І ўсё-такі я карыстаўся сваімі прывілеямі сябры клуба, купляючы білеты на гульні з удзелам ейльскай каманды Робі Ўолду, таварышу па Юрыдычнай школе. Калі, не адзін раз падзякаваўшы мне, Робі выходзіў ад нас, Джэні кожны раз прасіла растлумачыць ёй, хто мае права на гасцявыя месцы Варсіці-клуба, і я зноў паўтараў — усе тыя, хто, незалежна ад узросту, фізічных дадзеных і сацыяльнага статусу, множылі славу Гарварда на спартовых арэнах.
— У тым ліку і на водных? — папыталася яна.
— Спартсмен ёсць спартсмен, сухі ён ці мокры, — адказаў я.
— Цябе гэта не датычыць, — сказала яна. — Ты зледзянелы.
Я змоўчаў, вырашыўшы, што гэта яе звычайныя кпіны. Мне не хацелася больш думаць, што ў яе пытаннях пра спартовыя традыцыі Гарварда быў нейкі затоены сэнс. Як, да прыкладу, у яе заўвазе адносна таго, што, хоць стадыён Солджэрс-Філд і ўмяшчае сорак пяць тысяч заўзятараў, усе былыя спартсмены сядзяць на той самай гасцявой трыбуне. Усе. Старыя і маладыя. Мокрыя, сухія — і нават зледзянелыя. І, можа, я не хадзіў на стадыён па суботах не толькі дзеля таго, каб зэканоміць шэсць долараў?
Але калі Джэні і праўда мела на ўвазе штосьці адрознае ад эканоміі, дык я проста не жадаў пра гэта гаварыць.
13
«Містэр і місіс Олівэр Барэт III запрашаюць Вас на абед з нагоды шасцідзесяцігоддзя містэра Барэта — у суботу 6 сакавіка а сёмай гадзіне вечара ў Доўвэр-Хаўзе, Іпсвіч, Масачусэтс. R.s.v.p.[10]».
— Ну, што ты на гэта скажаш? — папыталася Джэніфэр.
— Магла б і не пытацца, — адказаў я.
Я ўважліва чытаў тым часам «справу Пэрсіваля» — важнейшы прэцэдэнт у амерыканскім крымінальным праве.
— А па-мойму, даўно пара. — Усё роўна як дражнячы мяне, Джэні памахвала запрашэннем у мяне перад носам.
— Даўно пара — што?
— Ты выдатна ведаеш што, — адказала яна. — Ты хочаш, каб ён прыпоўз да цябе на каленях?
Я не адрываўся ад кнігі, а яна ўсё апрацоўвала мяне.
— Олі, ён працягвае табе руку.
— Лухта. Адрас на канверце напісаны маткаю.
— Ты ж сказаў, што нават не зірнуў на яго? — лічы што крыкнула Джэні.
Ну, няхай будзе так. Дапусцім, зірнуў краем вока. А потым забыўся. Урэшце, маю галаву, над якою навіс чарговы іспыт, цалкам займала «справа Пэрсіваля». Але Джэні ўжо не магла спыніцца.
— Олі, падумай, — ушчувала яна мяне. — Яму ж ужо шэсцьдзесят гадоў! І няма ніякай гарантыі, што ён дажыве да таго дня, калі ты даспееш да прымірэння.
Я паспрабаваў як мага прасцей растлумачыць Джэніфэр, што прымірэння не будзе ніколі, і папрасіў яе не замінаць мне засвойваць такі рэдкі прэцэдэнт у амерыканскай юрыспрудэнцыі, як «справа Пэрсіваля». Джэніфэр моўчкі села каля мяне на краі падушкі, на якой ляжалі мае ногі. І хоць Джэні і слова не сказала, я ўвесь час адчуваў, што яна пільна глядзіць на мяне. Я ўзняў вочы.
— Аднойчы, — сказала яна, — калі Олівэр пяты гэтаксама наплюе на цябе…
— Яго не будуць зваць Олівэр, можаш быць пэўная, — рэзка кінуў я.
Але яна не ўзвысіла голас, як заўсёды рабіла гэта пасля таго, як я павышаў тон.
— Паслухай, Ол, нават калі мы назавём яго Боза-Клоўн[11], ён усё роўна зненавідзіць цябе за тое, што ты быў знакамітым гарвардскім спартсменам. А калі ён стане паўналетнім, ты ўжо, мажліва, будзеш засядаць у Вярхоўным судзе.
Я сказаў ёй, што мой сын ніколі не зненавідзіць мяне. Чаму ты так у гэтым упэўнены, папыталася яна. Гэтага я растлумачыць не мог. Проста я ведаў, што наш сын не зненавідзіць мяне ніколі. А чаму — сказаць не мог.
— Твой бацька таксама любіць цябе, — сказала яна ні з таго ні з сяго. — Ён любіць цябе гэтаксама, як ты будзеш любіць Боза. Але вы, Барэты, з вашым клятым гонарам ды самалюбствам, вы зможаце ўсё жыццё пражыць ва ўпэўненасці, што ненавідзіце адзін аднаго.
— Вядома, калі б у нас не было цябе, — вырашыў я аджартавацца.
— Так, — сур'ёзна сказала яна.
— Годзе, закрылі праблему, — паставіў кропку я.
Я ж быў усё-такі мужам і гаспадаром у доме. Я зноў пачаў чытаць «справу Пэрсіваля», а Джэні ўстала. Ды раптам заявіла:
— Дык як наконт «эрэсвэпэ»?
Тады я сказаў, што выпускніца Рэдкліфа можа напісаць кароткую пачцівую адмову і без дапамогі спецыяліста.
— Олівэр, — сказала яна, — магчыма, я не заўсёды кажу праўду, аднак я ніколі нікому не рабіла балюча наўмысна…
Вядома, калі не лічыць таго, што ў гэты момант яна рабіла балюча мне. Я вельмі цёпла папрасіў яе напісаць адмову ў любой, якая ёй даспадобы, форме, абы з адказу было ясна відаць: хутчэй у пекле ўдараць маразы, чым мы прыедзем на дзень нараджэння майго бацькі. І зноў вярнуўся да «справы Пэрсіваля».
— Які ў вас нумар? — вельмі ціха папыталася Джэні, падышоўшы да тэлефона.
— Ты не можаш проста паслаць запіску?
— Яшчэ секунда, і ў мяне не вытрымаюць нервы. Нумар?
Я назваў нумар і адразу паглыбіўся ў чытанне апеляцыі Персіваля ў Вярхоўны суд. Я не прыслухоўваўся да таго, што гаварыла Джэні. Дакладней, стараўся не прыслухоўвацца — усё ж такі мы былі ў адным пакоі.
— Добры вечар, сэр, — сказала яна.
Што, Сукін Сын сам падышоў да тэлефона? Хіба буднімі днямі ён не ў Вашынгтоне? Пра гэта нядаўна паведамляла «Ню-Ёрк Таймс». Цяпер журналістам нельга верыць аніколі.
Цікава, колькі ж трэба часу, каб сказаць «не»? Мне здалося, што яго прайшло ўжо нашмат болей, ніж патрабуецца, каб прамовіць гэтае простае слова.
— Олі! — крыкнула яна, прыкрыўшы слухаўку далоняю. — Ты настойваеш, каб я адмовілася?
Я кіўнуў галавою: настойваю — і нецярплівым узмахам рукі даў зразумець: паспяшайся.
— Мне страшэнна шкада, — сказала яна ціха ў слухаўку, — дакладней, нам страшэнна шкада, сэр…
Нам? Навошта ж мяне сюды ўплятаць? Ну чаму, чаму яна не можа паставіць кропку і павесіць слухаўку?
— Олівэр! — Яна зноў прыкрыла слухаўку рукою і вельмі цвёрда сказала мне: — Яму балюча, Олівэр! Прашу цябе: перастань мучыць свайго бацьку! У яго ж сэрца крывёю сцякае!
Калі б яна не была такая ўсхваляваная, я мог бы растлумачыць ёй, што камяні не сцякаюць крывёю і што яна памыляецца, праецыруючы свае італійска-міжземнаморскія паняцці на Рашморскія скалы. Але Джэні, усхваляваная, усё даймала мяне.
— Олівэр! — умольвала яна. — Ну скажы яму хоць што-небудзь!
Яму? Мабыць, яна з глузду з'ехала!
— Ну хоць прывітанне перадай! — Джэні працягвала мне тэлефонную слухаўку. Было відаць, што яна ледзь стрымлівалася, каб не заплакаць.
— Я ніколі не буду гаварыць з ім. Ніколі. — Я ж быў абсалютна спакойны.
І тут яна заплакала. Нячутна, не ўсхліпваючы — адно слёзы каціліся па шчаках. А потым — потым зноў пачала ўмольваць мяне:
— Дзеля мяне, Олівэр! Я ніколі ні аб чым цябе не прасіла. Ну калі ласка!
Нас было трое ў гэтым пакоі (мне здалося, што бацька таксама тут). І ўсе трое чагосьці чакалі. Чаго? Каб я перасіліў сябе?
Але я не мог гэтага зрабіць.
Няўжо Джэні не разумела, што патрабуе ад мяне немагчымага? Што я зрабіў бы дзеля яе ўсё, што яна ні захацела б, толькі не гэта? Я ўтупіўся ў падлогу і зацята круціў галавою: «Не».
— Ты проста бяздушны нягоднік, — раз'юшана кінула мне раптам Джэні нейкім прыглушаным шэптам, потым сказала ў слухаўку: — Містэр Барэт, Олівэр хоча сказаць вам, што па-свойму ён… — Тут яна запынілася, каб перавесці дыханне. Гэта далося ёй нялёгка, бо яна ўсё яшчэ плакала. Я быў такі збянтэжаны, што не перапыніў яе, а моўчкі чакаў заканчэння «майго» паслання.
— Олівэр вельмі вас любіць, — хутка прагаварыла яна і кінула слухаўку.
Немагчыма растлумачыць тое, што я зрабіў у наступнае імгненне. Прыступ вар'яцтва — адзінае апраўданне. Ды не: няма мне ніякага апраўдання. Нельга дараваць мне таго, што я зрабіў.
Я вырваў у яе тэлефон і ў шале шпурнуў яго цераз увесь пакой.
— Хто табе даў права лезці ў маё жыццё! — ажно зароў я. — Не дапякай мяне!
Я замёр на месцы, дыхаючы як звер, у якога я раптам перакінуўся. Божа, што гэта са мною робіцца?!. Я павярнуўся да Джэні.
Але яна знікла.
Менавіта знікла — я нават не пачуў крокаў на лесвіцы. Напэўна, яна кінулася з пакоя ў тое самае імгненне, калі я схапіўся за тэлефон. Яе паліто і шалік засталіся на вешалцы. Я не ведаў, што рабіць, але адчай, адчуты з-за гэтага, быў меншы за тую роспач, якая апанавала мяне праз тое, што я зрабіў…
Я шукаў яе ўсюды.
У бібліятэцы Юрыдычнай школы, прабіраючыся паміж шэрагамі студэнтаў, што ўткнуліся ў кнігі, я шнарыў вакол сябе вачыма. Я прайшоў залу з канца ў канец не менш як шэсць разоў. Я не прамовіў аніводнага гука, але твар у мяне быў такі няшчасны-разгублены, што, мабыць, я ўзбударажыў усіх, хто быў у бібліятэцы. Але напляваць мне было на гэта!
Тут я яе не знайшоў.
Потым я прачасаў увесь хол, кафетэрый… Потым памчаўся ў Агасі-хол (гэта ўжо ў Рэдкліфе). Там яе таксама не было. Я кідаўся то туды, то сюды, сэрца шалёна калацілася.
А можа, яна ў Пэйн-Холе? Там унізе фартэпіянныя класы. Я ведаю Джэні. Калі яна сярдуе, дык сядае і стукае па клавішах… Але што яна робіць, калі да смерці перапалоханая?
Гэтыя фартэпіянныя класы — нейкая вар'ятня. З-за кожных дзвярэй даносяцца абрыўкі музыкі — Моцарт, Бартак, Бах, Брамс, — зліваючыся ў пякельную какафонію.
Вядома, Джэні тут.
Інстынкт спыніў мяне перад дзвярыма, за якімі нехта (раз'юшана) выбіваў з фартэпіяна прэлюдыю Шапэна. Я затрымаўся на хвілю. Ігралі проста гнюсна — бязбожна фальшывілі, спыняліся і зноў пачыналі. Пасля чарговага збою я пачуў жаночы голас: «Чорт!» Гэта Джэні, няйначай. Я рыўком расчыніў дзверы.
Дзяўчына, што сядзела за фартэпіяна, узняла на мяне вочы. У яе быў непрыгожы твар і шырокія плечы. Звычайная рэдкліфская хіпуля, раззлаваная маім уварваннем.
"Гісторыя кахання" отзывы
Отзывы читателей о книге "Гісторыя кахання". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Гісторыя кахання" друзьям в соцсетях.