“А ты — проста Козьлік, — сказала Каштанка, якая імгненна пераняла маю звычку так яго называць. — Які ты мілы козьлік. Я правільна ўжыла казьлянятыў?”

І яна паглядзела на мяне нявінным позіркам чалавека, які зноў, трэці раз на дзень зьбіраецца саграшыць з марозівам.

Яна так хутка пачала размаўляць на бальбуце, што я яе запаважаў. У дзяўчынкі былі здольнасьці... А вось Козьліку Каштанка зь першага ж знаёмства прыйшлася неяк не даспадобы. Ён увесь час няўмела спрабаваў яе патроліць — але, здавалася, ёй было хутчэй забаўна слухаць гэтыя хлапечыя падколкі. Магчыма, ён раўнаваў — і колькі б я яму ні тлумачыў, што нас ужо трое (трое, Козьліку! Менш чым за год! Такім тэмпамі бальбута захо­піць сусьвет!), паміж Козьлікам і Каштанкай часта ўзьнікалі хуткія і бязглуздыя спрэчкі. Даводзілася ўключаць сілу сваіх ОО, даводзілася быць суворым і справядлівым. А бальбута ня надта прыстасаваная да такіх рэчаў, як строгасьць, дысцыпліна, закон і суд.

“Ты першая жанчына ў сьвеце, якая гаворыць на бальбуце”, — павіншаваў я неяк Каштанку, спа­дзеючыся на тое, што яна заганарыцца, расьцьвіце, пачырванее.

“А ты першы мужчына, які прыдумаў нешта вартае ўвагі”, — адказала яна, не міргнуўшы вокам.

Яна казала мне “ты”. Гэтая дурнічка казала мне ты. Калі яна была ў гуморы, дык называла мяне “ОО”, а калі злавалася — не называла ніяк.

“А марозіва?”

“Я думаю, яго прыдумалі жанчыны. Афрыканскія жанчыны”.

“Тваё марозіва белае, — сказаў Козьлік. — Так што ўсё роўна ты расістка. Белае, салодкае, гетэрасэксуальнае, і ты яго ліжаш”.

Гэта мне не спадабалася. Ён так і сказаў на бальбуце, спалучыўшы яе словы ня самым удалым чынам:

“Tau izimoje pajuta oviloje, tau ne amiluzu sutima onoje tviutіma, oviloje, azurkoje ismakutima, amiluzu onkuru onoje seksutima, tau fuzu pajutima nau”.

Я пастараўся перавесьці размову ў іншае рэчышча. Скіраваць іх на працу. Я ня ведаў, што мне зь імі рабіць. Бальбута выходзіла з-пад кант­ролю — і толькі ад мяне залежала, ці мае гэта небясьпеку для кагосьці з нас.

Мы даручылі Каштанцы працу над адным з разьдзелаў нашага слоўніка — лексыкай, зьвязанай з флёрай і фаўнай. Вырашылі паглядзець, ці дасьць яна рады. Да таго ж яна хадзіла ў гэтую сваю школу — нельга было загружаць яе працай, як дарослую. Каштанка ўзялася за працу з імпэтам, а я ўсё мацней адчуваў, што хачу, зусім не па-даросламу хачу, каб яна аддала перавагу маёй мове і забыла гэтых сваіх улюбёных напаўфантас­тычных кунду. Пакуль што бальбута ёй падабалася — але ці не было гэта проста дзявочым кап­рызам? Вядома, калі ведаеш нейкую кніжку на памяць, хочацца пачаць іншую, але тая, якую ведаеш — яна нібы першае каханьне. Не забываецца. Я ўсяляк імкнуўся схаваць, што мяне злуе, калі сярод шляхетных гукаў маёй бальбуты яна ўстаўляе ўсе гэтыя афрыканскія выгукі, усе гэтыя “мбэ” ды “нго”... Але вырашыў нічога ёй не казаць. Няхай яна забудзе сваіх чорных бэрлінскіх кунду сама. Вядома, яе любімыя прымаўкі і на мяне зрабілі ўражаньне — я не чакаў, што нейкае афрыканскае племя валодае такім наборам фразэмаў, да таго ж па духу нічым не адрозным ад нашых народных, крынічных, сялянскіх моўных скарбаў. У нашых народных прымаўках былі ваўкі, сабакі, кані, мя­дзьведзі — у далёкіх кунду леапарды, дзікабразы ды антылёпы, але ўсе яны былі братамі і сёстрамі з падобнымі характарамі. А я прыдумаў бальбуту ня дзеля брацтва ці сястрынства.

А навошта?

Пакуль я думаў, навошта, нас стала ўжо трое.

А там, дзе трое, можа сасьпець змова ці здрада.

Ясная рэч, Каштанка, што б яна там ні казала і якімі б пагардлівымі мурынскімі слоўцамі ні плявалася, дужа ганарылася, што належыць да самага што ні ёсьць таемнага таварыства. Яна была такая, як мы — усьведамленьне таго, што яна валодае сакрэтам і можа гаварыць на мове, пра якую ніхто не падазрае, нібы асьвятляла яе знутры і было прадметам яе неверагоднай гордасьці. Але надта яна ўжо была разумная. Да таго ж дзеўка. Я ня верыў, што дзеўкі ўмеюць захоўваць таямніцы. Толькі мужчыны валодаюць навукай трымаць рот на замку.

Здаецца, я пачаў яе трохі баяцца.

І быццам насуперак гэтаму страху, быццам каб падражніць мяне, нашыя размовы ў сеціве нязьменна сканчаліся дамоўленасьцю сустрэцца каля “Шчодрага”. Каштанка брала марозіва, двайную порцыю, я — гарэлку, што здымала страх, а Козьлік — сваё піва. Як я выглядаў побач зь імі? Як бацька? Магчыма. Я спадзяваўся, што гэта так. Пакуль ня здарылася непапраўнае.

Мы сядзелі каля “Шчодрага” і абмяркоўвалі Каш­танчыну працу (за месяц яна зрабіла неверагод­на шмат — што значыць маладосьць), калі раптам пачулі аднекуль з залітага апошнім сонцам пераходу:

“Каштанка!”

Тады мы ня ведалі, што яе можна так называць. Што яна адгукаецца на гэтую мянушку. Мы называлі яе... А ніяк не называлі. Таму ўмомант адчулі палёгку, ад якой самі зьдзівіліся. Каштанка. Так проста. І так пасуе.

Было відаць, што самой Каштанцы гэты вокліч радасьці не прынёс.

“Блядзь, — сказала яна ціха і паморшчылася. — Гэта Буня”.

А да нашага століка, недаверліва ўзіраючыся ў Козьліка і з апаскаю — у мой няголены твар, ужо набліжаўся добры моладзец, стрыжаны паводле апошняй моды. Шырокі ў плячах (двух Козьлікаў не хапіла б, каб скласьці аднаго такога маладзёна), са сківіцай прадаўца спорттавараў, у яркай кашулі і маднявых штанцах. Карацей, стандартны буня.

“Привет, — ён падышоў да Каштанкі і нахіліўся над ёй, абхапіўшы аберуч крэсла. — Здравствуйте”.

Здравствуйте — гэта было мне. Я змрочна кіў­нуў. Козьлік ня ведаў, куды падзець свае лапы. Каш­танка сьцепанула плячыма.

“Привет, Буня”.

“Станислав, — ён працягнуў руку мне, а потым, ашчэрыўшыся, Козьліку. — А это кто с тобой?”

“Тебе дело, Буня?” — Каштанка, удаючы спакой, даядала марозіва.

“Я тебя с ними уже третий раз вижу. Дай, думаю, подойду, познакомлюсь. Каштанка, ты чего вчера убежала? Я тебя весь вечар искал. И чего ты трубку не берешь?”

“Я тебе говорила, чтоб ты за мной не ходил? А, Буня?”

“Не, ну чего ты в самом деле. Я поговорить хотел, — сказаў Буня пакрыўджана. — Они что, иностранцы? Я слышал, как вы говорили”.

“Это Олег Олегович, мой репетитор, — раздражнёна сказала Каштанка. — А это мой друг, Козлик”.

Козьлік пачырванеў.

“Козлик? — Буня зарагатаў. — Извини, брат, не смог сдержаться. Хорошая у тебя фамилия. Или это она придумала? Каштанка у нас, по ходу, любит клички давать. Знает, что ничего ей за это не будет. Пока что”.

“Шел бы ты, Буня, по своим делам”, — Каштанка аблізала палец.

“Хороший у тебя репетитор, я смотрю, — Буня павольна дакрануўся да майго плястыкавага кубка, дзе плавалі мае другія сто грамаў. — А что репетируете? Чему учитесь?”

“Тебе дело? Давай, Буня, быстрым шагом, — прамовіла Каштанка, і вочы яе бліснулі. — У тебя ж бизнес, все дела”.

На выгляд Буню было гадоў дваццаць. Ён падумаў — і ў ягоных раскосых, прыгожых вачах зьявіўся сумнеў.

“Ладно, — ён адпусьціў крэсла Каштанкі, выпрастаўся. — Я только другу твоему, Козлику, кое-­что сказать хотел. На два слова, брат”.

“Не пайду я нікуды, — нечакана гучна і абурана сказаў Козьлік. — Кажы або зьнікні. Астапізьдзеў ужо”.

“Ого, — Буня падышоў да яго. — Беларуская мова. Паважаю. Мова нанова, пагоня, галерэя У. Толькі ў сэрцы трывожным пачую... Нармальна. Я тожа магу. Таксама магу па-беларуску размаўляць. Слухай, Козьлік. Сябар. Каштанку не абіжай, дабро? Мы зь ёй сябры. Я яе кахаю. Зразумеў?”

“Ты что, бухой, Буня?” — Каштанка ўстала і ўзяла яго за руку.

“Ладно. Позвоню тебе сегодня. Репетируйте, только закусывайте, — Буня міралюбна паціснуў мне руку. — Да пабачэньня, Алег Алегыч!”

І ён сваім павольным, развалістым крокам пайшоў да парку, пару разоў абярнуўшыся і неяк тужліва выхопліваючы нашую тройцу з-пад ценю рыпучых парасонаў.

“Моке а бэке бэ моке... Не, ён нармальны хлопец, — сказала Каштанка і пералічыла грошы. — Не палезе. Але апрыкраў так, што хоць ты яму нагу зламі. Ходзіць за мной і ходзіць. Што яму ад мяне трэба? Сказала ж, Буня, ніякіх шанцаў”.

Козьлік гмыкнуў. А я сабраў са стала паперы.

“Ён за табой сочыць, — я зноў падумаў пра асьцярожнасьць і неяк ніякавата зрабілася, нібы сачылі за мной. — Ты што, ня бачыш? Каштанка!”

Яна ня слухала, мармытала нешта пад нос. Не на бальбуце, і не на кунду. Я не адразу зразумеў, што яна напаўголасу мацюкаецца.

“Каштанка!”

Яна страпянулася, паглядзела на мяне зьдзіў­лена.

“Табе пасуе”, — усьміхнуўся Козьлік.

Яна паказала яму кончык языка. Сінявата-чыр­воны, зьмерзлы. Козьлік адвярнуўся.

“Трэба прыдумаць іншае месца, — задуменна сказаў я. — А можа, і наогул пакуль што легчы на дно”.

9.

Некалькі тыдняў мы амаль не ліставаліся — а на пачатку лістапада слоўнік быў гатовы. Не скажу, што гэта мяне ўсьцешыла: бальбута нібыта набывала форму, але ці ішло ёй гэта на карысьць? Не, не ішло, і я наогул ужо не зусім разумеў, куды і што ідзе ў маёй гісторыі з гэтай дзіўнай мовай, што вырасла аднойчы з кубка, на дне якога цямнела астылая кававая гушча. Бальбута задумвалася мной як няспынная “ліючаяся форма”, якая ніколі ня мусіла застываць. Няўжо і праўда законы, іх законы, непазьбежныя, і мы ня можам паразумецца, не дамовіўшыся перад тым строга выконваць правілы? Бальбута нарадзілася як “каранёвая база” і збор нескладаных правілаў — слоўнік ставіў бальбуце ультыматум, ён загадваў ёй зрабіць выгляд, што яна існуе даўно і яе не прыдумалі, але ўспомнілі. Гэта быў загад падмануць. Бальбута на маіх вачах ператваралася ў езуіцкую гаворку, што вымагала ад нас траіх здраджваць і забіваць у імя разуменьня і веры.

Але што заставалася рабіць? Напэўна, гэта быў заканамерны шлях яе разьвіцьця. Адзіна магчымы. Неяк нам прыйшла ў галаву вар’яцкая ідэя — узяцца за пераклад на бальбуту Джойсавага “Уліса”. Мы нават падзялілі тэкст, нам з Козьлікам дасталася па шэсьць эпізодаў, Каштанцы як адзінай дзевачцы ў нашым таварыстве — чатыры. Вядома, гэта была толькі ідэя. Але я ня проста пага­дзіўся — я нават разьмеркаваў, хто за якія часткі возьмецца. Нібы нехта нашэптваў мне, што самы час паказаць, хто тут галоўны.