“Проста я ўспомніла, як раней бацькі езьдзілі ў Бэрлін безь мяне, — прамовіла Каштанка, адставіўшы ўбок скрынку з марозівам. — Мне было трынаццаць. Яны пакінулі мяне разам зь цёткай Галяй. Можна, я раскажу? Мне чамусьці вельмі захацелася. Я хутка”.

“Мы працаваць зьбіраліся...” — незадаволена рып­нуў Козьлік.

“Расказвай”, — сказаў я ўладна і дапіў віно.

“Добра. Цётка Галя, маміна стрыечная сястра, мяне ненавідзела. Я гэта ведала і вельмі не хацела зь ёй заставацца. Але бацькі ўперліся: гатэль на дваіх, куды мы цябе паселім, там канфэрэнцыя, зь дзецьмі ніхто на такія штукі не прыяжджае. Ага, канфэрэнцыя. Каляды на двары. У Бэрліне вайнахтсмаркты, вурст міт зэнф, бананы ў шакалядзе, дурная музычка, ад якой хочацца рага­таць, як пасьля травы, глювайн для дарослых, а для дзяцей — пунш, ад якога адрыжка такая, быццам у глотцы калейдаскоп — ведаеце такія дзіцячыя калейдаскопы, прыставіш да вока і ня можаш спыніцца, так бы і глядзела не адрываючыся, пакуль не асьлепнеш... Яны проста ад мяне адпачыць хацелі. Па Бэрліне пагуляць, сэксам спакойна пазаймацца, па музэях пахадзіць — быццам бы я ім некалі замінала хадзіць па музэях. Ды я сама іх першая заўжды цягнула...

Але рабіць не было чаго. Раніцай бацькі паехалі ў аэрапорт, а па абедзе прыехала цётка Галя. Накарміла мяне — ёй усё здавалася, што маці ня ўмее гатаваць, і яна зварыла боршч. Ненавіджу боршч. Я наогул тады хацела зрабіцца вэгетарыянкай. Увесь вечар я ляжала і чытала “Дублінцаў”. А цётка Галя ляжала ў суседнім пакоі і глядзела нейкае расейскае гаўно. Сэрыял, ага. І ўсё клікала мяне: Наташа! Наташа! Давай ко мне, ха-ха-ха, тут такое показывают, я не могу. Наташа! Дагэтуль голас яе ўвушшу стаіць — брыдкі, як сала ў баршчы. У некаторых людзей дар — замінаць іншым чытаць. У цягніку, напрыклад. Ці ў кавярні. Ці ў пустой кватэры ў сьнежні — калі бацькі ў Бэрліне, “Дублінцы” ў цябе на каленях, а ў вачах сьлёзы, і на сэрцы жабка. А нехта нічога такога ня бачыць, ня чуе, не разумее. І крычыць. У некаторых людзей гэта іхны адзіны дар.

Ну, вы ведаеце. Вы ж — ведаеце?”

І Каштанка зірнула на нас з такой надзеяй у вачах, што мы толькі змрочна прамычэлі нешта. Цяпер яна выглядала так, як і мусіла выглядаць амаль шаснаццацігадовая дзяўчына — наіўнай, ранімай і ўпэўненай, што недзе ёсьць істоты, здольныя яе зразумець. Я падумаў, што расказваючы нам сваю гісторыю, яна абыходзіцца бяз гэтых сваіх афрыканскіх прымавак. Упершыню. Напэўна, мы першы раз чулі сапраўдную Каштанку — а ня тую, якую яна прыдумала замест сябе.

“Калі сэрыял скончыўся, цётка Галя паклікала мяне вячэраць. Чамусьці яны так шмат жаруць, такія цёткі. Я адмовілася — яна пакрыўдзілася, доўга грымела посудам, мармычучы ўголас, так, каб я чула, што я няўдзячная, сапсаваная, капрызьлівая, але — і тут цётка Галя прыйшла да мяне і села на край ложка — што мяне можна вылечыць. І што заўтра мы паедзем некуды, дзе мне з галавы дурату павыбіваюць. Я ня слухала, я ўжо тады ўмела рабіць так, што сьвет быццам бы выключаўся, засынаў, заставалася толькі я, вольная і ўсёмагутная: у такія моманты я магла рабіць, што хачу. Дурная цётка, якая заўжды паўтарала маім бацькам, што мной варта заняцца, інакш позна будзе — вось гэтая вось дурная цётка зьнікла некуды, я была ў зусім іншым горадзе, і вакол мяне сноўдалі зусім іншыя людзі, важныя і разам з тым такія простыя, што мне хацелася зь імі загаварыць. Цётка Галя нарэшце заўважыла, што я яе ня слухаю, і гэта прывяло яе ў шаленства — яна ўзяла мяне за руку і пацягнула ў іншы пакой, і паса­дзіла побач з сабой, і ўключыла нейкую пе-ра-да-чу, я заўжды вымаўляю гэта менавіта так: пе-ра-да-чу, бо варта сказаць гэтае слова так, як яны, і сама апынешся ў пе-ра-да-чы, і загінеш там, застанешся пе-ра-да-чыць, я даўно гэта вывучыла, некаторыя словы трэба драбніць на склады, каб пазбавіць іх моцы, каб уцячы ад іх, разьбітыя на склады, яны нічога ня могуць з табой зрабіць... “Цё-тка-га-ля, — сказала я. — Цё-тка-га-ля...” і паўтарала так, сьмеючыся, пакуль цётачка побач са мной не азьвярэла: заткнісь! — раўла яна, — заткнісь, ты бальная, затк­нісь! — а я ўсё паўтарала:

Цё-тка-га-ля-цё-тка-га-ля,

я магла гэта паўтараць да бясконцасьці, пакуль бацькі ня вернуцца, мне было няцяжка паўтарыць гэта мільярд разоў. Яна зацягнула мяне ў ванны пакой, разьдзела, засунула пад ледзяны душ, але я паўтарала свой заклён, тады яна дала мне нешта выпіць, і я ўжо проста варушыла вуснамі — было так холадна, што я думала, зараз памру — і вось я ўжо проста ляскала зубамі, і ўсё роўна дзяліла цётку на склады, дзяліла, дзяліла, дзяліла, пакуль не адключылася.

Я прачнулася рана: цётка Галя стаяла нада мной і шыпела. Я й ня ведала, што яна ўмее так шыпець — нібы зь яе паветра выходзіла. Яна апранула мяне, гідліва, пасьпешліва, паўтараючы, што я абарванка, маленькі бомж, і што бацькі мае перад богам адкажуць за тое, што выгадавалі такую дачку. “Но я помогу, помогу, — шыпела яна, штурхаючы мяне ў калідор. — Как жа сестре не помочь. Сичас поедем, съездим в одно место, к бабушке, приедешь домой человеком, перестанешь папу с мамой мучить”. Сонца яшчэ ня ўстала, а мы ўжо выходзілі з пад’езду, нас чакала машына, а ў ёй — цётчын Галін муж, дзядзя Слава. Цётка затаўкла мяне ў машыну, памалілася, і мы паехалі — я сядзела побач зь цёткай Галяй, якая моцна ўчапілася мне ў руку, быццам баялася, што я выскачу на хаду. А я была нібы ў сьне — і ў галаве круцілася думка, што яна мне нешта падсыпала ўчора, падсыпала атруту ў шклянку, аб якую я ледзь не зламала зубы...

Мы выехалі з гораду, і толькі тады сонца зьявілася над намі — цётка Галя выглядала так вусьцішна ў ягонай чырванаватай сьвецені, што я закрычала. Але крык не вырываўся, ніяк не вырываўся, яна заляпіла мне рот далоняй. “Быстрей, — камандавала яна дзядзьку, — быстрей, ты што, не видишь, плохо нашей девочке, не хватало еще в больницу попасть. Сичас, сичас бабушка тебя полечит...”

Мы імчалі па шашы, а я думала пра бацькоў. Ці ведаюць яны, ці здагадваюцца, што са мной і дзе я? А калі даведаюцца, што скажуць? “Нічога, — скажа тата. — Мы павінны быць удзячныя Галі, яна хацела як лепш. Навокал ня так шмат людзей, якія хочуць як лепш. Хіба з табой здарылася нешта благое, Наталка? Не, новы досьвед. Гэта важна. Мы мусім цаніць новы досьвед. Ён дастаецца нам абсалютна бясплатна”. І засьмяецца. Мілы тата. Ён у мяне такі добры. А мама скажа: “Урэшце, Галя мела рацыю. Ты і праўда паводзілася не найлепшым чынам. Божа, калі тое, што яна расказала, праўда — усе гэтыя гістэрыкі, крыкі, ігнараваньне, сьвінячыя выхадкі — я яе разумею. Ты пакрыўдзіла яе — безь ніякіх падставаў”.

Так яна скажа, мама. Калі даведаецца.

Я супакоілася. Дапамогі чакаць не было адкуль.

“Бацькі ведаюць, куды ты мяне вязеш?” — раптам спытала я. Цётка Галя так зьдзівілася, што я гавару зь ёй нармальнай мовай — нават руку адпусьціла.

“Да, конешно! — схлусіла яна. — Я им позвонила. Они же умные люди. Переживают за тебя. Не хотят, чтобы ты всю жизнь прожила дурочкой”.

Дзядзька Слава з палёгкай уздыхнуў і ўключыў радыё.

Так мы і праехалі гадзіну, потым другую — пад радыё, якое не змаўкала ні на сэкунду. Але мне было ўжо ўсё роўна.

Нарэшце мы павярнулі з шашы і паскакалі, папаўзьлі, патрэсьліся па лясных дарогах, міма вёсак, правальваючыся ў сьнег, аб’яжджаючы па некалькі разоў размоклыя сьметнікі, пытаючыся дарогу, а потым сталі. Цётка Галя насунула на мяне шапку, закруціла на шыі шалік — нібы задушыць хацела, узяла за руку... І мы пайшлі празь лес. Я, вядома, адразу пра братоў Грымаў успомніла. Завядзе мяне цётка ў гушчар і кіне. Такая пэрспэктыва мяне так узрадавала, што я ўжо пачала ўяўляць, чым займуся. Знайду хутар і застануся там жыць. Прыкінуся хлопцам, наймуся ў парабкі, буду на сене спаць, разам са сьвіньнямі, і так пражыву ўсё жыцьцё, да гадоў дваццаці пяці, а потым мяне конь капытом у скронь стукне, і я памру на месцы, мяне пакладуць на вясковых могілках, на месца, дзе ўжо нехта ляжыць, і поп прыедзе, нап’ецца, малітву п’яную прачытае, словы забываючы, а праз год ужо і ня ўспомніць ніхто, што быў такі хлапчына.

Сур’ёзна. Пра гэта я і думала. Але лес расступіўся, наперадзе возера бліснула, побач з возерам хатка бокам, цётка Галя перахрысьцілася і павяла мяне па каляінах ад шынаў аўтамабільных проста на падворак.

“Бабушка! — крыкнула яна, азіраючыся. — Бабушка!”

З хаты кот выйшаў, паглядзеў на яе важна, сеў, лапу лізнуў.

“Бабушка!”

Цётка Галя мяне з катом пакінула, а сама ў хату пайшла. Я паглядзела на ката — а ён на мяне.

“Чаго прыехала? — спытаў кот. — Па запісі? Ілі па жывой очарадзі?”

“Па жывой”.

“У нас строга, — сказаў кот. — Прэдупрэждаць нада”.

“Я непаўналетняя, — патлумачыла я яму. — Я зь цёткай. Яна мяне забіваць прывезла. У вас тут як, хутка забіваюць? Ці трэба пацярпець?”

“Спэцыялісты ў нас найлепшыя, — сказаў кот. — Бабка так робіць, што пікнуць не пасьпееш. Чык — і ўжо гатова. Но падаждаць прыдзёцца. Ана адна, а вас многа”.

“Дзе ж многа? Я і цётка”.

“Не сязон, — пагадзіўся кот. — Да бабкі вясной усе едуць. У лесе зімой заблудзіцца можна. А ты гэта... Можа, уцякай? Пакуль ня позна. Нехарошы чалавек твая цётка. Я такіх за кілометар чую”.

“Не магу, — сказала я. — Хай забівае. Можа, ёй гэта дапаможа. Можа, ёй зусім чутачку не хапае, каб добрай стаць. Мяне заб’е — і стане шчасьлівая, спакойная. Я гатова. Ахвяраваць сабой — гэта сьвятое. Так мяне мама з татам вучылі”.

“Дурныя яны, — сказаў кот. — Ну, ладна. А ты што любіш? Перад тым, як памерці, трэба нешта прыемнае ўспомніць”.

“Мовы, марозіва і мужчын”, — адказала я.

“Гэтага дабра ў нас хапае, — кот абвёў лапай навакольле. — Сьнег за горадам — смаката. Мовы — дык у бабкі маёй такім мовам можна навучыцца, што табе і ня сьнілася. Нават неандартальскай. Ты па-неандартальску як, кумекаеш?”

“Не”, — прызналася я.

“А яна — можа! — падняў лапу кот і адкусіў сабе кавалак жаўтаватага кіпцюра. — Ну, а мужчыны...”