хаце адчуўся нейкі няўлоўны рух — нібы хату гэтую перасмыкнула. Але маёр заўважыў яго і кінуўся да акна.

“Молодец, Молчюн! — сказаў маёр Лебедзь напаўголасу. — Хорошо мы с тобой поработали. И заметь. Говорили только они и ты. А я смотрел, слушал, думал. И вот мы здесь. Это и называется — метод Лебедя. Метод молчания”.

Маёр падцягнуўся і ўдарыў кулаком у шкло. Яно разьляцелася на аскепкі і Маўчун міжволі залюбаваўся іхным бляскам.

“Ну все, хватит, выходи, — сказаў маёр Лебедзь міралюбна. — Хватит играть”.

А потым гучна, на ўвесь двор:

“А теперь Горбатый! Я сказал: Горбатый!”

Маўчун схаваўся за плотам і назіраў у шчыліну, што будзе далей.

“Это тоже из древнего кинофильма, кстати”, — кінуў маёр і палез у акно. І тут жа нябачная сіла адкінула яго з падваконьня. Быццам у хаце маёр напароўся на выстаўлены рэзка кулак. Маёр пакаціўся ў траву. І тут жа на падваконьні зьявілася Стэфка са зброяй у руках. Яна прыцэлілася — і прыгожая галава маёра Лебедзя разам з фуражкай паляцела ў пустазельле.

Цяпер Маўчун бачыў, што вакол хаты з густой, даўно ня кошанай травы, зь непралазных калючых кустоў і з-за дрымотных яблыняў падымаюцца салдаты. Але безгаловы маёр ускочыў і зрабіў ім знак не страляць.

“Сам разберусь”, — злосна сказала галава маёра, што спрабавала падкаціцца бліжэй да поля бою.

Цяпер на тулаве ягоным тырчала толькі тонкая, зусім не мужчынская шыя. Маўчун ня мог адвесьці вачэй ад гэтай шыі — і толькі потым да яго дайшло, што на пажоўклай траве няма ніводнай кроплі крыві.

Маёр выхапіў нешта падобнае на дагістарычны тэлефон з антэнай на канцы і наставіў на Стэфку. Але яна яго апярэдзіла. Зноў заняўшы пазыцыю за падваконьнем, яна стрэліла яшчэ раз — і гэтым разам маёрава нага адвалілася і засталася ляжаць побач зь ім, як інструмант невядомага прызначэньня.

Маёр упаў, але тут жа прыняў зручную для бою паставу: локцем упершыся ў зямлю, ён адной нагою пачаў танцаваць вакол уласнай восі і весьці па Стэфцы прыцэльны агонь.

І адзін з гэтых стрэлаў дасягнуў мэты. Правая рука Стэфкі здрыганулася і замерла, як быццам у ёй адключылі ток. Тут жа левая яе рука выхапіла зброю ў правай і накіравала на маёра. Што ні кажы, яна ўмела страляць.

Вось ужо і адна з рук маёравых перастала працаваць, локаць так і здранцьвеў.

Маёр адказаў стрэлам у грудзі. Стэфка скаланулася, але выстаяла.

“Бах! Ты убит”, — ашчэрылася ўсьмешкай маё­рава галава і пакацілася да тулава, паспраба­ва­ла ўзьлезьці на пакінутую шыю, нібы кабель на ­сучку.