Эрык Сігал
Гісторыя кахання
Сільвіі Хэрсчэр і Джону Флэксмэну
1
Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў?
Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце?
На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы.
Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.
— У вас ёсць «Схіл сярэднявечча»? — спытаўся я.
Яна кінула на мяне хуткі позірк:
— У вас жа ёсць свая бібліятэка.
— Паслухайце, гарвардцы маюць права карыстацца Рэдкліфскай бібліятэкай.
— Я кажу не аб праве, падрыхтунчык, я кажу пра этыку. У вас, хлопчыкі, пяць мільёнаў тамоў. А ў нас толькі некалькі тысяч.
Божа, нарваўся! Адна з тых кабетак, якія думаюць, што раз у Рэдкліфе ў пяць разоў болей студэнтак, чым у Гарвардзе, дык яны ў пяць разоў разумнейшыя. Звычайна я сціраў такіх у парашок, але цяпер мне пазарэз трэба была гэтая клятая кніжка.
— Паслухай, мне трэба гэта кніжка!
— Падбірай словы, падрыхтунчык.
— З чаго ты ўзяла, што я хаджу на падрыхтоўку?
— А ў цябе на твары напісана — багаты і не дужа разумны, — сказала яна, здымаючы акуляры.
— Памылілася, дзетка, — парыраваў я. — Я разумны і бедны.
— Э, не, падрыхтунчык. Гэта я бедная і разумная.
Яна так і ўтупілася ў мяне. Вочы ў яе былі карыя. Няхай, можа, з выгляду я і багацей, але я не дазволю нейкай нахабе, нават калі ў яе прыгожыя вочы, называць мяне дурнем.
— А з чаго гэта відаць, што ты такая разумная? — спытаўся я.
— Ды хоць бы з таго, што я ніколі не пайшла б з табою ў кавярню.
— Паслухай: я цябе туды ніколі і не запрасіў бы.
— А вось з гэтага, — адказала яна, — якраз і відаць, што ты не дужа разумны.
Зараз растлумачу, чаму я ўсё-такі запрасіў яе ў кавярню. Хітрамудра капітуляваўшы ў крытычны момант — прытварыўшыся, што мне раптам захацелася выпіць з ёю кавы, — я атрымаў сваю кнігу. А паколькі яна не магла пайсці да закрыцця бібліятэкі, я меў дастаткова часу, каб засвоіць некалькі важкіх фраз аб перамяшчэнні апоры каралеўскае ўлады з духавенства на законнікаў у канцы адзінаццатага стагоддзя. На іспыце я атрымаў «А»[1] з мінусам — якраз тую адзнаку, што даў я нагам Джэні, калі яна ўпершыню выйшла з-за стойкі.
Не магу сказаць, што я гэтаксама высока ацаніў яе касцюм — задужа кідкі, як на мой густ. Асабліва не спадабалася сумка — нейкая торба ў індзейскім стылі. На шчасце, я не сказаў ёй пра гэта — потым я даведаўся, што торба была яе ўласнай прыдумкаю.
Мы пайшлі ў «Гном» — маленькую кавярню-бутэрбродную, куды, нягледзячы на назву, пускалі і людзей звычайнага росту. Я замовіў дзве кавы, а ёй яшчэ і шакаладнае пірожнае з марозівам.
— Мяне завуць Джэніфэр Кавілеры, — сказала яна. — Я амерыканка італійскага паходжання.
Усё роўна як я сам не здагадаўся б.
— Я займаюся музыкай, — дадала яна.
— Мяне завуць Олівэр, — сказаў я.
— Гэта імя ці прозвішча? — папыталася яна.
— Імя, — адказаў я, а потым прызнаўся, што маё поўнае імя — дакладней, большая яго частка — Олівэр Барэт.
— О, — усклікнула яна, — Барэт!.. Як у паэткі[2]?
— Як у паэткі, — пацвердзіў я. — Але мы не радня.
Я парадаваўся ў душы, што яна не задала звыклага і вельмі непрыемнага мне пытання: «Барэт? Як Барэт-хол?» Я ж цярпець не мог, калі мне нагадвалі, што я з радні «чувака», які пабудаваў Барэт-хол — сама вялікі і сама брыдкі будынак у Гарвардскім універсітэцкім гарадку, каласальны помнік нашаму сямейнаму багаццю, фанабэрыстасці і нязноснаму гарвардызму.
Запала маўчанне. Няўжо мы так хутка вычарпалі тэмы для размовы? Ці яна страціла цікавасць да мяне, даведаўшыся, што я не даводжуся паэтцы раднёю? Што ж здарылася? Яна проста сядзела і з ледзь прыкметнай усмешкаю глядзела на мяне. Каб чым-небудзь заняцца, я пачаў гартаць яе сшыткі. У яе быў дзіўны почырк — дробны, завостраны, без загалоўных літараў (кім яна сябе ўяўляе — можа, Камінгсам[3]?).
Сярод курсаў, на якія яна хадзіла, былі даволі арыгінальныя: «Гіст. сусв. літры-105», «Музыка-150», «Музыка-201»…
— «Музыка-201»? Хіба гэта не аспіранцкі курс?
Яна з відавочным гонарам кіўнула:
— Поліфанія эпохі Рэнесансу.
— Што такое поліфанія?
— Нічога сексуальнага, падрыхтунчык.
І чаго гэта я ўсё цярплю? Яна што, «Крымсан» не чытае? Не ведае, хто я такі?
— Эй, ты што, не ведаеш, хто я такі?
— Ведаю. Ты той маладзён, якому належыць Барэт-хол, — сказала яна без аніякай пашаны.
Яна сапраўды не ведала, хто я.
— Мне не належыць Барэт-хол, — паспрабаваў пажартаваць я. — Здарылася так, што мой вялікі прадзед падарыў яго Гарварду.
— Каб ягонага не такога вялікага праўнука прынялі туды без праблем!
Гэта ўжо занадта!
— Паслухай, Джэні, калі ты такая ўпэўненая ў маёй нявартасці, дык навошта ж тады напрасілася пайсці са мною ў кавярню?
Яна паглядзела мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:
— Мне спадабалася твая фігура.
Калі хочаш перамагаць — павінен умець прайграваць. І гэта не заблытаны парадокс. Гэта тыпова гарвардская рыса — здольнасць ператварыць у перамогу любое паражэнне.
«Не пашанцавала вам, Барэт. Але гулялі вы файна!»
«Дальбог, я рады, што вы не раскіслі, хлопцы. Вы ж так не любіце прайграваць!»
Вядома, чыстая перамога — прыямнейшая. Асабліва калі вырвеш яе на апошняй хвілі… Словам, праводзячы Джэні да інтэрната, я ўсё яшчэ не траціў надзеі перамагчы гэтую рэдкліфскую калючку.
— Паслухай, калючка, у пятніцу ўвечары хакейны матч у Дартмуце.
— І што з таго?
— Я хачу, каб ты яго паглядзела.
Яна адказала са звычайнай для Рэдкліфа пашанаю да спорту:
— А чаму я павінна глядзець нейкі няшчасны хакейны матч?
— Таму што я буду гуляць, — нібы абыякава адказаў я.
Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.
— А за каго? — папыталася яна.
2
Олівэр Барэт IV,
Іпсвіч, Масачусэтс
Узрост: 20 гадоў
Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў
Каледж: Філіпс Эксэтэр
Курс: выпускны
Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі
Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя
У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.
Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.
— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!
— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!
На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?
У сярэдзіне другога перыяду мы выйгравалі ў Дартмута 0:0. Гэта значыць, Дэйві Джонстан і я павінны былі вось-вось распячатаць іхнюю брамку. Зялёныя казлы (у Дартмута зялёная форма) гэта адчулі і пачалі валіць нас. Яны маглі б пераламаць нам косці, перш чым мы пераломім іхнюю абарону. Фаны лямантавалі, прагнучы крыві. У хакеі гэта азначае кроў у прамым сэнсе альбо, як з крывёю не атрымаецца, — гол. Як кажуць, lа nоblesse oblige[4], і я ніколі не прымушаў доўга заўзятараў чакаць ні таго, ні другога.
Дартмуцкі нападнік-цэнтравік ірвануўся ў нашую зону, але я ўрэзаўся ў яго, адабраў шайбу і кінуўся наперад. Фаны зараўлі. Я ўбачыў злева ад сябе Дэйві Джонстана, але вырашыў забіваць сам: памятаў, што варатар у іх баязлівы — я нагнаў на яго страху, калі ён яшчэ гуляў за «Дырфілд». Але кінуць я не паспеў: на мяне наскочылі абодва дартмуцкія абаронцы, і, каб не страціць шайбу, я мусіў праехаць за брамку. Утрох мы сышліся за спінаю ў варатара і ўпячаталі адзін аднаго да борта. Мая звычайная тактыка ў такіх заварушках — уклейваць з усяе сілы па ўсім, што ў колеры праціўніка. Недзе ў нас пад канькамі мільгала шайба, але нам было не да яе — мы зацята выбівалі адзін з аднаго духі.
Рэферы засвістаў:
— Дзве хвіліны штрафу!
Я ўзняў вочы. Паказваў ён на мяне. Я? Што я такога зрабіў, каб мяне выдаляць?
— Што я зрабіў, рэф?
Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.
Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.
"Гісторыя кахання" отзывы
Отзывы читателей о книге "Гісторыя кахання". Читайте комментарии и мнения людей о произведении.
Понравилась книга? Поделитесь впечатлениями - оставьте Ваш отзыв и расскажите о книге "Гісторыя кахання" друзьям в соцсетях.