Недапалкі былі кароткія, як гільзы, чорныя, прымятыя на абпаленым канцы, і кожны сканчаўся залатым фільтрам, прыкушаным ды насьліненым нетутэйшым дужым чалавекам. Маўчун паднёс недапалкі блізка-блізка да сваіх раптам змакрэлых вачэй, глыбока ўцягнуў у сябе пах — такі пранізьлівы і такі тонкі: нішто ў Белых Росах ня мела такога дзіўнага водару. Ён паспрабаваў запомніць гэты пах — для гэтага давялося напружыць усе свае валаскі ў носе, але ў яго атрымалася, і ён шчасьліва пасьміхнуўся. Заплюшчыў вочы, уявіў сабе, як вайсковая машына на шашу выбіраецца, і ў ёй пагойдваецца Касмач, абсіраючы ўсіх са свайго вечнага нізкарослага дуба... Памарыў Маўчун, як ён на Касмачовым месцы сядзеў бы і таксама пагойдваўся, і было б яму страшна і соладка адначасова. Толькі ён, Маўчун, не сядзеў бы, як бульбіна ў разоры, і не паўтараў бы розную чухню. Ён бы ўсё навокал запамінаў, паўз што машына імчала, кожную драбязу ў сябе памясьціў бы навечна, і ўсяму пастараўся б знайсьці імя — а не знайшоў, дык прыдумаў бы.
Мары разышліся, як хмаркі, Маўчун уздыхнуў і пачаў ужо дзелавіта і спакойна разглядваць свае скарбы.
Цыгаркі капітанавы былі чорныя, як тая раса ў папа — а фільтры залатыя. А на тых залатых фільтрах — вось жа цуд! — такія самыя арлы сядзелі, як на кукардзе ахвіцэрскай. І ўнізе малымі чорнымі літарамі выведзена:
SOBRANIE
Black Russian
Маўчун ведаў, канечне, што птушка тая, арол двухгаловы, гэта іх гасударсьцьвенны герб. Але адна рэч, калі ты яго ў кніжцы бачыш ці ў школе на сьценцы ў сенцах. А зусім іншая, калі нехта той гасударсьцьвенны герб да рота падносіць і нібы цалуе. Абы-каму такое не дазволена. А вось ваенком можа гасударсьцьвенны герб цалаваць. І было ў гэтым нешта такое ўжо сымбалічнае: нібы казаў ваяка такім пацалункам, што жыцьцё аддам за Расію-матушку, нібы ён, курачы, флаг цалаваў, пад якім героі-аднапалчане ўпалі. Маўчуну таксама раптам захацелася той герб на фільтрах пацалаваць, ён нават недапалкі да вуснаў паднёс, і тут сонца зайшло, пацягнула аднекуль зь лесу зусім ужо зімовым холадам, і падалося Маўчуну, што той ваенком зь неба за ім цікуе. Схаваў Маўчун недапалкі ў пераплёт любімай сваёй кніжкі, пра Нільса Хольгерсана, і пайшоў у школку зьбірацца.
***
У школьных сенцах мабілку палагалася здаць. Згодна з пастановай міністра народнага прасьвяшчэнія, падпісанай міністрам западных церыторый — указ вісеў тут жа на сьцяне, і паперку тую вянчалі тыя самыя галовы, у розныя бакі павернутыя. Маўчун адключыў тэлефон і паклаў у кошык. Ён супраць пастановы нічога ня меў — бо ў школу хадзіў, апантаны жаданьнем узяць там ведаў па максімуму. А калі ўвесь час ў інтэрнэт лазіць — дык і той мізэр прапусьціш, што настаўнік дае. А вось аднаклясьніцы ягоныя пакідалі ў сенцах свае пярэстыя мабілкі так, нібы кацянятаў тапілі. Ледзьве не са сьлязьмі. Вось што значыць залежнасьць.
Ды і што там чытаць, у тым інтэрнэце. Заходзіш, а там пяць разьдзелаў. Новасьці, законы, крымінал, спорт і культура. Унутры культуры — любімая рубрыка белых росіцаў: “Магія і красата”. Абнаўляецца раз на месяц. Яно, вядома, цікава, што там у сталіцы, у Маскве, новага, але... Маўчун нікому пра гэта не казаў, але неяк яго наведала такая думка: калі ў Маскве некага месяц таму ўзарвалі, гэта, канечне, новасьць. Але толькі на сэкунду. Праз сэкунду — адно мгнавеніе ўсяго! — ніякая гэта ўжо ня новасьць, а самая што ні ёсьць старасьць. Ня можа быць такога, каб у Маскве таксама новасьці раз на месяц абнаўлялі. Там, відаць, раз на тыдзень гэта робяць. А можа, і раз на дзень. Ну, Масква ёсьць Масква, сталіца, паложана прывілеі мець. І ўсё такія думкі наводзілі Маўчуна на небясьпечныя высновы. Толькі дурань бы не дадумаўся пасьля такіх развагаў, што інтэрнэт бывае розны. У іх, у Белых Росах, адзін. А ў Маскве, ці, там, на Южнай граніцы, іншы. Ад такіх рызыкоўных думак можна было і далей пайсьці — і да таго даскрыпець ізьвілінамі, што інтэрнэт ва ўсіх свой. І ў Белых Росах не найлепшы.
Ведаў бы паліцай іхны, што ў галаве ў Маўчуна часам робіцца — не сядзеў бы Маўчун ужо ў школе за партай. А дзе сядзеў бы, і падумаць страшна.
“А ты і ня думай”, — быццам казаў нехта над самым вухам.
Маўчы сабе. І пра шэрую гусачку ўспамінай, калі зусім кепска.
У ёй вялікі сэнс, у тваёй гусачцы. І, магчыма, разгадка.
І Маўчун паслухмяна ўспамінаў пра гусачку — і цяплела ў яго на душы, як па галаве хто пагладзіў.
Першым урокам у іх была сёньня радная рэч. Маўчун увайшоў, сеў на сваё Маўчунова месца каля печкі, абвёў вачыма клясу. Адны дзеўкі. Забралі Касмача — дык ён і праўда апошні хлопец у школе застаўся. Цяпер ён ды настаўнік — адзіныя мужыкі ў гэтай хаце, і гэта, ясная рэч, неяк адаб’ецца на іхных стасунках. Нібы пацьвярджаючы гэта, настаўнік, увайшоўшы, падміргнуў Маўчуну.
А можа, проста падалося.
Маўчуну шмат што апошнім часам падавалася.
Вось настаўнік тожа... Маўчун яго зь дзяцінства ведаў. Чалавек як чалавек. Не стары яшчэ. Але ж чым далей хадзіў Маўчун у знаёмую да кожнай трэсачкі, да кожнага жука-караеда школу, тым часьцей заўважаў, што нешта настаўнік хавае. А мо і не хавае, мо сам не падазрае, хто ён насамрэч такі... Ну вось і цяпер: павярнуўся настаўнік да дошкі, каб крэйдай на ёй тэму напісаць, і ў нейкім зусім кароткім руху ягоных густых броваў, у нейкай сутарзе пальцаў пабачылася раптам Маўчуну нейкая насякомая, стрыгучая, пастрыкучая спрытнасьць. Не чалавечая. І так Маўчуну брыдка зрабілася, што ён глынуў камяк, што да горла падступіў. Шумна выйшла. Нядобра выйшла. Абідзеў чалавека. Але што было рабіць?
“Табе што, плоха, Молчюн? — спытаў настаўнік, разьвярнуўшыся ўсім сваім чорным целам, усімі сваімі лапкамі-клюшнямі. — Ілі ты забыл, как себя весьці?”
Маўчун вінавата апусьціў галаву.
“Нет. Рускія люді так себя не ведут”.
Настаўнік падышоў, схапіў яго за валасы і нахіліў да самай парты. А потым рэзка выцяў па патыліцы дубцом.
“Молчюн-пісюн”, — ня вытрымала тоўстая Жэнька. Сама паднялася, легла пузам на парту, задрала спадніцу. Жвах, жвах, жвах — пацерлася, села на месца бачком.
Маўчун расказаў на памяць “Люблю тебя, Петра творенье...”, атрымаў пяць. Адзіны ва ўсёй школе. Усё ж праў ён аказаўся наконт мужчынскай салідарнасьці. Яны з настаўнікам — адзіныя тут мужыкі, сярод курэй гэтых...Каму ж, як не Маўчуну, саатвецтваваць образу мужчыны! Потым пісалі пад дыктоўку пра Пецярбург і яго дварцы. Пасьля ўжо матэматыка была — і зноў Маўчун рашыў усё самы першы. Задачу настаўнік ім даў, канешне, хітрую: з дробамі, з падвохам, як той казаў... Трэба было вылічыць колькасьць палонных, ведаючы запас ядзерных боегаловак. Але Маўчун даў рады — першы. За гэта настаўнік яму дубец даверыў, пакуль да ветру хадзіў. Нешта часта пачаў ён да ветру хадзіць, іхны строгі, але справядлівы настаўнік. Старэе... А як памрэ — каго ім прышлюць? Можа, жэншчыну якую. Нетутэйшую. І тады хто ведае, ці застанецца Маўчун найлепшым вучнем. Так што лепш хай усё будзе як ёсьць.
Але ў тым і праблема, што нешта даўно ўжо ішло ня так. Маўчун ня ведаў, што менавіта — але ў школу яго цягнула ўсё менш. І ўсё больш цікава рабілася, што там, за лесам...
А што там? Што там? Маўчы і не пытайся. Малы ты яшчэ. Жыць табе тут — тут і скачы. У сваіх родных Белых Родасах.
А харошая была б назва для вёскі...
На перапынку, калі ўсе па двары разышліся, да Маўчуна падышла Любка і зноў сваімі вачыма хітрушчымі ў самую душу палезла, зноў запашком сваім кіслым дражніць пачала:
“А дзе ж гэта друг твой, га, Маўчунок? Дзе твой дружок Касмачык? Яшчэ ў тую суботу ў гэтае самае ўрэмя вы зь ім так разўлекалісь... Помніш, Маўчунок? Як вы зь ім у галубога сабаку ігралі? Тачнее, ты ў галубога, а ён у сабаку. Як жа мы тады паржалі... Хто цяпер дзевушак разўлекаць будзе, га, Маўчун? Ну скажы хоць слова! Табе што, мамка замест трусоў рот зашыла?”
Маўчун, вядома, ня стаў адказваць. Што на такое скажаш? Пайшоў за школу, каб пабыць на самоце і падумаць спакойна пра сёе-тое.
Там, у прыцемку, яму заўжды добра думалася. Вось, скажам, хата, у якой яны вучыліся. Тая, што школай завецца. Колькі Маўчун сябе памятаў, тут школа была. Але ж, відаць, дзеці тут вучыліся і раней. Тады, калі ніякага Маўчуна яшчэ не існавала. Бацька тут вучыўся. І паліцай. І сам солтыс. І зам па ідэалёгіі... Не, гэтую з раёну, здаецца, прыслалі, як і папа. Тэкля сьляпая ў гэтую школу хадзіла. У Белых Росах казалі, Тэкля не заўжды сьляпая была. Некалі ў Тэклю ўсе хлопцы былі закаханыя, але пайшла неяк Тэкля ў лес і зьнікла. Толькі праз два тыдні вярнулася — ужо невідушчая, ды сівая, ды з паламанымі пальцамі. Хто гэта расказваў, Маўчун ужо і не прыгадае. Можа, і ніхто. Людзі так кажуць. А людзі — гэта і ёсьць ніхто. Ніхто ня маніць і праўды ня кажа, бо якая нікому выгада з маны і праўды, ніхто — гэта нуль, а нуль велічыня матэматычная. Што было і што будзе — можна вылічыць, а на чуткі абапірацца ды на разгаворы — бязглуздая гэта справа...
Хіба што на рэчы. За школаю столькі ўсякага халусьця было навалена, што дай божа. Вось хаця б плякат, які Маўчун аднойчы адкапаў у самым нізе фанернай кучы. На плякаце быў бялявы хлопчык у сіняй форме, на шыі гальштук чырвоны завязаны, а за сьпінай у хлопчыка дошка, а на дошцы... “Мая Радзіма Беларусь” напісана. Што гэта? Зачэм? Куда? Ці вось, скажам, іншая дошка, напаўзгнілая, Маўчун яе ледзьве не з-пад зямлі адкапаў, разам з чарвякамі ды іншымі паўзучымі гадамі, што яе абляпілі... Так ужо трывожна замітусіліся ўсе гэтыя падземныя паўзуны, калі ён дошку з гліны ды жвіру вытыркнуў... На дошцы некалі быў надпіс, і некаторыя словы на ім яшчэ можна было прачытаць. “Респу Б лар Министерство образовани. Гн средня школ”. Министерство образования — ясна, школ — таксама хіба ёлуп які не дапрэ, што гэта значыць. “Респу Б лар” — тут ужо ёсьць над чым папацець. Ну, республика, ага. Значыць, без цара. Але хто ў лесе можа без цара? Як гэта ў Расіі іхнай вялікай і без цара? Не магло такога быць. Дзесьці за Западнай граніцай — там ясен пень, але тут? Бяз бацюшкі?
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.