“А калі б можна было выбраць? Нешта адно? Што б ты пакінуў, а ад чаго б адмовіўся?” — спытала Каштанка. Буня з інтарэсам прыслухоўваўся да нашай размовы, але мала што разумеў. Яму пакуль не хапала практыкі.

Козьлік не адказваў. Толькі потым, з жахам вывучыўшы твар Каштанкі (і калі яна пасьпела зноў зрабіцца такой непрыгожай?), ён выціснуў зь сябе тыя самыя апрыкрыя ўжо словы:

“Што мне рабіць?”

“Ды нічога з табой ня здарыцца! — кінуў я злосна. — Можна жыць і бяз мовы. Гавары сам з сабой на сваім форнаталі, хоць да ўсрачкі. Нічога з табой ня здарыцца, Козьліку! Жыў будзеш! Успомні, што пісаў Імрэ фон Штукар. “Мы паляцім у бездань, маючы ў зубах толькі крыкі. Мы зробімся лёгкія, як папера”. Цэлы год ты жыў з бальбутай. Ты ўжо лёгкі і вольны, твая душа ўмее даваць рады імкліваму падзеньню, ты ведаеш словы, якія не дадуць табе грымнуцца аб зямлю і разьбіцца. Бальбута дасьць табе сілы прыглушыць боль, ты плаўна апусьцішся і пражывеш сваё нікчэмнае жыцьцё, ты зробішся такім, як яны — вось і ўсё!”

Я паказаў у акно і зьнясілена адкінуўся ў сваім крэсьле. Каштанка глядзела на мяне з захапленьнем. Яна яшчэ ня бачыла мяне такім. Козьлік ківаў, мне здавалася, ён мяне слухае, слухае так, як ніколі ня слухаў, але ён раптам падышоў да ложка і заляпіў Каштанцы аплявуху. Яе твар успыхнуў, яна нават зразумець не пасьпела, што адбылося. А потым упала тварам у падушку. Маю падушку. Не пасьпеў нічога зрабіць і я — у нейкім ступары я круціўся на крэсьле і назіраў, як Буня ўскочыў зь месца і пачаў малаціць Козьліка кулакамі.

“Ня тут! — толькі і змог я віскнуць, калі ачуняў. — Цягні яго на вуліцу і там рашайце свае справы! Ня тут, Буня!”

Як ні дзіўна, ён мяне паслухаў. Схапіў Козьліка за бараду і пацягнуў да дзьвярэй. Козьлік не супраціўляўся, толькі пыхцеў, і гэта было б сьмешна, калі б не было так убога. Я чуў, як яны спускаюцца па сходах, як ва ўсіх кватэрах гэтага цёмнага пад’езду ў доме з мэмарыяльнай дошкай адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы.

Каштанка выцягнулася на маім ложку і адвярнулася да сьцяны. Я схадзіў і зачыніў кватэру, даў Каштанцы марозіва, але скрынка зь ім была цёп­лая, а марозіва амаль растала — верная прыкмета падробкі. Таму давялося зьбегаць на кухню, дас­таць шмат ледзянога, цяжкага, як цагліна, купленага некалі сала і прыкласьці да Каштанчынага твару. Яна войкнула.

“Выпі”, — я наліў ёй віна.

“Спойваеце непаўналетніх, — яна крыва ўсьміхнулася, павярнуўшыся да мяне. — Мне так шкада яго, ОО”.

“Ды нічога зь ім ня зробіцца”, — буркнуў я і асу­шыў поўную шклянку.

Яна адпіла і зноў павалілася на падушку. Маю падушку.

У дзьверы зазванілі. Я пайшоў адчыняць, а калі вярнуўся, яна ўжо сядзела, моцна трымаючы сала каля скулы. У пакоі зьявіўся Буня, кінуўся да яе, застыў на паўдарозе, наляцеўшы на стол.

“Як ты, Каштанка? Вось падла, я яго добра павучыў, — горда сказаў Буня. — Але ўсё роўна мала. Вырваўся і ўцёк. Казёл!”

“Уйди, Буня, — прамовіла Каштанка па-расейску. — Уйди и не приходи больше. Понял?”

Твар у Буні зрабіўся чырвоны, як у п’янага. Ён ня рухаўся зь месца, стаяў і глядзеў на яе зь любоўю і крыўдай.

“Ідзі, — махнуў я яму. — Ты ж чуў, што табе сказалі. Давай, Буня. Я табе напішу”.

Але ён стаяў.

“Ідзі ў сраку! — крыкнула Каштанка. — Я тебя видеть больше не могу! Уйди и убейся где-нибудь! И чтоб навсегда!”

Скамянелы Буня заварушыўся — але паслухаўся гэтага дзікага крыку. Зашамацела куртка, бразнулі дзьверы, і мы засталіся адны.

Каштанка паклала ў рот кавалак даўно астылай піцы і пачала асьцярожна жаваць.

“Налі мне яшчэ віна”.

Я наліў. Мы чокнуліся.

“Я пасяджу ў цябе?”

“Сядзі”, — я зноў прысеў каля яе.

“Ты ж не зьбіраешся да мяне чапляцца? Нічога ня выйдзе”.

Я пакачаў галавой. І выпіў яшчэ. А потым стаў каля форткі і закурыў.

“Дзікабраз, што схаваўся ў нары, больш не малады, — сказала Каштанка. — Забыла, як там на кунду. Але сэнс такі. Ты мой стары дзікабраз, ОО”.

“Сама ты дзікабраз. Можаш мне дапамагчы?”

Мы зноў гаварылі на бальбуце. Дакурыўшы, я падсеў да яе з кнігай у руках. Засланяючы далоньню непрыстойныя карцінкі, усе гэтыя гнюсныя аўтапартрэты Франсуазы Дарлён і яе юрлівага сабакі з тонкімі лапамі і поўсьцю, што станавілася дуба на кароткім загрыўку, я паказваў Каштанцы толькі тэксты. Паказваў адзін за адным, і яна чытала іх уголас, і моршчылася, і ўсё спрабавала прыбраць маю строгую далонь — але я трымаў яе, там, дзе трэба, напружваючы запясьце, пакуль яна мяне не ўкусіла. Хапнула зубамі проста за валасатую руку.

“Ты чаго?”

“Нічога”.

Я загарнуў кнігу і адкінуў далей ад ложка.

“Магчыма, ты нешта адчула або зразумела? Ну хаця б нешта? Штосьці ўкалола, штосьці падалося знаёмым?”

“Не, — сказала яна і дапіла віно. — Спаць хачу”.

На маёй даўно ня мытай падушцы, утапіўшы ў ёй сваё чырвонае вуха, яна так і заснула. Я прылёг побач, спрабуючы ўявіць сабе Козьліка. Як ён блукае па горадзе, з разьбітым тварам, страціўшы бальбуту, і Каштанку, і мяне, і цэлы год свайго жыцьця. Нічога, у яго яшчэ ўсё жыцьцё наперадзе. Усё доўгае, доўгае, доўгае жыцьцё.

Я сам не заўважыў, як заснуў побач з Каштанкай. А калі прачнуўся, было ўжо занадта позна.

“Верачка”, — сказаў я і сутаргава глынуў сьліну. На лесьвічнай пляцоўцы ўжо былі чуваць яе крокі. У кватэры было цёмна, вока выкалаць можна, побач прачнулася Каштанка і заварушылася.

“Што там за Верачка табе прысьнілася?” — сказала яна ў змроку, такая блізкая і цёплая Каштанка, якая пахла віном і салам.

“Ціха!” — цыкнуў я.

Позна, позна, было ўжо занадта позна. Верачка асьцярожна ўставіла ў замок ключ. Я схапіў Каштанку і разам зь ёй накрыўся пледам, тым самым пледам, пад якім заўжды сустракаў Верачку і пад якім хаваўся ад яе. Тым сьмярдзючым пледам, які Верачка ніколі не магла падняць. Бо ёй гэта было забаронена, забаронена ня мной, а тымі правіламі, якія ўсталёўвалі ня я і не яна, законам, які прыдумаў той, хто пасылаў Верачку з самага сэрца цемры.

“Гэта твая жонка?” — шэптам спытала Каштанка, прыціснуўшыся да мяне пад пледам.

Верачка ўвайшла, скінула боты, пайшла мыць рукі. Што яна напявала пад нос сёньня? Я ня мог разабраць, шумнае дыханьне Каштанкі перакрывала сабой усё, казытала мне вуха, не давала дыхаць.

“Гэта Верачка, — шапнуў я. — Ляжы ціха. І тады ўсё, можа быць, скончыцца добра”.

“Але яна знойдзе нас тут!” — прыдушаны голас Каштанкі гучаў пад пледам, як піск. Нібы па нашых целах бегалі мышы. Куча галодных і брыдкіх мышэй. Мы прыціскаліся адно да аднаго і я закрываў Каштанцы рот, але яна пачала торгацца, і я спужаўся, што задушу яе — адпусьціў, адчуваючы, што ў галаве пачынае злавесна і цяжка грукаць. Мне было блага.

“Ёй нельга, — прашаптаў я. — Зараз яна пойдзе на кухню, памые посуд, пакіне там штосьці, прыйдзе сюды. Паляжыць побач — і потым усё скончыцца. Так заўжды бывае. Але сёньня можа стацца інакш”.

Каштанка замерла, пацерлася аб мяне, а потым зноў заказытала мне вуха:

“А яна... Гэтая Верачка — наогул, чалавек?”

“Я ня ведаю, — сказаў я. — Я ніколі яе ня бачыў”.

Каштанка засапла. Вось цяпер я і праўда быў гатовы яе прыдушыць. Верачка зьвінела посудам, яна яшчэ ня ведала, што дзеецца ў пакоі, дзе мы ляжалі з Каштанкай, замёршы і прыціснуўшыся адно да аднаго. Зараз яна разьбярэцца з кухоннымі справамі, а потым зойдзе, пабачыць і ўсё зразумее. Хутчэй за ўсё яна вельмі добра ўмее бачыць у цемры. Яе позірк пранікае скрозь сьцены і дрэвы, скрозь сталь і бэтон, скрозь шкло і сьнег, скрозь зямлю і паперу — так, так, праз паперу... І толькі адно ёй забаронена — здымаць гэты стары, выцьвілы, паедзены мольлю плед. І гэта нас уратуе. Мы маем шанец. Гэта скончыцца. Некалі ўсё гэта скончыцца.

І тады Каштанка скінула яго. Рэзкім рухам, так, што я не пасьпеў яе ўтрымаць, яна скінула плед на падлогу і паднялася на ложку. Я ляжаў, моцна заплюшчыўшы вочы, і маліўся.

“Bruta mau, tau istuzu u autima, tau balbuta svetuzu bu, tau stuta aiduzu bu, tau fuzu ujma sau aluzu u tutima da autima, du nau kusutima rusoje dinuti...”

Я больш ня чуў ні Верачку, ні Каштанку, ні гарадзкога шуму за акном. Толькі свой голас, няшчасны голас прымата, які ня можа дастаць да галінкі.

Цёплыя рукі леглі мне на твар.

“Тут нікога няма”, — сказала Каштанка, з усяе моцы выцялася каленам аб стол з маім д’яблавым пачастункам і вылаялася.

“Я сыду з твайго логава інвалідам”.

Я паволі расплюшчыў вочы. Каштанка шчоўкнула выключальнікам, у пакоі зрабілася сьветла, знаёмыя, абрыдлыя мне прадметы пазіралі на мяне з пагардай, рэчы ўздыхнулі і сталі на месца, гатовыя працягваць свой нерухомы бег.

Каштанка, пакульгваючы, прайшлася па ква­тэры.

“Нікога, — пачуўся яе голас з кухні. — Нікога. Ніякай Верачкі”.

Я недаверліва засьмяяўся.

“У цябе галюцынацыі, — сказала Каштанка. — Як інцярэсна!”

Я, усё яшчэ ня верачы, пайшоў да яе, абнюхваючы ўсе куты — зусім як Буня, калі прыйшоў да мяне з інспэкцыяй. І праўда, кватэра выглядала так, быццам ніхто не прыходзіў. Або я звар’яцеў — або Каштанка спужала Верачку. Бедная Верачка, страшная Верачка, ніколі ня бачаная мной Верачка, цемра-Верачка, Верачка-вусьціш. Ты ўцякла ад нейкай саплівай школьніцы. Або?..

Або ты ўсё яшчэ тут. Хаваешся. Чакаеш, калі гэтае дзіцё сыдзе. Цярплівая Верачка. Верачка, якая не сыходзіць проста так, нічога не пакінуўшы і не забраўшы.

Я пачаў адчыняць усё, што магло адчыняцца ў гэтай праклятай кватэры. Але марна: калі Верачка і хавалася недзе тут, дык я мог яе і не пабачыць. Яна магла зрабіцца чым заўгодна. Хоць кавалкам гумовай піцы, хоць недапалкам, хоць мольлю, што кружляла вакол Каштанкі, стрыгучы сьпёртае паветра. Я апусьціўся на кукішкі і такім вось клоўнскім чынам пачаў дасьледаваць падлогу, спрабуючы знайсьці хоць нейкія сьляды. Каштанка назірала за мной, кпліва пасьмейваючыся, а потым, уздыхнуўшы, таксама пачала поўзаць па падлозе — я бачыў, якія брудныя ў яе калені. Што скажуць яе бацькі?