А ў панядзелак у школу раптам пасярод заняцій паліцай заявіўся — пры парадзе, у павязцы з арлом, ды пры кабуры — і не адзін заявіўся, а з замам па ідэалёгіі. Акурат было прыродазнаўства — ня самы ўлюбёны прадмет Маўчуна, таму ён нават узрадаваўся, калі ў сенцах бразнулі дзьверы і на парозе клясы, прыгнуўшыся, вырасьлі постаці іхнай вяс­ковай яліты — толькі солтыса не хапала.

Настаўнік зьдзіўлена саступіў ім месца каля дошкі, а сам сярод вучняў сеў. Проста побач з Маўчуном. Паліцай адхаркаўся, праглынуў сьліну і важна агледзеў спачатку Любку, потым Маўчуна, а затым ужо і ўсіх сьмяшлівых дзевак, якія ўсё ніяк не маглі супакоіцца.

“Гаспадзін учыцель, успакойце клас, дзела важнае”, — незадаволена сказала заміха і насупіла ­бровы.

Настаўнік дастаў дубец і за сьпінай у Маўчуна хутка запанавала цішыня.

“Дзела і праўда важнае, — прамовіў паліцай, паклаўшы руку на кабуру. — Можна сказаць, гасударсьцьвеннае. Ад вас трэбуецца прэждзе ўсяго сазнацельнасьць. Гражданская ацьветсьцьвеннасьць, я бы дажа сказаў. Бо вы ж маладыя граждане, новае пакаленьне Белых Росаў, каторае... Людка! Ты, ты, Чумачонак, хваціт ужэ серу з вуха цягаць, мазгі разам зь ёй павыцягваеш, так ужо пальцам у вуха залазіць, сматрэць праціўна!”

Усе павярнуліся да дурнаватай дзесяцігадовай Людкі.

“Дубца захацела, Чумачонак? — настаўнік вінавата зірнуў на паліцая. — А ну ўніманіе на экран! Вот жа пакажу табе!”

“Так, — паліцай зноў адхаркаўся, ад яго пахла часныком і перагарам. — Значыт, слушайце ўнімацельна. Как вы ўсе знаеце, страна акружана ўрагамі. Ўчора ў акрэснасьцях нашых Белых Росаў замечэн быў самалёт-шпіён. Надзеюсь, усе панімают, што эта значыт. Большэ таго, сягоньня утрам ў лесу быў найдзен парашут. А эта ўжэ ня проста сітуацыя, гэта ўжэ чрэзвычайнае праішэствіе. Паэтаму управа нашага пасёлка абрашчаецца к вам, маладзёж. Каб вы, суччыны дзеці, былі пільныя, як замеціце што падазрыцельнае — сразу званіце мне ілі на номер Аркадзеўны. А есьлі занята — солтысу, бацюшку ці ўчыцелю. Наша армія такжэ на­дзеецца на ваша садзействіе. Што эта значыт? Эта значыт, што як толькі пабачыце дзе каго чужога — адразу сігналізіруйце. Эта ваш доўг! Как гаварыцца, пры абнаружэньні бясхозных ілі падазрыцельных прадметаў саабшчайце аб этам машыністу ці работнікам метрапалітэна. Усім панятна?”

Зам, якая дагэтуль трымалася ў цені, рашуча выйшла да дошкі і далучылася да паліцая. Вусны яе дрыжалі:

“Рэбята! Надзеюсь, вы понялі, што разгавор ідзёт сур’ёзны. Гдзе-та ў лесу затаіўся ўраг. І наша задача — саабшча ня даць яму нарушыць гражданскую стабільнасьць. Будзьце ўнімацельны! Дажэ малейшае падазрэньне можэт вывесьці нас на правільны сьлед! Давайце наладзім у Белых Росах сісьцему гражданскага самакантроля. І ўмесьце выведзем урага на чыстую воду. Дзевачкі! І мальчыкі тожа. У вас глаза маладыя, ногі праворныя, так што на вас надзежда!”

Паліцай раптам нахіліўся да пярэдняй парты:

“Слышал, Маўчун? Усё поняў? Што смотрыш, как бальной?”

Маўчун адчуў, як твар ягоны гарыць. Раней паліцай зь ім так не размаўляў. Дый наогул рэдка калі зьвяртаў на яго, Маўчуна, увагу. Хапала яму справаў з Касмачыкам. Цяпер, відаць, на Касмачыкава месца ён патрапіў. У трудныя падросткі. Але які ён трудны. Ніколі з законам праблем ня меў. Хіба што з Законам божым. Але гэта ўжо іншая парафія...

“Ну што ты спужаўся? — паліцай нечакана падабрэў. — Я пра тое, каб ты не маўчаў, як што пабачыш. А рот раскрыў і расказаў. А то знаю я цябе. Слова абцугамі ня выціснуць. А дзела такое, што рэагіраваць нада быстра. Увідзел — далажыл. Ясна, Маўчун? Што ты ўсё красьнееш? Ты ж мужык! Мабілку маеш?”

“Мабілкі ім перад заняціямі здаваць трэба, такое распаражэніе”, — пасьпешліва сказаў настаўнік.

“Ну, калі распаражэніе, нада выпаўняць”, — паліцай пераглянуўся з замам.

“Школа, кстаці, адна із самых вераятных мішэней церарыста, — строга сказала зам. — Ну што, рабяты? Вапросы есьць?”

“Няма!” — прапішчалі дзеўкі.

На гэтым размова была скончаная — і паліцай, галянтна прапусьціўшы зама наперад, выйшаў з клясы. Маўчун імкнуўся не глядзець на настаўніка, але той, падаецца, быў заняты дзеўкамі, якія ўсчалі пасьля сыходу яліты такі гвалт, што давялося яму прайсьціся дубцом па іхных ручках. Але было позна. Заняткі ў школе ўжо былі сарваныя — якая навука, калі такое чэпэ адбылося. На перапынку ўсе толькі і гаварылі, што пра парашут ды пра шпіёнаў, дзеўкам надта ўжо хацелася, каб шпіёна хутчэй злавілі, і пажадана ў вёсцы — бо карцела ім на яго паглядзець. Маўчун з пагардай прыслухоўваўся да іхных бязглуздых размоваў — шпіён чамусьці маляваўся ў іхным уяўленьні гожым высокім хлопцам, які па-рускі не гаворыць, а толькі стаіць, зьвязаны, махае вейкамі, ды мус­куламі паігрывае пад вяроўкамі: жалка яго, расстраляюць жа, не дадуць налюбавацца. Таму, з аднаго боку, дзеўкам зь іхнай школы хацелася, каб яго як найскарэй паймалі, а з другога, хай бы пагуляў яшчэ па лесе, падражніў дзявочыя фантазіі...

Што праўда, Любка ў дзявочых абмеркаваньнях удзелу ня брала. Падышла, села каля Маўчуна, быццам ён ёй цяпер быў бліжэйшы за сябровак. Сяброўкі зірнулі на яе скоса — але што паробіш, Любка была старэйшая і таксама незавісімая сьлішкам, тожа сібе на ўме.

Села Любка каля Маўчуна, прыціснулася ка­ленам:

“Як думаеш, Маўчунок, паймаюць шпіёна?”

Маўчун памаўчаў.

“Ты ж хлопец, каму ж як ня хлопцам, зашчытнікам нашым, у такім разьбірацца? Паймаюць?”

“Ня знаю”.

Любка кіўнула, калена было цёплае і небясьпечнае. Маўчун усё адсоўваўся, а яно ўсё лезла — бліжэй і бліжэй.

“А ты, Маўчун, калі б шпіёна пабачыў, расказаў бы мне?”

Маўчун крыва ўсьміхнуўся.

“Ясна, — Любка пахітала галавой, нібы яна была доктарка, а ён і праўда хворы. — Паліцаю пазваніў бы...”

“А ты б не пазваніла?” — Маўчун пагардліва адсунуўся.

“Пазваніла б, — Любка пазяхнула. — Але не адразу. Разумееш, Маўчунок? Не адразу?”

“Чаму ж не адразу?”

“Я б спачатку таму шпіёну пару вапросаў задала, — Любка расправіла на каленях цёплую сукенку. — Распытала б яго, што і як. Там, у ягонай Шпіёніі. Як там яны жывуць. Як у нас усё — ці ўсё ж трошачкі па-другому, іначай”.

Маўчун задумаўся. Хітрая Любка. Хітрэйшая, чым ён думаў. Правакацыя. У давер да яго ўціраецца. Хвігу ёй, Маўчун ня з тых, хто першаму стрэчнаму адкрываць душу будзе. Пагатоў Касмачовай дзеўцы.

“А ты Касмачу пісьмо напісала?” — спытаў ён, каб перамяніць тэму.

“Каму? Касмачу? — Любка засьмяялася злосна. — Ды пайшоў ён. Я ўжо і забыла пра яго. Усё роўна ён больш ня вернецца. Ці заб’юць, ці казачку сабе знойдзе. Дый ня думала я ніколі пра Касмача як пра сур’ёзны варыянт. Дурачок ён...”

Маўчун ня верыў. На понт яго бярэ.

“І ты дурачок, — Любка з асалодай угледзелася ў ягоны чырвоны твар. — Усе вы дурачкі. А ты асабліва. Ад цябе гусямі сьмярдзіць. Гусіным гаўном, ага. Гусятнік ты, Маўчун. Табе б на ферме яйкі выседжваць. У шпіёны цябе не ўзялі б. Ні іхныя, ні нашы. А яшчэ разумным прыкідваешся. Важнасьць на сябе напускаеш. Якія мы таінсьцьвенныя...”

І Любка зарагатала гучна, паднялася і пайшла прэч.

Падчас апошняга ўроку над вёскай пратарахцеў верталёт. А потым яшчэ раз. І яшчэ — ужо калі Маўчун гусачку сваю шэрую абдымаў і расказваў ёй шэптам, што ўчора ў лесе адбылося, калі яны з бацькам на панду хадзілі. Усё разумела гусачка, Маўчун па вачах яе пацеркавых бачыў, усё разумела, а сказаць нічога не магла — але толькі па-чалавечы не магла, па-свойму дык яна шмат гаварыла, і адчуваў Маўчун, што раўнуе яна яго, а да каго — ясна было, як белы дзень. Вінаваты быў Маўчун перад гусачкай, сапраўды вінаваты, бо не выходзіла ў яго з галавы Стэфка, усё пракручваў ён учорашнюю сустрэчу ў галаве, і выходзіла, што памятае ён яе ва ўсіх яе салодкіх і трывожных падрабяз­насьцях.

Пакуль упораўся на падворку, дык ужо і сьцям­нела, а там і за ўрокі трэба было брацца. Заданьням Маўчун даў рады за паўгадзіны, дый што там цяжкога — нездарма ў настаўніка ён у найлепшых вучнях хадзіў. А як толькі поўня вызірнула, нацягнуў Маўчун зімовыя боты, пару пакетаў крамных у адну кішэнь курткі сунуў (тыя пакеты ў хаце невядома зь якіх часоў валяліся), другую прыпасамі набіў — і за парог.

“Ты куды гэта? — чыркнула ў цемры запалка. — Куды сабраўся?”

Бацька стаяў каля весьнічак, нібы даўно там яго падпільноўваў.

Маўчун парадаваўся, што цёмна. З самай раніцы ён з жахам адчуваў, што ніяк ня можа авалодаць сваім тварам — такога раней не здаралася: няўжо пасьля ўчорашняга знаёмства са Стэфкай ён асуджаны цяпер вечна чырванець, ды вочы хаваць, ды трэсьціся ад найменшага гуку? Вось што з чалавекам бабы робяць. І як да такога звык­нуць? Але цяпер яго хаваў змрок падворка, сьвятло поўні шукала Маўчуна і не знаходзіла, і яму стала неяк ніякавата — няўжо яна ўвесь вечар за ім сачыць надумала, гэтая круглая поўня, што павісла над лесам, як пост паветранай абароны?

Агеньчык бацькавай цыгаркі заскакаў над Маўчуновай галавой:

“Чуў, што ў лесе шпіён завёўся? З парашута кінулі”.

“У школе расказвалі, — адказаў Маўчун наўмысна дзіцячым голасам. — Паліцай выступаць прыходзіў, і заміха зь ім”.

Бацька пакашляў, агеньчык зрабіў кола.

“Да... У сложнае ўрэмя ты радзіўся, сынок... Дык скажаш, куды сабраўся?”

“Нікуды”.

“Ага, нікуды. У зімовых ботах. Я ж чую, як ты ступаеш. У паляўнічага вуха такое, што не прап’еш”.

“Ай ну тат...”

“Дык куды?”

“Да дзевак”, — сказаў Маўчун неахвотна. І адразу зразумеў, што падман удаўся. Бацька нават ды­хаць па-іншаму пачаў.

“Значыць, дайшло да цябе нарэшце, — сказаў ён мякка. — Да... Малога Касмача забралі, цяпер ты ў нас першы хлопец на дзярэўні, а дзярэўня адзін дом”.

“Што?”

“Ды нічога... Бяжы ўжо. Ды каб да ночы вярнуўся. Урокі зрабіў?”

“Зрабіў”, — кінуў Маўчун і, стараючыся не паказваць, што сьпяшаецца, выйшаў на вуліцу. Павярнуў, шмыгнуў за хату Касмача, а там прыпусьціў цераз поле, вылез на дарогу, завязаў на боты пакеты цэляфанавыя і шырокім крокам, тулячыся ў цень ельніку, пашыбаваў да лесу. Яшчэ здалёк пачуў, як з-за суцэльнай сьцяны нехта завыў. Мо воўк, а мо і панда. А можа, і чалавек. Ніхто ўжо не разьбярэ.