“Рускія любяць сымбалі. Ня тое што вы, немцы”.
“Ён быў не зусім рускі”.
“Добра, — адмахнулася Соф’я. — Іншая кніга: падарожжа Нільса зь дзікімі гусямі Сэльмы Лягерлёф. Можа, твой паэт, як Нільс, сеў на гусака і...”
Яна засьмяялася, зашпільваючы яму маланку на сьпіне — язык на замку іншай, ужо значна лепшай сукенкі. І значна больш таннай.
“Бяру”, — маркотна сказаў Скіма.
Яна купіла сабе цёмныя акуляры — вялікія, старамодныя, і адразу пачала выглядаць як інсэкта.
“Ты, вядома, не чытаў ні першай, ні другой кнігі, Скіма, — сказала яна пагардліва. — Я знайду табе і першую, і другую. Таму што мы прыйшлі”.
Яны паволі пакрочылі паўз рады букіністаў, што недаверліва праводзілі іх вачыма. Таму што Соф’я пазірала на кнігі так драпежна, што рабілася ясна — яна і праўда будзе іх чытаць. Пакрысе да іх пачалі падыходзіць панурага выгляду кнігары і прапаноўваць свой тавар. І калі Соф’я занурылася ў вокладкі, якія цаглянай кладкай закрывалі праход да ракі, Скіму таргануў за рукаў адзін з прадаўцоў:
“Я думаю, вам трэба ўзяць вось гэта. Вашай маленькай сяброўцы спадабаецца. Гэта нешта асаблівае. Дваццаць франкаў. Пагартайце...”
Моршчачыся ад болю ў назе, Тэрэзіюс Скіма раскрыў кнігу. І адразу пазнаў яе: мадэмуазэль Дарлён насьцігла яго і тут, у Парыжы. Тая самая маладая жанчына, якая аддавалася догу на вачах у чытача. Так, менавіта ў чытача — бо тут і праўда быў тэкст.
“Што тут напісана?” — спытаў ён, скарыстаўшы некалькі словаў, якія ведаў па-француску.
“Якая розьніца, што тут напісана, — горача зашаптаў прадавец. — Карцінкі. Вось у чым каштоўнасьць. Паглядзіце, якая ў яе валасатая... О... Так даўно не прынята. Паглядзіце, як дасканала выпісана: яе валасы мокрыя ад сабачай сьліны, відаць усе падрабязнасьці. Кожная складка, змочаная языком. Дзе вы такое яшчэ пабачыце?”
“У Бэрліне”, — сказаў Скіма.
“Дык вы немец? — прадавец фальшыва бліснуў вачыма. — У мяне ёсьць выдатныя нямецкія выданьні...”
“Я хачу ведаць, што тут напісана, — сказаў Скіма. — Вось тут, унізе, пад ілюстрацыямі. Пад абсмактанымі сабакам пальчыкамі мадэмуазэль Дарлён. Тут літары. Шмат літар”.
“Гэтага ніхто ня ведае, — прадавец расчаравана адклаў нейкую кнігу ў скураным пераплёце. — Яна напісала яе на мове, якую прыдумала сама. Ніхто ня змог расшыфраваць гэта. Я думаю, рэч у тым, што дэшыфравальнікі проста ня могуць засяродзіцца на працы. Калі я быў малады, дык спрабаваў. Але гэтыя мокрыя валаскі... Гэты сабачы язык... Большасьць лічыць, што яна апісвае тут свае адчуваньні. Пра Франсуазу Дарлён больш нічога не вядома. Гэтая кніга — усё, што ад яе засталося. Дык бераце?”
“Вы думаеце, гэта вершы?”
“Так. Але што вам за справа? Вы што, чытаеце вершы?”
“Мая жонка паэтка, — сказаў Скіма. — Вось яна. Учора яна чытала ў “Шэксьпір і кампаніі””.
Прадавец закаціў вочы і раптам зарагатаў. Ягоны рогат прагучаў, як крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы.
“Паэтка?”
Ён паклікаў свайго суседа — і вось яны рагаталі ўжо разам.
“Навошта ты ім сказаў? — выгаворвала яму Соф’я, калі яны пасьпешліва ішлі назад. — Хто цябе цягнуў за язык, Скіма? Цяпер яны будуць сьмяяцца кожны раз, калі я буду праходзіць міма. Будуць падміргваць і прапаноўваць мне выпіць. Будуць падсоўваць мне рознае гаўно. Хіба ты не зразумеў яшчэ, што няма на сьвеце большага сораму, чым быць паэтам?”
“Але ты чытаеш у...” — прабурчэў Скіма.
“Пра гэта ніхто ня ведае, — амаль што крыкнула яна. Цяпер ужо ня сонная, ня млявая, а такая, нібы Скіма разбудзіў яе ад векавога сну. — Пра гэта ня пішуць у сеціве. Пра гэта ня ведае ніхто, апрача чытачоў. Ніхто! Запомні. Самае страшнае, што ты можаш зрабіць чалавеку — гэта назваць яго паэтам. Бо бачная прыгажосьць — гэта мёртвая прыгажосьць. Калі я яшчэ пішу, дык гэта таму, што ўсе мае знаёмыя ведаюць: я — мэнэджарка па продажах у “Каці Буе”, часам лётаю ў Парыж на сэмінары, і ў мяне няма часу і занадта шмат мазгоў і прыгажосьці, каб займацца такой хярнёй!”
Скіма маўчаў. Паціраючы нагу, ён клэпаў поруч зь ёй, а яна не супакойвалася.
“І менавіта таму, Скіма, я яшчэ не падохла ў танным гатэлі за тысячу кілямэтраў ад дому. Бо ніхто, апрача вузкага кола ўтаямнічаных, ня ведае пра маё маленькае хобі!”
На рагу яны разьвіталіся. Скіма паціснуў ёй руку — маленькую, злую, разумную. І падумаў, што яна мае рацыю.
Паэты заўжды маюць рацыю. Гэты ўрок ён ужо вывучыў.
14.
У самалёце, які то прабіваў сваім вострым носам белыя горы аблокаў, то завісаў над імі, нібы любуючыся, Скіма рабіў выгляд, што дрэмле, а сам назіраў за расейцамі.
Яны сядзелі сьпераду, па абодва бакі праходу, раз-пораз дабрадушна перамаўляючыся, і ён некалькі разоў не стрымаўся і выцягнуў шыю, каб зноў і зноў разглядзець гэтую парачку. Яны заўважылі, занэрваваліся, як і любыя чалавечыя істоты на іх месцы. Давялося прыплюшчыць вочы, адкінуцца ў крэсьле, надзьмуць вусны... Яны супакоіліся. А ён вывучаў іх, ляніва думаючы пра тое, што стэрэатыпы ўжо завалодалі ягонымі думкамі. Як скінуць іх акуляры, як не паддацца ўладзе знаёмых зь дзяцінства вобразаў? Расейцы. Мясістыя чырванаватыя твары, зручныя спартовыя курткі, дарагі абутак на мускулістых нагах. Вочы, як задаволеныя шчыліны. Буйныя шырокія насы. Рэзкія гукі фразаў кожны раз сканчаліся нейкай запытальнай інтанацыяй — быццам усё, што яны казалі, было рытарычнай прамовай. Хто яны былі? Мабыць, спартоўцы.
Так, яны былі вельмі падобныя да спартоўцаў — ці, хутчэй, да трэнэраў, бо абодвум было за сорак. Дзе тады іх апекаванцы? Хоць тут цяжка было меркаваць: трэнэры могуць паляцець у замежную камандзіроўку і без каманды. Але Расейскі Райх быў даўно выключаны зь міжнародных спаборніцтваў: зь некаторых пасьля сваёй Перамогі ён выдаліўся сам, зь іншых яго выключылі пад ціскам праваабаронцаў і Амэрыкі.
Тэрэзіюс Скіма ня надта цікавіўся такімі пытаньнямі, але ведаў, канечне, найноўшую гісторыю. Пасьля таго, як Райх з уласнай ініцыятывы выйшаў зь Лігі Нацый у 2033-м, апошнія надзеі на тое, што можна неяк улагодзіць крамлёўскіх кіраўнікоў, зьніклі. Сустрэць у вольным сьвеце расейцаў з Райху, а не эмігрантаў, рабілася ўсё цяжэй — расейскія законы абмежавалі выезд і ўезд. Хоць часам Скіма і бачыў расейцаў адтуль у цэнтры Бэрліну — на гэтых двух ён глядзеў зусім іншымі вачыма. Бо цяпер іхная агромністая імпэрыя няўхільна насоўвалася на яго з усходу — самалёт, прарэзаўшы мутны мур хмараў, набліжаўся да Вільні.
У тым, што гэта расейцы, сумневу не было. Яшчэ ў Парыжы, на лётнішчы, стоячы ў чарзе на пасадку, ён пабачыў іхныя пашпарты: апрача ідэнтыфікацыйных картак, яны мелі пры сабе яшчэ і чырвоныя кніжачкі зь дзьвюхгаловымі арламі на вокладках. Але там, сутыкнуўшыся зь імі ў лоб, ён чамусьці апусьціў галаву. Нейкая зьвярыная сіла ішла ад гэтых мужчын. Прыцягвала Скіму — і ён ня мог зразумець, колькі ў ёй эротыкі, і колькі звычайнага страху перад чужым, экзатычным, непрадказальным...
Зрэшты, салён самалёта быў поўны займальных тыпусаў. Мужчыны ў спадніцах, дзелавых касьцюмах, нейкіх прасторных апранахах і нават у гумовых плашчах. Жанчыны ў вайсковай форме, жанчыны ў футрах, жанчыны ў празрыстых строях ад найлепшых дызайнэраў. Дзеці — крыклівыя, саплівыя, санлівыя, пужлівыя. Мешаніна гаворак, тэмпэрамэнтныя тырады лёталі з канца ў канец, як маланкавыя валькірыі. Вось што значыць Вільня, падумаў Тэрэзіюс Скіма: некалі ён глядзеў самыя розныя фільмы, спрабуючы зразумець, ці мае нейкую сувязь з прадзедавай радзімай, і даведаўся, што гэты памежны край заўжды поўніўся авантурыстамі, асобамі няпэўных заняткаў, шпіёнамі, вандроўнымі музыкамі, прадстаўнікамі самых розных нацыянальнасьцяў і рэлігій, мастакамі — і паэтамі. Але ягоны паэт, асабісты паэт Тэрэзіюса Скімы, ягоны пэрсанальны нябожчык, чамусьці не шукаў шчасьця тут, паблізу ад сваіх. Сіла ўцёкаў была такой моцнай, крыўда і страх, роспач і гнеў былі такімі пякучымі, што яго аднесла далей, на самы Захад, бліжэй да акіяну, далей ад тутэйшых лясоў.
Самалёт пачаў зьніжацца. Астраўкі травы ўнізе ператварыліся ў высокі сіняваты лес. Іх патрэсла — быццам з бразгатлівага цела машыны мусіла высыпацца ўсё непатрэбнае, і вось ужо колы дакрануліся да загадкавай зямлі, зь якой некалі прадзед Скімы пачаў сваё падарожжа.
А цяпер яго праўнука нейкім ветрам занесла назад. Самалёт бег па гладкім, ачышчаным ад лёду бэтоне самага краю Эўропы — і Скіма ніяк ня мог пазбыцца адчуваньня, што ён тут не зусім госьць. Ён — вяртаецца. Праз галовы некалькіх пакаленьняў.
Хоць яшчэ некалькі дзён таму ён і падумаць ня мог, што выедзе некуды за межы Бэрліну.
Няўжо ўсё ягонае папярэдняе жыцьцё было толькі падрыхтоўкай да гэтага палёту?
На віленскім лётнішчы яго чакалі першыя сюрпрызы.
Расейцы апынуліся ў чарзе на кантроль першыя.
“Beret kak bombu, beret kak ezha, — усьміхнуўся адзін зь іх, прасунуўшы сваю картку пад шкло. — Pomnish stishok, Sanya?“
Чарга чакала некалькі хвілін — і Скіма ўжо думаў, што зараз па расейцаў прыйдзе нейкі злавесны патруль і завядзе іх у бакавы пакой, але ім вярнулі дакумэнты, і расейцы, цягнучы за сабой здаравенныя валізы, зьніклі за дзьвярыма. А вось Скіма зацікавіў памежную варту — і гэта было ня надта прыемна.
“Мэта візыту ў Літоўскую рэспубліку?” — спытаў прыгожы памежнік, заціснуўшы яго картку паміж доўгімі пальцамі.
Тэрэзіюс Скіма так зьдзівіўся пытаньню, што не знайшоўся, што яму адказаць.
Памежнік цярпліва перапытаў — на добрай нямецкай мове.
“Я цікаўлюся паэзіяй, — нахабна прамовіў Скіма. — Я чуў, тут пішуць добрыя вершы”.
Памежнік агаломшана падняў на яго вочы, і Скіма вінавата паціснуў плячыма.
“Дзе плянуеце спыніцца?”
“Піліма, 51”, — дрыготкім голасам адказаў Скіма, зазірнуўшы ў тэлефон. Памежнік падазрона вывучаў яго сваімі яснымі вачыма.
“Патлумачце больш дакладна, гер Скіма, чым вы зьбіраецеся займацца ў Літоўскай рэспубліцы?”
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.