Козьлік спрытна пераступаў праз кучы нейкага будаўнічага друзу, а я ледзь перастаўляў ногі. Нешта нядобрае лунала ў паветры, стомленым, стаячым, дзесьці ніяк не маглі завесьці машыну — і шум рухавіка гучаў, як воплескі вялікай канцэртнай залі. Дворнік перамяшчаўся ўздоўж агароджы, не адстаючы ад нас — я паскорыў хаду, каб ён нарэшце апынуўся за сьпінай, і Козьлік зьдзіўлена нагнаў мяне каля пад’езду.

“Не сюды”, — мякка сказаў ён.

“Верачка!” — крыкнуў нехта з балькона.

Мы нырнулі ў нейкую арку і выйшлі ў шырокі двор.

“Тут я і жыву”.

Мы падняліся на невядома які паверх. Я зусім ня ведаў, што гэта за вуліца і як дайсьці да мэтро. Козьлік адчыніў дзьверы, за якімі была каморка з чатырма дзьвярамі, у якой стаяў той самы ровар. Нахіліўся, даў мне тапкі.

“Праходзьце”.

Калідор напоўніўся пахам майго поту. Кватэра шамацела шырмачкамі, фіранкамі, гардзінкамі, жалюзі, утульнае жытло сям’і з трох чалавек. Двухпакаёўка з выглядам на школьны стадыён. Козьлік пасадзіў мяне на канапу — пругкую, чыс­тую, засланую нечым такім прыемным на дотык, што я адразу ж схапіўся за тканіну і пачаў перабіраць, мацаць, круціць на пальцы ніткі. Нібы хатнюю жывёлу песьціў, уціраўся ў давер.

Ён паказаў мне свае багацьці. Тое, што прывозіў са сваіх азіяцкіх падарожжаў. Нейкія сьмярдзючыя, усе ў адбітках тлустых пальцаў, барабаны, вырваныя з дагістарычных кніг старонкі з напаўсьцёртай вязьзю, пэўне ж, падробка... Нейкія ржавыя нажы з мудрагелістымі тронкамі, выцьвілыя фота невядомых кінаакторак з вусікамі над пульхнымі вуснамі...

Я без асаблівай цікавасьці разглядваў ягоныя скарбы. Ён прынёс піва, запытальна паказаў на паліцы з кнігамі:

“Калі вам цікава, бярыце, гартайце, магу нешта даць пачытаць... Бацькам даўно гэта ўсё ня трэба”.

Я думаў адмовіцца, але волю маю як паралізавала. Узяў зь ягоных гладкіх, як калені, рук нешта — ага, чытаў, і яшчэ нешта — таксама чытаў. Вядома, ён пахваліўся Піперскім — “От эсперанто до дотракийского”, у яго яна была на паперы, гэтая запаветная кніжка, а я спампаваў яе на Флібусьце і чытаў з ноўта — ну, ладна, кніжка была файная, але пакінула лёгкае расчараваньне, бо занадта хутка скончылася, мне было мала, Піперскі як Піперскі.

“А па канлангах?”

“Конлянгі тут”, — ён нахіліўся, футболка задралася, выглянуў азадак. У яго цэлая паліца, самая ніжняя, была ўся пра канлангі — на розных мовах, але ён шчыра прызнаўся, што паловы яшчэ не прачытаў:

“Я марудна чытаю. І, ведаеце, калі я пачаў бальбуту — ні пра што іншае не магу думаць”.

Сярод кніг я заўважыў тоўсты альбом у шыкоўным пераплёце, ляніва пацягнуўся, Козьлік зрабіў ледзь прыкметны рух, гэта быў нават ня рух, а нейкая стрэлка магчымай сутаргі, але я адзначыў — ён пратэставаў. Стрымаўся, каб не паказаць. Зацікаўлены, я схапіў кнігу і расклаў на каленях.

“Гэта бацькоўскае”, — сказаў Козьлік незадаволена.

Альбом быў і праўда шыкоўны. У ім была парнаграфія — ды якая. На тоўстай і шляхетнай паперы, старонка за старонкай, адна і тая самая жанчына займалася любоўнымі ўцехамі са сваім сабакам — тонкім і мускулістым догам, ва ўсіх магчымых позах, у раскошнай атмасфэры арыстакратычнага дому пачатку дваццатага стагодзьдзя. Фрызура жанчыны ўвесь час зьмянялася, таму я не адразу ўцяміў, што на ўсіх малюнках выяўленая менавіта яна: то ў раскіданых сьветлых кудзерах, то з хлапчуковай стрыжкай, то наогул з выгаленай галавою, то надзеўшы віктарыянскі парык яна аддавалася свайму догу з чалавечымі вачамі, і толькі валасы ў яе паміж ног заставаліся нязьменна густымі, выпісанымі старанна і таленавіта, і намаляванымі кожны раз так, каб глядач бачыў усе падрабязнасьці яе ўлоньня. Я адчуў, што ўзбудзіўся, пад альбомам, што ляжаў у мяне на каленях, расло тое, што ніяк ня сьпішаш з рахункаў. Мне захацелася мець гэтую кнігу — калі схаваць яе ад Верачкі, можна было б дарыць сабе час ад часу такія імгненьні, што можна было калекцыянаваць. Ніякае порна ў інтэрнэце не магло параўнацца з тым, што я тут пабачыў.

Я трымаў альбом на каленях менш за хвіліну, а ўжо меў у ім любімыя карцінкі.

“Бацькі, я бачу, у цябе досыць лібэральныя”, — хрыпата і неяк зьдзекліва прамовіў я, паклаўшы рукі на альбом. Мне не хацелася, каб у словах быў хаця б цень зьдзеку, але нешта двухсэнсоўнае павісла ў паветры.

Бедны Козьлік сумна глядзеў на лямпу, што тырчала проста са сьцяны над маёй галавой. Відаць, тут ягоныя бацькі ўвечары сядзяць і п’юць гарбату. А мо віно. Культурныя людзі, бацькі культурнага сына. Вырасьце — супакоіцца. Галоўнае — менш ціснуць і нічога не забараняць.

“Гэта падарунак ад адной знаёмай, — неахвотна сказаў Козьлік, а рукі прасілі: аддайце. Вялікія рукі. Яму не пасуюць. Козьлік дробненькі. — Я ня ведаю, чаму вам пра бацькоў сказаў. Яны з гэтых паліцаў не бяруць нічога. Яны наогул кніг не чытаюць. Ім нецікава”.

“Ясна, — я яшчэ мацней прыціснуў да сябе альбом. — Дарэчы, ведаеш, як на бальбуце можна сказаць: сэкс? Здагадайся. Як сэкс на тваёй бальбуце? Ну, Козьліку, давай”.

“Pajuta... Duzu pajuta... — сказаў ён нерашуча. — Du­zuta pajutima. Прыгожа атрымалася, па-мойму...”

“Добра, а грубей, — пасьпешліва спытаў я. — Грубы сэкс? Але добры, жарсны! Як ты скажаш?”

“Takuzu pajuta... Taku mau pajuta... — казаў ён, і вочы ягоныя раптам асьвяціліся нейкім пакутлівым агнём. — Strilo u prugoje. Чорт. Вы і праўда геній. Так музычна і не... Непрыстойна... Насамрэч як карцінку бачыш...”

Задаволены сабой, я драпежна ўсьміхнуўся. Я хацеў яго яшчэ трошкі памучыць. Але тое, што расло пад раскладзеным альбомам, ня думала чэзнуць. Я быў напружаны і ўзбуджаны — на шчасьце, Козьлік ня бачыў, як падрыгваў пад маімі рукамі альбом.

“А зараз скажы “мастурбацыя”... Ну, давай, гэта лёгка!” — мяне забаўляла, як ён танчыць перада мной, намацвае стол сваімі няўклюднымі пальцамі.

“Sabaupajuta... Sabauduzuta pajutima...”

“Нецікава, — укалоў я яго. — Занадта проста. Фантазія, дзе фантазія, Козьліку?”

“Irukuta pajutima”, — сказаў ён і пакрыўся плямамі.

“Добра... — я ўзяў прынесенае ім піва. — А калі, напрыклад...”

“Я вам сшытак прынёс, можа, запішам тое, што я прыдумаў?” — Козьлік сеў каля мяне. Так ён сядзіць каля бацькі. У тыя вечары, калі ўся сям’я ў зборы і па тэлевізары ёсьць нешта цікавае. Пра жаночыя фрызуры сто гадоў таму і ролю сабакаў у цырульніцкім мастацтве.

“Так, давай”, — я так і не аддаў яму альбом. І тады ён паклаў на адкрытую старонку сваю руку.

“Вы, канечне, заўважылі... Тут унізе вершы...”

“Вершы?”

І праўда, захоплены пякучымі карцінкамі, я нават увагі не зьвярнуў, што ўнізе кожнай старонкі файным шрыфтам парыскіх афішаў былі надрукаваныя кароткія чатырохрадкоўі.

“Гэта на якой мове?”

“Ня ведаю, — Козьлік нецярпліва прагартаў пусты сшытак. — І ніхто ня ведае. Іх аўтарка — на гэтых карцінках. Гэтыя вершы напісала яна, у 1901-м, апісваючы свае адчуваньні. На мове, якую выдумала сама. Але ніхто так і ня здолеў прачытаць. Франсуаза Дарлён. Так яе звалі. Загадкавы праект быў у кабеты. Я спрабаваў зразумець, некалькі гадоў таму, але нічога ня выйшла. Я проста не магу намацаць сувязяў. Ніякія мэтады не працуюць”.

“Здаецца, я ведаю, у чым рэч, — сказаў я, разгляд­ваючы надпісы. — Гэтыя словы ня маюць сэнсу”.

Козьлік паглядзеў на мяне з сумневам.

“Дакладней, маюць, вядома. Калі б ты быў жанчынай і займаўся тым, чым яна на карцінках, ты таксама мог бы напісаць нешта падобнае. Гэта мова яе вульвы, якую лашчыць сабака. Ты маеш вульву? А клітар? А сабаку? Таму ты і не разумееш. І я таксама. Калі б у нас была знаёмая, якая... Магчыма, яна зразумела б, пра што пісала Франсуаза Дарлён”.

Ён нарэшце забраў у мяне альбом і таропка паставіў яго назад.

“Такое тлумачэньне... Ніколі не прыходзіла мне ў галаву...” — прамармытаў ён, уздыхнуў, зрабіў вялікі глыток піва і з палёгкай адкінуўся на сьпінку канапы.

Мы ўзялі ягоныя чыстыя агульныя сшыткі, схапілі кожны па асадцы і падазрона паглядзелі адзін на аднаго. А потым кінуліся пісаць, як па камандзе. І ўсё ж хутка я выдыхнуўся. Ці зрабіў выгляд, што выдыхнуўся. Таму што мае пальцы, пакінуўшы сыраватыя ад поту тапкі, ужо даўно поўзалі па дыване пад нагамі, і дурныя думкі падымаліся ад падлогі Козьлікавай кватэры, ачмураючы мне галаву.

Вось тут я пабудаваў бы папяровы горад. Тут, у засені бамбукавай фіранкі, за якой пачынаецца калідор. А вось тут, пад фатэлем, была б выдатная пячора. Дзе можна было б разьмясьціць войска на выпадак нападу. З таго боку дывана цяжка аца­ніць ягоную шматлікасьць. А вось тут, на выгіне канапы, быў бы сьвятарны ўзгорак. І яны прыхо­дзілі б сюды маліцца перад бітвай, мае воі. Зялёны ўчастак пад таршэрам — гэта лес, куды я выправіў бы свайго галоўнага героя. А там, дзе дыван сканчаецца і пачынаецца роўнядзь лямінату — там мора... І на краі дывана, дзе жоўтыя палосы, я збудаваў бы порт. І караблі плылі б у кухню, здабываць там золата, срэбра, шоўк... Тут, у гэтай краіне, жылі б папяровыя людзі, тут гучала б бальбута, ад краю да краю... Папрасіць бы ў Козьліка нажніцы — і рэзаць, рэзаць паперу, множачы народы, мовы, звычаі, памкненьні, увасабляць усё тое, што не ўдалося, ня выйшла, усё тое, дзе я схібіў...

Але нельга. Трэба гнаць ад сябе дурныя думкі — заставацца па гэты бок мяжы.

Ну калі ласка.

Зусім маленькі кампраміс.

“Сьпіна баліць, — працадзіў я, скрывіўшыся. — Хто куды, а я на падлогу”.

І, не чакаючы Козьлікавай рэакцыі, я з асалодаю споўз на дыван, лёг на яго бокам, падпёршы рукой галаву. Як нічога ніякага я ляжаў і пісаў у агульным сшытку словы бальбуты і адчуваў, як рука пачала дранцьвець. Я ўдыхаў пах дывана, заляжалага пылу, далёкі водар сродку для мыцьця лямінату — і ведаў, што Козьлік здасца хутчэй, чым я запоўню старонку.

І ён здаўся.

“Горача”, — ён раптам скінуў футболку: худы, бледны і дробны, як дзіця — дзіця з густой барадой і сьветлым рэдкім валосьсем на грудзях, паміж якіх тырчала вялікая радзімка, дый не радзімка нават, а цэлая ягада. Як трэцяя смочка. Сымэтрыя была жахлівая — быццам ён сам яе туды прыляпіў. Я ня мог адвесьці ад яе вачэй. Хацелася яе зрэзаць.