“Горача”, — паўтарыў Козьлік і расьцягнуўся на падлозе побач са мной, высалапіўшы язык.
“Маеш нажніцы?” — спытаў я, чамусьці па-беларуску. Ён зьдзіўлена падняў вочы:
“Прынесьці? Навошта?”
“Ды не, не, нічога, — я зноў перайшоў на бальбуту. — Працуем”.
Мы моўчкі пісалі — і я бачыў, што Козьлік займаецца слоўнікам ужо без усялякага імпэту, нешта брадзіла ў ягонай галаве, п’яніла яго, напаўняючы гэтую маладую галоўку дурным газам, ад якога вочы ў Козьліка зрабіліся зусім шкляныя. Мы ляжалі на падлозе, зусім блізка, я ў сваёй пакамечанай кашулі і джынсах, басанож, вастранож, анягож — і Козьлік у адных кароткіх шортах. Раптам мне заклала вушы. Відаць, я занадта рэзка апусьціўся на дыван. Зноў у мяне праблемы зь ціскам. Краем вока я назіраў за маім вучнем і неўпрыкмет скуб пальцам дывановую траву. Дзьве імпэрыі сышліся ў чыстым полі. Два войскі, два ўладары. Трэба правесьці мяжу і выставіць варту — і сачыць за Козьлікавымі рукамі, сачыць, інакш ён можа схаваць свае атрады дзесьці пад канапай, над якой сонцам тырчэла лямпа, пад якой увечары, кожны вечар, кожны божы, д’ябальскі, нядобры вечар садзіцца Козьлікава сям’я, Козьлікаў тата, Козьлікава мама, тата-казёл і мама-каза...
“Здрасьце”, — сказала мама-каза, якая вырасла з бамбукавых зарасьнікаў. За яе сьпінай, у калідоры, стаяў тата-казёл, ростам з Козьліка, але без барады.
Нічога ня скажаш. Ціха ходзяць казловічы.
Мякка ступаюць капытамі па лямінаце, бародамі не трасуць, лісьце зь вецьця не паскубваюць, на лішняе не атвлекаюцца, сур’ёзныя жыхары ўручанскіх джунгляў. Тыгры, а не траваедныя.
Козьлік ускочыў, схапіў чамусьці футболку, пачаў нацягваць, задам наперад.
Козьлікаў тата выйшаў наперад, зрабіў такі рух, быццам даць мне капытам у твар зьбіраўся — але стрымаўся:
“Здрасьце! Это кто?”
“Это мой... Друг”, — сказаў Козьлік з-пад футболкі.
“Олег Олегович”, — я з годнасьцю, не сьпяшаючыся, падняўся, разумеючы, як гідка гэта гучыць. Олег Олеговіч. Ёсьць нешта непрыстойнае ў гэтых о, нешта з намёкам на не зусім законныя рэчы, за якія шмат не дадуць, але пра якія напішуць у хроніцы здарэньняў на тутбаі.
Пачуўшы маё імя, тата-казёл ажно скалануўся. Дый Козьлік быў зьдзіўлены. Я працягнуў тату-казлу руку — але ён яе не паціснуў. Падняў мой сшытак, пачаў чытаць, варушачы вуснамі — але што ён мог там зразумець?
“Это што?” — спытаў ён, разглядваючы мяне. Зьнізу ўверх — і гэта давала мне надзею, што ўсё абыдзецца. Урэшце, што ён мне прад’явіць? І што наогул такога адбылося?
“Мы с Олегом... Олеговичем язык учим, — сказаў Козьлік, запінаючыся. — Сложный. Олег Олегович известный специалист...”
“Не знаем мы что-то таких специалистов, — змрочна сказаў Козьлікаў тата, уважліва разглядваючы мяне з галавы да ног. — Мы таких специалистов что-то вообще не того... Не знаем... Знаем мы их, специалистов таких...”
Козьлікава мама адчула, што трэба ратаваць сытуацыю, крыкнула з кухні, закашляўшыся:
“Денис, ты звонил в приемную комиссию?”
“Да”, — Козьлік хацеў засланіць мяне ад татавага драпежнага позірку, але куды там, я быў вышэйшы і шырэйшы ў плячах, так што цяпер узвышаўся над імі абодвума.
“Ел уже? Мы с папой в магазин зашли...”
“Отвечай, когда мать спрашивает, — цяжка пражаваў словы тата-казёл. — А мы пока покурим сходим... Со специалистом”.
Ён пайшоў проста на мяне — і мне нічога не заставалася, як адступіць да балькону. Ён схапіўся за ручку і выштурхнуў мяне туды, дзе ліянамі зьвісала бялізна Казловічаў, ужо зусім сухая.
Я прыбраў з твару штаны Казловіча-старэйшага і прыкрыў вочы станікам мамы-казы. Так было зручней адбівацца.
“Ну что скажешь, Олегович, — тата дастаў скамечаны пачак чырвонага “Мінску”, але цыгарэту так і ня выцягнуў. — Чему ты учишь? Рассказывай, специалист”.
“Да так, — я глядзеў на яго скрозь станік мамы-казы, як праз проразі на шаломе. — Учу”.
“Ага, — ён паківаў, быццам мой адказ яго цалкам задаволіў. — Учишь, значит. Молодец”.
На школьным стадыёне пад намі малыя гулялі ў футбол. Жоўты мячык замітусіўся па карычневай высахлай зямлі, малыя мацюкаліся — тонкія, сарваныя галасы. Яны нібы цкавалі гэты мяч — і ён ня ведаў, куды падзецца, скакаў то ўправа, то ўлева, то падлятаў угару, да сонца, але яму не было куды схавацца, а яны крычалі, узбуджана і з азартам, яны ведалі, што ўрэшце загоняць яго, як зайца, і ён упадзе зьнясілены, дзесьці ў кустах, так і не пасьпеўшы ўцячы. І тады яны накінуцца на яго і разьдзяруць сваімі малочнымі зубамі, і насыцяцца, і разыдуцца па дамах.
Навучальны год пачаўся. А я і забыў.
“Слушай, ты, забирай свои бумажки, и чтоб я тебя больше с Дениской не видел, — прашыпеў страшны маленькі казёл, запраныя майткі якога пагрозьліва пагойдваліся ў яго над вухам у такт словам. — Ты мне парня не порти, хуй ты бумажный. Знаю я таких специалистов. Заднего ряда. Увижу еще раз с Денисом, ты у меня таким специалистом заделаешься...”
Козьлік глядзеў на нас з таго боку акна, разгублена стоячы пасярод пакоя і трымаючы ў руках сшытак — ці то мой, ці то ягоны.
Я асьцярожна вярнуў станік мамы-казы на месца і выйшаў з балькону.
“Денис, иди сюда,” — пачуўся з кухні трывожны голас.
Козьлік неахвотна пайшоў на кухню. Тата-казёл рушыў за ім, пагардліва махнуўшы ўяўнай барадой і адцясьніўшы мяне элегантным рухам таза.
“Мам, я сейчас! — пачуўшы, як я абуваюся, Козьлік выскачыў у калідор і схапіў заплечнік. — Я вас правяду!”
Ён нахіліўся да майго вуха і зашаптаў на бальбуце, што вінаваты, вінаваты, што бацькі прыйшлі раней, што яны ніколі раней за сем не зьяўляліся і што бацьку ягонага за такое...
Усьміхаючыся, я моўчкі ўзяўся за ручку дзьвярэй.
“Такая девка ходила! — бушаваў на кухні казёл-старэйшы. — Кровь с молоком. Отец с матерью на дачу спицальна гоняли, чтоб он тут с девкой делом занялся. Нет! Послал Олесю, сам послал, не она его. На бумажки, биляць, променял. Чем они здесь занимались, а, мать? Ты мне можешь объяснить? Развелось, биляць, специалистов. А ты его все защищаешь! Денис! Ты куда это? Стоять, я тебе сказал!”
Але Козьлік ужо рвануў на сябе дзьверы, і мы затупалі па прыступках, скаціліся, адпіхваючы з дарогі ровары, вазочкі, зьбіваючы нагамі цацачныя грузавікі, усё, чым былі застаўленыя сходы, скаціліся, выскачылі з пад’езду, і нейкая бабулька гучна сказала нам наўздагон: “Вот скатаўё”.
Ідучы кудысьці — я ня ведаў дарогі — я раптам засьмяяўся на ўвесь голас, і Козьлік уміг прасьвятлеў тварам.
“Твой тата цікава вымаўляе слова “блядзь”, — сказаў я Козьліку, калі мы зноў ішлі ўздоўж дзіцячага садка. — Біляць. Адкуль там галосны?”
“Ня ведаю. Ён заўжды так казаў”.
“Як быццам акцэнт сярэднеазіяцкі”.
“Нармалды. Гэта яшчэ адно ягонае слова. Калі ён у гуморы. Ён насамрэч неблагі чалавек”.
Козьлік давёў мяне да мэтро. Мы больш не гаварылі. Толькі калі я працягнуў яму руку на разьвітаньне, ён раптам расшпіліў заплечнік і выцягнуў кнігу Франсуазы. Той самай, мадэмуазэль Дарлён.
“Я так зразумеў, яна вам патрэбная?”
Паміж намі праціснуўся, заехаўшы мне ў бок локцем, нейкі нецярплівы ўручанец:
“Пасталі ў праходзе, не прайці! Інастранцы, вашу маць!”
Ён азірнуўся і весела падміргнуў. Чарнявы, нападпітку, у футболцы з расейскімі арламі. Падміргнуў і зьнік. І ўсё ж запомніўся мне назаўжды. Хто ведае, чаму.
“І яшчэ... — Козьлік уздыхнуў. — Вас праўда клічуць Олег Олеговіч?”
“Так”.
“Можна, я ня буду вас так называць?”
“А як будзеш?”
“Як і раней. Абыходзіцца без імя”.
Я паціснуў плячыма і пайшоў да турнікета, прыціскаючы кнігу тытулам да жывата. Хоць вокладка і так была без карцінак. Напэўна, Козьлік глядзеў мне ўсьлед. А можа, і не. Мне было пляваць.
***
Некалькі дзён ад Козьліка не прыходзіла ніякіх лістоў. Можа, яно й добра, думаў я. Трэба было супакоіць Верачку. У мяне было такое адчуваньне, што яна пачала нешта падазраваць. Напэўна, Козьлік усё ж мучыўся пачуцьцём віны — і я даў яму напакутавацца ўдосталь. Я ведаў, што рана ці позна ён азавецца. Магчыма, тата-казёл пазбавіў яго інтэрнэту — але было ясна, што Козьлік ужо дастаткова дарослы, каб супрацьстаяць дыктатуры вялікіх казлоў.
Ясная рэч, ён шалее, гэты ягоны бацька. Шалее, што так і не навучыў сыночка хадзіць ціха, жаваць сьціпла, думаць, як траваеднае, ненавідзець паперу і любіць козачак. Праверыў бы, што ў цябе за кніжкі на паліцы стаяць, пад самым тваім носам, думаў я зласьліва, адпачываючы ў прыемным таварыстве мадмуазэль Дарлён. Можа, тады б усё было інакш. А цяпер — прымі ўсё як ёсьць, казёл, і дзякуй богу, што ў цябе такі сын, а не тупы атожылак, які паўторыць твой бяздарны шлях.
Так, я верыў у Козьліка. Ён мог бы быць маім сынам. Ён быў на дваццаць гадоў за мяне маладзейшы. Гэты факт мы з мадмуазэль Дарлён абмяркоўвалі ня раз — кніга, якую даў мне Козьлік (я так і не зразумеў, ці мушу яе вярнуць) заняла трывалае месца побач з маім ноўтбукам, і цяпер я штодня, папрацаваўшы над бальбутай, доўга сядзеў над загадкавымі вершамі распуснай Франсуазы, спрабуючы пачуць іх, адчуць на смак і, чым чорт не жартуе, зразумець.
Пасьля гісторыі з Казловічам-старэйшым мы з Козьлікам дамовіліся сустракацца толькі ў “Шчодрым” — так было бясьпечней. Да таго ж ні ён, ні я не забывалі, якую ролю гэты барчык адыграў у гісторыі бальбуты. Козьлік нават прыдумаў мэмарыяльную дошку, якая будзе тут вісець праз паўстагодзьдзя. На бальбуце, вядома. Не скажу, што мне спадабалася гэтая ідэя. Сам прынцып бальбуты выключае існаваньне мэмарыяльных дошак. Хоць, вядома, сказаць на бальбуце “мэмарыяльная дошка” тэарэтычна няцяжка: flarekuta daloje vedutima, напрыклад. Але нешта небальбутанскае ёсьць у спалучэньні гэтых словаў. Нешта, што супярэчыць філязофіі маёй мовы...
Маёй мовы. Але ці заставалася яна маёй? Цяпер яна нібыта была нашая. Нашая з Козьлікам на дваіх. І гэта чамусьці пачынала мяне непакоіць. Я разрываўся паміж радасьцю і рэўнасьцю. Але Козьліку гэтага не паказваў. Спачатку трэба было вызначыцца самому, чаго я ўсё ж хачу ад бальбуты — і ад сябе.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.