У дадзены, так бы мовіць, момант.

“Пачакай”, — ён дакрануўся да яе таліі, і яна, быццам толькі і чакала, абвілася зьмяёй вакол ягонай рукі, прытулілася да Маўчуновай далоні сваім дарослым азадкам, вярнулася на лаўку.

“Ты не сьпяшы, — сказаў Маўчун. — Канешне, ты мне нравішся. Проста... Ну, боязна мне какта... Ды і Касмач... Раптам вернецца? І што людзі падумаюць?”

“Ой какіе мы трусішкі, — сказала Любка, шчыльней прыціскаючыся да яго пляча. — А Касмач сказаў бы, што з дуба на ўсіх насёр. І дзялоў”.

“Ну, я не Касмач, — буркнуў Маўчун. — У мяне другіе скорасьці. Дык што я, па-твойму, у Юзака раблю начамі? Хоць папярэджваю, хлусьня гэта. Пераблытала ты мяне з кімсьці”.

“Ну, што-што... Пацалуй спачатку...”

Маўчун няўмела тыцнуўся ёй вуснамі ў халодную шчаку.

“Ой, как рамантычна, — прапела Любка. — А яшчэ?”

“Давай пасьля школы ўстрэцімся, — па-змоўніцку прапанаваў Маўчун. — Назначаю табе сьвіданіе. Толькі скажы, што я там рабіў, у Юзака?”

“На сьвіданіі і раскажу”, — паабяцала Любка — і тут жа закалаціўся дурны званок.

Дамовіліся сустрэцца каля цэркаўкі, у восем. Ідучы дамоў міма Юзакавай хаты, Маўчун ня вытрымаў і адным хуткім позіркам абмацаў цёмныя вокны, страху, сад, падворак. Але нічога ня выдала там прысутнасьці жывога чалавека.

7.

“Глядзі, што мне яго высокаблагародзіе прэзэнтавалі, — бацька горда затрос кадыком і ўрачыста дастаў з-пад пахі яе — тонкую залатую цыгарку. — Бачыў такое?”

Маўчун міжволі пацягнуўся да маёравага прэзэнта — але бацька таргануў рукой, бліснуў сувора вачыма, і залатая цыгарка схавалася ў ягоным сінім шырокім пінжаку. Гэты пінжак яшчэ мама купляла, у аўталаўцы, што некалі раз на месяц завітвала ў Белыя Росы, і было ў той аўталаўцы ўсё, што душа пажадае. Шмоткі з самай Масквы, ды цыгаркі зь фільтрам, ды патроны да любой паляўнічай стрэльбы, футаралы для мабілак, а яшчэ флэшкі, ды скотч, ды віскі, ды часопісы смаленскія, хочаш, пра спэцназ, а хочаш, эроціка, але такая, што царквой нашай імперскай ухваленая.

А яшчэ тады, бацька расказваў, можна было ў аўталаўцы заказаць мэблю зь Петразаводзку — з самога заводу “Патрікея”, які нашы ў шведаў адбілі, у качэстве ваеннай дабычы. Раней ён па-другому зваўся, але як рускі стаў, дык палучыў наша, спрадвечнае славянскае найменьне. Некалі нашы людзі за ложкі ды таршэры “Патрыкеі” душу гатовы былі д’яблу прадаць, так расказвала зам па ідэалёгіі, але як завод рускі зрабіўся, дык цяпер кожны сабе пазволіць можа. Але аўталаўка даўно ўжо ў Белыя Росы ня езьдзіла — і ўсё крамнае, гарадзкое на верталёце скідвалі. Удобна: па інтэрнэце закажаш, празь месяц усё маеш, што ў інтэрнэт-магазіне выбраў. Што ні кажы, інтэрнэт зручнейшы за аўталаўку. І на тэлефоне ён ёсьць, і дома ў кожнага, хочаш: сірыялы глядзі, хоць да ўсрачкі, хочаш — каталогі разглядвай, пакуль у вачах не застракаціць. А хочаш — пімпачку цісні, і заказвай, што душа пажадае.

Можа, Любцы які падарунак па інтэрнэце заказаць, думаў трывожна Маўчун, прабіраючыся ўвечары да цэркаўкі.

Дзеўкі падарункі любяць.

Любцы дык дакладна падарунак язык прытрымае. Маўчун ведаў гэта — і ўсё ж пачуцьцё нейкай віны мучыла яго, не давала ўзяць сябе ў рукі і даць рады ўсім праблемам. А праблем рабілася ўсё больш. І ня Любка была вінаватая, што аброс ён імі, як лясны чалавек валасамі. А хто быў вінаваты?

Стэфка, канешне.

Маўчун зноў і зноў успамінаў, як пабачыў яе ўпершыню. І ўсе яе расказы неахвотныя. Пра той сьвет, якога, можа, і не існавала ніколі. Але ён верыў. Верыў і ніяк ня мог на ўсе свае пытаньні адказы знайсьці. Таму і давялося Любку за нос вадзіць. Недалёкую Любку з губкамі банцікам. Якая нічога яму не зрабіла — апрача таго, што выпадкова, чыс­та случайна ў жыцьці побач апынулася.

А што рабіць? Перажыве. Ну, не пад вянец жа зь ёй ісьці.

Цэркаўка ў Белых Росах была старая, пахілая, затое з пазалочаным купалам. Поп тым купалам дужа ганарыўся — сам праціраць лазіў увесну, а пападзьдзя ўнізе стаяла, лавіла, каб не зваліўся. Цэркаўка на водшыбе стаяла, а за ёй ужо ўзьлесак пачынаўся, у якім парачкі зь Белых Росаў атнашэнія завязвалі. Як стары Касмач казаў, дзіп­ламацічаскія. Там і ўмовіліся Маўчун ды Любка сустрэцца.

Поп расказваў, цэркаўцы гэтай, сьвятога Ўла­дзіміра, ужо гадоў пад дзьвесьце. Паўтара стаго­дзьдзя таму тут овашчы хранілі, патом клуб быў, а патом вабшчэ снасіць сабіралісь. Але ў эпоху рускай смуты зноў цэркаў адчынілі, яна на ўвесь раён адна была, ды толькі народ, які на цэркаўку грошы даваў, усё роўна паралельна з рэлігіознымі патрэбамі да бабкі-шаптухі ішоў, бо яно ж як: на бога спадзявайся, а сам не здавайся. Дык людзі і там, і там пасьпявалі — дзеля стапрацэнтнага рэзультата.

Дайшоў да цэркаўкі, перахрысьціўся, як поп у школе вучыў. І за агароджу, ды ў хмызы, туды, дзе вакол вогнішча цурбакоў навалена было. Месца намоленае — ён тут ня раз бываў, улюблёных ганяў. Тыя каханцы ў маскалі пайшлі, а дзеўкі ўсё пра салдатаў уздыхаюць. Адна Любка, каралева вёскі, сваіх жа хлопцаў чаруе.

Любка ўжо сядзела тут на скрыні з-пад піва, пацягнулася да яго, ледзь пабачыла. Маўчун сьлізгануў верхняй губой па яе банціку, нерашуча паклаў ёй руку на талію. Сеў побач, насупіўся.

“Ну, кажы”.

“Што?”

“Ну ты ж абяцала. Расказаць. Што я быццам бы ўначы ў хаце Юзака раблю. Давай. Я слухаю!”

Любка пакрыўджана адхіснулася ад яго, руку ягоную з таліі скінула. Ды адвесіла яму аплявуху.

“Ты чаго? Як дам зараз больна! — раззлаваўся Маўчун, паціраючы скулу. — Баба ты дурная!”

І тут ён заўважыў, што Любка сама ледзь ня плача. Вось жа чорт, вось жа халера на цябе, думаў ён ліхаманкава, адчуваючы да Любкі нешта дзіўнае — нібы гусачка ягоная шэрая Любку крылом захінула. Ад няёмкасьці ён пачаў пазногці грызьці.

“Гэта ты чаго? — зашыпела Любка. — Зусім мазгоў няма? У нас жа сьвіданія!”

“Ну ладна, Любка, прасьці, — Маўчун зноў яе абняў, яна паддалася, усё яшчэ дрыжучы ад гневу. — Я ж не навучаны, што там на сьвіданіях робяць”.

“Ты што, “Рускі Цітанік” не глядзеў?” — Любка вылупіла на яго вочы.

“Не”.

“Тады разам паглядзім... — Любка села да яго на калені. — Ну што ты як ёлупень. Спачатку трэба абняць, памаўчаць, потым за рукі падзяржацца, пасьля можна мне на каленку руку пакласьці, а я цябе па пальцах. Вось так!”

“Што ты ўсё мяне тэрарызуеш? — Маўчуну надакучыла гульня. — Ну ладна, вот, дзяржу”.

“Патом у любві прызнацца, патом пацалавацца, але ўжо ня так, а ўзасос, па-ўзросламу... — вучыла яго Любка. — Умееш?”

“Навучуся, калі раскажаш, што знаеш, — Маўчун зрабіў строгі твар, вусны сьцяў, каб былі тонкія, як у Лебедзя. — Зуба даю”.

“От жа хлопцы, адзін з дуба, другі зуба, — расчаравана прамовіла Любка. — Ну добра. Ты там у хаце Юзакавай голых жэншчын разглядваеш. У журнале. І зь імі гаворыш. Мне солтыса дачка па сакрэце сказала. Яна цябе бачыла. Усе вы, хлопцы, у вашым возрасьце такія. А ў Юзака такія журналы ёсьць, ён стары ізврашчэнец быў, гэта ўсе знаюць, толькі ніхто не прызнаецца. Бо хто ж у знаёмстве зь Юзакам прызнаецца... Вот раскажу, чым ты там займаешся, табе бізуноў і ў школе, і ад зама, і ад паліцая выпішуць!”

І Любка пераможна паглядзела на Маўчуна. Але неўзабаве ўжо расчаравана адвярнулася — на твары ягоным была нейкая дурная палёгка.

“А можа, ты там з кім сустракаешся тайна? А, Маўчун? Ці... Не! Прыдумала! Ты там ня голых жэншчын, ты там журналы па гусяводзтву разглядваеш! І на іх дрочыш! Цябе гусі ўзбуджаюць! У цябе нават на мяне не стаіць! Я ж бачу!”

Маўчун скрывіўся, як ад зубнога болю.

“Ну ты і дурная, Любка! А я табе яшчэ падарунак заказаць хацеў, па інтэрнэце. Пудру там, шмудру... А ты сама ўсё папсавала...”

“Падарунак?” — Любчын твар успыхнуў ад цікавасьці.

І тут у кішэні ў Маўчуна зазваніла мабілка. І на сэрцы неяк цяжка зрабілася, як камень хто на грудзі паклаў.

“Да”, — сказаў ён, прыціснуўшы тэлефон да вуха. А Любка гэтая, дурніца, зьмяёй скруцілася, ды руку выкруціла, ды пад вуха пальцамі сваімі лакіраванымі скочыла — і немаведама якім чынам мабілка ў яе руках апынулася. І вось ужо яна яе да свайго вуха прыціскала. Маўчун паваліў яе, каб забраць.

“Там дзевушка! — зашаптала Любка, зрабіўшы страшныя вочы. — Чый гэта голас? Не магу пазнаць! Дзевушка! Ну Маўчун, ну скаціна! Ну кабель! Са мной круціць, бясстыдная рожа, падарункі абяцае, а сам...”

“Да”, — задыхаючыся, сказаў таропка Маўчун, падымаючыся з гарачага Любчынага цела — ён і ня думаў, што яна такая прыемная на дотык.

“Маўчун, — загаварыла трубка хутка і дзелавіта. — Гэта я, Стэфка. Калі ты не адзін, кашляні. Гэта важна”.

Маўчун закашляўся.

“Я зараз, — сказаў ён, паказваючы Любцы, каб не ішла за ім. — Зараз. Чуеш? Гавары!”

І пабег з тэлефонам ля вуха да лесу. Бег і шаптаў, і словы ўсё роўна выходзілі крыкам, прыцішаным, сарваным, закаханым:

“Ты дзе? У лес не ўцякай, там паўсюль салдатня. Я нешта прыдумаю!”

Напэўна, яму падалося, але ў трубцы пачуўся пяшчотны сьмех.

“Слухай уважліва, — Стэфка прамаўляла словы спакойна, выразна, нібы яму ў школе дыктавала. — Я на старым месцы. Да мяне не хадзі. І вось тваё другое заданьне. Зрабі так, каб чалавек, які выйшаў з паліклінікі на вуліцы Кісялёва, не гаварыў з птушкай. Ты зразумеў?”

“Так!”

“Паўтару: каб чалавек, які выйшаў з паліклінікі на вуліцы Кісялёва, не гаварыў з птушкай. Ён ня той, за каго сябе выдае. Ясна? Тады ў нас ёсьць шанец. Маўчун? Ты мяне чуеш?”

“Так”.

“Ты ж яшчэ не атрымаў адказы на ўсе свае пытаньні. Праўда?”

“Так”.

“Ты іх атрымаеш. Абавязкова атрымаеш. Па гэтым нумары не звані. Усё. Будзь Маўчуном і — моц­ны Жбуць!”

“Што?”

“Усё. Абдымаю. Маўчы”.

І ў трубцы пайшлі гудкі. Агаломшаны, Маўчун яшчэ колькі сэкундаў слухаў іх — і ўсё спадзяваўся, што пачуе зноў гэты голас.

Голас, які мог усё патлумачыць — але не хацеў.