“І ўсё ж... Як вы думаеце, навошта чалавеку з кнігай цягаць з сабой пяро? У наш час?”
“Для таго самага, для чаго Кляйнроту ягоная кнігарня, — працадзіў Кляўс, які, было відаць, міжволі занурыўся ў свае ўспаміны пра блаславёныя 20-я. — Каб адчуць сябе апошнім дурнем на плянэце. У дураце выключнасьці ёсьць свая веліч. І часам гэта адзіная магчымасьць яе адчуць, хаця б раз у жыцьці”.
7.
Седзячы ў мяккім вагоне цягніка Intercity, агент бэрлінскага аддзелу ED Тэрэзіюс Скіма думаў пра недапітую бутэльку рому, якую пакінуў пасьля сябе пастаялец. І чым больш ён засяроджваўся на гэтым недарэчным прадмеце, тым ясьней разумеў, што думкі ягоныя круцяцца ня столькі вакол самога напою або шкляной бутэлькі, колькі вакол этыкеткі.
Тэрэзіюс Скіма ехаў у напрамку Гамбургу і думаў пра намаляваную жанчыну. Жанчыну, якая ўсьміхалася з наклейкі і клікала да сябе, на марскі бераг, пад пальмы, і далей — у прыбой, у хвалі, у сіняе мора, у сіне-залаты каляніяльны мужчынскі сон. Танны сон нікому не патрэбнага мужчыны-алькаголіка. Адзін крок — і з ружовага саду ты ступаеш на пясок, і вось ужо мора цалуе табе пальцы на нагах, і жанчына працягвае рукі, і кажа нешта на невядомай табе мове, поўнай галосных, поўнай плёскату і ласкі... Купленай у кіёску за дзьве маркі. Мора, якое сканчаецца з апошнім глытком.
Мулатка — выплыла аднекуль слова. Тэрэзіюс Скіма абвёў вачыма купэ. Не мінула і двух дзён, а ён пачаў заўважаць, як вакол яго віюцца, як інсэкты, нейкія новыя, а насамрэч старыя словы, архаічныя і хітрыя, словы, якія быццам бы заснулі на дзесяцігодзьдзі, а цяпер Тэрэзіюс Скіма пабудзіў іх, і іхны рой не дае яму жыць, як раней. Мулатка. Хто цяпер кажа так: мулатка? І што дакладна азначае гэтае слова? Яно неяк зьвязанае з крывёй, з доляй крыві ў чалавечых, жаночых жылах, нешта, зьвязанае з расай, рускімі, расьпеўнымі гукамі чужой мовы, рабствам, раманамі пра прыгоды... Раманы? Яшчэ адно дзіўнае слова. Раманы, рамантыка, ром. І хто яго ведае, дзе тут спыніцца. Словы прачыналіся адно за адным і пырхалі вакол Тэрэзіюса Скімы, і ён адчуваў на вуснах іхныя лёгкія, амаль няісныя дотыкі.
Для чалавека, які памёр у гатэлі “Розэнгартэн” лютаўскай ноччу, яны былі ня проста словамі. Яны былі ягонымі гаспадарамі, яны сьвяцілі яму ў ночы. Якімі вачыма ён глядзеў на мулатку, калі прысмоктваўся да бутэлькі з танным, крыху саладжавым пойлам, пасьля якога такая кіслая адрыжка? Магчыма, яму здавалася, што яны цалуюцца. Ён і яго мулатка.
Некалі цягнікі Intercity лічыліся адным з самых камфартабэльных відаў транспарту. Цягнік ехаў плаўна, пасажыры не адчувалі ні найменшай трасяніны, і пры гэтым хуткасьць захоўвалася прыстойная. За вокнамі пасажыры назіралі краявіды, лясы зьмяняліся пусткамі, пусткі — рэкамі, цягнік імкліва каціўся па раўніне, падымаўся на горы, залятаў, нібы страла, у сэрцы тунэляў, і выходзіў, пакідаючы сьвет жывым. Краявід быў часткай чыгуначнага падарожжа. У часы Тэрэзіюса Скімы Intercity дасягнулі сваёй дасканаласьці — у пасажыраў было такое адчуваньне, нібы цягнік стаіць на месцы, а ён у гэты час ляцеў наперад, карыстаючыся найсучасьнейшай энэргіяй, і толькі перад тым, як спыніцца на нейкай станцыі, цябе крыху прыціскала да сядзеньня. Паўсотні гадоў таму з Бэрліну да Гамбургу можна было даехаць за дзьве гадзіны — цяпер дарога займала толькі сорак хвілін. Усё, чым давялося ахвяраваць — гэта краявіды. Хуткасьць сьцерла іх і скруціла ў рулён, цяпер глядзець у вокны падчас падарожжа зрабілася страшнавата. Таму на вокнах купэ былі адмысловыя фіранкі: на іх карцінка засталася такой, як раней, і можна было цешыць сябе ілюзіяй, што час нечалавечых хуткасьцяў яшчэ не надышоў, і ўсё як раней, усё спакойна і разьмерана, памяркоўна і натуральна... Гэтая ілюзія прымушала пасажыраў Intercity паводзіцца адпаведным чынам: расьсеўшыся па вагонах, людзі рабіліся такімі ветлівымі, чулымі, далікатнымі і крышку па-старамоднаму цырымоннымі, што гэта выклікала ўсьмешку і стварала атмасфэру ўсеагульнае згоды.
Тэрэзіюс Скіма любіў цягнікі.
Тэрэзіюс Скіма не любіў алькаголь.
Сёньня раніцай ён вярнуўся ў той раён, дзе ягоны кліент аддаў богу душу. Кіёск, у якім памерлы пастаялец “Розэнгартэну” купіў сваю апошнюю ў жыцьці бутэльку рому, быў вызначаны ім беспамылкова. Ён знаходзіўся зусім недалёка ад гатэлю — смурнаваты курд, які сядзеў за прылаўкам, не адразу зразумеў, чаго ад яго хоча Скіма, але потым наморшчыў патрэсканы, як камень, лоб, і прыгадаў: так, ён памятае таго мужчыну, які пазаўчора купіў у яго цыгарэты і бутэльку белага рому за дзьве маркі, мужчына быў такі стомлены, такі змучаны, што размаўляў ледзьве ня шэптам, што ён сказаў? — “Бутэльку рому і пачак “Галюазу”, вось што ён сказаў, майнфройнд, і тыцнуў пальцам на паліцу, палец дрыжаў, ён зьмерз, гэты небарака, а больш нічога не магу пра яго сказаць, майнфройнд, ну так: вочы, яны засьвяціліся, калі ён хаваў бутэльку ў свой мокры заплечнік, і яго неяк зрабілася шкада... Ён размаўляў з акцэнтам? — Тут у нас усе гавораць з акцэнтам, майнфройнд, усе думаюць, што гавораць па-нямецку, і ўсе ў думках клянуць гэтую цяжкую, цяжкую, цяжкую мову, не, майнфройнд, больш я нічога не магу пра яго сказаць. Можа, ён быў падобны да рускага? Не, майнфройнд, я б так не сказаў, ён быў падобны да валацугі, а валацугі ўсе з адной краіны, Валацуглянду, але ён меў дзьве маркі на ром і адну на цыгарэты, а значыць, у яго яшчэ была надзея... So geht das Leben, meinfreund...
Тэрэзіюс Скіма дастаў кнігу, што засталася ад нябожчыка, і даў ёй разгарнуцца на той старонцы, дзе яна хацела. Старыя кнігі маюць такі фокус: калі іх адкрываеш, у большасьці выпадкаў трапляеш на нейкую пэўную старонку. Словы незнаёмай мовы зноў далі яму цьмянае адчуваньне чагосьці блізкага, нібы ён іх ужо некалі ведаў, але забыўся. Кірыліца — падманлівыя літары, якія могуць значыць як тое, што яны значаць у цывілізаваным пісьме, так і нешта зусім, зусім іншае. Ён дастаў пляншэт, адкрыў расейскі альфабэт і чарговы раз паспрабаваў учытацца ў тэкст, параўноўваючы і спрабуючы ўгадаць, дзе тут дзеяслоў, дзе назоўнік, дзе імёны... Уначы ён атрымаў заключэньне перакладчыка з расейскай, якому былі дасланыя сканы ўсіх старонак гэтай дзіўнай кніжкі: зьмешчаныя ў ёй тэксты былі вершамі і — яны былі напісаныя не па-расейску, але на нейкай блізкай мове або дыялекце.
Гэта, вядома, ускладняла задачу. Канечне, лінгвіст даў бы рады такой загадцы, але кансультацыя лінгвістаў у такім малым аддзеле, як ED, не была прадугледжаная. Ім і перакладчыкаў давалі без асаблівай ахвоты, перакладчыкі патрабавалі высокія ганарары, а бюджэт у службы ідэнтыфікацыі быў мізэрны. Білеты ў Гамбург і назад — вось і ўсё, што магла аплаціць яму служба ў справе “Чалавека з “Розэнгартэну”. І ўсё ж Тэрэзіюс Скіма ня страчваў надзеі.
Ён неяк адразу паверыў, што нябожчык і праўда быў паэтам.
Ён ведаў, што нябожчык меў пры сабе кнігу, якую, магчыма, напісаў сам.
Ён ведаў, што нябожчык насіў з сабой старое гусінае пяро — і гэта была яго асаблівая прыкмета.
Ён ведаў, што нябожчык быў нелегалам.
Ён ведаў, што яго, Тэрэзіюса Скіму, усё мацней прыцягвае гэтая справа. Але пакуль што не разумеў, чаму, у чым тут рэч.
А яшчэ ён ведаў, што нябожчык не вадзіў знаёмстваў з паэтычнай тусоўкай і не выступаў на такіх імпрэзах, як той ганебны вечар у “Апошняй кнігарні”. І Тэрэзіюс Скіма прасякаўся ўсё большай павагай да памерлага: ён не прамяняў сваю адсырэлую кніжку і старое пяро на сумнеўную славу кавалка мяса для маладых ідыётаў, якім няма чым заняцца. Такому чалавеку ня сорамна вярнуць імя, падумаў Тэрэзіюс Скіма. І засаромеўся сваіх думак, бо надта ўжо патаснымі яны яму падаліся.
Сёньня раніцай, выйшаўшы з кіёску, ён патэлефанаваў у Ляйпцыг паэту Хрысанагісу. Ні пра якае пяро і ні пра якага руска-нярускага паэта Хрысанагіс ня ведаў, затое, пачуўшы імя Кіма Кляўса, выказаў агенту ўсё, што думае пра гэтага “графамана, славалюбца і наогул найвялікшага казла”. Калі ж Скіма строгім паліцэйскім голасам спыніў паток ягонай лаянкі, Хрысанагіс супакоіўся і параіў зьвярнуцца да старога Лямпэ, зь якім “канечне, немагчыма гаварыць”, але які “ў курсе ўсяго”. Відавочна, той Лямпэ і праўда быў чалавекам, які можа дапамагчы, вырашыў Скіма і замовіў білет у Гамбург.
І вось Intercity імчаў яго ў вольны ганзэйскі горад, і Тэрэзіюс Скіма ведаў, што ніколі ня будзе мець спакою, калі не даведаецца, чый труп выплюнуў ненасытны “Розэнгартэн” учора раніцай.
Ён загарнуў кнігу і схаваў у заплечнік. Выйшаў у калідор, замовіў сабе кавы, а сам стаў каля акна, на якім адзін краявід засланяў сабой другі. Памножаны чалавекам сьвет спаборнічаў сам з сабой у хуткасьці. Названы чалавекам сьвет блытаўся ў сваіх найменьнях. Чалавек без імя і радзімы ляжаў у бэрлінскім моргу — і Тэрэзіюс Скіма, блукаючы сярод копіяў сьвету, зьбіраў раскіданыя парэшткі яго біяграфіі.
Напэўна, гэта ўсё ж было нечым большым, чым проста працай.
Можа, у гэтым і праўда было нешта, што гадоў трыццаць таму назвалі б дзіўным словам: паэзія?..
“Вершы”, — прамовілі вузкія вусны Тэрэзіюса Скімы, і ён усьміхнуўся: такі прысмак пакінулі яны ў роце. Нібы ён лізнуў некага ў халоднае вуха. Ён сказаў гэтае слова ўжо амаль без намаганьня — слова запрашала некуды, запрашала прайсьці паўз усе марнасьці, усьміхнуцца загадкава і забыць усіх кімаў кляўсаў і хрысанагісаў, адмахнуцца ад іх, як ад мухаў, зморшчыцца і рушыць далей, у змрок. Як жа цёмна там, пад вокладкамі кніг, якія ніхто не чытае...
“Ваша кава”.
“Дзякую”.
Недзе ў вагоне віскнулі і вылаяліся. І гэта настолькі не пасавала настрою паездкі, што Скіму захацелася паскардзіцца правадніку. Яны мусяць сачыць за парадкам — людзі купляюць білеты на Intercity не ў апошнюю чаргу таму, што ім падабаецца крыху старамодны спакой вагонаў, іх прыцягвае гэтая магчымасьць спыніцца і аддыхацца, адкінуцца на мяккае крэсла, заплюшчыць вочы і ўспомніць нешта важнае...
Ён вярнуўся ў купэ, паставіў каву ў адмысловую адтуліну, паглядзеў на сябе ў люстэрка. Сёньня на ім быў чорны швэдар і чырвоная спадніца зь бела-чорным узорам па ніжнім краі, а валасы ён сабраў набок і закалоў іх серабрыстым грабенчыкам, які ганарліва перамігваўся з матузком у бародцы. Ён ведаў, што выглядае эфэктна — і быў рады, што едзе ў купэ адзін.
"Сабакі Эўропы" отзывы
Отзывы читателей о книге "Сабакі Эўропы". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Сабакі Эўропы" друзьям в соцсетях.