Падмануў настаўніка той панда. Але гэта ўлетку было. На зіму панда ўжо не такі хітры, голад ня цётка, лезе панда да чалавека, спадзяецца нешта з поля ўхапіць, бадзяецца па ўзьлеску, позьні грыб шукае ці тое, што на полі засталося...
Адзін толькі стары Касмач хваліўся, што панду ўпаляваў. Праўда, ужо тады, калі праверыць немагчыма было. “Дзе ж той панда, дзядзька?” — “У пузе тваім!” — трос кадыком Касмач. “Што, укусна было? А то ж!” Касмач ахвотна іх мясам частаваў, нібы па дабрыні сваёй, а насамрэч плацілі яму, кожны сваёй паслугай. Маўчун неяк у малодшага Касмача запытаўся: “А праўда, што бацька твой панду ўпаляваў і мы яго ўсе елі?”
“Вядома, — важна адказаў малодшы Касмач. — Матка зь цёткай таго панду абдзіралі, а я бачыў. Тоўсты панда папаўся, знаеш, как выглядзіт? Сьпераду, как сьвіньня, а ззаду, как курыца, а лапы мядзьведжыя”.
“Брэшаш, Касмач!”
“Ну ладна. Праўду скажу, — Касмач зрабіў сур’ёзны твар. — Знаеш, на каго пахож?”
“На каго?”
“На цібя! — і Касмач пачынаў качацца па траве, рагочучы і заціскаючы пуза рукамі. — На цібя он пахож, Маўчунок! Выліты ты! Панда! Ды я з дуба насёр на твайго панду! Якая розьніца, што жэрці! Галоўнае, у нас, Касмачоў, мяса заўжды ўдосталь, а вы, галыцьба, нам за гэта работу чорную робіце! Вам скажы, што за мяса — дык самім захочацца ў касмачы! Дык вось хуя вам, мы самі рашым, каго мясам карміць, а каму ў полі гарбаціцца!”
Добра, што забралі таго Касмача ў маскалі. Спакайней стала, ня трэба мазгі на яго, ёлупа, марнаваць.
Так думаў Маўчун, крочачы побач з бацькам да лесу. Позірк у бацькі рабіўся ўсё больш учэпісты, насьцярожаны, пільны — так яму хацелася хоць гэтым разам панду здабыць. Бацька ўглядаўся ў зусім ужо блізкія зарасьнікі, то там галінка калыхнецца, то там куст загайдаецца, але не, не паказваўся панда, а калі і сядзеў паблізу, дык нічым не выдаваў сваёй прысутнасьці.
Яны ўвайшлі ў халодны лес, патыкаліся, пастаялі, паслухалі. Прыклаўшы палец адзінай рукі да вуснаў, бацька павёў Маўчуна па нейкай знаёмай аднаму яму сьцежцы. Прайшоўшы па ёй хвілін дзесяць, яны спыніліся, бацька нахіліўся да моху, прынюхаўся, расчаравана выпрастаўся.
“Трэба далей ісьці”.
Яны павярнулі да сьветлага боку, трэба было яго трымацца, каб хоць знак заўважыць, што далей праход закрыты. Маўчун глядзеў на бацьку і разумеў: усё, зьняверыўся ён, сам ведае, што схаваўся панда, абхітрыў іх. Можна да ночы тут блукаць — ня вылезе зьвер. Будзе сачыць за імі сваімі вачыма хітрушчымі, пакуль ня сыдуць людзі зь ягонага царства. Ведаць бы, як ён выглядае. У інтэрнэце пра панду нічога не было. А мо і было некалі даўно, ды сплыло. Інтэрнэт жа таксама не бяздонны, так у школе вучылі, на занятках па інфарматыцы.
“Тат, — Маўчун ступаў з бацькам сьлед у сьлед. — А адкуль у нашым лесе панды?”
“А я табе не расказваў? — недаверліва азваўся бацька. — Ну, гэта вядомая гісторыя...”
“Раскажы”.
“Слухай. Ну дык вось. Некалі стаяў за сто кілометраў ад нашага лесу такі горад Мінск. Самы вялікі на Западнай граніцы. Чаго толькі ў Мінску тым не было. І падземная чыгунка, і аэрапланы, і парк дрымлэнд, дзе тышчы людзей драмалі на сонейку, для рэлаксацыі. І хмарачосы. А самая прыгожая вуліца там называлася Ротмістрава. Яшчэ яе Праспект называлі. Самы доўгі на Западнай граніцы, між іншым. А пасярод таго Мінска стаяў задапарк. Ведаеш, што такое задапарк? Гэта такое месца, куды паслы з усяго сьвету прыяжджалі, кітайскія, вінасуэльскія, мерыканскія, і дажа з Антаркцікі, і падарункі прывозілі. А прывозілі яны ня толькі каўры ды ўкрашэнія, а і розных дзівосных жывёлаў. Самых неверагодных, якія толькі бываюць. А яшчэ дзікароў усякіх. У падарунак. Каб мінчанам тым дрэмлюшчым была пацеха. А каму ня хочацца на дзівы паглядзець? Усім хочацца, а ня ўсім дано. Ясна, што ўся гэтая жыўнасьць пужалася, калі яе да нас у Расію прывазілі, засунуць тую скаціну ў клетку — яна і цісьнецца да прутоў, палохаецца людзей. Задам павернецца і стаіць, як здранцьвелая. Мінчане на дупы глядзяць і забаўляюцца. Таму і назвалі гэтае месца: задапарк...”
Бацька расказваў так захоплена, ды так сур’ёзна, што не паверыць было немагчыма. Можа, калі б Любка якая побач ішла, ці Касмач малодшы, яны б і далі веры. Але Маўчун быў не такі. Нездарма яго Маўчуном называлі. Не адгукалася ў ім тое, што ў чалавечым арганізьме за легкавернасьць адказвае. Да таго ж былі ў аповедзе бацькавым дробныя, але нестыкоўкі.
“А ты сам у тым Мінску бываў, ці што?” — спытаў Маўчун.
“Ну а якая табе розьніца? — раззлаваўся раптам бацька. — Каб нешта ведаць, не абавязкова паўсюль бываць. Мне бабка расказвала твая, мая мама, яна калі маладая была, іх у той Мінск вазілі, на дзявятае мая. І ў задапарк экскурсію ладзілі. Што ж мне, матцы ня верыць? Чаго ёй брахаць?”
“Ну добра, добра, расказвай далей”.
“Ну дык вось, — пакрысе супакоіўся бацька. — А потым вайна пачалася. І той Мінск немцы спалілі. Увесь, дазваньня. А жывёлкі тыя і дзікары ўсе разьбегліся. Ну, тыя, каторыя ацалелі ў бамбёжках. А жывёлцы ды дзікару куды бегчы? Ясьцесьвенна, у лес. Так тыя панды ў нас і пасяліліся. Размножыліся тут трохі. Таму і жывуць у нас панды. І яшчэ невядома хто...”
Недзе паблізу храбуснула ветка. Бацька замёр, схапіў дубальтоўку. Але гэта вавёрка была — Маўчун прасачыў, як яе рудое цела ўзьляцела да самых пустых птушыных гнёздаў.
Шмат што не стыкавалася ў гэтай байцы.
Па-першае, якія паслы? Паслы, яны ў сталіцу прыяжджаюць той дзяржавы, зь якой атнашэнія дзіпламацічаскія. У Маскву. Што ім у Мінску тым рабіць? На Западнай граніцы? Туды ніхто паслам сунуцца не дазволіць. І дурню ясна, пасол — ён толькі так называецца, а насамрэч — шпіёны яны ўсе і цэрэушнікі.
Па-другое. Бацька кажа, што Мінск той немцы спалілі. Ці разбамбілі. Але па гісторыі расказвалі, што яго разбамбілі яшчэ сто пяцьдзясят гадоў таму. Дык што, яго зноў пабудавалі і зноў разбамбілі? Вось жа не павязло. І чаму немцы? Нешта наблытаў бацька. За Западнай граніцай ня немцы кіруюць, гэта кожнаму ясна. А хто? Амэрыка, канешне.
І па-трэцяе... Тут Маўчун адчуваў самы слабы бок бацькавай байкі. Бо кожны, у каго на мабілцы інтэрнэт быў, мог, калі не ленаваўся, прачытаць, што рэдакцыя навінаў знаходзілася ня дзесьці, а акурат у тым самым Мінску. Праўда, інфармацыя гэтая месьцілася там, куды нармальны чалавек ніколі заглядваць ня будзе. Маленькімі літаркамі ў разьдзеле “Магія і красата”, збоку ад рубрыкі “Поделись секретом вечной молодости” была пімпачка зялёная, на якую ніхто не дадумваўся ціснуць. А Маўчун вось дадумаўся. Клікнуў — і атрымаў:
“Редакция новостей Северо-Запад. Минск-Хрустальный, ул. Героев-Подводников, 2. Главный редактор — Добрыня Владимирович Огарев. Cеверозападинфокновмир”.
Значыць, не спалілі той Мінск немцы. Ці спалілі, але вырас пасьля Асвабадждзенія на месцы таго спаленага Мінска зь ягоным задапаркам новы горад, з крышталя і царь-цемента. Проста ня ведае нічога бацька. Час такі, такая эпоха: дзеці лепш за бацькоў сьвет ведаюць. Ня тое, што дваццаць гадоў таму... Калі не было яшчэ на сьвеце ніякага Маўчуна, а вось Белыя Росы ўжо былі. Толькі вось якія?.. Што тут адбывалася? Ніхто не раскажа. Пра задапарк і пандаў бацька ахвотна трындзіць. А як ні спрабаваў Маўчун бацьку пра ягоную службу ў маскалях распытаць, бацька як чапялу праглынуўшы робіцца.
Яны дайшлі да бярозавага гаю, селі на траву, бацька сказаў Маўчуну, каб асьцярожна паклаў сетку, бо заблытаецца, і каб даставаў з торбы прыпасы. Маўчун расклаў на пяньку каўбасу, халодную бульбу, соль, цыбуліну. Бацька прыставіў да бярозы дубальтоўку і прыплюшчыў вочы.
“Халера, — сказаў ён зморана. — Пачуў, відаць, панда, як мы гаварылі. Здалёк пачуў, кітаец. Вось жа кляўся сабе, што гэтым разам маўчаць буду, каб не спужаць, а бач ты, разгаварыўся... Гэта ўсё ты, малы, вінаваты. І чаго цябе Маўчуном называюць? Ты ж той яшчэ балбатун. Усё тат, ды тат... Раскажы ды раскажы...”
Але Маўчун бачыў, што бацька не злуе. Падабалася бацьку байкі свае травіць. І добра яму было, што яны ўдвох па лесе ходзяць у самы канец восені, што дыхаюць тым самым паветрам. Паляваньне для бацькі — найлепшы адпачынак. Хай бы і бяз панды. Нічога, абыдуцца. На зіму сёе-тое маюць, пражывуць неяк. Дый зіма цяпер такая, што марозу не бывае. А, кажуць, годзе ў 2012 сапраўдныя бураны былі. Брэшуць, відаць. Якія нахер бураны? Добра, калі ў Белых Росах да нуля дойдзе. Усю зіму плюс пяць, а ў канцы лютага ўжо кветкі распускаюцца. У суседзяў... Бацька кветнік зусім закінуў. Вось узяў бы Сысуніху — дык і ў іх бы побач з хатай красата была...
“Хочаш, нешта пакажу? — хітра прымружыўся бацька. — Хадзем!”
Яны хуценька сабраліся і пайшлі не туды, дзе праз камлі дрэваў прабівалася сонца, а ў цёмны гушчар. Маўчун ужо заперажываў — раптам яны знаку не заўважылі, як бы праблем ня ўзьнікла... Але бацька ўпэўнена ішоў наперад. Знае, відаць, дарогу. Ну, а што ім зробяць. Салдаты яго, Маўчуна, ведаюць. Адпусьцяць. Толькі за бацьку боязна. Бо ўсыплюць бізуноў за парушэньне рэжыму. Эх... Застаецца спадзявацца, што бацька розум мае. Ведае, што робіць.
І раптам яны выйшлі да возера.
Яно бліснула наперадзе, як нечае вялікае вока. Вока паглядзела на Маўчуна і засьлязілася.
Па вадзе прайшла рабізна. Нібы возера пазнала яго. Нібы ўжо бачыла.
Зусім недалёка ад возера стаяла хатка. Дый ня хатка ўжо, а зусім згнілая спаруда, чорная, з аблупленай сіняй фарбай, якая яшчэ дзе-нідзе трымалася над тым, што раней было вокнамі.
Дзьверы віселі на адным іржавым кручку.
Хата была мёртвая. А возера жывое. І гэта так усхвалявала Маўчуна, што ён узяў бацьку за руку.
“Ды ня бойся, — глуха сказаў бацька. — Тут ужо даўно не жыве ніхто”.
І ў гэта Маўчун таксама ня надта паверыў. Але руку бацькаву адпусьціў. Яны падышлі да возера, бацька закурыў цыгарку. І Маўчун чамусьці ўспомніў пра свой скарб: чорна-залатыя недакуркі “Сабранія”. Вось бы ў таго капітана, ваенкома, выпрасіць адну цэлую. І зараз бацьку пачаставаць. Хоць, можа, і дурная гэта была мара. Бо ў дымку ад “Пабеды”, што плыў цяпер над возерам, і гэтым чорным лесе на другім беразе, і ў зморшчыне, што апяразвала бацькаў лоб, і ў мёртвым абрысе закінутай, згнілай хаты была яна — тая гармонія, якую Маўчун даўно лавіў, нібы матылька, але ніяк ня мог спаймаць нідзе, апрача як у куратніку, з шэрай сваёй любай гусачкай...
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.