“Я прыехаць пятнаццаць гадоў таму, — зноў пачырванела жанчына. — Калі яшчэ было можна. Проста... Проста я толькі цяпер пачала вучыць нямецкую мову”.
“А раней?”
“Раней? Ну, я неяк ня мела патрэбы, — пераканана паціснула плячыма жанчына. — І чаму не пускаць. Гэта можна — ехаць у Расія. Праз Граніца. Калі ты купіш Putsiowka. Або калі ты член”.
“Член?”
“Член Таварыства “Drushbamir”. Ходзіш на лекцыя, вучыш руская мова, маеш значок. Можна на экскурсія. Гэта цяжка, але... Але магчыма”.
“Drushbamir”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, гукі чужой мовы скрывілі яму рот і нейкім прастудным адчуваньнем аддаліся ў горле. — Зразумела. Скажыце, а адкуль вы? Дзе вы жылі там, у Райху?”
“З Барысава, — сказала жанчына неахвотна. — Гэта недалёка ад Мінск. Але якое гэта мае значэньне? Я руская, але маю нямецкі пашпарт. Таму мне прыемна было сустрэць суайчыньніка. Вось і ўсё”.
“А там, дзе вы жылі... — не адчапляўся ад яе Скіма, торгаючы сябе за бародку, каб не ўпусьціць думку. — Там гаварылі па-руску?”
“Вядома, — раздражнёна сказала жанчына. — Як жа яшчэ?”
“Можа, там была нейкая іншая мова... Чарнаруская? Сіняруская?”
“Не, — злосна сказала яна. — Вы любіце фантазірэн. Рускія гаварыць па-руску. У Бэрліне многа нашых”.
“Нашых — гэта рускіх? Ці вашых суайчыньнікаў немцаў?”
Яна адсунулася ад Скімы. Ён з зайздрасьцю паглядзеў на высокага кітайца, які бесклапотна папіваў даражэзную ваду з вузкай бутэлькі.
“А я еду ў кнігарню, — гучна сказаў Скіма. — Мне падабаецца зеленаруская паэзія. Я зьбіраюся накупіць кніг. На сто марак. А мо і болей”.
Жанчына сьцялася і зірнула на яго зь нянавісьцю.
“Я любіць кнігі зеленарускіх паэтаў, я сам пісаць харошы паэзія”, — абвясьціў Скіма, каб канчаткова яе даканаць, і заплюшчыў вочы.
Якая нуда.
Як марудна едзе аўтобус.
Як павольна ён рухаецца да мэты. Як нясьпешна пульсуе таямніца.
Нечакана ён падумаў, што няблага было б зараз дастаць цікавую кнігу. Не, ня тую, пра Нільса й гусей, ён ужо некалькі разоў прагартаў яе з пачатку да канца, разглядзеўшы ўважліва малюнкі. І ня зборнік, які пакінуў чалавек з “Розэнгартэну”. А, скажам, раман. Тоўсты раман, які, мабыць, зацягвае ў сябе не адразу, на якім трэба сканцэнтравацца, намацаць рытм, знайсьці адпаведнае дыханьне. Некалі, у старыя часы, раманы дапамагалі людзям адольваць адлегласьці. Людзі бралі ў дарогу цікавую кніжку. Але цікавыя кніжкі вымерлі. А людзі...
Людзі засталіся.
Парыж пачаўся неяк адразу — і вось ужо Скіма (руская наўмысна прапусьціла яго наперад, каб не ісьці разам да мэтро) крочыў па залітай сонцам вуліцы і спрабаваў уявіць сабе, як вось тут, па тым самым жаўтаватым старажытным бруку, хадзіў нябожчык, загадкавы паэт. Яго кліент. Наш нябожчык. Хадзіў і ў галаве ягонай нешта там пісалася. І ён даставаў нататнік, каб не забыць. І ўсе прымалі яго за псыхічна хворага. Чалавек, які піша ад рукі. Чалавек, якому няма куды сьпяшацца — і таму сьпяшаецца рука, рука не пасьпявае за думкай, за вобразам, за рыфмай. Крамзолі пакрываюць старонкі. Няісная мова нясьмела прарастае скрозь чужое сёньня.
Ён купіў вады і выпіў яе ўсю, і купіў яшчэ. Даехаў на мэтро да Сітэ, выйшаў на халаднаватае, пабляклае сонца, да чаек і бронзавых архаічных чыноўніцкіх багоў на шырокім мосьце. Тэлефон знавігаваў яго далей, за раку, па набярэжнай. Тэрэзіюс Скіма купіў сабе кебаб і зьеў яго, прыхіліўшыся да халоднага каменьня. Кавы ён вырашыў выпіць у вузкай стракатай вулачцы, поўнай смурных людзей, кава была нясмачная і дарагая, да таго ж боль у галаве вярнуўся. Ён дастаў апошнюю пігулку востабэзагестэрніна, кінуў яе ў рот і пайшоў да кнігарні.
Вечарэла — Тэрэзіюс Скіма мацней завязаў шалік і спыніўся перад патрэбнай яму зялёнай шыльдай. “Шэксьпір і кампанія” — казалі мудрагелістыя, дзіўным шрыфтам выпісаныя літары; Скіма ўжо быў гатовы зноў занурыцца ў сьвет настальгіі, стылізацый, наіўнага падману, старой паперы, падступных намёкаў і сораму... Але ён не заходзіў. Пакуль што не заходзіў. Бо яму раптам падалося, што ён улавіў нешта важнае. Гэта было так цяжка выказаць словамі, гэта цяжка было ўкласьці ў сфармуляваную думку, гэта быў нейкі цень немагчымасьці, шолах вобразу. Але ён быў — і Тэрэзіюс Скіма стаяў перад дзьвярыма і, наморшчыўшы лоб, намагаўся ня страціць гэтае адчуваньне, зразумець, што яно значыць.
І ў яго атрымалася. Ня верачы самому сабе, у нейкае імгненьне ён пабачыў іншага Тэрэзіюса Скіму — такога, якога ніколі не існавала, і ўсё ж рэальнага, у гэты момант — значна больш рэальнага за агента ED, значна больш рэальнага за чалавечую істоту ў спадніцы, паліто і шаліку, якая прыляцела сюды па нікому не цікавых справах. Той, іншы Тэрэзіюс Скіма, быў не такі — высокі хударлявы пан з элегантным кійком у капелюшы і гарнітуры, у накінутым на плечы, даўно ня чышчаным паліто, стаяў тут, зусім блізка ад ускрыкаў халоднай Сэны, і пад неспакойным бляскам яго акуляраў гарэла пара стомленых вачэй, а ўнутры гэтага пана жылі голад і жарсьць. Тонкімі пальцамі ён сьціскаў кіёк і глядзеў на сваё адлюстраваньне ў акне кнігарні з такім недаверам, нібы яго хацелі падмануць. Пан Тэрэзіюс Скіма, галодны шчасьлівы пісьменьнік, бедны, як царкоўная мыш, і геніяльны, як мышыны кароль, стаяў тут і ўяўляў у прывіднай, асьветленай слабою лямпай прасторы за шклом сваю кнігу. І бародка яго пахла настоенымі на тытуні начамі, а ў галаве віхуры літар зьмяняліся імкліва, як у шалёным калейдаскопе.
Няўжо вунь той — гэта я?
Хіба мама любіла такога — жоўта-шэрага, паўсівога, і ўсёведнага, нібы зьмяя? І агеньчык вечаровага алькаголю гарэў унутры таго Скімы, такі цёплы і падманліва ўпэўнены, як чайнік у прамерзлых руках. Гэта быў іншы, няісны чалавек, здань нездаровага кніжнага паветра — і ўсё ж гэта мог быць ён, Скіма, і таму гэта быў і ён таксама, і таксі сноўдалі па вузкай вуліцы, галосячы кляксанамі, і гадзіньнік на Нотр-Дам быў дакладны, як ніколі.
Што такое праўда, што такое рэальнасьць — калі ты стаіш каля старое кнігарні і разумееш, што той, іншы, рэальнейшы за цябе? І што такое беднасьць і сьмерць — калі ты можаш адчуваць такі голад і такую жорсткую жарсьць?
Тэрэзіюс Скіма стаяў каля кнігарні зь дзіўнай назвай, нібы сабака, якога пакінулі тут, пакуль гаспадар выбіраў сабе кнігу ў цесных праходах папяровага замку. Але вось ужо абрысы сьціраюцца, кнігі робяцца прахам, парашком, парай, зьнікаюць — і знаёмыя парасткі болю абвіваюць тваю галаву.
Той прывідны пан у капелюшы з кійком нацягнуў павадок — і Тэрэзіюс Скіма адпусьціў сутаргава заціснутую ў руцэ бародку.
Ён увайшоў і нерашуча спыніўся. Дзяўчына, што сядзела на касе, прыўзьняла галаву.
“Вы не Нгуен?” — спытала яна па-француску, але ён зразумеў.
“Не”, — сказаў Тэрэзіюс Скіма, падымаючыся і аглядваючы кнігарню. Усё тое самае: стэляжы, драўляныя паліцы, якія займалі ўсе сьцены, у глыбіні — лесьвіца, што вядзе наверх. Дзяўчына на касе зрабіла выгляд, што страціла да Скімы інтарэс, а сама паглядвала на яго з ухвалай. Скіма і сам ведаў, што нягледзячы на галаўны боль і стому апошніх дзён, ён захоўвае добрую форму. Калі ты стылёвы мужчына — абставінам цяжка цябе сапсаваць.
Наверсе рыпнула падлога і пачуўся незадаволены голас. Няўжо тут ёсьць яшчэ нехта?
У самалёце ён прачытаў пра тое, як зьявілася гэтае месца. У 20-х гадах мінулага стагодзьдзя, амаль сто трыццаць гадоў таму амэрыканцы ехалі ў Парыж, да культуры, мастацтва, да свабоды і экспэрымэнту. Беглі ад правінцыйнасьці, убоства, пыхі, кансэрватыўнасьці. Беглі ад амэрыканскай мары. Ад культу даляра. Бралі білеты на параплавы, у адзін канец, цягнуліся праз акіян, каб занурыцца ў самы вір жывога мастацтва. Бэрлін і Парыж. 1920-я... Час, калі жыў Скімаў прадзед — здаецца, ён быў літовец. А можа, і не. Пра літоўцаў у Парыжы Тэрэзіюс Скіма нічога ня ведаў, а вось амэрыканцы жылі тут настолькі поўным жыцьцём, што мелі свае выдавецтвы, часопісы, сваё кола. Свае кнігарні. Як гэтая — вакол якой круцілася парыская багема ўсіх нацыянальнасьцяў. Сыльвія Біч — так звалі амэрыканку, якая замуціла тут “Шэксьпір і кампанію”. Іранічная інтэлектуалка, пісьменьніца, багемная цётка, а яшчэ — жарсная чытачка, яна адчыніла тут ня проста краму — а сапраўдны клюб для ўсіх, хто не баяўся мяняць літаратуру і імкнуўся намацаць дно мовы. Любой мовы — але, вядома, найперш ангельскай. Спачатку кнігарня месьцілася за пару кварталаў адсюль, у канцы трыццатых зачынілася, пасьля акупацыі і вайны адчынілася ўжо ў іншым месцы — але захаваўшы дух тых дваццатых, які яшчэ стагодзьдзе жывіў літаратуру ўсяго сьвету.
Інэрцыя, падумаў Скіма. Інэрцыі далёкіх дваццатых хапіла на тое, каб сто з гакам гадоў спараджаць паэтаў і пісьменьнікаў. І вось інэрцыйная сіла скончылася. Кола нарэшце застыла. У самых затуманеных вачах яшчэ мільгаюць сьпіцы, але гэта ўжо ілюзія. Больш нічога ня будзе.
Ён прайшоў па кнігарні, прабег вачыма па целах здранцьвелых кніг, узяў адну — але ня здолеў запомніць нават назву, назва была доўгая, як дарога; паставіў на месца, пастукаў абцасамі па мазаічнай падлозе, ён пачынаў мерзнуць.
“Вам дапамагчы?” — па лесьвіцы спускалася сівавалосая жанчына. Яму хацелася, каб жанчыну звалі Сыльвія, ён занадта моцна зьвязаў гэтае месца з прачытаным артыкулам, ён чамусьці адчуў няёмкасьць, калі яна, уся ў чорным, такая маленькая і худая, быццам у супрацьлегласьць праскай Пэтры, зьдзіўлена паціснула яму руку.
“Так... — з натугай падбіраючы ангельскія словы, ён пачаў тлумачыць і падумаў, што ягоны голас гучыць з кожным днём усё гучней, нібы ён маніць ім, усім гэтым кнігарам, вар’ятам, аскепкам мёртвага сьвету. — Так. Мяне завуць Тэрэзіюс Скіма, я шукаю чалавека, што, як відаць, пражыў тут у вас нейкі час”.
“Бранка, — яна недаверліва глядзела на яго, шэрыя хваравітыя вочы стомлена абмацвалі Скімаў твар і вярталіся да ягонай бародкі. — Тут кнігарня, а не гатэль...”
“Чалавек, якога я шукаю, быў паэтам, — сказаў Скіма. — Рускім... дакладней, наколькі я разумею не зусім рускім паэтам. Ён памёр некалькі дзён таму ў Бэрліне. Акурат у гатэлі. Ён баяўся памерці ў гатэлі — і ўсё ж памёр. Без дакумэнтаў, ня маючы ні сваякоў, ні знаёмых. Знайсьці ягонае імя і высьветліць, кім ён быў — мая праца. Але ня толькі праца...”
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.