“Вось ён, — Маўчун кінуўся да Стэфкі. — Пан Какоўскі. То бок Міхаіл Антонавіч Жуковіч. А гэта...”

“Памагай божа, — Стэфка выйшла з-за яблыні, быццам нарадзілася толькі што з гэтага раскі­дзістага ценю. — Добры вечар, Міхаіл Антонавіч. Мы яшчэ ня ведаем, што з вамі адбылося, але вы — ахвяра і закладнік не зусім звычайных абставінаў. У нашых агульных інтарэсах...”

Было відаць, што яна хоча сказаць зусім іншыя словы. Але такія, відаць, былі інструкцыі.

Пан Какоўскі замёр, перапуджана прыхіліўшыся да сьцяны. Ягонага твару не было відаць. Стэфка і Маўчун пачулі толькі прыглушаны, па-сабачаму пагрозьлівы рык:

“Вазврашчаясь із паліклінікі па уліцэ Кісялёва, я... — прахрыпеў пан Какоўскі. — Дзевушка, дарагая, скажыце мне прама...”

Ён перастаў рыкаць і ўсхліпнуў:

“Какой цяпер год?”

“Дзьве тысячы сорак дзявяты, — цьвёрда адказала Стэфка. — Міхаіл Антонавіч, я...”

“Ашыбка вышла”, — заплакаў пан Какоўскі і ўпаў на калені.

Стэфка дастала шпрыц.

“Ты бяжы дамоў, я сама разьбяруся, — кінула яна Маўчуну. — Гэта загад. Заўтра ўсё патлумачу”.

Маўчун пакрыўджана глядзеў на яе, спрабуючы ўгадаць, як яна на яго зараз пазірае. Абыякава? Строга? Пяшчотна? Яе голас гучаў так роўна, так мэханічна, што ён упершыню падумаў: можа, яна ім проста карыстаецца? Можа, нічога такога паміж імі і няма?

“Маўчун, — сказала Стэфка гарачым, сур’ёзным, зусім не сваім шэптам. — Ты мусіш пайсьці. Так трэба для справы. Я абяцала табе пра Парыж? Заўтра будзе. А зараз ідзі”.

Маўчун павярнуўся і не азіраючыся пабег. Здалёк пабачыў сьпіну паліцая, прыкінуў, як лепш яе абмінуць — і вось ужо прабіраўся, намагаючыся не нарабіць шуму, у хату. Асьцярожна адчыніў дзьверы — і тут на вэрандзе запалілася сьвятло, у дзьвярах зьявіўся бацька, які быццам бы і ня спаў зусім.

“Дзе цябе чэрці носяць? — замахнуўся ён на Маўчуна. — Я табе што сказаў: каб да ночы дома быў... Ваша высокаблагародзіе, гэта сынок мой, ён па дзеўках бегае, што падзелаеш, возраст такой, гармоны іграют...”

І Маўчун з жахам пабачыў, як з-за сьпіны бацькі на вэранду выйшаў высокі ахвіцэр у белай форме, высокіх ботах, фуражцы з залатым арлом.

Афіцэр прыгнуўся, ступіў на скрыпучую падлогу вэранды. Вусны ягоныя былі тонкія-тонкія, і цыгарэта ў пальцах такая самая, тонкая, доўгая.

“Гэта маёр Лебедзь, — быццам няспынна кланяючыся, замармытаў бацька. — Наш высокі госьць. Толькі што прыехаў, будзе ў нас сьледзтвіе праводзіць. Па дзелу парашуціста. Пасколька месная паліцыя не спраўляецца. І ў нас пажыве. Ты ж знаеш, сын, у нас места столька, што на ўсіх хваціт. Солтыс яго высокаблагародзіе ў нас пасяліў, зараз паліцая... паліцэйскага нашага пайду шукаць, пазнакоміць, а ты высокаблагародзію пасьцель пасьцялі, угашчэніе, і штоб не маўчаў, кагда высокаблагародзіе спрашывает...”

Маёр Лебедзь усьміхнуўся кончыкамі вуснаў, разглядваючы перапуджанага Маўчуна.

“Сколько тебе лет?”

“Пятнаццаць пачці”, — буркнуў Маўчун.

“Тебя здесь все так и зовут: Молчюн?”

“Да”.

“Странно, — маёр закурыў і паставіў на зэдлік нагу. Ідэальна вычышчаны чорны бот блішчаў у сьвятле іхнай мутнаватай лямпачкі. — В Академіі меня называли точно так же. Но потом перестали. Знаешь, почему?”

Маўчун нічога не казаў. Уперыўся вачыма ў гэты бот і сьціснуў кулакі. Галава ягоная кружылася ад дыму тонкай цыгарэты.

“Потому что до конца учебы остался я один. Ос­тальные сошли с дистанции”.

Маўчун не адрываючыся глядзеў, як высокі бот пад бездакорна белай калашыной ледзь бачна варушыцца, нібы ў ім, як у яйку, рыхтаваўся вылупіцца нехта, хто ведае пра Маўчуна ўсё, усё да апошняй тайнай драбніцы.

“Молчание — золото”, — сказаў маёр задуменна, зьняў з зэдліка нагу і выйшаў на двор. Маўчун чуў, як ён мочыцца ў траву. Над вёскай зноў узышла поўня. Маўчун стаяў, ня рухаючыся, на вэрандзе, пакуль цырчэньне ня сьціхла. Маёр зашпіліў прарэх і ціха завыў, крыху запракінуўшы галаву.

6.

Назаўтра Маўчун, глынуўшы малака і ўхапіўшы халодную бульбіну, ужо зьбіраўся бегчы ў школу — але маёр Лебедзь раптам вырас у пройме дзьвярэй і, усьміхаючыся тонкімі вуснамі, загарадзіў яму праход. Па твары маёра зусім нельга было сказаць, што ён усю ноч працаваў і лёг толькі на досьвітку — не, твар гэты, падобны да прыгожай крэманкі, быў чыста паголены і сьвежы, як у дзіцяці. Крышталёва-блакітныя вочы зазірнулі на самае дно Маўчуновай душы:

“Стой. Не спеши. Пойдем сейчас с тобой на работу. Нужна твоя помощь”.

Маўчун адхіснуўся, сьціснуў у руках кніжкі.

“Не магу я, вучыцель накажа, — прабурчэў ён змрочна. — Кантрольная сёньня”.

“С учителем мы разберемся, — усьміхнуўся маёр Лебедзь. — Дай сюда свой телефон”.

Маўчун смурна працягнуў ахвіцэру мабілку, маёр бязь цяжкасьцяў адшукаў нумар — і вось ужо ў трубцы быў чуваць лісьлівы голас настаўніка:

“Канешна, канешна, нікакіх вапросаў! Он спасобны мальчык, а для нашай школы эта агромная чэсьць!”

Праз хвіліну яны ўжо ішлі па вясковай вуліцы: Маўчун — згорбіўшыся, зьвесіўшы рукі, гледзячы пад ногі, на прамерзлую гразь, і сьляпуча-белы маёр, высока падняўшы нібы з мармуру вычасанае падбародзьдзе і зь цікавасьцю азіраючы навакольле.

“Что-то ты стоптался за ночь”, — пажартаваў маёр.

Маўчун толькі гмыкнуў. Хто яго ведае, што ў маёра на ўме. Але шутачкі шутачкамі, а настрой у маёра быў неблагі.

“Замечательный сегодня у нас с тобой день, Молчюн, — гаварыў маёр сваім прыемным, мужным, крыху грудным голасам. — Все работают, а мы с тобой по гостям. Обойдем тех, кто нам интересен, поговорим, послушаем... В глаза посмотрим. Такая у нас с тобой работа. Сначала с самыми умными надо встретиться — а дальше они подскажут, что делать. Не языком подскажут, так глазами, мимикой, жестами, намёком. Не захотят — а все равно подскажут. Люди молчать не умеют, тело всегда говорит, даже во сне. Запомни это. Твоя задача — рядом со мной стоять, моя — слушать и замечать, а их — говорить...”

Як ні дзіва, першым у іхным сьпісе быў паліцай. Маўчун думаў, што маёр зь ім уначы ўсё абмеркаваў, што паліцыя і маёр разам працуюць — але ж не: як яны з маёрам на двор да паліцая прыйшлі, той нехаця ў струнку выцягнуўся, а твар зрабіў такі, што Маўчун аж пашкадаваў дзядзьку. Ніколі ні перад кім яшчэ іхны паліцай так не выцягваўся.

“Значит, в деревне он, тупая ты башка, — хвосткімі, хуткімі, цяжкімі словамі адгукнуўся маёр, калі паліцай далажыў абстаноўку і расказаў пра ўсе свае стараньні, пошукі і начныя каравулы. — Кто у тебя под подозрением? Список ненадежных, быстро!”

“Ды как вам сказать, ваше высокаблагародзіе... — сумеўся паліцай. — Усе надзёжныя... Я ж каждага тут знаю как аблупленага... Разьве што...”

“Что разве что? Говорить разучился? Отвечай быстро, ясно, русским языком!”

“Ну вот учыцель наш месны... Штота не нравіцца он мне... Есьць у нем штота такое, сьлішкам... Ноччу пішэт штота ў хаце. Дапазна сідзіт. Не, даказацельств нет, беседу я с нім правёл, на дапрос вызываў. Гаваріт, цятраткі правярае, дамашнія заданія. Усе паказал, не к чэму прыдрацца. Но какойта скользкі он, мутны”.

Паліцай мармытаў, а маёр Лебедзь на Маўчуна паглядваў. Маўчун адвярнуўся, пачаў у носе калупацца. А калена дрыжыць, ды так, што ніяк не суняць. Як не Маўчунова яно, а чужое, з другога цела прылепленае. Такога зь ім не было яшчэ.

“Каждый дом проверил?”

“Кажды! Без ісключэнія! Каждае страеніе, у том чысьле нежылыя. І заброшэныя тожэ. В том чысьле канфіскованые. Хату прэдацеля Раманоўскага, ха­ту Юзака, хату Пятрышчанкі. Школу абыскал дважды. Ферму уверх дном. К сажаленію, безрызультатна”.

Маёр, не разьвітаўшыся, разьвярнуўся — і Маўчун, не абарочваючыся на застылага паліцая, патэпаў за гэтым велічным, сьляпуча белым прышэльцам зь іншага сьвету.

“Веди к солтысу”, — сказаў маёр рашуча, а сам усё быццам нешта ў галаве запісваў.

Солтыс накрыў для маёра стол, а як пабачыла салтысіха, што з дарагім госьцем Маўчун прыйшоў, дык яму пірага паклалі, ды нагу нечую тлустую, запечаную, з корачкай, дзеці ў Белых Росах за такую корачку пабіцца маглі, так яе любілі. Маёр абмачыў тонкія вусны самагонкай, закурыў сваю залатую цыгарку і загадаў гаварыць “по делу”.

“Как вам сказаць, ваша высокаблагародзіе... — вочы тоўстага солтыса былі такія чыстыя, такія шчырыя, нібы ён зь неба спусьціўся на хвілінку, праверыць, як тут безь яго аднасяльчане грэшныя маюцца. — У тот дзень многія ў лесе былі. Хто на панду хадзіў, на ахоту, хто па грыбкі позьнія, хто мусар на яму вазіў. Кажды пад падазрэніем можэт аказацца. Такая ана, судзьба. Чужая душа — пацёмкі. Я, канешна, за парадкам гляджу, усіх знаю, но, самі панімаеце, у чарапную каробку не залезеш...”

Маёр Лебедзь, здавалася, ня слухаў. Дый не глядзеў ён на заплылую пысу солтыса — а ўсё Маўчуна вачыма мацаў, і ўсьміхаўся, і мружыўся, і віўся над сталом прыгожы дымок, і падаў на падлогу мяккі лёгкі попел...

“Я вам вот што скажу... — насупіўся раптам солтыс. Аглянуўся, на салтысіху кулаком замахнуўся: “Выйдзі, Тацяна, у нас тут мужскія дзялы, пагаварыць з высокаблагародзіям нада!”

Салтысіха куляй выскачыла з кухні. Солтыс нахіліўся да стала, працягнуў рукі да ахвіцэра:

“Знаеце... Ані тут усе ўродзе і прылічныя, законапаслушныя людзі, нармальныя граждане. Есьлі пасматрэць днём... А как вечар. Я вам вот што скажу, эта маё мненіе. Хітрыя ані. Нікаму тут так штоб на сто працэнтаў верыць нельзя. Толька мне з супругай і дочкамі... Да вот ешчо мальчонка этат і ацец его, аднарукі, вот за ніх тожэ ручаюсь. Харошыя людзі. Вы, ваша высокаблагародзіе, правільна іх вычысьлілі, ані сваі, да мозга касьцей. Мальчонка этат, Малчун, он, канешна, малчыт, но эта у него ат ума і вернасці ідэалам. А астальныя... Даўно мечтаю, штоб прафесіянал, вот как вы, ацаніў іх опытным глазам...”

Маёр Лебедзь вачыма ў Маўчуна ўпіўся, не адпускае. Як кроў смокча. У Маўчуна камяк у горле захрас.