— Блаславі ежу нашую і нас у служэнні Табе і наставі заўжды памятаць пра патрэбы і жаданні блізкіх нашых. За гэта молімся ў імя Сына Твайго Ісуса Хрыста. Амін.

Божа літасцівы, гэтым Стод мяне даканаў. Няўжо хоць раз нельга было абысціся без дэманстрацыі набожнасці? Што падумае Джэні? Цёмнавечча нейкае, дальбог.

— Амін, — сказала матулька (і Джэні, дарэчы, таксама, толькі вельмі ціха).

— Душою з вамі, — паспрабаваў пажартаваць я.

Але жарт нікога не развесяліў. А менш за ўсіх Джэні.

Яна адвяла ад мяне вочы. Олівэр III холадна зірнуў на мяне:

— Я вельмі хацеў бы, Олівэр, каб ты калі-нікалі быў з намі душою.

Абед не прайшоў у невыносным маўчанні дзякуючы адно фенаменальнай матчынай здольнасці весці свецкую гутарку.

— Дык вашыя бацькі з Крэнстана, Джэні?

— Толькі тата. Маці з Фол-Рывэра.

— Барэты маюць заводы ў Фол-Рывэры, — заўважыў Олівэр III.

— Дзе яны эксплуатавалі пакаленні беднякоў, — дадаў Олівэр IV.

— У дзевятнаццатым стагоддзі, — парыраваў Олівэр III.

Маці ўсміхнулася, відавочна, задаволеная, што ў гэтым сэце мяне перайграў яе Олівэр. Але, як кажуць, яшчэ не вечар.

— А як наконт планаў аўтаматызаваць гэтыя самыя заводы? — нанёс я ўдар у адказ.

Зноў запала маўчанне. Зараз ён сцебане якой-небудзь рэплічкай.

— А як наконт кавы? — спыталася Элісан Форбс Барэт.

Мы вярнуліся ў бібліятэку на апошні раўнд. Абавязкова апошні: заўтра нам трэба ісці на заняткі, Стода чакаў банк, дый маці пэўна ж збіралася зранку ажыццявіць нейкую запланаваную годную акцыю.

— Табе з цукрам, Олівэр? — папыталася яна.

— Олівэр заўсёды п'е каву з цукрам, дарагая, — сказаў бацька.

— Але не сёння, дзякуй, — сказаў я. — Без малака і без цукру, мама.

Кожны ўзяў свой кубак, і мы ўселіся ў фатэлі, адчуваючы, што нам абсалютна няма чаго сказаць адно аднаму. Але раптам я знайшоў тэму.

— Скажы, Джэніфэр, што ты думаеш пра Корпус Міру? — пацікавіўся я.

Яна змрочна зірнула на мяне і змаўчала.

— Ты што, Олівэр, яшчэ не сказаў ім? — здзіўлена спыталася маці ў бацькі.

— Цяпер не час, дарагая, — сказаў Олівэр III з фальшывай сціпласцю, у якой, аднак, выразна чулася: «Спытайцеся ў мяне, спытайцеся!»

— Пра што гаворка, бацька?

— Нічога асабліва важнага, сын.

— Не разумею, як ты можаш так гаварыць, — сказала маці і павярнулася да мяне, каб з пыхаю паведаміць навіну. (Я ж кажу: яна заўсёды на ягоным баку.) — Твайго бацьку прызначаюць дырэктарам Корпуса Міру.

— О! — усклікнуў я.

Джэні таксама ўсклікнула: «О!» — толькі зусім інакш, голасам нашмат больш радасным.

Бацька зрабіў выгляд, што ён засмуціўся, а маці, здаецца, чакала, што я ці не вобзем грымнуся ад пашаны да такога таты. Можна падумаць, што яго дзяржаўным сакратаром прызначылі, няйначай.

— Віншую вас, містэр Барэт! — узяла ініцыятыву на сябе Джэні.

— Прыміце і мае віншаванні, сэр, — далучыўся да яе я.

Маці аж не магла, так хацела прадоўжыць гэтую гутарку.

— Я ўпэўненая, што гэта будзе вельмі цікавая і карысная праца, — сказала яна.

— О, вядома, — падхапіла Джэні.

— Згодны, — сказаў я без асаблівай перакананасці. — Э-э… мама, перадай мне, калі ласка, цукру.


8


— Джэні, яго ж, урэшце, не дзяржаўным сакратаром прызначылі!

— І ўсё ж такі, Олівэр, ты мог бы сустрэць гэтае паведамленне з большым імпэтам.

— Я яго павіншаваў.

— Глядзі ты — якая высакароднасць!

— Чорт, чаго ты ад мяне чакала?

— Божа, — адказала яна, — ды мяне проста выварочвае ад усяго гэтага!

— Мяне таксама, — заўважыў я.

Потым мы доўга ехалі моўчкі — аніводным словам не перакінуліся. Але я адчуваў: нешта тут не так.

— Дык ад чаго — «ад усяго» — цябе выварочвае, Джэн?..

— Ад таго, як ты ставішся да свайго бацькі.

— А ён да мяне як ставіцца?

І тут яна вываліла на мяне рандолю маралізатарскай лапшы. Дакладней, спагеці. Ведама ж, я зрабіў замах на сама святое, што было ў Джэні: на бацькоўскую любоў і на пачуцці да бацькі. Сама сапраўдны італійска-міжземнаморскі сіндром. Які ж я благі сын!

— Ты яго зневажаеш, зневажаеш і зневажаеш!

— А ён мяне не? Ці ты не заўважыла, Джэн?

— Ды я ўпэўненая, што ты ні перад чым не спынішся, абы дапячы няшчаснаму старому!

— «Дапячы» Олівэру Барэту Трэцяму немагчыма.

Памаўчаўшы — і маўчанне гэтае мяне насцярожыла, — яна раптам сказала:

— Хіба толькі ажаніўшыся з Джэніфэр Кавілеры.

Гэтыя словы так пранялі мяне, што я ледзь змог збочыць на стаянку каля прыдарожнага шынка. Спыніў машыну і павярнуўся да Джэніфэр, злы, як чорт.

— Ты што, і праўда так думаеш?

— Прыкладна так, — адказала яна вельмі спакойна.

— Джэні, ты што, не верыш, што я кахаю цябе?! — крыкнуў я.

— Веру, — зноў спакойна адказала яна. — Але ёсць нешта вар'яцкае ў тым, што ты ўпадабаў мой дужа сціплы сацыяльны статус.

Ну што я мог сказаць? Не — адназначна. Я паўтарыў ёй усё, што пра гэта думаю, некалькі разоў з сама рознымі інтанацыямі. Я быў такі засмучаны, што нават задумаўся: ці ж няма хоць каліўца праўды ў гэтым яе жахлівым меркаванні?

Яна таксама не ззяла.

— Я не сцвярджаю, што гэта так, Олі. Проста мне здаецца, што нейкая рацыя ў маёй развазе ўсё-такі ёсць. Ведаеш, я ж таксама не толькі кахаю цябе. Я люблю тваё імя. І твой, скажам так, рэйтынг. — Джэні адвярнулася, і мне здалося, што зараз яна заплача. Аднак яна не заплакала, а прамармытала: — У рэшце рэшт, тваё імя — гэта частка цябе.

Я сядзеў у машыне і глядзеў на неонавы надпіс «Мідзіі і вустрыцы». Болей за ўсё я любіў у Джэні тое, што яна ўмела зазірнуць мне ў душу, зразумець рэчы, якіх не перадасі словамі. Яна і цяпер усё разумела. Аднак ці хопіць у мяне сілы паглядзець праўдзе ў вочы? Божа, яна ж знайшла ў сабе мужнасць убачыць і прызнаць недасканаласць і маю, і сваю ўласную! Божа, якім нікчэмным я цяпер сябе адчуваў! Не ведаў, што і сказаць.

— Джэн, ты не хочаш мідзій ці вустрыц? — запытаўся я ў яе.

— А ты не хочаш у зубы, падрыхтунчык?

— Хачу, — адказаў я.

Яна сціснула кулак і размахнулася, а потым лёгка прыклала яго да маёй шчакі. Я пацалаваў гэты кулачок і пацягнуўся да яе, аднак, як толькі я паспрабаваў абняць яе, яна ўпёрлася рукамі мне ў грудзі і гаркнула, як сама сапраўдны гангстэр з «пугачом» у руцэ:

— Пагналі, падрыхтунчык! За руль — і гайда!

Добра, любая. Добра.

Найболей бацька папракаў мяне ў залішняй таропкасці. Мітуслівасці. Нецярплівасці. Не памятаю добра, што за словы ён мне казаў, але пропаведзь, якую ён прачытаў мне ў Гарвард-клубе, датычыла перадусім маёй паспешлівасці. Напачатку, каб разагрэцца, ён загадаў мне не есці так хутка. Я пачціва нагадаў яму, што я ўжо досыць дарослы чалавек і яму няварта спрабаваць выправіць мае паводзіны ці нават каменціраваць іх. У адказ ён заявіў, што нават вялікім дзяржаўным дзеячам неабходная час ад часу канструктыўная крытыка. Я расцаніў гэтую заўвагу як не надта тонкі намёк на тое, што колісь ён служыў у першай рузвельтаўскай адміністрацыі. Аднак мне зусім не хацелася даць яму разгарнуцца ва ўспамінах, напрыклад, аб ролі, якую ён адыграў у правядзенні нацыянальнае банкаўскае рэформы. Так што бацюхна заглух.

Як я ўжо сказаў, мы абедалі ў бостанскім Гарвард-клубе. Я вельмі злуюся, калі нехта згаджаецца з тым, як бацька мяне ацэньвае. А тут спрэс адны людзі Барэта III. Ягоныя аднакласнікі, аднакурснікі, кліенты, тыя, што хочуць стаць ягонымі кліентамі, і гэтак далей, і гэтак далей… У мяне сумнення няма, што ўсё тут зладжана — і цяпер, і заўсёды. Як ні прыслухаюся да гоману, дык толькі і чую: «Вось ідзе Олівэр Барэт!», ці: «Гэта Барэт, лідэр гарвардскай хакейнай каманды!», ці што-небудзь яшчэ накшталт гэтага.

У нас была чарговая, як я іх называю, «антыразмова». Ад усіх папярэдніх яна адрознівалася хіба што жудасным лухтавізмам.

— Бацька, ты ж і слова не сказаў пра Джэніфэр.

— А што тут гаварыць? Ты паставіў нас перад фактам, ці ж не?

— Але я хачу ведаць, што ты пра яе думаеш, бацька.

— Я думаю, што Джэніфэр — дзяўчына выдатная. Прабіцца ў Рэдкліф з яе засценка — гэта ўжо нешта значыць…

Усё мне ясна, бацечка, з гэтай тваёй дэмагогіяй наконт «працаваць трэба, цярпець…». Палямі-агародамі ўхіляешся ад адказу.

— Бацька, гавары шчыра.

— Ну а калі шчыра, дык юная лэдзі тут зусім ні пры чым, — сказаў ён. — Справа ў табе самім.

— Вось як?

— Справа ў тваім бунце. Ты ўсяго толькі бунтуеш, сын.

— Бацька, дык, па-твойму, жаніцьба з прыгожай і разумнай студэнткаю Рэдкліфа — бунт? Яна ж не якая-небудзь прыпыленая хіпуля.

— Ёй багата чаго не хапае.

Ага, пачынаецца. Бацюхна ты мой, не грузі лепш гэтага смецця!

— Скажы, бацька, што цябе больш за ўсё ў ёй раздражняе — што яна каталічка ці што яна бедная?

— А што цябе больш за ўсё вабіць у ёй? — амаль прашаптаў ён, падаўшыся да мяне.

Мне захацелася ўстаць і пайсці, і я яму гэта сказаў.

— Заставайся на месцы і гавары па-мужчынску, — сказаў ён.

А як я гаварыў дагэтуль? Як хлопчык? Як дзяўчо? Як мышанё? І ўсё ж я застаўся.

Ад таго, што я не падняўся з-за стала, Сукінага Сына ажно распірала ад задавальнення. Мяркую, ён расцаніў гэты факт як сваю чарговую перамогу нада мною.

— Я толькі прасіў бы цябе крыху счакаць, — прамовіў Олівэр Барэт III.

— Скажы, калі ласка, «крыху счакаць» — гэта колькі?

— Пакуль не закончыш Юрыдычнай школы. Калі ў вас сапраўднае пачуццё, дык яно павінна вытрымаць гэтае выпрабаванне.

— Гэта сапраўднае пачуццё, але, выбачай, якога чорта я павінен яго яшчэ выпрабоўваць?