Я пазіраў на пачырванеўшыя ад марозу шчокі і верыў таму, што гаварыла Нэя. Мы доўга хадзілі па двару каля інтэрната. Не хацелася ісці ў пакой.

— Чаму не заходзіш да нас?

Яна спынілася.

— Ведаеш, а пытаешся.

Нэя апавядала пра Севастопаль і другія гарады Крыма. Між іншым сказала, што бацька яе пераведзены зараз на работу зноў у Крым. Ён партыйны працаўнік. Я апавядаў ёй пра месячныя ночы Случчыны, пра ціш палёў. Адным словам, гаварыў усё, што толькі траплялася, як кажуць, пад руку.

Хутка надышлі зімовыя экзамены. Я здаў так, як і не думалася. Вышла надзвычай добра. Пасля адпачынку заняткі ішлі павольней. Я шмат чытаў літаратуры, хадзіў часта ў тэатр. Нэя наведвала анатамічны інстытут і прызналася, што ходзіць дапамагаць мне і пагутарыць. Апошняму я больш паверыў, бо ў штодзённай дапамозе, аб якой яна казала, я не вельмі меў патрэбу. Частку анатоміі ў зімовы перыяд, як залік, я здаў адным з першых у групе.

Мы сядзелі ў музеі. На стале стаяў прэпарат сэрца. Я заўважыў Нэі:

— Такі орган і ў такой банцы. Яму прастора неабсяжная патрэбна, гарачыня і сіла, каб рухаць чалавека, — хваціў я вельмі ўжо рамантычна.

Нэя ўсміхнулася.

— Паняцці ў цябе пераблыталіся, хлопча. Гэта ж анатомія, а ты аб чым гаворыш! Май на ўвазе, што ў цябе так нічога не выйдзе.

Яна казала праўду.

Час, між іншым, непрыкметна ішоў. Мінуў красавік, адсвяткавалі май і гарачыня чэрвеня давала сябе адчуваць.

Падаспеў канец навучальнага года.

Я здаў хімію і вышаў на ганак. Быў вечар. Вынадкова сустрэў Нэю.

— Як у цябе экзамены? — пытаўся я, сумуючы па ёй. Відаць, што і яна не менш мяне сумавала. Я загаварыў, што мне засталося яшчэ толькі здаць анатомію. Нэя упэўняла:

— Каб ты, ды не здаў.

— А калі дамоў ідзеш?

— Магу зараз.

Першы раз я вёў Нэю пад руку. Яна здавалася такой лёгкай. Ад яе валасоў прыемна пахла, калі яна туліла галаву да майго пляча. Усё навакольнае нібы не існавала. Тэлеграфныя слупы адбеглі далёка, шырока расцягнулася вуліца, а перад вачыма мільгала маленькая галоўка Нэі. Хацелася, каб так было да канца. Сіняя ноч накрылася зорнай коўдрай, прытулілася каля студэнцкага гарадка. Навакол ціха. Нэя спынілася.

— А ты казаў, што жыцця не ведаеш. Вось бачыш.

Перад апошнім экзаменам я хадзіў на рэчку і не ўгадаў,— вельмі абпаліў на сонцы плечы. Горача зрабілася, калі зайшоў у кабінет прафесара. Не мог без болю крануць рукой, Пазіраў на рэдкую сівую бародку строгага чалавечка, добра ведаючага і галоўнае, любячага свой прадмет — анатомію. Цяпер было ўсё роўна, як я адкажу на пытанні. Прафесар працёр акуляры, бліснуў імі на мяне.

— Чаго вы моршчыцеся?

Я прызнаўся.

Пасля апросу ён расказаў, што таксама ходзіць на рэчку і любіць быць на сонцы.

— Ідзеце хутчэй у прыёмны пакой... Вам выдатна.

Тры дні ляжаў на жываце, хадзіў адзін па калідоры і не ведаў, калі прыдзе канец маім пакутам. 3 Аркадзем сустракаўся позна ўночы. Мазаў мне плечы і супакойваў.

Праз тыдзень усё прайшло. Я паехаў у горад і купіў сабе но­вую кашулю. Толькі прысеў да стала, як дзверы шырока адчыніліся і зайшла Нэя.

— Ты жывы?

— Табе ўжо думалася...

— Я здала ўсё ужо і зайшла да Аркадзя, ён папрасіў, каб я табе перадала.

Нэя выняла з партфеля канверт, надпісаны Аркадзем.

— Што за перапіска? Раніцою я яго бачыў.

У канверце была пуцёўка на паўднёвы бераг Крыма.

Аркадзь пісаў, што дырэкцыя прэміравала мяне як выдатніка і ён атрымаў для мяне гэтую пуцёўку. Побач нахілілася Нэя. Я адчуваў блізкасць яе гарачых губ. Яна зразумела, што пісаў Аркадзь.

— Гэта ж у мой горад. Паедзем разам? Тая мае бацькі. Вось добра...

Яе губы дакрануліся да маіх, зліліся ў пацалунак. У гэты момант зайшоў Алег.

— Што тут у вас? — маргаў ён блакітнымі вачыма.

— А што?... У нас... анатомія, — Нэя зірнула на Алега і перагарнула на стале падручнік па анатоміі.


Кастрычнік, 1938 г.