— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.

Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:

— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!

— Чым ты правініўся?

Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.

— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.

— Гэта ганьба табе?

— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.

— Сабрацца?

— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.

— Ты любіш брудную гульню?

Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:

— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?

— Зараз жа, калі не змоўкнеш.

— Вось як? Бывай.

Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.

Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?

Але дзе ж яна!..

Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.

У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»

Што яна там думае?!

Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.

— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.

Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!

Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет…

У выніку мы размалацілі іх — 7:0.

Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.

Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзілан з гульні: здымаеш з сябе мокрую ад поту амуніцыю і тупаеш голы да століка з чыстымі ручнікамі.

— Ну як табе сёння, Олі?

— Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымі.

Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кім і колькі разоў зрабіў у гэтую вечаровую суботу: «Ну, як мы абулі гэтых дзятлаў?..» Я быў лідэрам, і ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзін і падумаць. Лёс блаславіў мяне хворым каленам (але, блаславіў: вы бачылі мой вайсковы білет?), і пасля кожнае гульні мне прыходзілася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краі ванны і назіраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералічваў сінякі і раны (я рады ім своеасабліва) і думаў пра што ні ўздумаецца ці ні пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забілі другі, і пра тое, што фактычна закончыўся мой трэці запар сезон у зборнай універсітэта.

— Палошчаш каленца, Олі?

Гэта гаворыць Джэкі Фэлт, наш трэнер і самазваны духоўны настаўнік.

— Палашчу, Джэкі, калі збоку гэта не выдае на штось іншае.

Фэлт хмыкае і па-ідыёцку ўхмыляецца:

— Сказаць табе, чаму цябе падводзіць каленца, Олі? Хочаш ведаць?

Я аб'ехаў ужо ўсіх артапедаў на Ўсходнім узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.

— Харчуешся няправільна, во што.

Мне гэта цікавым не здалося.

— Мала солі ясі.

Можа, калі прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?

— О'кэй, Джэк. Буду есці болей солі.

Божа літасцівы, які ж задаволены ён быў! Калі адыходзіў, дык ягоная ідыёцкая пыса так і ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзін. Саслізнуў усім целам у бурлівую ваду, заплюшчыў вочы і акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!

Божа! Джэні ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькі ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплыні, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставіў новы рэкорд хуткасці. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзілан я расчыніў яшчэ не абсохлы.

У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну і калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў — сама стойкіх, у бальшыні сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якія ў душы так і не развіталіся з клюшкамі. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, які не прапускае аніводнае гульні Гарварда — ні дома, ні ў гасцях. І як ён толькі ўхітраецца гэта рабіць? Ён жа буйны банкір. І навошта яму гэта трэба?

— Дасталося табе сёння, Олівэр!

— Было, містэр Джэнкс. Самі бачылі, у які хакей яны гуляюць.

Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэні. Няўжо яна вярнулася ў інтэрнат і ўсю дарогу да Рэдкліфа прайшла адна?

— Джэні! — паклікаў я і ступіў колькі крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.

Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалік, адны вочы былі відаць.

— Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.

Як я быў рады бачыць яе! Усклікнуўшы: «Джэні!» — падбег да яе і дакрануўся вуснамі да яе халоднага лба.

— Хіба я табе дазволіла? — спыталася яна.

— Што?

— Хіба я дазволіла табе пацалаваць мяне?

— Прабач. Захапіўся.

— А я не.

Мы засталіся зусім адны. Было цёмна, халодна і позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб — і моцна. Пацалунак быў доўгі.

— Мне гэта не падабаецца, — прамармытала Джэні; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.

— Што?

— Што мне гэта падабаецца.

Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэні захацела ісці пешкі) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта і растлумачыць. Ля дзвярэй інтэрната цалаваць яе на развітанне я не стаў.

— Ведаеш, Джэні, мажліва, я не буду тэлефанаваць табе некалькі месяцаў.

Нейкі час яна маўчала. Нарэшце папыталася:

— Чаму?

— А можа, пазваню, як толькі ўвайду ў свой пакой. — Я павярнуўся і хутка пайшоў.

— Ніколі не думала, што ты такі, — прашаптала яна ўслед з крыўдаю.

Я зноў павярнуўся і зрабіў пераможны кідок па брамцы:

— Што, не даспадобы? А сама дык з іншымі гэта любіш!

Мне страшна хацелася азірнуцца яшчэ раз і паглядзець, які ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабіў гэтага з тактычных меркаванняў.

Калі я ўвайшоў у наш інтэрнацкі нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамі з ягонай футбольнай каманды.

— Прывітанне, бегемоты!

Мне штосьці мыкнулі ў адказ. Потым:

— З чым цябе сёння павіншаваць, Олі?

— Гол і перадача.

— Мы наконт Кавілеры.

— Не ваша справа, — адрэзаў я.

— Хто такая? — запытаўся адзін з гіпапатамаў.

— Джэні Кавілеры, — растлумачыў яму Рэй, — худзенькая такая музыкантка.

— А, ведаю, — сказаў трэці. — Апетытненькая.

Не зважаючы на гэтых мужланістых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур і панёс апарат у сваю спальню.

— Яна грае на фартэпіяна ў Бахаўскім таварыстве, — сказаў астатнім Стратан.

— А ў што яна грае з Барэтам?

— Цяжка ўгадаць!

Ухмылкі, рохканне, рогат.

— Джэнтльмены! — аб'явіў я, выходзячы. — Я вас меў!

Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скінуў чаравікі, узлез на ложак і набраў нумар Джэні.

Размаўлялі мы шэптам:

— Эй, Джэн…

— Алё?

— Мне трэба нешта табе сказаць…

Я завагаўся. Яна чакала.

— Мне здаецца… Я кахаю цябе.

Маўчанне. Потым яна адказала вельмі ціха:

— Ідзі ты… ведаеш куды!.. — І павесіла слухаўку.

Я не пакрыўдзіўся. І нават не здзівіўся.


3


У гульні з Корнэлам мне намялі бакі.

Увогуле, я сам быў вінаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў іх нападніка-цэнтравіка «смярдзючым канадцам», зусім забыўшыся на тое, што канадцаў у іхняй камандзе чацвёра… А ўсе чацвёра былі гарачымі патрыётамі і дужымі хлопцамі, ды яшчэ і на слых не скардзіліся. Мала таго што мяне як след нагрэлі, дык яшчэ і выдалілі. І не проста выдалілі, а ўляпілі за бойку аж пяць хвілін. Чулі б вы, як мяне асвісталі корнэлскія фаны, пачуўшы аб'яву аб маім выдаленні! Нашых небагата прыцягнулася ў такую яміну, як Ітака, Ню-Ёрк, хоць гэта і быў вырашальны матч на першынство ўніверсітэтаў Новай Англіі. Пяць хвілін! Калі я сядаў на лаўку штрафнікоў, дык добра бачыў, як ірве на сабе валасы наш трэнер.