“Маладзец! — захоплена прамовіла зам і падняла фужэрчык зь лікёрам. — Атлічная навука геаграфія, сразу прэдстаўленіе даёт пра неаб’ятнасьць родзіны”.
“Пень-Яма — гэта ўжо Васточная граніца, — змрочна сказаў паліцай. — Так што прамашка вышла, Маўчунок”.
“Ня можа быць, — запратэставаў настаўнік. — Маўчун ніколі не памыляецца. Зараз я зірну, зараз праверу... Есьлі ашыбся — ой, Маўчун, пакаштуеш заўтра дубца...”
Ён палез у свой тэлефон, але пакуль лазіў, стары Касмач зноў выпіць прапанаваў, гэтым разам за вааружонныя сілы і ваенна-марской флот, усе з радасьцю гахнулі і пачалі абмяркоўваць, як зімаваць будуць.
“У мяне дык усё ўжо гатова, — сказаў стары Касмач. — А хто, як тая страказа, лета краснае прапеў...”
І паглядзеў выразна на бацьку Маўчуна.
“...дык мы не вінаваты, — усьміхнуўся Касмач. — Але ж мы тут, у Белых Росах, адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Таму паможам, чым можам, а чым ня можам, куда нада даложым”.
І зарагатаў, як умеў. Па-лясному, жудасна, як быццам на дрэве сядзеў, а не за сталом.
“Праў Маўчун! — радасна выгукнуў настаўнік. — Праў аказаўся! Васточная граніца ўжо за Пень-Ямай пачынаецца! А Пень-Яма — юх! Юх! Юх!”
І гэтае “юх-юх” таксама гучала, быццам нейкая сьвіньня ў тэлефоне пакалупалася, а ня ўчыцель народнай школы. Маўчуну страшна зрабілася, але ён выгляду не падаў, толькі пасьміхнуўся крыва.
“Ну што рабіць... — ашчэрыўся стары Касмач і павярнуўся да ягонага бацькі. — Стаўлю твайму хлопцу стакан сваёй, выдзержаннай!”
“Спайваньне несавяршэнналетніх”, — абыякава прамовіў паліцай і рыгнуў.
“От жа дылема, — удавана замаркоціўся Касмач. — Ну тады бацьку стаўлю, хай сынам гардзіцца. Географам нашым!”
“Каму ў географы, а каму ў салдаты, — сур’ёзна прамовіў солтыс. — За радавога Касмача, зашчытніка Родзіны!”
Усе выпілі. Маўчун бачыў, што зараз пачнуцца сьпевы. І праўда. Завяла, як заўжды, зам па ідэалёгіі, солтыс падхапіў, а тады ўжо і іншыя зацягнулі загадкавыя словы, якія ў Белых Росах ведалі ўсе — і пачатак у песьні быў ясны, а далей... далей ніхто ня мог патлумачыць, што значаць дзіўныя словы, ад якіх так гаркава рабілася на языку:
“Давай за нас, на-на-на-на-на-на,
Давай за газ, на-на-на-на-на-на,
І за Бамбей і за Мадрас,
За Лхасу і за Гандурас,
Давай за нас, за дзевак у Тхімпху,
Давай за нас, пусьць всё ідёт наху...”
Дапеўшы, усе асалавела ўтаропіліся ў стол. Ня той быў сёньня празьнік. Ня той. Дзьве песьні любілі ў Белых Росах — і гэтую зацягвалі тады, калі на душы ў жыхароў вёскі было цёмна і нібы нейкая нуда тачыла іх знутры. Маўчун пачакаў крыху — мо нешта зьменіцца, мо ўсё ж зацягнуць ягоную, любімую, якую пелі тады, калі сапраўды радаваліся і адчувалі сябе людзьмі. Вось гэтую:
“Ня вешаць нос, гайда, Марыны!
Дурна лі жызнь іль хараша!”
Звычайна зам саліравала — ды такім тонкім голасам, што здавалася, у яе ўнутры нешта зараз лопне. Але ніхто нават ня ўспомніў, што ёсьць такая песьня. Зажурыліся дарослыя, пачалі відэльцамі па стале скрабсьці. Злавесны быў гук. Кра... Кра... Нешта мармытаў, лежачы ніцма ў траве, пан Какоўскі. Маўчун неўпрыкмет споўз з дошкі, на якой яны сядзелі ўсе ў рад, як на паседжаньні якім, добрай дошкі, габляванай, гладкай, як грудзі ў Касмача — у мужыкоў іхнай пароды толькі на сьпіне расло, махнацілася, а грудзі голыя, чыстыя, як у бабаў. Споўз і ціха, як птушка малая, за агароджу схаваўся, а там вугламі, вугламі, ды па загуменьні дахаты.
А там, вядома, адразу да гусачкі сваёй шэрай. Абняў яе, ухапіў асьцярожна за шыю, у вочы ёй паглядзеў — і гуска адказала яму такім позіркам, што хораша і лёгка стала Маўчуну, нібы ў яго зубы балелі і нарэшце папусьціла.
“Ня вешаць нос”, — прашаптаў ён і пацалаваў гусачку ў прыгожую шыю.
Гусачка адкрыла дзюбу — нібы нешта адказаць хацела. Супакоіць яго, суцешыць пасьля ўсіх гэтых выпрабаваньняў. Цёплая была гусачка, Маўчун прыціснуў яе да зямлі, якая ўжо астываць пачала, і сам да яе прыхінуўся.
“Давай я табе раскажу... — зашаптаў ён у паўцемры куратніка. — Ты ж любіш, калі я табе гэтую гісторыю расказваю. Дык вось, у адной краіне, на Поўначы, куды лётае Эйр-Болцік, некалі рос у адной вёсцы хлопчык, а звалі яго Нільс, Нільс Хольгерсан. Гэта значыць Нільс, сын Хольгера, так ягонага бацьку звалі... Але ўсе звалі хлопца Маўчун. Бо дужа ён не любіў гаварыць. А што любіў? Любіў кніжкі чытаць. А яшчэ любіў адну шэрую гусачку. А больш нікога...”
2.
Назаўтра Маўчун прачнуўся рана — і адразу ж саскочыў з ложка ды куляй за дзьверы. Нават умывацца ня стаў. Надта хацелася яму паглядзець, як Касмача ў маскалі забіраюць.
Пабег на другі канец вёскі, туды, дзе каля дарогі сьляпая Тэкля жыла, і яшчэ здалёк пабачыў вайсковую машыну. Народу сабралася няшмат, ня тое што ўчора — стары Касмач, ды Касмачыха, ды Любка, ды паліцай, ды ён сам — ну, і дачка сьляпой Тэклі Гэнька за плотам цікавала, што адбываецца. Маўчун стаў воддаль, адчуваючы, што ён тут нібыта й лішні. Ніхто на яго ўвагі не зьвяртаў. Малодшы Касмач, лысы, зь сіняватым зранку тварам, наогул Маўчуна не заўважыў, глядзеў проста перад сабой, важны, як гасударсьцьвенны праступнік. Ну і хрэн з табой, доўбня, падумаў Маўчун, трэба ты мне, я не на цябе паглядзець прыйшоў. А на каго?
Ясна на каго. Маўчун зь нейкай радаснай вусьцішшу паглынаў вачыма цяжкую тупаносую машыну, колы якой, дарма што ўсе лясныя дарогі аб’езьдзілі, яшчэ ня стрэсьлі зь сябе пыл далёкіх гарадоў, засакрэчаных аб’ектаў, прамых, як страла, бэтонак... Гэта была машына, якая ўжо зусім хутка рушыць за стратэгічны лес, ажно туды, дзе Западная граніца ідзе, туды, дзе Маўчуну, можа, ніколі за ўсё жыцьцё пабываць не давядзецца. З кабіны выскачыў камісар, нецярпліва праверыў Касмачову позву і паказаў уладным рухам далоні, каб не зацягвалі разьвітаньне. У кодабе сядзелі такія самыя лысыя хлопцы Касмачовага веку, абыякавыя, апухлыя, зь вялікімі вушамі. Як трусіныя тушкі абдзертыя. Учора, відаць, шмат у якіх Белых Росах сваіх касмачоў у маскалі праводзілі. Але што на іх глядзець, касмачы паўсюль на адзін твар.
Вось камісар — гэта іншая рэч.
Маўчун з павагай разглядваў ягоную зялёную форму, залатога арла зь дзьвюма галовамі, што сядзеў на фуражцы, пазіраючы адразу ў два бакі — нібы сачыў, ці няма ў Белых Росах засады. Вось-вось каркне насьцярожана ды стукне камісара па лбе: апаснасьць, таварішч капітан, бачу падазроныя аб’екты зьлева і справа. Выхапіць тады ваенком пушку і двума стрэламі: бах, бах, апаснасьць зьлева ліквідзіравана, апаснасьць справа уніштожана. Так і бачыў Маўчун, як Гэнька складваецца папалам і падае пысай у гарод, а з другога боку вуліцы трапны стрэл здымае з плоту соннага пеўня. Гэты можа... Ваенны камісар ёсьць ваенны камісар. Маўчун на ўсялякі выпадак працёр вочы: не, падалося... усе пакуль жывыя, Гэнька, рот разявіўшы, у машыну ўтаропілася, і певень цэлы, і Касмачы, і Любка ад ранішняга холаду галаву ў плечы ўціскае.
З-за машыны выйшлі двое салдатаў, сталі за сьпінай у Касмачыка.
“Ну, всё, поехали”, — дабрадушна прабурчэў ваенком, закурваючы новую цыгарэту.
Касмач абняў маці, бацьку, ухмыльнуўся неяк зусім ужо тупа. Падышла Любка, нясьмела, зь цікавасьцю пазіраючы на маладых салдатаў.
“Пака, Касмачык”, — сказала, аглядваючыся, а ў вачах сьмех.
“Беражы сябе, сыночак!” — ускрыкнула старая Касмачыха і адвярнулася.
Паліцай стаяў, апусьціўшы галаву ў мабільнік — у тэтрыс гуляў.
“Скажы яму, што даждзёшся”, — сувора кінуў Любцы стары Касмач.
“Да ладна”, — скрывілася Любка. І чамусьці на Маўчуна азірнулася, з усьмешкай — і той нэрвова ўздрыгнуў. Сьцепануў плячыма міжволі: а я тут пры чым?
“Ну всё, всё, кончайте, кому сказал!” — прыкрыкнуў ваенком.
“Ды я з дуба насёр! — зароў раптам малады Касмач. — На ўсіх на вас! З дуба! І паеду, і больш не пабачыце вы мяне, росы-хуясосы!”
Ён адштурхнуў салдатаў, ухапіўся за кодаб і залез да іншых рэкрутаў, якія сустрэлі яго невясёлым сьмехам. Мільганулі падэшвы ягоных белых бабруйскіх кедаў. Паліцай падняў галаву. Касмачыха зайшлася ў плачы. Любка, калупаючыся ў носе, не міргаючы сачыла, як наверсе рассоўваюцца сьпіны, пускаючы навабранца.
Ваенком задаволена цокнуў, кінуў недапалак пад свае высокія ахвіцэрскія боты. Салдаты ўскочылі ў кодаб і з грукатам зачынілі яго, адразу ператварыўшыся са звычайных хлопцаў у істотаў зь іншай плянэты, магутных, бязьлітасных, з прарэзямі замест вачэй. На кукардах успыхнулі залатыя арлы. Ваенком разваліўся ў кабіне. Машына загула не па-вясковаму і папаўзла да лесу.
Маўчун чакаў, пакуль усе разыдуцца: паклэпалі Касмачы, вожык ды кабыла... сеў на матацыкл паліцай і ўкаціў, вісклівы і дрындычлівы, як бензапіла... зьнікла недзе на падворку Гэнька... певень крыкнуў, што хутка ў школу, і пайшоў да свайго гарэму...
“А ты чаго стаіш? — Любка падышла да Маўчуна. — У школу апаздаеш, Маўчунок”.
Маўчун нічога не сказаў, адвярнуўся, каб носам незнарок Любчын пах не ўцягнуць. Пахла Любка рэзка, ня тое, каб гідотна, хутчэй, цікава так пахла, адзін раз удыхнеш, потым увесь дзень яе пах з сабой носіш. Маўчун гэта добра запомніў, таму не хацеў мучыцца, ношку гэтую цяжка скінуць, таму маўчаў і соп сабе, стоячы каля гнілога Тэклінага плота.
“Ну што ты ўсё маўчыш? — Любка абышла яго, каб у вочы яму зазірнуць. — Сказаў бы хоць пару слоў харошых. Мяне сёньня паддзяржаць трэба, абняць, па-дружаскі...”
Маўчун сьціснуў зубы, сьцяўся, стаіў подых. Ён бы і сэрца спыніў, ды нельга. А яно нібы пачула, загрукала мацней. Любка ўскінулася:
“Ну што ты як бальной. Рады, відаць, што Касмачыка забралі. Ужо ж уздыхнеш спакойна. Стыдна? Друга твайго ў маскалі загрэблі, а ты тут адсядзішся. Эх, Маўчунок... Ну, ладна, ладна, калода ты, ну і стой тут, думай пра сваіх гусей...”
І Любка засьмяялася пагардліва і пайшла па вёсцы, круцячы дупай. Маўчун пачакаў, пакуль яна за паваротам зьнікне, ён ведаў, што Любка не азірнецца. Потым агледзеўся крадком, кінуўся на сярэдзіну вуліцы, туды, дзе нядаўна машына ваенная стаяла, нахіліўся. Сонца яму дапамагло, акурат над Белымі Росамі прачнулася, усьміхнулася з вышыні — у падмерзлай дарожнай гразі бліснулі залатыя палоскі. Недапалкі, які камісар выкінуў. Маўчун вокамгненна падняў адзін, разьвярнуўся, схапіў другі і пакрочыў па вуліцы, асьцярожна трымаючы ў кулаку, як нічога ніякага — і толькі завярнуўшы да сваёй хаты, прысеў пад яблыняй, раскрыў далонь, упіўся вачыма ў сваю здабычу.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.