Чалавеку, які вёў яго за сабой, было на выгляд гадоў сорак пяць, але зубы, зубы... Гэтыя кепскія зубы надавалі ягонаму роту злавеснасьць. Яны ішлі праз насьцярожаны зімовы горад і выдыхалі перад сабой белую пару, яны нагадвалі мэханізм, які разьяжджае па вуліцах па нейкім аднаму яму вядомым маршруце.

Гэта частка праграмы, здагадаўся Скіма. Да яго прыстаўлены гід, ён жа, верагодней за ўсё, агент бясьпекі. Такія ўмовы экскурсійнай паездкі. Гэты чалавек будзе суправаджаць яго па Менску, не адстаючы ні на крок, ягонае заданьне — каб Скіма пабачыў толькі тое, што яму прадпісана пабачыць.

Гэтая здагадка супакоіла Скіму. Вядома, такі паварот ствараў шмат праблем, але ён здолее ўсыпіць пільнасьць гіда. І наогул пастараецца ад яго пазбавіцца. Скіму не цікавілі пампэзныя імпэрскія помнікі, калгасы і парады вайсковай тэхнікі. Яму было напляваць на музэі Трох Перамог і на Бібліятэку Пушкіна. І на балет у Бальшой ён не зьбіраўся.

Скіма ішоў на вуліцу Сіадыч. Куды б яго ні вялі, ён мусіў трапіць на вуліцу Сіадыч.

І тады гэты брэх, які дакучаў яму, нарэшце змоўкне. І пастаялец з “Розэнгартэну” атрымае імя і жыцьцё, якое ён пражыў ня горш за іншых. І цудоўныя вершы, якія Скіма абавязкова прачытае, атрымаюць аўтара. І кнігарні Эўропы змогуць спачыць у сваіх папяровых магілах.

І тады ён паспрабуе вярнуцца.

Аднак адкуль ён ведае, што я — ня Маці Марцінэн?..

Адкуль, шайсэ, адкуль?

“Куды мы ідзем?” — спытаў Скіма, адчуваючы ўсё большы неспакой.

“У гатэль, вядома, — адгукнуўся ягоны гід, накідваючы капюшон. — Гэта гатэль “40 гадоў Перамогі”. Засталося недалёка”.

“Мы маглі б узяць таксі? — прапанаваў Скіма. — Праўда, у мяне няма вашых рублёў. У вас можна заплаціць карткай? А яшчэ я выпіў бы кавы...”

Чалавек хмыкнуў і, падавалася, усьміхнуўся, паказаўшы свае страшныя зубы.

“Як вас завуць?” — спытаў Скіма.

“Вам абавязкова трэба гэта ведаць?” — чалавек паглядзеў на яго з сумневам.

“Было б добра”, — сказаў Скіма, стукаючы зубамі ад холаду.

“Ах так, — сказаў ягоны гід. — Гэта ў нейкім сэнсе вашая праца. Даваць імёны”.

Скіма спыніўся і, нягледзячы на холад, працягнуў руку і скінуў капюшон з галавы гіда. Той зноў усьміхнуўся.

“Вы ведаеце, хто я?”

“Давайце пойдзем у гатэль, засталося зусім ня­шмат, — гід махнуў рукой у бясформенным рукаве. — Калі вам гэта трэба — добра, завіце мяне Ён. Гэта кароткае імя, якое цяжка забыць”.

І Скіма зноў пакорліва рушыў туды, куды паказаў ягоны праважаты.

“Што да кавы, дык вы можаце выпіць яе ў гатэлі, — сказаў Ён, рухаючыся між глыбаў узарванага сьнегу. — Там у нумары электрычны чайнік. А вось на таксі вам ня хопіць. У вас на рахунку зусім сьмеш­ная сума. Паберажыце грошы, Тэрэзіюс. Вам патрэбная гэтая ілюзія”.

“Якая ілюзія?”

Але яны ўжо дайшлі да будынку, які хаваўся за высокімі чорнымі ялінамі. У гэтым горадзе не зьбі­ралася віднець. Унізе на рэцэпцыі сядзела маладая дзяўчына і чысьціла пазногці. Скіма пайшоў да яе, але ягоны гід прытрымаў яго за плечы.

“Ня трэба яе турбаваць, усё ў парадку”, — сказаў ён ціха і паказаў Скіму, каб ён ішоў да ліфта.

У поўным маўчаньні, пад пагрозьлівы скрыгат тросаў, яны падняліся на трэці паверх. Ён штурхнуў дзьверы нумару і запрасіў Скіму ўвайсьці.

“Вось чайнік, — сказаў ён. — Вось кава. Распушчальная кава, якую вы так ня любіце, але паверце, гэта ня так ужо й важна. Вы можаце паспаць, а я пасяджу тут”.

“Вы не пакінеце мяне ні на сэкунду, наколькі я разумею?” — спытаў Скіма, азяблымі рукамі ставячы ваду.

“Як і вы мяне, — хітнуў галавой Ён. — Піце і сьпіце. У нас яшчэ шмат справаў”.

“А ў прыбіральню? Я магу схадзіць у прыбіральню? Сам?”

“Вядома”, — ціха сказаў Ён.

Скіма зачыніўся ў прыбіральні, але там не было ні акенца, ні іншых дзьвярэй. Вядома.

“Гэта, вядома, ня “Розэнгартэн”, — прамовіў Ён, калі Скіма выйшаў, выціраючы рукі шорсткім ручніком.

Скіма сеў на ложак, аблізнуўся і важка і сур’ёзна сказаў усё тое, што мусіў.

“Вы шмат пра мяне ведаеце. Магчыма, усё. Я ня веру ў цуды. Але ў дадзены момант, дарагі Ёне, мне напляваць на тое, адкуль у вас такая абазна­насьць. Я мушу раскрыць таямніцу. Мушу завяршыць справу. Таму, хочаце вы гэтага або не, я выпраўляюся на вуліцу... Сіадыч. Магчыма, вы ведаеце і пра гэта. У такім разе або дапамажыце мне, або мы разьвітаемся, як толькі я дап’ю гэты дзіўны напой”.

Ён маўчаў, гледзячы некуды скрозь Скіму.

“Дык як вам мая прапанова?” — Скіма нарэшце дачакаўся кіпню і з асалодай схапіў гарачы кубак з выявай нейкіх салдатаў.

“Сядых, — сказаў нарэшце Ён, тужліва пахітаўшы галавой. — Вуліца называецца Ся-дых”.

“А вось гэта і праўда няважна, — злосна сказаў Скіма. — Я дабяруся туды і бяз вашай дапамогі. Я ня ведаю, хто вы, падпольшчык, агент расейскай бясьпекі ці проста вар’ят. Але выбірайце: або так — або так”.

“Не сьпяшайцеся, Скіма, — прамовіў гэты невыносны Ён, разглядваючы твар Тэрэзіюса зь цяжкаўлоўнай маркотай. — Вы ўжо нічога не паправіце. Тут, у гэтым сьвеце, ад вас нічога не залежыць”.

“Я чуў, што такое Райх”, — высакамерна сказаў Скіма.

“Райх... — задуменна сказаў Ён. — Дас Райх... Так, вядома, расейская імпэрыя. Якое глупства. Азірніцеся вакол, Скіма. Хіба вы нічога не заўважаеце?”

Скіма міжволі азірнуўся. Пакой як пакой. Убогая сьціпласьць, эканомная і д’ябальская ў сваім імкненьні падацца ўтульнасьцю.

Ён прылёг на падушку, спадзеючыся, што ягоны гід — ці кім там быў насамрэч гэты загадкавы і злавесны мужык — зьнікне. Калі ён і праўда ведае пра Скіму так шмат — мусіць ведаць і тое, з кім мае справу.

Цудоўным чынам ён адразу ж заснуў. А калі расплюшчыў вочы, Ён усё гэтак жа сядзеў на тым самым месцы і глядзеў у адну кропку. Скіма паспадзяваўся, што ягоны навязьлівы гід заснуў — але той бяззуба ўсьміхнуўся і падняўся зь месца.

“Ідзіце ў душ — і пойдзем глядзець горад”.

За сьцяной завыў сабака. Скіма пачуў — і сам зьдзівіўся шалёнай радасьці, якая яго раптам апанавала.

“Сядых, — сказаў ён весела. — Горад цікавіць мяне пераважна гэтай часткай. Спадзяюся, яна не занадта інтымная?”

Цікава, ці ёсьць тут кнігарні? І як яны выглядаюць? Як “Апошняя кнігарня” ў Бэрліне, або як Шэксь­пір са сваёй жаночай кампаніяй? Тэрэзіюс Скіма падстаўляў грудзі і шыю цёплай, па-сапраўднаму цёплай вадзе і думаў пра тое, што хоча пабачыць кнігі.

Шмат старых кніг. І прадаўца, якога не адразу заўважыш між іхных мёртвых гор.

Удыхнуць іх пах — і адчуць сьлед.

Ён скінуў апранахі Марцінэна, але падумаў і вырашыў, што тут лепш усё ж будзе надзець штаны. А пад штаны, канечне, калготкі. Быць мужчынам. У Менску гэта важней — але халера яго бяры, Скіма ўсё роўна не зусім уяўляў сабе, што яны тут разумеюць пад гэтым словам. Насамрэч самым правільным відам вопраткі тут была такая куртка, як у чортава Ёна: насунуць на сябе гэты сшыты ворах шчыльнай тканіны і быць абароненым ад ледзянога ветру і менскага імпэрскага марозу.

“Из дома вышел человек в цилиндре и очках”, — прамовіў Ён, паглядзеўшы на Скіму, які ўзьдзеў на нос цёмныя акуляры. Яны выйшлі на гэты калючы, сьляпучы мароз, які, тым ня менш, быў прыемны пасьля віленскай пранізьлівай вогкасьці. Ісьці па сьнезе было зручна — Скіма наўмысна абмінаў вычышчаныя ад наледзі асфальтавыя сьцежкі і ступаў так, каб пад нагамі хрумсьцела як мага больш музычна.

Яны ішлі па шырокім праспэкце — пакрысе, напаўголасу, Ён пачаў расказваць пра будынкі, прамовіў некалькі разоў, скрывіўшыся, пра “сталінскі ампір”, і паглядзеў на рэакцыю Скімы. Але той узіраўся ўважліва ў белы праспэкт, удалечыні якога зьбіралася чырванаватая імгла. Яны зайшлі ва ўнівэрсам (“Цэнтральны”, як патлумачыў Ён, падняўшы палец) — і выпілі там кавы, і Скіма падумаў, што дзеля гэтага смаку ён гатовы дараваць Ёну некаторыя рэчы. Напрыклад, ягонае ўпартае нежаданьне раскрываць карты.

Прамінуўшы прасторную, але абсалютна пус­тую плошчу, яны спыніліся перад танкам, і Ён расказаў, што існуе верш, які пачынаецца словамі “Дзяўчаты мыюць танк ля Дому афіцэраў...” Скіма разумеў, што танк стаіць тут ужо стагодзьдзе, і ўсё ж яму здавалася, што ўсё ў гэтым горадзе ненатуральнае, усё зробленае менавіта для яго, усё прасілася быць расказаным і апісаным — але Скіма не дазваляў сабе марнасьці, яму патрэбныя былі тры рэчы, пра якія ён не стамляўся сабе нагадваць, якія гучалі рэфрэнам на менскім сьнезе:

Сядых. Рака. Камень.

Яны спусьціліся ўніз і прайшлі праз парк, і менавіта там, сярод засьнежаных дрэваў, Скіма раптам пачаў гаварыць. Ён слухаў, не перапыняючы, ён ціхенька пасопваў носам, і Скіму падавалася, што Ён хоча сказаць яму: я ведаю, ведаю, але гавары, гавары, табе трэба гэта вымавіць. Зрэшты, часам сапеньне Ёна набывала ўхвальны тон — ці гэта толькі здавалася Скіму між бязьлюднага парку? Яны выйшлі на круглую плошчу, у цэнтры якой стаяў помнік: выцягнуты вастрыём да неба кій, у падножжы якога замерлі каменныя фігуры людзей са зброяй у руках.

Так ён і ўяўляў сабе Райх.

У імкненьні да неба — і з прыціснутымі да самай зямлі постацямі ўяўна жывога.

А Ён ужо клікаў яго схаванай у рукаве лапай у арку. Скіма, стараючыся не паддавацца занадта відавочна гэтаму ўладнаму маўкліваму жэсту, пайшоў за ім.

Не мінула і хвіліны, як яны выйшлі да нізкага белага будынку, на шчацэ якога была намаляваная дзіўная літара Ў. Ён лёгка падняўся па прыступках — Скіма паслухмяна ўвайшоў за ім...

Тут стаялі кнігі.

Скіма прыплюшчыў вочы і агледзеўся.

У невялікім пакоі, вакол століка, які займаў увесь кут, гаманілі чалавек дзесяць беларусаў. Яны выдавалі цалкам шчасьлівымі людзьмі — і Скіма, які ўвесь час шукаў вачыма ў гэтым горадзе расчараваньне і немату, зноў адчуў, што яго падманулі. Людзі пілі віно і махалі рукамі, забаўна мружачыся — ніхто не зьвярнуў увагі на іхную пару.

Ён падышоў да стала і наліў віна ў плястыкавыя кубкі. Адзін уручыў Скіму, а другі паставіў проста на кніжную паліцу.