“Корпаешся ў маім стале? — сказаў я сталёвым голасам. — Ведаеш, Буня, у маім доме гэта забаронена. І калі ўжо мама цябе не навучыла, што лазіць па чужых рэчах кепска, дык і я наўрад ці навучу. Давай, ідзі, тупай дамоў, і каб я цябе больш ня бачыў”.

“Да ладна, Олегыч, — прымірэнча сказаў Буня. — Я случайно. Открыл, а тут такое...”

Я расказаў яму коратка, што гэта за кніга, і схаваў Франсуазу ў шуфляду.

“Тайна что пиздец, — ухваліў Буня. — А можна мне яшчэ разок зірнуць?”

“Не”.

“І ўсё ж вы, Олег Олегыч, той яшчэ вычварэнец, — засьмяяўся Буня, шумна адпіўшы гарачай кавы. — Хоць і не ў такім сэнсе, у якім я думаў”.

Я з гордасьцю паглядзеў у акно.

Буня сышоў ад мяне раніцай, узяўшы з сабой раздрукоўкі, што валяліся пад сталом. Некалі я зрабіў іх проста так, невядома для каго, мне падабаўся іхны выгляд. А цяпер іх папера служыла важнай і цяжкай справе. Справе жывых і тонкіх, як кніжныя старонкі, людзей, пра існаваньне якіх я яшчэ дзесяць месяцаў таму ня меў ніякага ўяўленьня.

11.

Я вырашыў пакуль не расказваць пра Буню ні Козьліку, ні Каштанцы. У мяне зьявілася вар’яцкая ідэя падрыхтаваць ім сюрпрыз. Я ўяўляў, які прыўкрасны шок выкліча навіна, што нас цяпер чацьвёра — нібы я прынёс ім пазашлюбнага сына. Прычым невядома ад каго — і ўсім адразу. Таму я ўпотай перапісваўся з Буням, некалькі разоў сустрэўся зь ім у “Шчодрым” (цяпер нам не было чаго хавацца) — я курыў, піў кілішак за кілішкам і вучыў яго бальбуце. Буня пазіраў на мяне з усё большай павагай, а я радаваўся ягонай кемлі­васьці — і снаваў свае каралеўскія пляны. Быць настаўнікам Буні аказалася прыемна — вось хто насамрэч умеў выказаць сваю ўдзячнасьць і сваё абагаўленьне маёй сьціплай пэрсоны. Ён слухаўся мяне безь пярэчаньняў — а я ўсё часьцей прыкмячаў, што бальбута ідзе яму на карысьць. Ніколі нельга быць пэўным, што можа зьмяніць безна­дзейнага, здавалася б, экзэмпляра, тупаватага юнака без асаблівых талентаў. Прыдумай і дай яму добры канланг — і ты зробіш зь яго чалавека.

Мне патрэбная была толькі добрая нагода, каб увесьці яго ў таварыства.

І такая нагода натрапілася досыць хутка. Занадта хутка. Значна хутчэй, чым я думаў. І зусім ня там, дзе я яе чакаў.

Неяк у нічым не прыкметны дзень (зіма ўжо дагнівала) мне напісала Каштанка. Вядома, мы перапісваліся рэгулярна, бальбута няспынна падтрымлівала гэтае жаданьне ня страчваць сувязь, яна была, як наркотык, безь яе мы ўсе адчувалі ломку — ды і навык маўленьня страціць без камунікацыі было лёгка, мы ўсе баяліся гэтага і пісалі адно аднаму нават ня маючы што сказаць, проста так, балбатня, балбатня на бальбуце была ня менш важнай, чым малітва яе словам і правілам.

Але гэтым разам, калі я апынуўся онлайн, усё было інакш.

Каштанка напісала мне і толькі мне. Ня ў нашую групу, а мне асабіста. Яна не хацела, каб нашую перапіску бачыў Козьлік. І гэта мяне насьцярожыла.

Яна скінула мне нечае ліставаньне. Копію нечага ліставаньня, якое я ня мусіў пабачыць. Але яна скінула яе мне на пошту — яна хацела гэтым нешта мне сказаць.

Я ўзіраўся ў словы чужой размовы і разумеў з усё большым шаленствам, што не магу яе пра­чытаць.

Ні слова. Кожнае слова гэтай размовы было мне незнаёмае.

Я пасьпеў ад такога адвыкнуць. Падумаўшы некалькі хвілін, я знайшоў прычыну. Прычына была непрыемная. Ды што там казаць. Гнюсная прычына, якую я ня мог ні падмануць, ні абмінуць.

Гэта была гутарка на абсалютна не зразумелай мне мове. Гутарку вялі двое — і адзін пісаў шмат, выпускаў са сваіх загонаў цэлыя статкі словаў, а другі... Другі адказваў двума-трыма словамі. Быццам яму ня надта падабалася размова, быццам ён хацеў хутчэй яе скончыць.

А словы выглядалі зусім не шляхетна. Нешта псэўдагерманскае: brekken tekken kuekken ды яшчэ розная іншая прыгожанькая лухцень: kaaru-suaru-ynga...

Абы-што. Мова кунду і тая выглядала пякнейшай, прынамсі, на маё вока. Таму я даслаў Каштанцы цэлы букет пытальнікаў, і яна адказала мне зьдзек­лівымі смайлікамі. Мы дамовіліся сустрэцца зь ёй у нейкай кавярні, якая нядаўна адчынілася на Нямізе, я там ніколі яшчэ не бываў — і я адчуў пальцах забытае ўжо, далёкае трымценьне таямніцы.

Назаўтра я прыйшоў на дамоўленую вуліцу, каля кінатэатру “Перамога”, які тады яшчэ стаяў на сваім месцы, пужаючы народ колерамі: жоўтым, крывава-чырвоным, у якія пафарбавалі калёны, і пяшчотна-ружовым... Засохлы торт, ад аднаго выгляду якога пачыналі балець зубы. Мне трэба было нырнуць у двор — там, за задубелай за зіму тэрасай, былі дзьверы, праз шкло якіх выглядваў сумны твар адміністратаркі. Я даўно не хадзіў у такія месцы. Кава тут каштавала суму, за якую я мог купіць паўбутэлькі таннага каньяку. Я ўвайшоў, сівы дзядзька ў прапаленым цыгарэтным попелам паліто і лыжнай шапачцы. На мяне зірнулі так, быццам на гэтай клоўнскай шапцы і праўда было напісана “Майстар”. Менавіта так, па-беларуску. Трэба было напіцца перад тым, як сюды ісьці. Але Каштанка ўжо махала мне з глыбіні залі. Я пайшоў да яе і пляснуўся на мяккае крэс­ла, ня зьняўшы паліто.

Што й казаць, яна выглядала шыкоўна. Сьвежая, з шаўкавістай скурай на насьмешлівых шчоках, з загадкавымі ценямі на вострых скулах... Чаму яна падалася мне непрыгожай тады, у нашу першую сустрэчу? Яны што, так хутка растуць, гэтыя шаснаццацігадовыя? Каштанка спачувальна сачыла за тым, як па маім твары прабягалі старэчыя зморшчыны. Яна не зьвяртала ніякай увагі на сьвет навокал, цадзіла свой безалькагольны кактэйль і нясьпешна рыхтавалася мяне зьдзі­віць. А сьвет навокал сачыў толькі за ёй. Мужчыны за суседнімі столікамі не спускалі зь яе вачэй, але, сустрэўшыся позіркам з той пагардай, якую я выпраменьваў, нахабна дасылаючы ім стрэлы ў адказ, яны з прыкрасьцю хавалі твары ў сваіх куфлях ды фужэрах. Вось дзе Буню трэба было шукаць вычварэнцаў, а зусім не ў маім логавішчы, сьціплай кельлі сьвятога... Добрапрыстойныя буржуі жавалі і варушылі тоўстымі пальцамі і тлустымі мазгамі, разважаючы, што Каштанка ўва мне такога знайшла, а я насьміхаўся зь іх і спрабаваў угадаць, што за таямніца мяне чакае.

Гэтая заля была поўная неўразуменьня — і я разам зь ёй.

“Што будзеце піць, ОО?” — спытала Каштанка, падсунуўшы мне мэню.

“Водку”.

Яна расчаравана ўздыхнула. Ніхто тут не здагадваўся, колькі ёй. Таму я трыюмфальна абвёў залю вачыма і выпіў першыя сто.

І тады яна расказала, што здарылася.

Нядаўна, прамовіла Каштанка, калі Козьлік праводзіў яе да дому, ён прызнаўся ёй у каханьні. Пачуўшы гэта, я гучна рохкнуў, на нас азірнуліся, ужо не хаваючыся. Калі б не мая спадарожніца, мяне адсюль выгналі б. А можа, мяне ратавала не яна, а бальбута, на якой мы напаўголасу перамаўляліся. Іншаземцаў ня так лёгка выставіць нават з самай добрай кавярні, калі справа адбываецца ў горадзе М.

“Каханьні? Козьлік?”

“Так, — Каштанка засьмяялася. — Сказаў, што я яго­­ная першая і апошняя любоў. І што кахае мяне зь пер­шага погляду. А я думала, ён мяне нена­відзіць”.

“І што ты будзеш рабіць?” — спытаў я, наліваючы са­бе яшчэ гарэлкі зь не такога ўжо і чыстага гра­фіна.

“Ня ведаю, — Каштанка махнула доўгімі, зусім дарослымі вейкамі. — У мяне гэта нешта зусім не спалучаецца: Козьлік, каханьне, я...”

“А што ты да яго адчуваеш?”

“Што? Я?”

“Ты”, — я пачуваўся расчараваным. Ну так, ну так, ад Козьліка і я сам не чакаў нейкіх там пачуцьцяў, ён жа козьлік, якія там каханьні... — але ў тым, што расказала Каштанка, не было, па вялікім рахунку, нічога асаблівага. Яны ж яшчэ дзеці. Яму хутка дваццаць, ёй шаснаццаць, нічога дзіўнага.

“Вы сур’ёзна? — Каштанка нават пакрыўдзілася. — Я? Да Козьліка? Ён жа сьмешны... Такі маленькі і сьмешны. Яго хочацца троліць, а потым шкадаваць. І карміць. Вось і ўся любоў. Да хатніх жывёлаў”.

Ёй нарэшце прынесьлі марозіва — цэлую вазу. Тое, што было ў вазе, зноўку нагадала мне чалавечую галаву — ці, хутчэй, гэтым разам, чэрап. Каштанка сунула лыжачку проста ў цемя і дастала халодны, бліскучы ў мёртвым сьвятле лямпаў мозг. Лізнула яго і закаціла вочы.

“І гэта ўсё, што ты зьбіралася мне распавесьці?”

“Амаль, — хітра прымружылася Каштанка. — Ёсьць яшчэ нешта...”

“Пачакай, я вып’ю. Вось так. Цяпер можаш расказваць. Ці вам патрэбнае маё бацькоўскае блаславеньне?”

Каштанка паглядзела на мяне неяк дзіўна і хутка, быццам баялася, што перадумае выдаваць таямніцу, прамовіла:

“А яшчэ Козьлік прыдумаў для нас зь ім сваю мову”.

“Што?”

“Так, ён прыдумаў для нас зь ім сваю мову. Усё распрацаваў і даслаў мне правілы. Сказаў, гэта мова нашай зь ім любові. Але ён спадзяецца навучыць ёй усіх, каго мы палюбім. Я ўжо маю правілы, ведаю словы... Ён прымушае мяне яе вучыць. І тое, што я вам даслала, гэта нашая зь ім размова. Ён, вядома, прасіў мяне вам не прызнавацца, сказаў, што гэта мусіць застацца таямніцай... Але я...”

“Блядзь!” — гучна сказаў я. Уся заля здрыганула­ся. З другога яе канца да нас накіравалася адмі­ніс­тратарка, на хаду прыладжваючы на твар карэктна-незадаволены выраз. Маска спаўзала. Насамрэч яна прагнула майго ганебнага выгнаньня.

“Я сама зьдзівілася... — Каштанка з асалодай разглядвала маю перакошаную ад злосьці і крыўды пысу. — Мой друг извиняется, он сегодня впервые в Минске, а его уже дважды ограбили. Войдите в положение...”

Гэта яна адміністратарцы так сказала — і тая, сумеўшыся, рэтыравалася.

“Здраднік, — сказаў я прыцішана. — Чортаў козьлік. Су-ка”.

Каштанка кіўнула.

“І як ён назваў гэтае сваё... вынаходніцтва? — спы­таў я з д’ябальскім сьмехам. — Мову вашага вя­лікага і чыстага каханьня”.

“А вы ўгадайце”.

“Ды ладна...”

“Форнаталь”.

“Як?”

“Форнаталь. Ціпа, мова для Наталкі. Для мяне. Падарунак ад каханага. І тут я мусіла б з гордасьцю сказаць, што я, напэўна, першая жанчына ў сьвеце, якой падаравалі мову. Але першай мовай, якую падаравалі мне, была бальбута. Я пра гэта памятаю, ОО. Так што ў мяне цяпер дзьве мовы. Сматріте, завідуйте, у кожнай жанчыны мусіць быць зьмяя, а ў роце ў зьмяі джала раздвоенае, адзін канец — форнаталь, другі — бальбута..”